Смекни!
smekni.com

Іслам (стр. 2 из 4)

Менавіта пры Абу Бакры быў пакладзены пачатак арабскім заваяванням іншах народаў, мэтай якіх было абвешчана распаўсюджанне ісламу. Набегі на суседзяў з'яўляліся звычайным заняткам арабскіх плямёнаў, і першыя халіфы выкарсталі ваенную энергію арабаў ў рэлігійных мэтах. Гэты шлях адпавядаў і ісламскім уяўленням аб джыхадзе – свяшчэннай вайне за веру і імкненням да ваеннай здабычы, якая ўжо пры Мухамедзе зрабілася галоўнай крыніцай даходу мусульманскай суполкі.

Першыя ж набегі былі вельмі паспяховымі. Дзве вялікія імперыі, якія існавалі ў тыя часы – Візантыйская і Персідская – знаходзіліся ўжо 50 год у стане вайны і былі вельмі аслабденымі. Апроч таго, народы, якія іх засялялі, ненавідзелі цэнтральныя ўлады і сустракалі арабаў як вызваліцеляў. За кароткі час мусульмане заваявалі каласальную тэрыторыю – ад Індыі да Іспаніі. На заваяванай тэрыторыі была створана дзяржава – Арабскі халіфат, свецкая і дзяржаўная ўлада ў якой належала халіфам.

Трэба адзначыць, што альтэрнатыва «альбо іслам альбо меч» ставілася мусульманамі толькі перад язычнікамі. Хрысціяне ж і іудзеі, якіх яшчэ Мухамед называў «людзьмі Пісання», бо яны верылі ў адзінага Бога і мелі свяшчэнныя кнігі, атрымалі статус «ахоўваемых меншасцяў» і маглі вызнаваць свае рэлігіі. Аднак для немусульман былі ўстаноўлены значна большыя падаткі, чым для мусульман, і таму паступова адбываецца ісламізацыя заваяваных народаў. Зараз іслам распаўсюджаны ў асноўным у краінах, тэрыторыі якіх раней уваходзілі ў склад Арабскага халіфата.

2. Веравывучэнне і культ ісламу

Іслам як і хрысціянства – гэта рэлігія адкрыцця. Лічыцца, што асноўныя палажэнні яго веравучэння не з'яўляюцца вынікам чалавечых разважанняў, але былі адкрыты Мухамеду самім Алахам праз пасрэдніцтва архангела Джабраіла. Сукупнасць гэтых адкрыццяў складаюць галоўную свяшчэнную кнігу ісламу – Каран (араб. куран – дэкламаванне, чытанне ўголас). Гэта зборнік пропаведзяў, якія былі сказаны Мухамедам галоўным чынам у Меке і Медыне паміж 610 і 632 гг. Бліжэйшыя паплечнікі Мухамеда, які быў сам непісьменным, запісвалі для сябе асобныя ўрыўкі пропаведзяў, але ў цэлым, згодна з існуючай на Усходзе традыцыяй, Каран перадаваўся вусна. Запісаны ён быў пасля смерці Мухамеда паміж 650 і 656 гг. былым сакратаром Мухамеда Зейдам па даручэнні халіфаў Абу Бекра і Амара. Паралельна з ім гэтай працай займаліся і іншыя, таму з'явілася 4 варыянты Карана. Амар даручыў Зейду звесці іх да адзінай рэдакцыі, і калі гэта было зроблена, першапачатковыя версіі спалілі, а зводны тэкст быў афіцыйна кананізаваны. Таму зараз усе кірункі ў ісламе карыстаюцца адным варыянтам Карана.

Змест Карана складаюць матэрыялы старажытнаарабскага фальклору, а таксама запазычанні з Бібліі. Самі мусульмане супадзенні многіх сюжэтаў Карана і Бібліі тлумачаць тым, што Алах адкрываўся людзям некалькі разоў. Спачатку ён часткова адкрыся яўрэям, так узнік Стары Запавет. Потым, больш поўна, – хрысціянам у Новым Запавеце. I, нарэшце, арабам ён адкрыўся цалкам праз Каран. Такім чынам, апошні – гэта праўдзівае і канчатковае адкрыццё Алаха.

Каран падзяляецца на 114 глаў (сур), якія, за выключэннем першай, размешчаны без усякай лагічнай альбо храналагічнай сувязі, па меры памяншэння аб'ёму тэкста. Першая сура ўяўляе сабой малітву, якую кожны мусульманін павінен казаць прынамсі пяць разоў у дзень, далей ідзе самая вялікая, другая, сура і ў канцы самая маленькая – 114. Назвай для кожнай суры звычайна служыць яе першае слова: «Адкрываючая кнігу», «Карова», «Людзі''. Суры падзяляюцца на вершы (аяты). Слова «аят» мае таксама значэнне «знаменне», «цуд». Згодна з паданнем, калі Мухамеда папрасілі аб цудзе для доказу яго прароцкай ролі, ён проста спаслаўся на вершы Карана: яны і з'яўляліся ягоным цудам. У самай вялікай, другой, главе 286 аятаў, у самай кароткай 114 – 3. Спецыялісты падзяляюць суры Карана на дзве групы: меканскую, калі яшчэ мала хто прызнаваў Мухамеда прарокам, і медынскую, калі ён быў ужо аўтарытэтным заснавальнікам новай рэлігіі. Каран напісаны рытмічнай прозай, тэкст яго абрывісты і нярэдка супярэчлівы, што тлумачыцца экстатычным альбо блізкім да яго станам, у якім Мухамед казаў свае пропаведзі. Гэтыя супярэчнасці адчуваў і сам прарок, тлумачыў жа ён іх тым, што Алах змяніў свае першапачатковыя меркаванні, каб зрабіць іх лепшымі.

Другой свяшчэннай кнігай ісламу, яго, так бы мовіць, «Свяшчэнным Паданнем», з'яўляецца Суна (араб. «звычай», «прыклад») – зборнік апавяданняў (хадзісаў) аб жыцці і выказваннях Мухамеда. Гэтыя апавяданні пасля смерці прарока ў выглядзе ўспамінаў былі шырока распаўсюджаны сярод яго прыхільнікаў і сталі рупліва збірацца і запісвацца. У IX ст. яны былі зведзены ў шэсць зборнікаў і склалі Суну. Асноўнае яе прызначэнне – паказваць прыклад Мухамеда як узор для вырашэння тых праблем, якія паўстаюць перад мусульманамі.

Сучасныя даследчыкі лічаць, што асноўная колькасць хадзісаў не заслугоўвае даверу, бо Суна складвалася праз два стагоддзі пасля смерці Мухамеда, і многія апавяданні былі зменены альбо прыдуманы, каб растлмачыць тыя новаўвядзенні, аб якіх сам прарок не мог ведаць. Аднак Суна стала для мусульманскіх багасловаў каштоўнай кнігай, якая дапамагала тлумачыць і дапаўняць Каран.

На падставе Карана і Суны склаўся зборнік прадпісанняў – шарыят (спачатку слова «шарыят» азначала «дарога да вадапою», а потым было пераасэнсавана як «прамы, правільны шлях запаведзяў Алаха»). У яго ўваходзяць не толькі прававыя, але і маральныя нормы і культавыя прадпісанні, якія ахопліваюць ўсё жыццё мусульманіна. Трэба адзначыць, што правілам шарыяту мусульмане надаюць значна большую ўвагу, чым чыста дагматычным палажэнням, бо іслам значна больш дэтальна распрацоўвае праблемы штодзённага жыцця, чым пытанні аб сутнасці Алаха. Шарыят можа характарызавацца як увасабленне спецыфікі стылю ісламскага мыслення і жыцця і аснова самога ісламу.

Аднак сістэматызаваным зводам законаў шарыят не з'яўляецца. У ім перад усім закранаюцца пытанні дагматыкі і этыкі, якія вызначаюць перакананні і рэлігійнае сумленне мусульманіна. Канкрэтную сацыяльна-нарматыўную рэгламентацыю агульным палажэнням шарыята дае фзкх – мусульманскае права ў шырокім сэнсе слова.

Асноўнымі палажэннямі веравучэння ісламу з'яўляюцца:

1. Вера ў Алаха. Згодна з перакананнем мусульман, Алах – гэта адзіны Бог, які стварыў увесь свет і вызначае ягонае існаванне. Ёсць 99 імён Алаха і яшчэ адно імя, вядомае толькі прарокам. Калі ў хрысціянстве Бог – Айцец, то ў ісламе ён – вышэйшы, усемагутны, мудры і ўсёміласцівы суддзя. Побач з ім няма ні багоў, ні якіх-небудзь самастойных звышнатуральных істот. Таму ў Каране адмаўляецца хрысціянскае вучэнне аб Тройцы, сутнасць якога, дарэчы, Мухамед разумеў неправільна, аб чым сведчаць наступныя месцы: «Не веравалі тыя, якія казалі: «Бо Алах – трэці з трох» і далей: «О Іса, сын Майрамі! Ці ты сказаў людзям: «Прыміце мяне і маю маці, двума багамі апроч Алаха?» Мухамед лічыў, што хрысціяне шануюць Тройцу як святую сям'ю, якае складаецца з Бога Айца, Марыі Маці і Сына іх Ісуса.

Мусульмане вераць у існаванне мноства анёлаў і дэманаў, але падобна хрысціянам, разглядаюць іх не як самастойных звышнатуральных істот, а як стварэнняў адзінага і ўсемагутнага Алаха. Яны бясполыя і бясплотныя, могуць тварыць дабро і зло. Анёлы, галоўнымі сярод якіх з'яўляюцца Джабраіл, Мікаіл, Ісрафіл, Азрыл – гэта носьбіты добрага пачатку. Сярод іх існуе раздзяленне працы: ёсць анёлы-захавальнікі (па двое ў кожнага чалавека, прычым яны нясуць як быццам бы кругласутачяую вахту, змяняючы адзін аднаго раніцай і ўвечары), анёлы, якія ахоўваюць могілкі, анёлы – пасланцы Алаха, анёлы, якія ўзначальваюць рай (Рыдван) і пекла (Малік).

Свету анёлаў супрацьстаіць свет дэманаў і джынаў на чале з Іблісам. Апошні выконвае тую ж ролю, што і Люцыфер у хрысціянстве. Ібліс – па паходжанню анёл, быў створаны Алахам з агню і адмовіўся пакланіцца створанаму з праха чалавеку, за што Алах яго пракляў і паабяцаў, што на Апошнім Судзе ён будзе скінуты разам з усімі дэманамі. Пакуль жа Ібліс – кіраўнік усіх дэманаў і джынаў, якіх ён здольны сам параджаць. Асноўны ягоны занятак – прымушаць людзей забыць аб прадпісаных Алахам нормах паводзін.

2. Вера ў прарокаў і пасланніцтва Мухамеда. Мусульмане вераць, што да Мухамеда існавала не менш за сто тысяч прарокаў (па некаторых звестках, 124 тыс.), хаця ў Каране ўзгаданы толькі 28, першым з якіх Мухамед лічыў Адама. Дзевяць прарокаў названы ў Каране «стойкімі»: Нух (Ной), Ібрахім (Аўраам), Дауд (Давід), Йакуб (Якаў), Йусуф (Восіп), Айуб (Іоў), Муса (Маісей), Іса (Ісус) і, нарэшце, Мухамед.

У ісламе падкрэсліваецца, што прарокі – гэта не звышнатуральныя істоты, а людзі, праз якіх гаворыць Алах. Яны больш годныя, чым усе анёлы нябесныя. Вышэйшыя з прарокаў – пасланнікі (усяго іх 313), якім Алах даў пісанне, а вышэйшы з пасланнікаў – Мухамед, Пасланнік Алаха, Пячатка прарокаў. Пасля яго прарокаў не было і не будзе.

Мусульмане шануюць Ісуса Хрыста як прарока, адмаўляючы ягоную боскую сутнасць. Аднак Каран вучыць, што Ісус быў народжаны дзевай, рабіў цуды, жыў праведным жыццём, узнёсся жывым у рай і будзе ягонае прышэсце ў канцы свету.

3. Вера ў святасць Карана. Згодна з мусульманскім веравучэннем, Каран нікім не створаны, ён вечны (у гэтым, дарэчы, супярэчнасць з палажэннем аб тым, што ўсё створана Алахам). Арыгінал Карана знаходзіцца пад прастолам у Алаха. Той тэкст, якім карыстаюцца мусульмане, быў прадыктаваны з арыгінала Мухамеду архангелам Джабраілам. Шануецца кожны асобнік Карана і мусульманін дакранаецца да яго толькі пасля абраду ачышчэння. Кнігі, як правіла, абгортваюць тканінай і ставяць у доме на ганаровае месца. Многія мусульмане ведаюць Каран на памяць.

4. Вера ў прадвызначэнне Алахам лёсу кожнага чалавека. Мусульмане вераць, што ўсё падпарадкавана волі Алаха, якая нічым не звязана і людзі не могуцьяе спасцігнуць. Чалавек не здольны змяніць свой лёс і павінен падпарадкавацца волі Алаха. Аднак гэта не вядзе да пасіўнасці прыхільнікаў ісламу. Якраз наадварот: мусульмане вераць, што чалавек павінен перш за ўсё выконваць волю Алаха, а ўзнагарода – гэта Ягоная справа.