На гэтым этапе ў іудаізме ўзнікае містычны рух – Кабала, (старажытнаяўр. – паданне, традыцыя). Згодна з ёй, Бог – гэта бясконцая і нявызначаная сутнасць, пазбаўленая любых атрыбутаў. Аднак яна праяўляецца праз рэчы, самаразгортваецца ў іх. Наблізіцца да пазнання Бога чалавек можа праз асэнсаванне таямнічага сэнсу імёнаў, літар, якія складаюць імёны, і лічбаў, якія адпавядаюць гэтым літарам. Кабалісты верылі, што пры дапамозе спецыяльных магічных рытуалаў і малітваў чалавек можа аказваць уплыў на гістарычны працэс (напрыклад, наблізіць прышэсце Месіі), бо Бог дае адказы на жаданні чалавека.
Ва ўмовах жыцця сярод іншых народаў яшчэ больш узмацоўваецца этнічная замкнутасць яўрэяў. Яны не змешваюцца з мясцовым насельніцтвам і жывуць асобнымі суполкамі — кагаламі. Асноўная ўвага ў гэты час надаецца абрадаваму боку рэлігіі. Яўрэі трымаюцца за іудаізм як за веру бацькоў, каб захаваць сваю этнічную самабытнасць і пазбегнуць асіміляцыі.
Сучасны этап у гісторыі іудаізму пачаўся з першай паловы XIX ст. У гэты перыяд узнікае праблема прыстасавання яўрэяў да дасягненняў еўрапейскай культуры Новага часу. У залежнасці ад вырашэння гэтай праблемы іудаізм падзяліўся на тры асноўныя накірункі: артадаксальны, рэфарматарскі і кансерватыўны.
Артадаксальны іудаізм разглядае сябе як адзіна правільны. Сваёй асноўнай мэтай ён лічыць захаванне традыцый іудаізму ва ўмовах сучаснага жыцця. У артадаксальным іудаізме да веруючых прад'яўляюцца строгія патрабаванні культавага характару. Яны павінны штодзённа вывучаць Тору і строга выконваць усе правілы, зафіксаваныя ў Талмудзе.
Рэфарматарскі іудаізм выходзіць з таго, што неабходна ўлічваць патрабаванні часу. Акцэнт у ім робіцца не на абрадах, а на маральных нормах паводзін. Абвяшчаецца, што закон павінен выконвацца не таму, што так загадаў Бог, а таму, што гэта мае сэнс у сучасным рэлігійным жыцці. У рэфарматарскім іудаізме рабінамі могуць быць жанчыны.
Кансерватыўны іудаізм узнік як рэакцыя на змярцвеласць традыцыі, з аднаго боку, і бяздумныя асімілятарскія тэндэнцыі, з другога. Ён выступае за вернасць традыцыі, але, калі гэта неабходна, з папраўкамі. Кансерватыўны іудаізм па сваей накіраванасці знаходзіцца паміж артадаксальным і рэфарматарскім. Ён выступае за змены, але з улікам гістарычнага вопыту яўрэяў.
Зараз артадаксальны іудаізм з'яўляецца пануючай рэлігіяй у Ізраіле. Ён не мае афіцыйнага статусу дзяржаўнай рэлігіі, але карыстаецца надзвычай моцнай падтрымкай урада і аказвае істотны ўплыў на грамадскае жыццё ў краіне. Усе пытанні сямейнага і спадчыннага права вырашаюцца ў адпаведнасці з нормамі. Танаха і Талмуда. Не зарэгістраваны ў сінагозе шлюб, не прызнаецца законным. Рабіны знаходзяцца на дзяржаунай службе і займаюцца афармленнем актаў грамадзянскага стану, выкладаюць іудаізм у школах, вядуць выхаваўчую працу ў войску. Каардынуе і накіроўвае дзейнасць рабінаў у Ізраіле Вярхоўны Рабінскі Савет.
2. Веравучэнне і культ іудаізму
У іудаізме няма афіцыйна зацверджанага веравучэння, аднак сутнасць веры праяўляецца ў "Шэма'' (старажытнаяўр. – слухай) – гэта назва трох вершаў Бібліі, якія складаюць асноўную малітву іудаізму: "Слухай Ізраіль: Гасподзь, Бог наш, Гасподзь адзіны ёсць і любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і ўсімі сіламі тваімі і няхай будуць словы гэтыя, якія Я запаветую табе сёння, у сэрцы тваім" (Друг., 6, 4-6}. Набожны іудзей павінен любіць Бога ўсёй сваёю сутнасцю і гэта любоў знаходзіць праяўленне ў выкананні Ягоных запаведзяў, асноўныя з якіх, згодна з Бібліяй, былі дадзены Яхвэ Маісею на гары Сінай:
"Я – Гасподзь Бог твой, што вывеў цябе з зямлі егіпецкай, – з дома няволі. Няхай не будзе ў цябе іншых багоў перад абліччам Маім.
Не рабі сабе куміра і не стварай ніякага вобраза таго, што на небе ўверсе, што на зямлі ўнізе і што ў вадзе ніжэй зямлі, – не пакланяйся ім і не служы ім...
Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, марна; бо Гасподзь не пакіне без пакарання таго, хто вымаўляе імя Яго марна.
Памятай дзень суботні, каб свяціць яго. Шэсць дзён працуй і рабі ўсякія справы твае, а дзень сёмы – субота – Госпаду, Богу твайму…
Паважай бацьку твайго і маці тваю, каб твае дні мелі працяг на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе.
Не забівай.
Не распуснічай.
Не крадзі.
Не кажы няпраўды на блізкага твайго.
Не жадай дома блізкага твайго; не жадай жонкі блізкага твайго, ні раба яго, ні рабыні яго, ні вала яго, ні асла яго – нічога, што ёсць у блізкага твайго (Вых., 20, 2-І7).
Даследчыкі вылучаюць наступныя палажэнні веравучэння іудаізму:
1. Ёсць адзіны Бог Яхвэ. Толькі Яхвэ з'яўляецца сапраўдным Богам, і толькі Яго трэба слухацца. Шанаванне іншых багаў лічыцца ў іудаізме цяжкім грахом. Яхвэ не мае ніяката знешняга выгляду, Яго імя перакладаецца ''Той, Хто сапраўды ёсць". Ён усё стварыў і ўсім кіруе.
2. Яўрэі з'яўляюцца богаабраным народам. Яхвэ абраў яўрэяў сярод іншых народаў як сродак свайго праяўлення ў гісторыі. Нявернасць яўрэяў Яхвэ прыводзіць да пакарання з Яго боку. Аднак і ў гэтым выпадку яўрэі застаюцца богаабраным народам, і Яхвэ заўсёды гатовы ім дараваць.
3. Павінен прыйсці Месія, каб судзіць жывых і памёрлых і прывесці яўрэяў у Зямлю Абяцаную. Іудзеі вераць, што з прыходам Месіі будзе знішчана ўсё зло на зямлі і установіцца роўнасць і справядлівасць. Знікнуць хваробы і войны, узрасце ўрадлівасць зямлі, людзі будуць жыць да тысячы гадоў.
4. Танах і Талмуд з'яўляюцца свяшчэннымі кнігамі. Кожны іудзей павінен іх вывучаць і выконваць іх запаведзь. Асабліва шануецца першая частка Танаха – Тора, якая згодна з веравучэннем іудаізму, была дадзена яўрэям Яхвэ праз Маісея. Талмуд мае меншы рэлігійны аўтарытэт, аднак ён дае правілы паводзін у дачыненні да канкрэтнай сітуацыі, і таму ў сваім штодзённым жыцці іудзей часцей звяртаецца да Талмуда.
5. Душа з'яўляецца неўміручай і пасля смерці чалавека трапляе ў замагільны свет. У старажытным іудаізме гэтае палажэнне адсутнічала. Даследчыкі лічаць, што яно было запазычана іудзеямі з іншых рэлігій.
Асноўная ўвага ў іудаізме надаецца ве веравучэнню, а культу.Іудзеі лічаць, што іх вера праяўляецца ў іх дзеяннях. Існуе 365 забаронаў і 248 прадпісанняў, якія рэгулююць усё жыццё прававернага іудзея. Маліцца ён павінен тройчы ў дзень: раніцай, апоўдні і ўвечары, дома альбо ў сінагозе.
Пры малітве мужчыны пакрываюць галаву капялюшам альбо спецыяльнай шапачкай (яна называецца ярмолка альбо кіпа). Для малітвы ў сінагозе трэба не менш дзесяці мужчын. У артадаксальным іудаіэме мужчыны і жанчыны моляцца асобна.
Вялікае значанне ў іудаізме надаецца абраду абразання, якое робіцца хлопчыцам на восьмы дзень жыцця, а таксама цырымоніям бар-міцва і бат міцва, якімі асвячаюцца паўналецце хлопчыкаў і дзяўчынак. Робяцца яны адпаведна ў 13 і 12 год.
Галоўным святам у іудаізме з'яўляецца шабат (субота). Ён прысвечаны адпачынку Бога пасля стварэння Ім свету, а таксама вызваленню яўрэяў з егіпецкага палону. Пачынаецца шабат у пятніцу пасля заходу сонца. Іудзеі ў гэты дзень наведваюць сінагогу і ладзяць святочную вячэру. У шабат нельга рабіць ніякай працы, у тым ліку гатаваць ежу, уключаць электрапрыборы, вадзіць аўтамабіль, карыстацца грамадскім транспартам.
Іншымі святамі з'яўляецца: Рош Гашона (Новы год) – у гонар стварэння Богам свету, Йом-Кіпур (Судны дзень) – дзень пакаяння ў грахах і посту, Сукот – узгадваецца дапамога Бога яўрэям, калі яны 40 год падарожнічалі па пустыні, Песах (Праходжанне) – у гонар вызвалення яўрэяў з егіпецкага рабства і другія.
У іудаізме ёсць ежавыя забароны. Уся ежа падзяляецца на кашэрную (правільную, чыстую) і некашэрную. Напрыклад, забаронена есці свініну, малюскаў, ракападобных, а дазволена бараніну, ялавічыну, кураціну. Нельга ўжываць у ежу кроў, таму жывёлы павінны быць забіты спецыяльным спосабам, а мяса іх вымочваецца ў халоднай вадзе. Мясныя і малочныя прадукты нельга ўжываць разам. Традыцыйна выхаваная яўрэйская хатняя гаспадыня мае два наборы посуду: адзін – для малочнай, другі – для мясной ежы. У дадатак яна можа карыстацца дзвюма мыйкамі для посуду і двума наборамі рушнікоў. 3 гэтай жа прычыны ў кашэрных гатэлях маюцца дзве кухні.
3. Іудаізм на Беларусі
Іудаізм на Беларусі з'яўляецца прышлай рэлігіяй. Яго носьбіты – яўрэі, па меркаваннях некаторых даследчыкаў, прыйшлі на нашыя землі яшчэ ў ХП ст. з Кіева, адкуль іх выгналі за тайныя зносіны з візантыйцамі. Аднак масавае перасяленне яўрэяў на тэрыторыю Беларусі адбылося ў другой палове ХІV ст. з Германіі. У 1348-1351 гг. у Еўропе адбылася страшная эпідэмія чумы, ад якой загінула трэцяя частка насельніцтва. У распаўсюджванні хваробы былі абвінавачаны яўрэі. У сувязі з гэтым у многіх краінах Еўропы, у тым ліку і ў Германіі, адбыліся яўрэйскія пагромы, выратоўваючыся ад якіх, нямецкія яўрэі ўцякалі ў Польшчу і далей ў ВКЛ. Урады гэтых краін даволі гасцінна сустрэлі ўцекачоў, і у ХV ст. сюды перамяшчаецца цэнр рэлігійнага і культурнага жыцця яўрэяў. Прывілеі, атрыманая пры князі Вітаўце (І392 - І430), дазволілі ім спакойна жыць на землях ВКЛ. Быў захаваны кагальны лад жыцця яурэяў, яны . карысталіся тымі ж эканамічнымі правамі, што і мясцовае насельніцтва і былі вызвалены ад воінскай павіннасці. У канцы ХVШ ст. на тэрыторыі ВКЛ пражывала каля 385 тыс. яўрэяў.
Як і ў іншых краінах дыяспары, яўрэі на нашых землях не асіміляваліся з мясцовым насельніцтвам і жылі адасоблена. Тлумачыцца гэта замкнутасцю кагалу, а таксама насцярожаным стаўленнем да яўрэяў мясцовага насельніцтва. Неаднаразова яўрэі абвінавачваліся ў рытуальных забойствах з мэтай атрымання хрысціянскай крыві. Аднак, як правіла, улады іх апраўдвалі.