Наступна быў прачытаны рэфэрат, прыгатаваны для сабору прат. Балаём, на тэму: “Кананічныя асновы аўтакефаліі", пасьля чаго адбылася дыскусыя над рэфэратам. На далейшым паседжаньні быў прачытаны рэфэрат, прыгатаваны для сабору сьв. Кушнерам, на тэму: “Пытаньне аўтакефаліі на Беларусі", пасьля чаго таксама адбыліся дыскусыі над рэфэратам. На наступным паседжаньні быў прачытаны і прадыскутаваны праект ліста да Канстантынопальскага патрыярха, у справе прызнаньня аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царкве, прыняцьця яе ў малітаўнае сужыцьцё і выдачу ей Томосу. У дыскусыях над гэтым лістом а. Балай выказваўся супроць успамінаньня Томосу наагул, матывуючы, што карысьней будзе не ўзалежнівацца поўнасьцю толькі ад Канстантынопальскага патрыярха, а трактаваць яго на роўні з галовамі іншых аўтакефальных цэркваў.
У сувязі з надыходам тэрміну адчыненьня сабору, прэдсаборная камісыя даручыла апрацаваньне лістоў да іншых галоў аўтакефальных цэркваў духоўным сябром камісыі з тым, што яны прадставяць праекты непасрэдна на саборы.
Дня 24 ліпеня ўладыкі прынялі пастанову адносна скліканьня Ўсебеларускага Царкоўнага Сабору. Уладыкі вырашылі, хто павінен склікаць сабор і старшынстваваць на ім. Згодна з 37 правілам сьв. Апосталаў, 9 правілам Анціохійскага сабору і арт. 30 статуту Беларускай Праваслаўнай Царквы, падпісанаму саборам япіскапаў дня 9 сакавіка 1942 г., такі сабор можа склікаць мітрапаліт, як галава царквы. Для высьвятленьня адносінаў мітр. Панцялеймана да справы аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы і для атрыманьня яго дырэктываў адносна скліканьня сабору, уладыкі пастанавілі паслаць да яго арх. Філафея. Дня 27 ліпеня арх. Філафей і I. Касяк наведалі мітрапаліта ў Лядах, які згадзіўся на правядзеньне аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы на кананічных асновах, згадзіўся на скліканьне Ўсебеларускага Царкоўнага Сабору і сабору япіскапаў. Пасьля гэтага 29 ліпеня адбылося паседжаньне япіскапаў, на якім былі прынятыя наступныя пастановы: 1) Прыняць пад увагу згоду мітр. Панцялеймана на правядзеньне справы аўтакефаліі Праваслаўнай Беларускай Царквы і прызнаць неабходным найскарэйшае скліканьне сабору япіскапаў і Ўсебеларускага Царкоўнага Сабору, на якім будзе канчатова вырашана справа аўтакефаліі; 2) дэлегаваць арх. Філафея да мітр. Панцялеймана з мэтай выясьненьня і назначэньня тэрміну скліканьня сабору япіскапаў і Ўсебеларускага Царкоўнага Сабору; 3) даручыць арх. Філафею высьвятліць у мітрапаліта, хто будзе склікаць гэтыя саборы: сам мітрапаліт, ці ён упаўнаважыць на гэта арх. Філафея, як свайго заступніка; 4) даручыць арх. Філафею апрацаваньне адумысловага рэгуляміну па выбарах прадстаўнікоў ад дуxавенства і вернікаў на Ўсебеларускі Сабор. Гэты рэгулямін арх. Філафей павінен апрацаваць з дапамогай асобнай, адумыслова пакліканай ім самім для гэтай мэты камісыі, з асоб духоўных і сьвецкіх; 5) забавязаць арх. Філафея і пакліканую ім камісыю, пры апрацоўцы ім рэгуляміну Усебеларускага Сабору, прытрымлівацца кананічных прадпісаньняў і традыцыяў праваслаўнай царквы; 6) арх. Філафей павінен атрымаць ад нямецкіх уладаў прапускі на праезд па чыгунцы ўсім сябром сабору ў Менск і назад, а так сама памешканьне для іх у Менску і прахарчаваньне; 7) зьвярнуцца да гэнэральнага камісара Беларусі з пісьмовай прозьбай аб палепшаньні становішча мітр. Панцялеймана і аб дазволе пераехаць яму на жыхарства ў Жыровіцы. Дадаткова да п. 4) уладыкі выставілі свае вымогі ад кандыдатаў на Усебеларускі Сабор; а іменна: а) век ня менш 30 год; б) ведамая ўсім набожнасьць; в) незганьбаванасьць судом; г) беларуская нацыянальнасьць; д) пражываньне ў дадзеным прыходзе ня менш, як 3 гады; е) штогодняя сповядзь.
Пасьля гэтага япіскапы Апанас і Сьцяпан выехалі з Менску, а арх. Філафей праводзіў далейшую падрыхтоўку да сабору. Дня 1-га жніўня ён выслаў свайго эканома, Сяргея Мэнгеля, з лістом да мітрапаліта ў Ляды. Па даўжэйшых гутарках Мэнгель атрымаў ад мітрапаліта наступны дэкрэт: “Ляды, 1-га жніўня 1942 году. Заступніку Мітрапаліта Усяе Беларусі Высокапрэасьвяшчэннаму архіяп. Філафею. Жадаючы, каб фактычна праведзеная мной аўтакефалія атрымала і належнае афармленьне, я даручаю архіяп. Філафею скліканьне сабору беларускай праваслаўнай іерархіі разам з выбранымі прадстаўнікамі духавенства і веруючых міранаў. I гэтым я яшчэ раз пацьвярджаю сваю заўсёдную гатовасьць працаваць у напрамку пажаданым цывільнымі ўладамі. Мітрапаліт Панцялейман".
Пасьля атрыманьня гэтага ўпаўнаважаньня арх. Філафей вызначыў тэрмін адчыненьня Усебеларускага Праваслаўнага Сабору на дзень 28 жніўня 1942 г. і разаслаў духавенству афіцыйнае распараджэньне з дня 6-га жніўня аб правядзеньні выбараў дэлегатаў на сабор. У гэтым распараджэньні арх. Філафей паведамляў духавенства і вернікаў, што сабор мае за мэту: 1) агалашэньне аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы; 2) прыняцьце статуту Беларускай Царквы. Распараджэньне ўстанаўляла, каб кожнае благачынне мітраполіі выбрала на Ўсебеларускі Сабор аднаго дэлегата ад духавенства і аднаго ад сьвецкіх. У распараджэньні падаваліся ўмовы, вымаганыя ад дэлегатаў на сабор, а між імі: а) ведамая ўсім набожнасьць; б) незганьбаванасьць судом; в) пражыванне ў прыходзе ня менш апошніх трох гадоў; г) штогодняя споведзь і інш.
Галоўная ўправа БНС у Менску, за подпісам д-ра Валькевіча, выслала неадкладна арх. Філафею рашучы пратэст супроць некаторых вымаганьняў ад кандыдатаў на дэлегатаў сабору, пададзеных у яго распараджэньні. У гэтым пратэсьце сьцьвярджалася тактыка элімінаваньня распараджэньнем уладыкі беларускага нацыянальнага актыву ад удзелу ў саборы, бо: 1) выжыўшы беларускі нацыянальны актыў, змагаючыся супроць бальшавіцкай і польскай акупацыяў, быў прасьледваны судамі і турмамі; 2) беларускі актыў дэпартаваўся з сваіх месцаў жыхарства бальшавікамі і палякамі; 3) уся Ўсходняя Беларусь была пазбаўлена балыпавікамі магчымасьці выяўляць пабожнасьць навонкі і што год спавядацца; 4) пункт аб ведамай усім набожнасьці, дзеля сваей неакрэсьленасьці, дае магчымасьць давольнай інтэрпрэтацыі і адводу няпрыемных кандыдатаў. Такая тактыка названа ў пратэсьце антыбеларускай і ня згоднай з прынцыпам хрысьціянскай справядлівасьці. Пратэст дамагаўся поўнай зьмены гэтых абмежаваньняў.
Распараджэньне арх. Філафея аб выбарах на сабор было апублікавана ў „Беларускай Газэце" і стала ведама ў гэнэральным камісарыяце. Кіраўнік аддзелу палітыкі, Юрда, дня 14 жніўня напісаў у гэтай справе ліст да „Мітрапалітальнай Курыі Аўтакефальнай Беларускай Нацыянальнай Царквы", як ніжэй: ,,У “Беларускай Газэце” з 13 жніўня 1942 г. нумар 58 Вамі агалошана распараджэньне аб скліканьні агульнага царкоўнага сабору без папярэдняга прадстаўленьня мне гэтага дакуманту для спраўджаньня. Такі ўчынак ня згодзен з правам кантролю дзяржавы над дзейнасьцяй царквы. Я катэгарычна зьвяртаю Вашу ўвагу, што скліканьне мясцовых сабораў патрабуе папярэдняй згоды акруговага камісара, а агульны сабор ня можа быць скліканы, пакуль ня будзе наяўнае дэфінітыўнае згоды Гэн. Камісара. На будучыню я забараняю такую самавольную дзейнасьць Мітрапалітальнае Курыі і раблю Вас выразна адказным за ўсе шкадлівыя вынікі такога паступаваньня для посьпеху царкоўнай дзейнасьці. Дадатковы дазвол на абвешчанае Вамі распараджэньне без маей згоды я выдам у інтарэсах справы толькі на наступных умовах.
Падрыхтоўчая Камісыя павінна прадставіць мне ў найбліжэйшым тэрміне падрыхтаваны статут, прыняцьце якога становіць другі пункт праграмы Агульнага Царкоўнага Сабору. Да тэй пары, пакуль статут ня будзе мне прадстаўлены і ня будзе маей пісьмовай згоды, ня можа адбывацца разгляданьне і прыйманьне статуту саборам.
Захады аб дазволе на язду для ўдзельнікаў сабору належыць кіраваць за пасярэдніцтвам БНС да адпаведных акруговых камісараў, якія толькі маюць права выдаваць патрэбныя прапускі.
Устаноўленыя Вамі ўмовы для выбару ўдзельнікаў Царкоўнага Сабору належыць зьмяніць. Умову нумар 3 належыць зьмяніць так, каб мінімальны век быў ня 30, а 21 год. Умову нумар 7 належыць зьмяніць так, каб удзельнік павінен быў пражываць у дадзеным прыходзе найменш паўгоду. Выстаўленае Вамі вымаганьне тры гады азначала-б, што практычна кожны ўцёкшы ад бальшавіцкага панаваньня ня меў-бы пасыўных выбарчых правоў у царкоўны сабор, што, як палітычна, так і ў інтарэсах царквы зьяўляецца некарысным. Далей, зьяўляецца незразумелым, як Вы можаце спраўдзіць умовы нумар 4 і 6. Хоць вызнаньне праваслаўнай веры, зразумела, зьяўляецца ўмовай для ўдзелу ў саборы, аднак няма ніякіх магчымасьцяў устанавіць рэлігійнасьць за ўвесь час прасьледваньня царквы бальшавікамі. Такі-ж закід можна зрабіць, што хтось пры бальшавікох ня меў магчымасьці бываць у сповядзі.
Зьвяртаючы Вашу ўвагу на небясьпеку, што нявыкананьне маіх прадпісаньняў можа пацягнуць за сабой паліцыйную забарону агульнага царкоўнага сабору, я забавязваю Вас неадкладна правесьці мае ўказаньні і чакаю пісьмовага пацьверджаньня і паведамленьня аб выкананьні прадпісаных мной зьменаў Вашага распараджэньня. Юрда".
Такім чынам арх. Філафей быў змушакы зьмяніць абвешчаныя абмяжаваньні для дэлегатаў сабору. Прат. Балай заяўляў прадстаўніком беларускага актыву, што аб'ектыўныя ўмовы, робячыя немагчымым выкананьне абвешчаных прадпісаньняў аб выбарах на сабор, будуць брацца пад увагу.