Смекни!
smekni.com

Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква пасьля Ўсебеларускага Царкоўнага Сабору (стр. 2 из 7)

Польскія банды шукалі сьв. А. Апанасэвіча, каб забіць яго за беларускую дзейнасьць на царкоўнай ніве. Хутка пасьля павароту дэлегатаў з Усебеларускага Сабору палякі затрымалі аднаго праваслаўнага сьвятара, завезьлі яго за 40 км. пад Шчучын у свой штаб, гдзе яго дапытавалі, ці ён ёсьць сьв. Апанасэвіч, Лідзкі благачынны.

Сьв. М. Лапіцкі быў правакацыйна абвінавачаны палякамі і расейцамі перад немцамі, нібы ён утрымлівае лучнасьць з савецкімі партызанамі. Арыштаваны палякамі паліцэйскімі, якія ня мелі нагоды замардаваць яго па дарозе, сьв. Лапіцкі быў здадзены ў СД немцам. Тады-ж, вядучы дарогай польскія паліцэйскія застрэлілі на дарозе Кузьму Крука, беларускага дзеяча, нібы ён хацеў уцякаць. Трымаючы сьв. Лапіцкага ў турме, немцы правялі сьледзтва і выкрылі поўную ілжывасьць польскага абвінавачаньня, пасьля чаго выпусьцілі арыштаванага. Дзеля небясьпекі быць замардаваным скрытабойча палякамі, а. Лапіцкі выехаў з прыходу на Дзісьненшчыне ў Менск.

Беларусы бараніліся супроць польскай акцыі вынішчаньня тымі сродкамі, якія былі даступныя. Аднак, сярод беларусаў былі нямногія адзінкі, пераважна каталіцкага веравызнаньня, якія стараліся паўстрымоўваць беларускую абаронную акцыю, ды рабілі патаемна кампрамісы з палякамі, ня гледзячы на сталую польскую пагромную акцыю, як напр.:: А. Клімовіч – беларускі прадстаўнік у Акруговым Камісарыяце у Лідзе, Родзевіч – адміністрацыйны працаўнік у Вялейцы, ды іншыя. Д-р Я. Станкевіч пашыраў сярод сваіх бліжэйшых знаёмых думку аб неабходнасьці паразумленьня беларускага актыву з польскімі дзейнікамі, што ён уважаў за вельмі важнае пры разгортваючыхся: ваенных выпадках. Вацлава Іваноўскага, старшыню гораду Менску, часта наведвалі палякі, прыяжджаючыя адусюль, нават з Варшавы і Вільні; Іваноўскі “жаліўся” Ю. Сабалеў-скаму, што наяжджаючыя палякі тэррарызуюць яго.

Адносіні нямецкіх уладаў да праваслаўнай царквы і рэлігіі мелі сваісты характар. 3 аднаго боку немцы, у межах сваей калянізацыйнай палітыкі падчас вайны, дапамагалі арганізаваць царкоўнае жыцьцё, беларусізаваць яго і афармляць аўтакефалію. Аднак, усё царкоўнае жыцьцё яны падпарадкавалі свайму дакладнаму нагляду і абмяжоўвалі дзейнасьць царквы толькі да выконываньня рэлігійных трэбаў, пазбаўляючы яе ролі важнага грамадзкага дзейніка. 3 другога боку нямецікія ўлады дэманстравалі сваю поўную пагарду да праваслаўнай рэлігіі заваяванага беларускага народу. Некалькі прыкладаў падаецца ніжэй для ілюстраваньня.

На самым пачатку вайны ў 1941 г., нямецкая вайсковая частка затрымалася каля аднэй царквы на Палесьсі, настаяцелям якой быў сьв. Мікалай Міхайлоўскі. Немцы хацелі ў царкве зрабіць для сябе начлег, а ў аўтары – канцэлярыю з жанчынамі працаўніцамі. Настаяцель запратэставаў супроць такога паступаваньня са сьвятыняй і ня пушчаў жанчын у аўтар, згодна з праваслаўнымі правіламі. Разьюшаныя гэтым немцы кінуліся на яго, вырвалі яму бараду, страшэнна зьдзекаваліся над ім і пасьля застрэлілі, загадаўшы закапаць на тым-жа мейсцы. Толькі праз месяц матушка сьвятара змагла атрымаць ад немцаў дазвол пахаваць сьв. Міхайлоўскага на могільніку.

У Жыровіцкім манастыры было каля шасьці манахаў жыдоўскага паходжаньня. Яны былі ў гэтым манастыры манахамі шмат гадоў, былі вельмі рэлігійнымі і мелі агульную пашану. Зараз на пачатку вайны 1941 г. нямецкі аддзел акружыў манастыр у Жыровіцах; немцы вывялі ўсіх манахаў на двор і адлучылі манахаў жыдоўскага паходжаньня. Ня гледзячы на прозьбы арх. Панцялеймана і іншых духаўнікоў, немцы тут-жа пастралялі ўсіх манахаў жыдоўскага паходжаньня.

Піліп Марозаў, архімандрыт сьв. Духава манастыра ў Вільні быў расстраляны немцамі ў 1942 г.

Сьв. Ігнат Ярмалюк, сябра Віленскай духоўнай кансысторыі, арыштаваны немцамі за хрышчэньне жыдоў і выдачу ім мэтрыкаў; памёр у канцэнтрацыйным лягеры.

Іераманах Сяргей дэпартаваны немцамі ў канцэнтрацыйны лягер, далейпы лёс яго няведамы.

Сьв. Барыс Кірык расстраляны немцамі ў 1943 г.

Сьв. Аляксандра Валасовіч дэпартаваны немцамі ў канц. лягер таму, што бальшавікі гвалтам забралі яго сына да сябе ў партызаны.

Сьв. Пётра Бацян, настаяцель прыходу ў Кабыльніку, арыштаваны СД за дапамогу жыдом і пасаджаны ў турму. Ён меў 60 год, але быў высокага ўзросту і моцнай фізычнай будовы. Немцы страшэнна зьдзекаваліся над ім у турме: запрагалі ў плуг і гаралі турэмны гарод, скавалі паліцэйскімі сабакамі і г. п. і закатавалі такім чынам на сьмерць у Менскай турме ў 1943 г.

Браты сьвятары Хільтавы: Аляксандра і Серафім, расстраляныя праз СД за тое, што пад тэррорам савецкіх партызанаў выканалі некаторыя іх дамаганьні.

Прат. Назарэўскі "Хладзімер, арыштаваны з дачкой праз СД у сваім прыходзе Касута, пасьля чаго загінуў.

Сьв. Малішэўскі расстраляны праз СД у Слоніме ў 1943 г.

Прат. Павал Сасноўскі, на прозьбу свайго прыхаджаніна, даў яму пасьведку аб добрым характары. Савецкія партызанскія банды забралі прымусова да сябе гэтага чалавека, разам з іншымі „змабілізаванымі" сялянамі, бо гэта было ў раёне поўнасьцю апанаваным бальшавіцкімі бандамі. Падчас аблавы на партызанаў немцы захапілі частку іх і ў успомненага чалавека знайшлі пасьведку сьвятара аб добрым характары. Не уваходзячы ў сутнасьць справы, СД арыштавалі сьвятара Сасноўскага, ламала яму рукі, ногі, жэбры і, зьдзекуючыся, замучыла да сьмерці.

Такім чынам, барацьба паміж былымі і цяперашнімі акупантамі Беларусі вынішчала беларускі народ, беларускую інтэлігэнцыю і беларускае духавенства. Пры разгортаваньні савецкага бандытызму на Беларусі – узрастаў нямецкі тэррор. Савецкія банды мардавалі беларускую нацыянальную інтэлігэнцыю і адчынена спачуваючае ей сялянства. Немцы мардавалі тых беларусоў, да якіх у начы прыходзілі збройныя бальшавікі і гвалтам адбіралі харчы і вопратку. Нямецкія збройныя акцыі не маглі зьнішчыць рухлівых савецкіх бандаў і толькі помсьціліся на нявінным беларускім жыхарсьцьве. Так, немцы акружылі вёску Сычавічы з уцалелым ад савецкіх бандаў жыхарствам. Частку жыхароў немцы сагналі ў адзін вялікі будынак, а рэшту людзей сабралі на беразе ракі і загадалі ім плыць на другі бераг. 3 кулямётаў немцы перастралялі ўсіх у вадзе. У будынак з сабраным народам немцы ўкінулі гранаты і спалілі. Уратавалася толькі адна жанчына, якая здолела вырвацца з полымя і ўскочыць ў студню. Немяц выстраліў некалькі разоў у студню, але не трапіў у жанчыну, якую ўратавалі пазьней надбегшыя з суседніх вёсак людзі.

Немцы зганялі часамі насельніцтва вёсак у гумно, ці ў царкву, разам са сьвятаром, і так палілі жывых з будынкам; уцякаючых людзей дастрэлівалі. Так было з вёскай Доры, Валожынскага павету і з іншымі вёскамі. Цэлыя воласьці і паветы былі такім шляхам поўнасьцю пазбаўленыя насельніцтва. На абшарах валасьцей: Сват-кі, Мядзела, Кабыльнік, – нямецкая карная экспэдыцыя поўнасьцю спаліла адным захадам каля 40 вёсак; дзяцей і старых кідалі жывымі ў вагонь пажараў, пры чым асаблівымі зьверствамі адзначаліся латыскія аддзелы СД. Недабітых жыхароў немцы высылалі на прымусовыя працы ў Нямеччыну.

Пасьля аднэй з такіх акцыяў немцы наладавалі каля 60 вагонаў малымі дзяцьмі ў веку ад 2 год да 10. Гэты цягнік быў пастаўлены на сьляпую лінію у Лынтупах, аб ім “забыліся” і ўсе дзеці перамерлі ў страшэнных цярпеньнях.

Калі савецкія партызаны ўзрывалі нямецкі вайсковы цягнік, то немцы выпальвалі ўсе ваколічныя вёскі, вынішчаючы насельніцтва. Калі немяц гінуў, наехаўшы на міну, ці застрэлены савецкімі бандамі, то немцы выпальвалі суседнія да гэткага здарэньня вёскі, мардуючы насельніцтва. Цэрквы і сьвятары вынішчаліся немцамі разам з іншымі будынкамі і насельніцтвам.

Падчас багаслужэньняў немцы акружалі цэрквы і змейсца забіралі здаровае насельніцтва на прымусовыя працы ў Нямеччыну. Гэткія акцыі былі стасаваныя ад 1943 г. Напр., у в. Сталовічах так зрабілі немцы падчас усяночнага багаслужэньня на Вялікдзень.

У сувязі з пашырэньнем савецкай партызаншчыны на Меншчыне, позна ўвосені 1942 г. мітр. Панцялейман быў перавезены праз СД з Лядаў у Вялейку і паселены ў доме пры будынку СД, пры гэтым з абовязкам кожны дзень рэгістравацца ў мясцовым СД.

Вясной 1943 г. у гэнэральным камісарыяце Беларусі адбыліся зьмены. Юрда перастаў быць кіраўніком культурна-палітычнага аддзелу, а на гэта месца была прызначана іншая асоба. Гэта адбілася аслабленьнем зацікаўленьня гэнэральнага камісарыяту некаторымі пытаньнямі, а так сама справай афармленьня аўтакефаліі Беларускай Царквы. Непасрэдны ўплыў на ўладыку Філафея па гэтым пытаньні з боку беларусаў быў немагчымы. Таму беларускі актыў зьвярнуўся да новага кіраўніка рэлігійных спраў у гэнэральным камісарыяце і вытлумачыў існуючае неаформленае палажэньне з аўтакефальнасьцяй Беларускай Царквы. Ураднік быў упэўнены, што аўтакефалія Беларускай Царквы ўжо поўнасьцю аформлена, бо так яго інфармавалі з мітрапалітальнага кіраўніцтва царквы. Ураднік распытаўся аб кроках неабходных да завяршэньня аўтакефаліі, аб адносінах да аўтакефаліі ўладыкаў: мітр. Панцялеймана і арх. Філафея і аб поглядах беларусаў на паварот мітр. Панцялеймана ў Менск да кіраўніцтва царквой. Апінія дэлегацыі была прыхільнай да справы павароту мітрапаліта да кіраўніцтва царквой.