Смекни!
smekni.com

Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква пасьля Ўсебеларускага Царкоўнага Сабору (стр. 3 из 7)

Даведаўшыся, што трэба выслаць лісты, прынятыя Ўсебеларускім Царкоўным Саборам да галоў аўтакефальных праваслаўных цэркваў, палітычны аддзел гэнэральнага камісарыяту распачаў па гэтай справе захады ў арх. Філафея. У сувязі з гэтым арх. Філафей склікаў сынод у сакавіку 1943 г. На паседжаньне сыноду прыбыў толькі яп. Апанас. Ня могучы ўдвух прыняць ніякай асноўнай пастановы, арх. Філафей і яп. Апанас зьвярнуліся з лістом да гэнэральнага камісара Беларусі, просячы вярнуць у Менск з высланьня мітр. Панцялеймана. 16-га красавіка 1943 г. мітрапаліт быў звольнены і прывезены праз СД у Менск, гдзе ён прыступіў да царкоўных спраў.

Дня 17 красавіка распачаліся паседжаньні сыноду пад старшынствам мітрапаліта. Першай справай было прыгатаваньне, падпісаньне і высланьне лістоў да Канстантынопальскага патрыярха ды – іншых праваслаўных патрыярхаў, з прозьбай прызнаць аўтакефалію Беларускай Праваслаўнай Царквы. Тэксты лістоў, прынятыя Ўсебеларускім Царкоўным Саборам дня 2 верасьня 1942 г., былі апрабаваныя сынодам, з некаторымі зьменамі. Прыняты тэкст ліста да Канстантынопальскага патрыярха быў наступны:

“ВАША СЬВЯЦЕЙШАСТВА, СЬВЯЦЕЙШЫ УЛАДЫКА!

Мы, іерархі Праваслаўнай Беларускай Царквы, зварочваемся да Вашага Сьвяцейшаства і просім пачуць сваім, поўным любові, сэрцам патрэбы нашае Царквы, прыняць іх бліска да свайго сэрца і падаць ей руку помачы ў справе ўладжаньня царкоўнага жыцьця на падставах аўтакефаліі.

Праваслаўная вера на беларускіх землях зьявілася ў 10-м стагодзьдзі. Прынесена яна сюды з Канстантынопалю праз Кіеў і расьцьвіла тут ва ўсім яе харастве.

Ад самага пачатку гістарычнага жыцьця нашага народу Праваслаўная вера была магутным дзейнікам у ягоным жыцьці і моцнай апорай у зьменнай долі. Пад уплывам Праваслаўнай веры народ наш закрасаваў, душа ягоная ўзбагацілася ўсімі хараствамі праўды Божай, землі ягоныя пакрыліся мноствам сьвятыняў, манастыроў і школаў. Разьвіўшы ў сабе найлепшыя стараны чалавечай душы, Беларускі народ даў Царкве сваіх сьвятых (Прэпадобная Эўфрасіньня, князёўна Полацкая; сьв. сьв. Кірыла і Лаўрэні – Япіскапы Тураўскія; Прэпадобны Афанасі, Ігумэн Берасьцейскі; сьв. сьв. Віленскія мучанікі Антоні, Іоанн і Эўстафі) і праз доўгія вякі захаваў сваю веру Праваслаўную ўва ўсей яе чысьціні і непашкоджанасьці.

Яшчэ ў ХІ-м стагодзьдзі Беларускі народ меў свае япіскапскія кафэдры ў Полацку, Смаленску і Тураве, а пазьней у Наваградку і ў Берасьці. У ХІУ-м стагодзьдзі царкоўнае жыцьцё было нагэтулькі шырока разьвіўшыся, што зьявілася патрэба мець свайго Мітрапаліта. Першым Мітрапалітам Беларускае Мітраполіі, якая тады называлася Літоўска-Рускай, быў Раман. У сан Мітрапаліта ён быў высьвячаны Канстантынопальскім Патрыярхам Філафеям. Мітрапаліт гэты атрымаў ад Канстантынопальскага Патрыярха правы аўтаномнага, амаль не аўтакефальнага галавы сваей Мітраполіі, намінальна толькі залежнага ад Канстантынопалю. Пасьля сьмерці Рамана Мітрапалітам Беларускім стаў Кіпрыян з тытулам Літоўска-Кіеўскага. У 1415 годзе быў скліканы ў Наваградку Сабор, на каторым Праваслаўныя Япіскапы выбралі і самі пасьвяцілі ў сан Мітрапаліта Літоўска-Рускага (Беларускага) Грыгорыя Цамблака. Са сьмерцю Грыгорыя Цамблака (1419 год) Беларуская Мітраполія страціла самастойнасьць і ўвайшла ў склад Кіеўскай Мітраполіі, а пазьней, пасьля злучэньня Літоўска-Рускага княства з Польшчай (1569 год) нават адчула вялікае прасьледваньне з боку фанатычнага каталіцызму ў Полыпчы. Пасьля-ж падзелаў Польшчы (1772 г. – 1796 г.), разам з прылучэньнем Беларускіх земляў да Расеі, і Беларуская Царква перайшла пад юрысдыкцыю Расейскага Праваслаўнага Сыноду.

У 1921 годзе Рыскім трактатам Беларусь была падзелена на дзьве часткі: гэтак званая Заходняя, апынулася ў граніцах Полыпчы, дзе праваслаўнае беларускае духавенства і насельніцтва належылі да Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Большая-ж частка Беларусі, гэтак званая Ўсходняя, адыйшла да Савецкай Расеі, дзе царкоўна-рэлігійнае жыцьцё было бальшавікамі зьнішчана, сьвятыні разбураны, царкоўная маемасьць адабрана, а япіскапы і сьвятары былі вывезены ў ссылку, дзе загінулі, або расстрэляны на месцы.

У 1941 годзе Нямецкая Армія вызваліла Беларусь ад бальшавікоў і палякаў, і актам Гэнэральнага Камісара для Беларусі ад 3-га кастрычніка 1941 году жыцьцё Праваслаўнай Царквы на Беларусі было легалізавана пры ўмове яе аўтакефальнага ўпраўленьня. Падзеленая на дзьве часткі, цяпер Беларусь творыць адзін дзяржаўны арганізм пад назовам Гэнэральны Камісарыят Беларусі.

Усіх жыхароў на Беларусі налічваецца каля 15 міліёнаў, з каторых 85% праваслаўных.

Усходняя Беларусь, якая больш 20-ці год знаходзілася пад бальшавікамі, цяпер творыць і арганізуе царкоўнае жыцьцё, аднаўляюцца і адчыняюцца храмы, зачыненыя або пераробленыя пад клюбы, тэатры і інш., засноўваюцца прыходы, разьвіваецца праваслаўная місыянэрская праца сярод беларускага насельніцтва.

Царкоўным жыцьцём на Беларусі кіруе Сабор Япіскапаў і Сынод на чале з Мітрапалітам. Сабор Япіскапаў у сакавіку 1942 году падзяліў Беларускую Мітраполію на 6 Епархіяў. Усіх Япіскапаў з Мітрапалітам разам у сучасны мамэнт ёсьць 5. Прадбачаюцца хіратоніі новых Япіскапаў.

У верасьні 1942 году ў сталічным горадзе Беларусі Менску адбыўся Царкоўны Сабор, складзены з Іерархіі і выбраных прадстаўнікоў духавенства і міранаў Беларускай Мітраполіі, на якім быў апрацаваны і прыняты Статут для Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы. Гэты Статут складзены на падставе канонаў і традыцыяў Сьвятое Ўсяленскае Ўсходняе Праваслаўнае Царквы. На гэтым самым Царкоўным Саборы пастаноўлена зьвярнуцца да Галоў усіх Праваслаўных Аўтакефальных Цэркваў з прозьбай даць сваё благаслаўленьне на Аўтакефальнае існаваньне Беларускае Праваслаўнае Царквы.

Поўныя глыбокай пашаны, любові і адданасьці да Вас, Най-сьвяцейшы Ўладыка, яшчэ раз просім даць сваё апостальскае благаславеньне на самастойнае жыцьцё нашае Сьвятое Праваслаўнае Царквы Беларускае і прыняць Яе ў лік Сёстраў – Сьвятых Аўтакефальных Праваслаўных Цэркваў ва славу Сьвятой Царквы Хрыстовай і на карысьць богалюбівага Праваслаўнага Беларускага Народу.

(20. IV. 1943 г., Менск. Божай міласьцю Мітрапаліт ПАНЦЯЛЕЙМАН Сьмірэнны ФІЛАФЕЙ, Арх. Магілеўскі і Мсьціслаўскі Сьмірэнны АФАНАСІЙ, Епіскап Віцебскі і Полацкі").

Лісты да патрыярхаў былі перададзеныя ў гэнэральны камісарыят для перасланьня іх дыплёматычным шляхам. Які быў далейшы лёс гэтых лістоў – няведама.

Сынод вырашыў яшчэ шэраг іншых спраў, а паміж імі – пытанне звароту царкоўнай маемасьці, сканфіскаванай у сваім часе савецкімі ўладамі. Гэта пытаньне было ўзьнята дзеля зьменаў нямецкай палітыкі ў аграрнай галіне. Да гэтай пары немцы стараліся ўтрымаць сыстэму калгасаў, пакіненую бальшавікамі, як вельмі добрую для закабаленьня сялянства і эксплёатацыі сельскай гаспадаркі на сваю карысьць. Але, дзеля вайсковых непаводзінаў і пашыраньня партызанскай барацьбы, немцы былі змушаныя часткова зьмякшыць сваю колёніяльную палітыку. Яны распачалі, для прапаганды, праводзіць распадзел калгасаў і надзел сялян зямлёй для карыстаньня. На собскасьць зямля не давалася, бо немцы ўважалі яе за нямецкую собскасьць, як заваяваную імі. Прынятая сынодам пастанова аб звароце былых царкоўных земляў і іншай маемасьці, ня была праведзеная ў жыцьцё.

Адбудова царкоўнага жыцьця на ўсходзе Беларусі адбывалася вельмі паволі. Ад'емнае значаньне меў факт, што арх. Магілеўскі і Мсьціслаўскі Філафей, а таксама яп. Віцебскі і Полацкі Апанас, ані разу яе наведалі прызначаных для іх епархіяў. Беларускія вернікі і адміністрацыя рабілі на мясцох, што маглі па адбудове сьвятыняў і шукалі духавенства, а з Віцебска прыбывалі дэлегаты ў Менск з прозьбай аб духаўнікох, аднак, пераважна бяз вьгаіку, дзеля адсутнасьці вольных сьвятароў.

ЯД. Сьцяпан, хутка па сваім высьвячэньні, выехаў у прызначаную яму Смаленскую епархію і прыступіў да адбудовы царкоўнага жыцьдя. Цяжкія абставіны пасавецкай пагромнай спадчыны і трываючая вайна, не спрыялі гэтай місыянэрскай дзейнасьці. Але, па некаторым часе багаслужэньні аднаўляліся ў Смаленску і іншых гарадох. Яп. Сьцяпан дадаткова кіраваў, па даручэньню арх. Філафея і яп. Апанаса, Магілеўскай і Віцебскай епархіямі. Вялікія абшары епархіяў, камунікацыйныя цяжкасьці, абставіны вайсковай зоны, – стваралі асабліва няпрыяльныя ўмовы для місыянэрскай працы. На пачатку 1943 году япіскап Смаленскі Сьцяпан зьвярнуўся да мітрапаліта Панцялеймана з просьбай высьвяціць у дапамогу яму вікарыя для гораду Бранска, падаючы кандыдатуру архімандрыта Паўла (Мяленцьева), расейца. Мітрапаліт разаслаў лісты да арх. Вэнэдыкта ў Горадню і да яп. Апанаса ў Наваградак, з запытаньнем аб іх апініі адносна хіратоніі архім. Паўла. Уладыкі адказалі, што яны ня ведаюць зусім кандыдата і пакладаюцца на вырашэньне мітрапаліта разам з арх. Філафеям. На скліканай мітрапалітам нарадзе пры ўдзеле арх. Філафея і яп. Сьцяпана, прыехаўшага ў Менск, было пастаноўлена дня 17 чэрвеня высьвяціць архім. Паўла ў сан япіскапа Рослаўльскага, вікарыя Смаленскай епархіі. Хіратонію выканалі мітр. Панцялейман і арх. Філафей у Менску 11 ліпеня 1943 г.

Беларускае грамадзянства было супроць гэтай хіратоніі. Новы япіскап ня быў наагул адпаведным для япіскапскага сану, а з беларускім народам ня меў нічога супольнага. Па хіратоніі ён чураўся беларускага япіскапату і амаль зусім ня зносіўся з ім. У сувязі з падрыхтоўкай гэтай хіратоніі, група беларускага актыву, дня 5 ліпеня, падала мэмарандум нямецкім уладам, у якім гаварылася: “Беларуская Праваслаўная Аўтакефальная Царква сягоньня па складу іерархічна-адміністрацыйнага апарату, па яго нацыянальным настаўленьні, устабілізавалася як расейская, з моцным антыбеларускім характарам і, як такая, праяўляе актыўную дзейнасьць. Сэнс гэтага той, каб і праз царкву ўтрымаць лучнасьць абшараў былой “адзінай недзялімай Расеі"... Вонкавыя расейскія чыньнікі знаходзяць добры адгалосак сваім імкненьням у пануючай сёньня іерархіі і царкоўнай адміністрацыі Беларускай Царквы. Антаганізм, існуючы паміж мітрапалітам Беларусі Панцялейманам і кіруючым арх. Філафеям, базуецца на падставе выключна асабістай – за ўладу. Па зьместу працы абодва яны, карыстаючы з нябывалай волі ў адміністраваньні царквой, дадзенай нямецкімі ўладамі, утрымліваюць яе расейскі характар, пакінуты бальшавікамі, – пісалася ў мэмарандуме.