Па хіратоніі яп. Паўла ў жніўні 1943 г., тыя самыя асобы падалі нямецкім уладам новы мэмарандум, у якім пісалі: „Праз царкву на Беларусі дзейнічаюць рознаякаснай ахварбоўкі чыннікі, з мэтай – праз расейскі характар царквы і царкоўнай работы, затрымаць Бела-русь у непадзельнасьці з вялікім конглёмэратам „адзінай недзялімай (Расеі)" – з аднаго боку, ці з Савецкім Саюзам – з другога боку. 3 беларускага боку ніхто не пакліканы і не дапушчаецца да высьвятляньня гэтых спраў. А без дакладнейшага кантролю арх. Фі-лафей, цешучыся поўным даверам уладаў, безаглядна праводзіць зьдзек над беларускасьцяй, ды праз царкву ўзмацняе расейскасьць Беларусі. Зьяўляецца неабходным стварэньне ўраду адпаведнага беларускага рэфэрэнта з кампэтэнцыей угляду ў духоўна-нацыянальныя справы Беларусі для рэфэраваньня нямецкім уладам... Характэрна, што сярод забітых і прасьледаваных бандытамі сьвятароў няма ані аднаго расейца. Гэта самае сьведчыць аб антыбеларускім характары бандыцкай работы сярод духоўнага пэрсаналу на Беларусі".
У міжчасе адбыліся зьмены ў складзе мужоў даверу пры гэнэральным камісары Беларусі. I. Ермачэнка быў выдалены з Беларусі і, разам са сваімі супрацоўнікамі, перастаў спаўняць гэтыя функцыі. Установа Мужоў Даверу была ператворана на Раду Даверу. На чаловага мужа даверу быў запрошаны Вацлаў Іваноўскі, старшыня гораду Менску, які паклікаў новых супрацоўнікаў. Сам В. Іваноўскі, як неправаслаўны, ня быў у курсе беларускай царкоўнай справы. 3 нацыянальнага боку, В. Іваноўскі, які ў палякаў быў сваім чалавекам, ня меў даверу беларускага праваслаўнага актыву. Рада Даверу ня цікавілася царкоўнымі справамі. Такім чынам спыніўся ўплыў беларускага менскага актыву праз установу мужоў даверу на беларускія царкоўныя справы.
У сувязі з апошнімі мэмарандумамі беларусоў, нямецкія ўлады разаслалі праваслаўнаму духавенству апытальнікі пэрсанальнага характару, у якіх паміж іншымі, было пытаньне аб нацыянальнай прыналежнасьці. У запоўненых анкетах духавенства падало у 90% сваю прыналежнасьць да беларускай нацыянальнасьці; рэшта падала расейскую, або ўкраінскую нацыянальнасьць. Частка духавенства, падаўшага беларускую нацыянальнасьць, разумела яе ў сэнце расейскага рэгіяналізму, што Беларусь – гэта таксама расейская зямля. Іншая частка беларускага з паходжаньня духавенства, была так моцна зрусыфікаванай расейскімі школамі і расейскай царквой, што думала толькі расейскімі нацыянальнымі катэгорыямі. Такім чынам, апытальнік не адбіваў фактычных нацыянальных суадносін праваслаўнага духавенства на Беларусі ў тую пару.
Япіскапы знайшлі патрэбным высьвяціць япіскапа для Гомельшчыны. Арх. Вэнэдыкт выставіў кандыдатуру аўдавеўшага горадзенскага пратаерэя Георгія Барышкевіча, настаяцеля горадзенскага кафэдральнага сабору. Кандыдат быў адукаванай і паважнай асобай, украінскага паходжаньня, але вырасшы ў расейскім асяродзьдзі ён уважаў сябе за расейца. Мітрапаліт Панцялейман, арх. Філафей і яп. Сьцяпан згадзіліся на кандыдата. Дня 18 верасьня 1943 г. кандыдат быў пастрыжаны ў манаства з імям Грыгора, а на наступны дзень узьведзены ў сан архімандрыта праз арх. Вэнэдыкта ў Горадні. Хіратонія архім. Грыгора ў сан япіскала. адбывалася далёка ад Беларусі і пры поўным няведаньні аб ей праз беларускую грамадзкасьць. Акт высьвячэньня быў выкананы праз Расейскую Зарубежную Царкву ў Вене (Аўстрыя) іерархамі: мітрапалітам Анастасіям, мітрапалітам Бэрлінскім Серафімам, мітрапалітам Парыскім Серафімам, япіскапам Венскім Васілём, япіскапам Почдамскім Піліпам і арх. Горадзенскім Вэнэдыктам. Для палагоджаньня пераходу з Расейскай Зарубежнай Царквы ў склад аўтакефальнай Беларускай Праваслаў-най Царквы яп. Грыгор зьвярнуўся з прозьбай да беларускага япіскапату на пачатку 1944 г. Прозьба была палагоджана пазытыўна, пры чым яп. Грыгор злажыў адумысловую дэклярацыю ў гэтай справе. Аднак, ён ня змог выехаць на сваю епархію дзеля адступленьня нямецкіх войскаў з усходу Беларусі перад савецкім наступам у 1944 г.
Наступ савецкіх войскаў з усходу адкідаў нямецкай арміі на захад. У 1944 г. вясной Украіна амаль уся была акупаваная бальшавікамі. Рыхтаваўся наступ іх на Беларусь. Савецкія партызанскія злучэньні моцна шкодзілі нямецкім транспартам для фронту і амаль акупавалі вясковыя абшары Беларусі, мабілізуючы прымусова насельніцтва ў свае аддзелы. Барацьба на нутраным партызанскім фронце адцягвала ад асноўнага фронту значныя вайсковыя сілы немцаў. Хочучы схіліць сымпатыі беларускага народу на свой бок, стра-чаныя праз колёніяльную тэррорыстычную акупацыйную палітыку, немцы дапусьцілі да стварэньня Беларускай Цэнтральнай Рады, як пэўнай формы беларускага нацыянальнага ўраду з вельмі абмяжаванымі кампэтэнцыямі. Да сфэры дзейнасьці БЦР належылі:
а) вайсковыя справы Беларускай Краёвай Абароны;
б) культура і асьвета;
в) сацыяльная апека. На чало БЦР быў высунены беларускім актывам Радаслаў Астроўскі.
Пры БЦР быў створаны аддзел веравызнаньняў, які зьвярнуў сваю ўвагу на дзейнасьць Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Арх. Філафей выконываў абовязкі заступніка мітрапаліта, а фактычна – кіраваў Беларускай Мітраполіей. На словах ён быў прыхільнікам праводжаньня нацыянальнай беларускай лініі ў царкоўным жыцьці, але фактычна – ўтрымліваў існаваўшы раней стан расейскага засільля ў царкве на Беларусі, унікаючы асноўных мерапрыемстваў па беларусізацыі царквы. Арх. Філафей навязаў добрыя дачыненьні з нямецкімі палітычнымі органамі і трымаўся далёка ад беларускага актыву. Для немцаў быў карысны падзел беларускай грамадзкасьці і яны падтрымлівалі такую сытуацыю. Прэзыдэнт БЦР Р. Астроўскі ня мог асягнуць супрацоўніцтва з арх. Філафеям і пастанавіў дабіцца адсуненьня яго ад кіраўніцтва мітраполіей і выдаленьня з Менску, а назначэньня на яго мейсца яп. Сьцяпана, з якім ён працаваў на Смаленшчыне. Р. Астроўскі запрапанаваў свой праект мітр. Панцялейману, аднак не атрымаў згоды. Тады Р. Астроўскі пастанавіў дзеіць сам. Ён выслаў прадстаўніка да яп. Сьцяпана ў Барысаў, гдзе тады прабываў апошні, з прапановай прыехаць у Менск. Пасланец не засьпеў яп. Сьцяпана ў Барысаве і справа за-цягнулася.
Тым часам да Гэнэральнага Камісарыяту Беларусі былі далучаны акругі Берасьцейская і Пінская, якія да тэй пары належылі да Дзяржаўнага Камісарыяту Ўкраіны. БЦР прызначыла туды сваіх намесьнікаў, а ў царкоўных дачыненьнях гэтыя акругі мелі быць падпарадкаванымі Беларускай Праваслаўнай Царкве. У Берасьці быў тады япіскапам Іоан (Лаўрыненка), а ў Пінску – мітрапаліт Палескі Аляксандра (Іназемцаў). Арх. Берасьцейскі Іоан, які належыў да Ўкраінскай Аўтаномнай Праваслаўнай Царквы, падаў заяву беларускаму япіскапату аб прыняцьці яго ў юрысдыкцыю Беларускай Царквы. На жаданьне мітрапаліта Панцялеймана арх. Іоан выпаўніў адумысловую дэклярацыю і быў прыняты ў юрысдыкцыю Беларускай Праваслаўнай Царквы пастановай сыноду на пачатку красавіка 1944 г. з захаваньнем тытулу: “архіяпіскап Палескі і Берасьцейскі".
Маючы на думцы замену старога мітр. Панцялеймана на малодшага і больш элястычнага мітр. Палескага Аляксандра, прэзыдэнт БЦР Р. Астроўскі запрасіў яго у Менск, карыстаючы з нагоды далучэньня Пінскай акругі да Беларусі. На пачатку траўня мітр. Аляксандра прыбыў у Менск і затрымаўся са сваім акружэньнем у Беларускай Цэнтральнай Радзе, як госьць Прэзыдэнта. Мітр. Аляксандра ўважаў за свайго кіраіерарха мітр. Варшаўскага Дзяніса і належыў да яго юрысдыкцыі. Цяпер мітр. Аляксандра пастанавіў перайсьці ў юрысдыкцыю аўтакефальнай Беларускай Праваслаўнай Царквы. Прэзыдэнт БЦР даў банкет у сваей сядзібе ў чэсьць іерархаў Беларускай Царквы, пры ўдзеле новапрыбыўшых уладыкаў: мітр. Аляксандра і арх. Іоана. Сьвецкія прамоўцы горача віталі Беларускую Царкву як аўтакефальную, але ўладыкі захоўваліся з рэзэрвай і не прамаўлялі.
У справе далучэньня да Гэнэральнага Камісарыяту Беларусі акрутаў Палесься і Берасьцейшчыны і неабходнасьці афармленьня падпарадкаваньня іх у царкоўных дачыненьнях Беларускай Праваслаўнай Царкве, Прэзыдэнт Астроўскі выслаў ліст царкоўнаму кіраўніцтву.
Дня 12 траўня 1944 г. мітр. Панцялейман склікаў сабор япіскапаў. На парадку нарадаў было жаданьне нямецкіх уладаў, каб беларускі япіскапат, па прыкладу іншых цэркваў пад нямецкай акупацыяй, выявіў свае адносіны да нядаўна адбыўшыхся выбараў патрыярха ў Маскве. На сваім паседжаньні з дня І5 траўня пад старшынствам мітр. Панцялеймана сабор япіскапаў прыняў адпаведную пастанову. Наступна сабор разважыў ліст Прэзыдэнта БЦР, скіраваны да мітр. Панцялеймана, у якім былі дамаганьні:
1) актывізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы ў справе нацыянальнага будаўніцтва Беларусі;
2) выдаваньня рэлігійных часапісаў і падручнікаў для навучаньня рэлігіі;
3) пераўзгадаваньня часткі беларускага грамадзянства, атручанага бальшавіцкай прапагандай Масквы;
4) выконаваньня назначэньняў, перамяшчэньняў і звальненьняў асобаў духоўнага сану праз царкоўную ўладу пасьля ўзгадненьня з аддзелам веравызнаньняў БЦР;