Курсавая работа
на тэму
“Судовы лад Вялікага княства Літоўскага”
выканала:
План:
Уводзіны
І. Вышэйшыя судовыя органы дзяржавы
1. Вялікакняскі (гаспадарскі) суд
2. Суд паноў-рады, соймавы суд
3. Камісарскі і маршалкоўскі суды
4. Галоўны суд (Трыбунал), скарбавы трыбунал
5. Духоўны суд
ІІ. Мясцовыя судовыя органы
1. Замкавы (гродскі) суд
2. Земскі суд
3. Падкаморскі суд
4. Магістрацкі суд
5. Каптуровы суд
6. Копны суд
7. Вотчынны суд феадалаў над залежнымі ад іх людзьмі
8. Камісія вайсковая, палюбоўны (трацейскі) суд
Заключэнне
Задача навукі гісторыі дзяржавы і права – вывучэнне гістарычнага ходу падзей у іх канкрэтнасці і храналагічнай паслядоўнасці, выяўленне асноўных заканамернасцей развіцця структуры і дзейнасці органаў дзяржаўнай улады і правадносін грамадзян, прававога становішча класаў, саслояў і розных сацыяльных груп насельніцтва, выяўленне і вывучэнне крыніц права, высвятленне развіцця асобных галін права і дзяржаўнага, адміністрацыйнага, цывільнага, крымінальнага, судова-працэсуальнага і інш.
Гісторыя дзяржавы і права Беларусі вывучае працэсы ўзнікнення і развіцця дзяржавы і права на тэрыторыі нашай Радзімы ў іх цеснай узаемасувязі на розных этапах жыццядзейнасці нашых суайчыннікаў.
Адным з самых цікавых этапаў у гісторыі Беларусі з’яўляецца перыяд Вялікага княства Літоўскага.
Гэта дзяржава на працягу некалькіх вякоў была адной з самых магутных на еўрапейскім кантыненце. І было б памылкай не разгледзець і не вывучыць гэтую слаўную старонку беларускай гісторыі.
Паколькі тэма гэтай курсавой работы “Судовы лад Вялікага княства Літоўскага”, то мы будзем разглядаць, менавіта, судовую сістэму старажытнай дзяржавы. Я лічу, што разгляд гэтай тэмы з’яўляецца даволі актуальным на сеняшні дзень. Судовыя органы – гэта неад’емная частка ці то сярэднявяковай, ці то сучаснай дзяржавы. Яны, як і іншыя органы дзяржаўнага кіравання іграюць ролю фундамента ў арганізацыі грамадства і яго кантраляванні.
Судовая сістэма ВКЛ без сумненняў адрозніваецца ад сучаснай, аднак ёсць і аднолькавыя ці сходныя рысы. Гэта перш усяго, заключаецца ў самой прыродзе органаў правасуддзя. Яны ўзніклі па волі самаго чалавека, якому было патрэбна вырашаць спрэчкі з сабе падобнымі, пры ўдзеле пасрэдніка (суддзі). З цягам часу суд, акрамя гэтай функцыі, ужо выконвае і іншыя. Ён выступае, як орган дзяржавы, працуе, каб падтрымліваць парадак, для спакойнага і квітнеючага жыцця жыхароў краіны, каб забяспечваць справядлівасць і ўмацоўваць дзяржаву.
Нас таксама хвалюе наша сучаснае жыццё і наша будучыня. мы маем вельмі добрую магчымасць выкарыстоўваць вопыт нашых продкаў і павінны скарыстаць яго. мы маем магчымасць параўноўваць і сапастаўляць мінулае, сучаснае і будаваць будучае. Таму вывучэнне і разгляд гістарычнай мінуўшчыны мае вялікае значэнне для нас. У нашым выпадку, разгляд судовага ўладкавання ВКЛ дапаможа нам зразумець, што было пачаткам сучасных судовых органаў. Вывучэнне ж гэтай тэмы, а тым больш прымяненне мінулага вопыту на справе ў сучасным варыянце, можа дапамагчы знайсці нейкія новыя шляхі, ідэі ва ўдасканаленні суда сеняшняга дня.
Разгляд судовага ладу ВКЛ зводзіцца да разгляду судовых органаў перыяду XV - XVI ст. ст., часткова XVII ст. Да канца XV – пачатку XVI ст. у Вялікім княстве Літоўскім дзейнічаў тыповы для раннефеадальнага перыяду прынцып, згодна з якім органы дзяржаўнай улады адначасова выконвалі судовыя функцыі. У гэты час судовая ўлада належыла вялікакняскім ураднікам ці чыноўнікам -ваяводам, старастам і дзяржаўцам, якія з’яўляліся судовай і адміністрацыйнай уладай. Такое становішча заставалася і пасля выдання Статута 1529 г, які прадпісаў ваяводам, старастам і дзяржаўцам выбраць кожнаму ў дапамогу сабе двух “сялян”. Апошнія павінны былі пры адсутнасці ваявод, стараст і дзяржаўцаў разам з іншымі ўраднікамі разглядаць судовыя справы. І толькі ў перыяд паміж першым і другім Статутамі былі праведзены рэформы ў галіне заканадаўства і судаводства, заканчэннем якіх з’явілася заснаванне Галоўнага Літоўскага Трыбуналу, як папыткі аддзялення суда ад адміністрацыі. Такім чынам, на працягу XVI ст. назіраецца адыход ад парадку разгляда судовых спраў органамі дзяржаўнай улады.
Характэрнай рысай усіх судоў ВКЛ у XV – XVI ст. ст. быў іх падзел па класава-саслоўнаму прынцыпу. У гэты перыяд на Беларусі меліся дзве сістэмы судовых органаў – агульныя суды для ўсяго насельніцтва (агульнасаслоўныя), заснаваныя на старажытным звычаёвым праве і на законе, і саслоўныя суды (для духавенства, шляхты, мяшчан, сялян, татар, яўрэяў). Саслоўныя суды для шляхты былі поўнасцю аддзелены ад адміністрацыі і дзейнічалі на падставе закона ў адпаведнасці з тэорыяй аб падзеле ўлад. Астатнія саслоўныя суды дзейнічалі на аснове Бібліі, Карана, Торы, спецыяльных нарматыўных актаў ці старажытнага копнага права.
Асноўнымі судовымі органамі для феадалаў-шляхты былі: вялікакняскі (гаспадарскі) суд, галоўны, замкавы, земскі, падкаморскі і кантуровы суд. У дачыненні да простага народу суд і расправу чынілі феадалы і іх намеснікі, службовыя асобы дзяржаўнага кіравання – ваяводы, старасты, дзяржаўцы, іх намеснікі, а часам і сам гаспадар з панамі – рады.
Як гэта ўжо вядома суд – гэта дзяржаўны орган, які разглядае грамадзянскія і крымінальныя справы на падставе дзеючага заканадаўства ў адпаведнасці з прынятымі працэсуальнымі правіламі. Таму для больш дасканалага вывучэння судовай сістэмы Вялікага княства Літоўскага трэба разглядаць заканадаўчыя акты і дакументы таго часу, дзе былі зафіксаваны правілы, у адпаведнасці з якімі працавалі суды.
Найбольш вядомымі і даступнымі для даследчыка з’яўляюцца Статуты Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566, 1588 гадоў, якія сталі вяршыняй сістэматызатарскай кадыфікацыйнай дзейнасці. Распрацоўкі іх вялі выдатныя вучоныя – юрысты таго часу, якія добра ведалі мясцовае звычаёвае беларускае права, гісторыю рымскага і права іншых дзяржаў, а таксама мелі багаты практычны вопыт. Сярод іх можна назваць Францыска Скарыну (Статут 1529 г); Аўгусціна Ратундуса, Пётра Ронзія, дзяка вялікакняскай канцылярыі Марціна Валадковіча, падканцлера Астафея Ваповіча (Статут 1566 г); канцлера ВКЛ Л. І. Сапегу (Статут 1588 г.) і інш.
Так, асаблівая ўвага ў Статуце 1529 г. надавалася судова-працэсуальнаму праву. Суд быў важным органом, які забяспечваў ахову правапрадку. Дзейнасць яго была накіравана на абмежаванне самавольства феадалаў, наданне праву аўтарытэту. Асаблівая ўвага надавалася парадку ажыццяўлення правасуддзя, абвяшчаўся прынцып публічнасці правасуддзя, фармальнай роўнасці бакоў у працэсе, права абвінавачанага на абарону з удзелам адваката. адначасова ў Статуце абвяшчалася захаванне прывілеяў і льгот феадалаў, што на практыцы замацоўвала бяспраўе простых людзей і захавала паўнату правоў, толькі для буйных феадалаў. Судова-працэсуальнаму праву ў Статуце 1529 г прысвечаны VІ раздзел.
Змены, якія адбыліся ў сярэдзіне XVI ст. у сацыяльна-эканамічным і палітычным жыцці выклікалі правядзенне аграрнай, адміністрацыйнай у тым ліку і судовай рэформ, патрабавалі ўдасканалення права. Таму і была створана камісія ў 1551 г для распрацоўкі новага Статута.
У выніку судовай рэформы 60-х г. XVIст. з’явіўся новы судовы орган – земскі суд. Гэта быў выключна шляхецкі суд. Канчатковае прававое афармленне земскага суда праведзена Бельскім прывілеем і Статутамі 1566 і 1588 г. У Статуце 1566 г. судоваму ладу і судоваму працэсу быў прысвечаны IV раздзел, у Статуце 1588 г – І і IV р. У Статуце 1566 г упершыню намячалася аддзяленне суда ад органаў улады і кіравання. Для гэтага і ствараліся земскія і падкаморскія суды. У Статуце 1588 г. гэтая лінія была падтрымана і працягнута, бо ў ім было зафіксавана з’яўленне новага суда, які абмежоўваў уладу князя – Галоўнага Трыбуналу. Судовая ўлада была замацавана за вялікакняжацкім і галоўным судамі, а таксама за мясцовымі судамі.
Акрамя гэтага, для вывучэння гэтай тэмы можна выкарыстаць больш познія даследванні беларускіх вучоных-юрыстаў, гісторыкаў. Сярод іх можна назваць работы Леантовіча Ф. І. “Суд господарей и их советников в ВКЛ до и после Люблинской вунии”//Журн. Мін-ва юстыцыі 1909 №6, 1910 №2; Лапно І. І. “Зeмский суд в ВКЛ в XVI в” СПб, 1897; Любаўскі М. К. “Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской Унии включительно” 2-е выд. М. 1915 г.; Даніловіч І. “Взгляд на литовское законодательство и литовские Статуты”//Юр. запіскі, выдадзенныя П. Рэдзькіным Т. 1. М. 1841 г. Аднак гэтыя працы не даступны для кожнага даследчыка, бо яны знаходзяцца ў дзяржаўных архівах, музеях Беларусі, Літвы, Расіі, Польшчы. Таму для розгляду судовых уладкаванняў ВКЛ у XIV – XVI ст. ст. мы можам ужыць працы сучасных даследчыкаў. Гэта працы І. А. Юхо “Крыніцы беларуска-літоўскага права”; Т. І. Доўнар, В. А. Шаўкапляс “Государство и право Беларуси в XIV- XVI в. в.”; А. Ф. Вішнеўскі “Гісторыя дзяржавы і права Беларусі IX – пач. XX ст. ст.” Гэтыя аўтары выкарыстоўвалі пры напісанні сваіх работ багаты дакументальны матэрыял, таму мы таксама можам давяраць ім.
З мэтаю вывучэння судовага ладу ВКЛ я паставіў перад сабой задачу адказаць на наступныя пытанні:
– Якія ўвогуле існавалі суды на Беларусі ў XIV – XVI ст?
– Які быў склад (віды) судоў?
– Парадак фарміравання і дзейнасць?
– Падсуднасць спраў і кампетэнцыя?
– Роля таго ці іншага суда ў тагачасная сістэме судовых органаў?
Разгляд гэтых асноўных пытанняў дазволіць нам зразумець, як жылі нашы продкі, як абаранялі свае інтарэсы, чым кіраваліся. І гэта дапаможа нам пашырыць агульнае ўяўленне аб нашай старажытнай дзяржаве, зразумець, як Вялікае княства Літоўскае дасягнула сваёй славы і магутнасці.
І. 1. Вышэйшым агульнагалоўным судом лічыўся вялікакняскі (гаспадарскі) суд, а таксама суд паноў Рады, Сойма і як іх разнавіднасці – камісарскі суд.