Смекни!
smekni.com

Прыбытак ці ці ўратаванне душы? Крэдыт і ліхвярства ў Беларусі XVI—XVII стст. (стр. 1 из 2)

Прыбытак ці ці ўратаванне душы? Крэдыт і ліхвярства ў Беларусі XVIXVII стст.

Марзалюк І.

Пазыка… Cлова гэтае трывожна гучыць для чалавека, які апынуўся ў складаным фінансавым становішчы. Сёння ў Беларусі паміж сабой “ваююць” дзве асноўныя формы “пазыкі” – юрыдычна аформлены крэдыт (пад працэнты, пад заклад уласнасці) ды “сяброўска-братэрска-суседская” беспрацэнтная пазыка. У апошнім выпадку грошы часцей за ўсё даюцца сваякам, сябрам пад “слова сумлення”. Браць працэнты з радні, а тым больш натарыяльна афармляць умовы пазыкі, лічыцца на масавым узроўні благім тонам, сведчаннем асаблівай прагнасці таго, хто пазычае. Ці заўсёды было так? Паспрабуем распавесці пра крэдытныя рэаліі Беларусі XVI—XVII стст.

Як вядома, стаўленне да працы ў сярэднявеччы было дваістае. Неабходнасць працаваць – наступства першароднага граху. Абагачэнне і накапленне ёсць справа грахоўная. Багацце і маёмасць не могуць служыць толькі асабістаму ўзбагачэнню – чалавек мусіць мець роўна столькі ўласнасці, колькі неабходна для існавання. Той, хто шукае прыбытку, – грашыць. Навечна ў пекла трапяць тыя, хто, набыўшы вялікія ўласнасці пры жыцці, скарыстоўваў іх толькі для асабістага ўжытку, не дапамагаў бліжняму і тым парушаў найважнейшыя прынцыпы хрысціянскай этыкі. Запасіць багацце толькі для сябе – значыць жыць “свінскім” жыццём, прыпадабняцца да злачынцаў, якім няма спадзявання на Збаўленне.

Той, хто нажываецца на вечных і нязменных для ўсіх людзей каштоўнасцях, – найбольш подлы і агідны грэшнік, бо ён імкнецца атрымаць прыбытак з таго, што дадзена ўсім людзям Богам бясплатна. Такім злачынцам, якому няма надзеі на збаўленне, з’яўляецца найперш ліхвяр – бо ён нажываецца на часе, які дадзены ўсім людзям як Божы дар. Ужо ў помніку XII ст. “Хаджэнне Багародзіцы па пакутах” адна з самых страшных пакутаў на “тым” свеце чакае менавіта яго: И оувиде святая Богородиця моужа висящ за нозе. И чьрвье ядяхоу его. И въпроси ангела кто сь есть. Что ли грех сътворилъ есть. И рече к ней архистратигъ. Сь есть иже приклады имаше на злато свое и на сребро. И за то на векы моучиться[1]. Незаконна нажытае багацце разглядаецца ў “Пролагу” як від рабунку, прысваення агульнай маёмасці: “мздоимец, резоимец, сребролюбец и грабитель” – чатыры колы калясніцы, якой кіруе вознік – Сатана. Ліхвяр не ведае літасці ні да кога з людзей, нават да сваіх блізкіх, ён самы небяспечны з усіх “драпежцаў”.

Ён не мае аніякіх шанцаў на выратаванне, на ласку Божую, бо служыць Мамоне. Д’яблава вынаходніцтва – грошы – для яго самадастатковая і самакаштоўная вартасць.

Згодна з традыцыйнай царкоўнай дактрынай Госпад даў шэраг дабротаў усім людзям у вечнае карыстанне задарма: Двоякии речи заровно дал Бог всем человеком, внутрныи и зевнутрный: внутрный сут, розум и воля, которыи ся в самом посполитом прироженю чловечом найдуют. Зевнутрный, который в оздобе и в пожитках своих под смыслы людскии подпадают: тыи суть, небо, слонце, месяц, звезды, огонь, въздоух, вода и земля, и все што колвек ест в них и на них: все то заровно всем добротливый Бог дал: ровно все тое межи сыны свои розделил: все тое однолко в оужитку своем мают грешный як и справедливый[2].

У “Дыёптры”, выдадзенай у 1612 г. у Еўі, змешчана надзвычай выразная, характэрная для традыцыйнай праваслаўнай этыкі, характарыстыка ліхвяра: Лихоимец сей же ест идолослужитель не имет достояния в Царствии Христа Бога. Никто же есть мучительнейшее в мире якоже лихоимец. Лихоимец любви не имат, матери али братий не познавает, и своих равно с внешними вменяет: Ничтоже ест злее, паче лихоимца. Иные аще и повреждают себе, обаче прочих некако пользуют, лихоимец всех обще вредит, егда бо скрывает благая земленная наводит плодолетнюю скудость. Никтоже нищетою съгневаем ест, якоже лихоимец, той сам ест вина своему окаянству. Лихоимец недостоин ест съпребывания аггел небесных и человек земных, сего ради сподабается погребения Июды предателя, иже желания сребра, продал Исуса Христа Спаса нашего. Лихоимец прежде приобретения, приобретению предается; преже ловатвы, оуловлен бывает. Горит зде огнем желания; и посему горети имат огнем геенским [3].

У XVI ст. адбываюцца надзвычай сімптаматычныя змены ў стаўленні гарадскога насельніцтва і часткі шляхты да ліхвярства. Калі да XVI ст. гэтай самай “бруднай” для хрысціяніна справай займаліся толькі “жыды”, то цяпер у іх з’яўляюцца шматлікія канкурэнты як у асяроддзі шляхоцтва, гэтак і хрысціянскага мяшчанства. Падкрэслім, што афіцыйнае стаўленне да ліхвярства і каталіцкага касцёлу, і праваслаўнай царквы ў гэты час заставалася нязменным – гэты занятак трактаваўся як несумяшчальны з хрысціянскімі этычнымі нормамі. Але факт застаецца фактам – менавіта ў той час прага атрымання максімальнага прыбытку ад “ліхвы” стала значна больш прыцягальнай ды прывабнай для заможнай часткі “паствы”, чым страх перад адказнасцю за такія ўчынкі на тым свеце.

Змены ў стаўленні да ліхвы і ліхвярства ды спробы “рэабілітацыі” пазыкі з працэнтамі выразна прасочваюцца ў трактаце слыннага прафесара Віленскай акадэміі, украінца з паходжання, езуіта Марціна Сміглецкага. У прадмове да эканамічнага трактату “Аб ліхве...” (O lichwie..., 1596) Сміглецкі прызнаваў працэнты за пазыкі для капітальных укладанняў (ratio capitalis), а працэнты ад спажывецкага крэдыту (ratio mutui) лічыў неабгрунтаванымі. Спасылаючыся ў якасці прыкладу на гандаль збожжам, Сміглецкі тлумачыў, у якім выпадку працэнт бывае ліхвярскім. Ліхва прысутнічае тады, калі пазычаецца пэўная колькасць дрэннага зерня, з мэтай, каб было вернута столькі ж добрага, але ж добрае зерне каштуе больш за дрэннае. Аднак калі зерне адзычваецца тады, калі яно з'яўлялася больш танным, а вяртаецца, калі яно падаражэе, усё роўна трэба вярнуць тую ж колькасць. У гэтым выпадку Сміглецкі трымаўся аўтарытэту Фамы Аквінскага: паколькі час не належыць чалавеку, то чалавек і не можа прадаць таго, чым не валодае [4].

Цікавасць шляхты ВКЛ да крэдыту яскрава бачная ў яе просьбе да манарху аб заснаванні пазыковага банку з прыбыткаў манетнага двара (1584 г.): люди, потробуючи пенезей, великую интересу, – до цалого гроша, а некоторыи и большей, дають от копы на тыдзень (больш за 87% ў год – І.М.) за чим сынове земские ку убоству приходят. Разам з гэтым, хадайнічаючы аб заснаванні банку, шляхта прасіла, каб пасля яго адкрыцця ніхто не наважваўся даваць грошы ў “ліхву”, бо не толькі купцы, пакінуўшы гандаль, займаюцца ліхвярствам, але і некоторые з стану рицерского, покинувши господарство пристойное, на лифу пенязи дают [5].

Сміглецкі імкнуўся таксама абумовіць шэраг выпадкаў, калі атрыманне працэнту апраўдваецца і не лічыцца грэшным. Такімі выпадкамі ён лічыў рэнту з уласнай маёмасці, удзел у аперацыях купцоў, сам гандаль ды на гэта падобнае. Калі б крэдытор мог з прыбыткам скарыстацца з грошай, але сябар ці хто-небудзь іншы просіць пазычыць, тады спагнанне працэнту апраўданаe, незалежна ад мэты скарыстанай пазыкі. Сміглецкі рашуча апраўдвае і банкаўскі прыбытак. Апошні ён ахарактарызаваў як кампенсацыю банкіру за працу, як узнагароджанне пры пераводзе грошай з адной краіны ў іншую, бо ў такім выпадку купцу не трэба рызыкаваць і клапаціцца аб перавозе грошай. Езуіцкі прафесар нават прызнаваў прыбытак ад абмену грошай! “Гэта не ёсць ліхвой, бо ліхва з’яўляецца, калі пазычаюць, а не абменьваюць” [6].

Знаны гэбрайскі гісторык Бершадскі вельмі пераканаўча паказаў, што занятак гандлем і даванне грошай у “рост” у шляхоцкім асяродзі ў XVI ст. быў звычайнай з’явай. Ліхвярства ўжо настолькі не супярэчыць шляхоцкай годнасці, што нават Статут 1588 г. не забараняе шляхце займацца гэтым заняткам! Гэтае права выразна сфармулявана ў 24-м артыкуле 3-га раздзелу Статуту “О шляхте, которые, именья свои попрадавши, лифою се бавять”. Уставуем: естлибы который шляхтич именье свое продавши, в месте мешкаючи, з лифы жил, уникаючи службы земское военное, таковые предсе з сумы своее пенежное винни службу земскую служити водле уфалы на он час соймовое, под утраченьем всего добра своего[7]. Як бачым, занятак шляхцічам ліхвярствам не цягне за сабою страты прыналежнасці да шляхоцкага стану. Ён толькі абавязаны, як і раней з маёнтку, несці земскую ваенную службу.

Тыя самыя змены выразна прасочваюцца і ў бюргерскім асяроддзі. Паказальны прыклад Магілёва. Васіль Мялешка грунтоўна прааналізаваў умовы, на якіх выдаваліся грашовыя крэдыты для правядзення гандлёвых аперацыяў магілёўскім мяшчанам у XVI – першай палове XVII ст. Умовы крэдыту былі надзвычай разнастайныя. Большасць дакументаў сведчыць, што грошы браліся ў крэдыт не пад працэнты, але такія ўмовы крэдыту распаўсюджваліся не на вялікія сумы, яны выдаваліся на непрацяглы час. Зрэшты, нават у такіх выпадках абавязкова абумоўлівалася, што, калі грошы не вярталіся ў дамоўлены тэрмін, крэдытор меў права забраць тавар у вінаватага на гэтую суму за 50% яго кошту. Такі варыянт са “схаванай працэнтнай стаўкай” фармальна не канфліктаваў з традыцыйнай праваслаўнай і каталіцкай дактрынамі. Але не былі рэдкімі і выпадкі, калі грошы даваліся пад працэнты. Мінімальная стаўка складала 6%, але ў большасці выпадкаў даходзіла да 10–20%. Асабліва высокі працэнт выплочваўся пры кароткатэрміновых крэдытах. Сярод ліхвяроў мы сустракаем не толькі гэбраяў, але і мяшчанаў–хрысціянаў і нават… праваслаўных святароў! Першая згадка пра ліхвярскую аперацыю паміж хрысціянамі датаваная 1578 г. Заможны магілёўскі праваслаўны святар-ліхвяр (!) Павел Пашкоўскі ў кошт кампенсацыі за пазычаныя ім 6 коп грошай літоўскіх магілёўцу Юрку Апанасавічу забраў у апошняга книгу Апостола …кгды гроши позычал, от каждое копы на тыден по шести грош мел ми дават, за которые гроши мне тую книгу дал, а истизны и тепер еще не оддал[8]. Магілёвец Юрка Апанасавіч абавязаўся плаціць папу Пашкоўскаму за ўзятыя ў таго 6 коп грошай літоўскіх па 6 грошай у тыдзень. Працэнт у дадзеным выпадку велізарны, памеры яго дасягалі кошту пазыкі. Яшчэ большы працэнт, які значна перавышаў памеры пазыкі, атрымаў поп Узнясенскай царквы з магілёўскіх гандляроў мясам Івана і Тараса Крывошыных. Яны ўзялі ў яго крэдыт 26 коп грошай літоўскіх, за што абавязаліся штотыднёва ўносіць па 5 пенязяў у выглядзе працэнту. Аднак паколькі на працягу сямі гадоў яны не выконвалі сваіх абавязкаў, то святар-крэдытор патрабаваў праз суд выплаты ўсёй сумы ў памеры 116 коп і 24 грошаў літоўскіх[9]. Прыклады паказальныя і кажуць самі за сябе. Не толькі цывільныя, але і святары ў гэты час не грэбавалі даваць грошы ў “ліхву”.