Смекни!
smekni.com

Этапы развіцця актавых матэрыялаў (стр. 1 из 2)

БЕЛАРУСКI ДЗЯРЖАЎНЫ УНИВЕРСIТЭТ

кафедра гісторыі Беларусі

РЭФЕРАТ

на тэму:

«Этапы развiцця актавых матэрыялаў»

МИНСК, 2008


1. Актавыя матэрыялы Х – ХІІІ ст. («рускiя» акты)

Да iх найперш патрэбна аднесцi першыя мiжнародныя пагадненнi – дагаворы Русi з Вiзантыяй 911, 941, 971 гг., тэксты якiх змешчаны ў «Аповесцi мiнулых гадоў». У летапiсе ёсць таксама ўказаннi на артыкулы дагавора 907 г., але большасць даследчыкаў не лiчыць iх рэальнымi. Растлумачыць, як трапiлi дагаворы ў летапiс, складана. Магчыма, гэта былi перакладзеныя копii. Ва ўсякiм разе, аналiз пагадненняў дазваляе зрабiць вывад аб залежнасцi тэксту дагавора 911 г. ад грэчаскага арыгiнала. Факт сапраўднасцi i верагоднасцi тэксту дагавора 907 г. мае iстотнае значэнне для вывучэння гiсторыi Беларусi, паколькi ў ім Полацк упамiнаецца сярод гарадоў, падуладных Кiеву. На гэтым грунтуецца думка аб падпарадкаваннi Полацка «мацi гарадоў рускiх» ужо з часоў паходу Алега (882 г.). Несапраўднасць гэтага дагавора дазваляе лiчыць такое меркаванне далёкiм ад рэчаiснасцi.

Да найбольш раннiх рускiх актаў адносяцца царкоўныя ўставы. Вядомы ўстаў князя Уладзiмiра Святаславiча – найстаражытнейшы акт, якi вызначыў прававое становiшча царквы. У яго аснову быў пакладзены дагавор Уладзiмiра з жонкай Ганнай – сястрой вiзантыйскага iмператара. Устаў Яраслава, падобна Уставу Уладзiмiра, меў папярэднiкам устаўную грамату – дамову князя з першым рускiм мiтрапалiтам Iларыёнам.

Гэты дакумент вызначаў становiшча i структуру праваслаўнай царквы на ўсходнеславянскiх («рускiх») землях i таму шмат разоў перапiсваўся. Вядома некалькi рэдакцый гэтага помнiка. Адна з iх – «Свиток Ярославля», апублiкаваны ў 1846 г. I. Грыгаровiчам.

Гэтая рэдакцыя (якую называлi яшчэ «заходнерускай») вядома ў адным спiсе пачатку XVI ст., дзе яна змешчана разам з граматай (прывiлеем), якая дадзена вялiкiм князем лiтоўскiм Аляксандрам архiепiскапу полацкаму i луцкаму Луку ў Вiльнi ў 1502 г. (7011, снеж. 26) і пацвярджае за iм правы праваслаўнай царквы ў аб'ёме, устаноўленым у «Свiтку».

У ХІІ ст. узнiкаюць мясцовыя царкоўныя ўставы. Яны афармляюцца ў выглядзе ўстаўных грамат. У якасцi прыкладу можна прывесцi ўстаўную грамату Смаленскай епiскапii. У рукапiсе яна ўяўляе, як дакумент, якi складаецца з 4 частак, што адрознiваюцца як па змесце, так i па палеаграфiчных прыкметах.

Усе гэтыя часткi звязаны з устанаўленнем матэрыяльных крынiц забеспячэння епiскапii, хоць i адносяцца да рознага часу (1136 – 1150). Тут могуць быць вызначаны:

1) устаўная грамата князя Расцiслава Мiхайлавiча, дадзеная Смаленскай епiскапii;

2) пацвяр-джальная грамата епiскапа Мануiла;

3) княжацкi запiс аб перадачы епiскапскай кафедры зямельнай уласнасцi з датай 6659 г.;

4) запiс аб памерах грашовых i натуральных паступленняў кафедры з гарадоў Смаленскай зямлi.

Як бачым, найстаражытнейшыя з дайшоўшых да нас актаў узнiклi пераважна ў сферы грамадска-палiтычных i сацыяльна-палiтычных адносiн. Акты сацыяльна-эканамiчных адносiн толькi зараджаліся. Неабходнасць фiксавання ў юрыдычнай форме эканамiчных, сацыяльных, палiтычных узаемаадносiн узнiкла са стварэннем дзяржавы. Але на раннiм этапе развiцця феадалiзму пры панаваннi нормаў звычаёвага права патрэба ў пiсьмовым акце была нязначнай. Да таго ж, як вядома, умовы не спрыялi захаванню гiстарычных дакументаў на Беларусi. Як вынiк, па перыяду да XIV ст. актаў, што датычаць гiсторыi Беларусi, амаль не захавалася. Значна ўзрастала колькасць актаў з XIV ст. Актавы матэрыял з гэтага часу становiцца масавым, што дазваляе весцi яго вывучэнне комплексна.


2. Актавыя матэрыялы перыяду ВКЛ (сярэдзіна ХІV – XVIII ст.)

Як вышэй адзначалася, адным з прамежкавых вiдаў дакументальных крынiц (памiж заканадаўчымi i актавымi матэрыяламi) з'яўляюцца даравальныя граматы («прывілеi»). У раздзеле «Дакументальныя крынiцы» прыведзена агульная характарыстыка прывілеяў агульназемскiх, абласных, гарадам i асобным групам насельнiцтва. Аднак нельга не ўлiчваць прывілеi, згодна з якiмi вялiкi князь «даруе» тыя цi iншыя правы: на зямельныя ўладаннi, на вызваленне ад выплаты падаткаў, на заснаванне цэхавых арганiзацiй i г. д.

Прывілеi («даравальныя граматы») выдавалiся фiзiчным цi юрыдычным асобам (установам, гарадам, царквам, манастырам), калi за iмi замацоўвалася якая-небудзь нерухомая маёмасць. Гаспадарскi лiст з'яўляўся пацвярджэннем правоў на зямельнае ўладанне. Лiчачы, што тэрыторыя Вялiкага княства Лiтоўскага з'яўляецца iх уласнасцю, вялiкiя князi лiтоўскiя практыкавалi выдачу прывiлеяў на права валодання зямлёй.

Генезiс i рост феадальнай зямельнай уласнасцi можна прасачыць пераважна толькi на аснове велiкакняжацкiх прывiлеяў. Пры гэтым азначаныя лісты маюць (хоць і ўскосна) дамоўны характар. Вялікі князь дараваў землі, але і шляхта павінна была несці воінскую службу, іншыя павіннасці перад дзяржавай.

Вялiкiя князi лiтоўскiя таксама выдавалi i пацвярджальныя даравальныя граматы. Часам гэта выклiкалася судовай спрэчкай (у такiм выпадку яны афармлялiся ў выглядзе судовых грамат – «выракаў») або iншымi прычынамi.

У любым выпадку ў пацвярджальных граматах была спасылка на тое, што яны складалiся на падставе прадстаўленых дакументаў («лiстоў»). Права выдачы пацвярджальных даравальных грамат, магчыма, мела i княгiня, жонка вялiкага князя лiтоўскага. Так, захавалася грамата польскай каралеўны i княгiнi Алены Iванаўны баярам Iльiнiчам на вызваленне iх ад гарадскiх i валочных павiннасцей i выплат, акрамя ваеннай («панцырнай») службы. У акце ёсць указанне, што Iльiнiчы паклалi «лист небощика вялікага караля Казимера; а в листе его стоит, што ж тые бояре здавна, з Витовта, з местом и з волостью подачок и тяглей никоторых с намi не служивалi, только служивалi службою панцерною». Азначаная грамата дае магчымасць прасачыць становiшча такой сацыяльнай катэгорыi, як «панцырныя баяры» (ваенныя слугi).

Захавалiся таксама прывiлеi вялiкiх князёў лiтоўскiх, якiя вызвалялi тых цi iншых асоб ад юрысдыкцыi звычайнага суда. Такi прывiлей, у прыватнасцi, быў выдадзены Францыску Скарыне ў 1532 г.

Да даравальных блiзкiя ўказныя велiкакняжацкiя граматы («лiсты»): на «дачу» бабровых гоней, пазбаўленне ад мытных пошлiн i г. д.

У сферы сацыяльна-эканамiчных адносiн з ХІІІ ст. з'яўляецца такi вiд актаў, як даная грамата, якая вызначала перадачу нерухомай маёмасцi (вёсак, зямель i г. д.) духоўнай установе (манастыру, царкве i iнш.) або прыватнай асобе. Выдадзеная царкве цi манастыру, такога рода грамата, па-сутнасцi, з'яўлялася ўкладной, як яе часта i называюць. Так, укладной названа грамата княгiнi Ульяны – жонкi вялiкага князя Альгерда Успенскай царкве (1377 г. цi пазней). Правесцi дакладную мяжу памiж данай i ўкладной граматамi не заўсёды магчыма. У Вялiкiм княстве Лiтоўскiм падараваннi царкве вызначалiся таксама ў выглядзе даравальных грамат ад iмя тых цi iншых феадалаў (князя М. I. Мсцiслаўскага Пустынскаму манастыру 1526 г., Ю. С. Гальшанскага кiеўскаму Пячэрскаму манастыру каля 1480 г. i iнш.).

Шырокае распаўсюджванне мелi граматы, якiя замацоўвалi розныя прыватныя пагадненнi (здзелкi) на нерухомую маёмасць, перш за ўсё на зямлю. Найперш трэба адзначыць купчыя (прадажныя) граматы. Фармуляр iх змяшчае звесткі пра ўдзельнiкаў i характар здзелкi. Указваюцца межы («рубежы землi»), сведкi («а при том были люди добрые...»), пiсец граматы («а писал...»), наяўнасць пячаткi. Шэраг такога вiду грамат меў сведчанне аб тым, што аб'екты нерухомасцi «продаж вечно неподвижно». Апошняя фармулёўка часам дазваляе адрознiць купчыя ад даных (якiя не змяшчалі гарантыi захавання зямлi цi iншай нерухомасцi за тым, хто яе набыў). У невялiкай колькасцi захавалiся блiзкiя па вiду да даных i купчыя (прадажныя) менавыя граматы, якiя афармлялi абмен зямлi памiж iх уладальнiкамi. У шэрагу выпадкаў блiзкія да вялiкага князя асобы атрымлівалi даравальную пацвярджальную грама-ту («потверженье») купчай, што ў значнай ступенi гарантавала недаты-кальнасць набытай нерухомай маёмасцi. У прыватнасцi, такую грамату атрымаў велiкакняжацкi пiсар Федзька Грыгор'евiч у канцы XV ст.

Цікавай крыніцай з’яўляліся і арэндныя кантракты. У другой палове XVI ст. гаспадарскі скарб стаў з большай цікавасцю адносіцца да гандлю мытам і сам здаваў іх у арэнду. З арандатарамі ад імя караля заключаліся дагаворы, на падставе якіх яны распараджаліся мытам.

Пры гэтым, як адзначаў М. В. Доўнар-Запольскі, агульны характар арэндных кантрактаў на мыта не змяняўся на працягу XVI ст. і ўключаў наступныя звесткі: вызначэнне аб’ёму арэндных артыкулаў, сум арэнды, працягласць яе і тэрміны выплаты арэнднай платы. Агаворваліся віды аплаты (таварам або грашыма).

Для вывучэння пачатковага перыяду станаўлення Вялiкага княства Лiтоўскага iстотнае значэнне маюць мiжкняжацкiя дагаворныя граматы. Звычайна вялiкi князь «дараваў» тыя цi iншыя землi ўдзельнаму князю, а апошнi прызнаваў вярхоўную ўладу вялiкага князя. Прыкладам можа служыць даравальная грамата караля польскага i лiтоўскага Уладзiслава (Ягайлы) князю лiтоўскаму Скіргайлу на Трокскае, Мiнскае, Полацкае княствы, выдадзеная 25.04.1387 г. Другой часткай пагаднення стала ленная грамата Скiргайлы 18.06.1387 г.

Для XIV – XVI ст. характэрна наяўнасць iмунiтэтных грамат, якiя выдавалiся ад iмя князя асобным манастырам. «Аўтаномнае» становiшча шэрагу княстваў у складзе дзяржавы Вялiкага княства Лiтоўскага садзейнiчала з'яўленню такіх грамат, што выдавалiся мясцовымi князямi. Асобныя з гэтых дакументаў дазваляюць прасачыць, што ўжо ў сярэдзiне XV ст. палажэннi «Світка Ярославля» (разгледжаныя вышэй) не адпавядалi рэальным суадносiнам улады. Так, вынiкам канфлiкту мсцiслаўскага князя, епiскапа i манастыра стала iмунiтэтная грамата Юрыя Сямёнавiча Лугвенавiча мсціслаўскаму Ануфрыеўскаму манастыру 1443 г. i аналагiчная грамата яго сына Iвана 1483 г., якая вызваляла гэты манастыр ад княжацкай юрысдыкцыi, а таксама юрысдыкцыi мсцiслаўскага епiскапа (што супярэчыла нормам «Свiтка»).

Прывiлеяванае становiшча асобных зямель выяўляецца i пры аналiзе знешнепалiтычных актаў. У прыватнасцi, захавалася вялiкая колькасць дагаворных грамат Полацка XIV – XV ст. з Рыгай. Аднак пры вызначэннi iх актавага зместу патрэбна быць асцярожным: шэраг грамат мае характар афiцыйных пiсьмаў.