Беларускi дзяржаўны унiверсiтэт
Гістарычны факультэт
Кафедра гiсторыi Беларусi старажытнага часу i сярэднiх вякоў
Рэферат па тэма
Грамадска-палітычнае жыццёБеларусі у канцы ХIХ ст
Мiнск, 2007
План
1.1. Развіццё лібералізма на турыторыі Заходніх губерняў
1.2. Народніцтва
1.3. Рабочы рух, прапаганда марксізму і ўтварэнне рабочых саюзаў
1.4. Дзейнасць польскіх і яўрэйскіх нацыянальна-палітычных арганізацый. Іх уплыў на сацыяльнае жыццё
Спіс крыніц і літаратуры
1.1. Развіццё лібералізма на турыторыі Заходніх губерняў
У XIX ст. на тэрыторыі Беларусі атрымліваюць пашырэнне ліберальныя ідэі. Адпаведны ідэям рух не меў значнага ўплыву на мясцовае грамадска-палітычнае жыццё і наогул ён быў у той час даволі абмежаваны і непаслядоўны. Асобныя ідэі, характэрныя для лібералізму, былі вядомы ў Беларусі ў канцы XVIII ст. (напрыклад, ідэі натуральнага права з іх сцвярджэннем свабоды індывідаў у адносінах да ўладаў).
Лібералізм не мае адназначнага вызначэння, тым больш, што існуе шмат яго формаў. Асноўнымі прынцыпамі, на якіх грунтуецца ліберальная тэорыя, з'яўляюцца: сцвярджэнне свабодаў індывідаў у адносінах да ўладаў; бяспека; права на ўласнасць. Лібералізм — сістэма пераважна індывідуалістычная, якая дае чалавечай асобе і яе правам перавагу перад усім астатнім. Аднак гэта патрабаванне з'яўляецца не абсалютным, а адносным праяўленнем злой волі чалавека. Лібералізм патрабуе стварэння прававой дзяржавы, якая супрацьстаіць волі асобных людзей і звязвае яе. Адпаведна ліберальнай тэорыі, чалавек, асоба стаіць на першым месцы, а каштоўнасць грамадскіх груп ці ўстаноў вымяраецца выключна тым, у якой меры яны абараняюць правы і інтарэсы асобнага чалавека і спрыяюць рэалізацыі мэтаў асобных суб'ектаў. У лібералізму складаныя ўзаемаадносіны з рэвалюцыяй, для яго больш адэкватным з'яўляецца рэфармісцкі шлях развіцця грамадства. На фарміраванне ліберальнай ідэалогіі ў Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. аказваў уздзеянне, перш за ўсе, Захад і пераважна праз Польшчу; у другой палове XIX ст. значным стаў уплыў расійскага лібералізму. Па аналогіі з Расіяй ў Беларусі асноўным носьбітам лібералізму была больш заможная шляхта, дваранства. Галоўным чынам праяўляўся эканамічны лібералізм, палітычныя ідэі дапаўнялі яго не вельмі выразна і пераважна ў час грамадска-палітычных зрухаў (напрыклад, пад час паўстання 1863 г.). Ліберальная ідэалогія і рух Беларусі ў 60–90 гг. XIX ст. мелі і пэўную нацыянальную афарбоўку: у яго асяроддзі можна вылучыць польскую, расійскую, яўрэйскую і выйшаўшую на шлях самавызначэння ўласна беларускую плыні[1].
Лібералізм у Беларусі 60–90-ых гг. XIX ст. пашыраецца ва ўмовах адносна слаба развітай сацыяльнай структуры, якая ўяўляла сабой складанае перапляценне элементаў саслоўнай структуры папярэдняй эпохі і сацыяльнай структуры буржуазнага грамадства. Слабасць буржуазіі, нацыянальна-палітычны радыкалізм дробнай шляхты, палітычная інертнасць землеўласнікаў і большасці інтэлігенцыі, нешматлікасць і нацыянальная раз'яднанасць "сярэдніх" слаёў грамадства сталі прычынамі слабасці сацыяльнай базы лібералізму і адпаведна самаго руху.
Правядзенне сялянскай рэформы 1861 г., а затым і серыі іншых у 60–70-ых гг. стала штуршком для з'яўлення шэрагу праектаў і меркаванняў, у аснове якіх можна ўгледзіць ліберальныя ідэі. Прычым галоўная прычына распаўсюджвання апошніх у беларускіх губернях у паслярэформенны перыяд, у адрозненне ад унутраных расійскіх, была звязана не толькі з палітычным курсам самадзяржаўя, з няўвагай да думкі дваранства ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення сялянскай рэформы, але і з нацыянальным пытаннем, з абмежаваннямі ў некаторых саслоўных правах мясцовага дваранства, маёмасных і грамадзянскіх правах католікаў, яўрэяў і інш.
У перыяд падрыхтоўкі адмены прыгоннага права, негледзячы на тое, што большасць землеўладальнікаў Беларусі выказалася з кансерватыўных пазіцый за вызваленне сялян без зямлі з захаваннем іх абавязковай працы на памешчыкаў, меншасць падзяляла ліберальную пазіцыю ў сялянскім пытанні. За перадачу сялянам зямлі ва ўласнасць, за выкуп і пераўтварэнне сялянскіх гаспадарак у самастойныя, выказваліся памешчык Магілёўскай губерні А.Д.Менжынскі, магілеўскі губернатар С.Галынскі і інш. Апошні абгрунтоўваў неабходнасць перадачы сялянам зямельных надзелаў у памерах, якія б забяспечвалі іх жыццёвую патрэбу, з правядзеннем адначасовага іх поўнага выкупа. За правядзенне мер, якія б спрыялі ўтварэнню слоя вольных арандатараў выказваўся буйны магнат В.Радзівіл, гродзенскія памешчыкі К.Аржэшка, А.Глязэр. Лічыў неабходным стварэнне магутнага слоя заможных сялян, што было вельмі карысным для развіцця рынкавых адносін у сельскай гаспадарцы, мінскі купец Ф.Венцкоўскі. Ліберальных пазіцый у аграрным пытанні, прытрымліваліся П.Баброўскі, М.Дубенскі, І.Зяленскі, А.Семянтоўскі і інш. Але яны ўздымалі больш шырокае кола эканамічных праблем паслярэформеннага развіцця Беларусі: развіццё прамысловасці, падатковая сістэма, становішча статыстычных даследаванняў, гарадская гаспадарка і інш. На пачатку 60-ых гг. у Гора-Горацкім земляробчым інстытуце працаваў буйнейшы расійскі эканаміст XIX ст. Ю.Э.Янсан.
Асяродкамі эканамічнага лібералізму ў Беларусі ў значнай ступені былі сельскагаспадарчыя таварыствы. Першымі і найбольш буйнымі з іх сталі заснаваныя ў 1876 г. Мінскае і Віцебскае. Яны аб'ядноўвалі мясцовых землеўладальнікаў, аграномаў, інжынераў і інш. На пасяджэннях таварыстваў абмяркоўваліся розныя эканамічныя пытанні і ствараліся практычныя праекты па развіцці гаспадаркі. Магілёўскі губернатар А.Дэмбавецкі, падзяляючы пазіцыі неабходнасці рэфармавання сельскай гаспадаркі, у сваіх апублікаваных працах даказваў, што ў Магілёўскай губерні трэба знішчыць абшчыну і даць беларускім сялянам магчымасць самастойна весці гаспадрку. Ён лічыў, што грамада не адпавядае іх звычаям, хаця ў рускіх яна можа існаваць дзякуючы іх гістарычнаму імкненню да калектывізму[2].
У 1886 г. пачала выдавацца ў Мінску першая ў Беларусі легальная неафіцыйная газета "Минский листок". Яна ўяўляла сабой перыядычны орган переважна ліберальнага накірунку, які аб'ядноўваў адпаведнай пазіцыі публіцыстаў. З газетай супрацоўнічалі вучоныя А.Багдановіч, М.Янчук, М.Доўнар-Запольскі і інш. Рэдакцыя "Минского листка" прапагандавала ідэі аб развіцці спажывецкіх таварыстваў, таннага крэдыту, арцеляў і г.д.
З ліберальна-народніцкіх пазіцый даецца асэнсаванне задач беларускай інтэлігенцыі ў выдадзеных у 1882 г. "Лістах аб Беларусі", аўтар якіх выступіў пад псеўданімам Д.Баравік. Апошні выказваўся супраць радыкальных сацыяльных дзеянняў, лічыў найбольш мэтазгоднай асветніцкую дзейнасць сярод народа, што можа падрыхтаваць Беларусь да пераўтварэнняў.
У сярэдзіне XIX ст. сфарміраваліся інтэлектуальныя асяродкі А.Кіркора ў Вільні, В.Дуніна-Марцінкевіча ў Мінску, А.Вярыгі-Дарэўскага ў Віцебску. Беларуская інтэлігенцыя, якая гуртавалася вакол іх, па грамадска-палітычных поглядах знаходзілася пераважна на ліберальных пазіцыях. Па нацыянальна-культурнай праграме прадстаўнікі названых асяродкаў з'яўляліся прыхільнікамі "краёвога ", беларускага па сваёй сутнасці, патрыятызму. Выйшаўшы з польскамоўнага асяродку культуры Беларусі і не парываючы з ім сувязі, гурткі А.Кіркора, В.Дуніна-Марцінккевіча, А.Вярыгі-Дарэўскага знаходзіліся ля вытокаў беларускага нацыянальна-культурнага руху. Адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў беларускага лібералізму А.Кіркор зведаў нападкі як з боку прадстаўнікоў польскага грамадскага руху, так і расійскага. Першыя абвінавачвалі яго ў здрадзе польскім нацыянальным інтарэсам, другія бачылі ў ім замаскіраванага ворага Расіі, які служыць польскім экстрэмістам. І гэта з'яўляецца даволі паказальным, у якіх умовах адбывалася нараджэнне беларускай плыні лібералізму. У гэты ж час зараджаецца "заходне-русізм", які на самым пачатку свайго фарміравання як ідэалагічнай плыні меў пэўную ліберальна-дэмакратычную афарбоўку, што было звязана са спробай з боку рускамоўнага культурнага асяродку даказаць непольскасць беларусаў і тым самым аб'ектыўна садзейнічаць актывізацыі вырашэння пытання аб іх этнічным самавызначэнні. Наогул прадстаўнікі ліберальнай плыні "заходне-русізму" унеслі значны ўклад у вывучэнне гісторыі і культуры Беларусі, развіццё яе статыстыкі, вывучэнне гаспадарчага жыцця; уносілі прапановы па рэарганізацыі сельскай гаспадаркі, прамысловасці, сістэмы падаткаабкладання. Нярэдка яны свядома імкнуліся сваёй дзейнасцю палепшыць дабрабыт насельніцтва, супрацьстаяць пашырэнню папулярных у той час сярод моладзі сацыялістычных ідэй. Сярод іх сустракаюцца імёны вядомых даследчыкаў Я.Карскага, М.Нікіфароўскага, А.Багдановіча і інш. Выхадцам з Беларусі быў вядомы расійскі дзеяч, адзін з пачынальнікаў ліберальнага руху ў Расіі, прафесар права У.Спасовіч. На працягу свайго жыцця ён не парываў сувязі з грамадскім жыццем Беларусі і Польшчы.
Напярэдадні паўстання 1863 г. сфарміравалася кансерватыўналіберальная плынь у нацыянальна-вызваленчым руху на Беларусі, у Польшчы і Літве. Яна атрымала назву “белых”. Прадстаўнікі гэтага лагеру выступалі супраць паўстання як сродка вырашэння задач нацыянальнага руху, лічылі магчымым дыпламатычным шляхам аднавіць Польшчу ў межах 1772 г. “Белыя” выступалі супраць радыкальных, за рэфарматарскія меры вырашэння сялянскага пытання. У адрозненне ад Польшчы, дзе “белыя” складаліся з шляхты і буйных прадпрымальнікаў, на Беларусі ў гэты лагер уваходзілі амаль выключна землеўласнікі, што было звязана з слабасцю тут буржуазіі. Сярод “белых” на Беларусі вылучаюцца постаці Я.Гейштара, А.Аскеркі, В.Стажэнскага, А.Яленскага і інш[3].
У хуткім часе пасля задушэння паўстання 1863 г., у канцы 60–80-ых гг., у польскім грамадстве пашырылася новая ідэалагічная і грамадская плынь, якая атрымала назву “варшаўскі пазітывізм”. Яна была заснавана на тэорыі арганічнай працы, якая ставіла першачарговую задачу эканамічнага развіцця Польшчы для ўзбагачэння нацыі. Барацьба за нацыянальнае вызваленне адкладвалася на аддаленую перспектыву. Паказальнай стала брашура былога ўдзельніка віленскага грамадскага руху сярэдзіны XIX ст. І.Крашэўскага “Польская праграма”, дзе ён прапануе шукаць кампраміснае пагадненне з расійскім урадам і ставіць бліжэйшую задачу “вытворчай працы” і народнага асветніцтва. Актыўнай прыхільніцай варшаўскага пазітывізму на Беларусі была вядомая пісьменніца Э.Ажэшка. Яна аддавала перавагу развіццю гаспадаркі, узбагачэнню нацыі перад рэвалюцыйнай перабудовай грамадства. Прапагандавалі культ эканамічнага і тэхнічнага прагрэсу на Беларусі вядомыя навукоўцы А.Ельскі, Я.Завіша, В.Шукевіч, Я.Карскі.