К.Калiноўскi планаваў зноў узняць паўстанне вясной 1864 г., але ў студзенi ён быў арыштаваны; ў сакавiку пакараны смерцю на Лукiшскай плошчы ў Вiльнi. Знаходзячыся ў турме, К.Калiноўскi напiсаў i перадаў на волю "Лiсты з-пад шыбеннiцы". Гэты дакумент уяўляў сабой палiтычны запавет беларускаму народу, у якiм крытыкавалася русiфiкатарская палiтыка ў Беларусi. Сялян К.Калiноўскi заклiкаў адстойваць свае правы, прычым любымi сродкамi.
Удзельнiкi паўстання падверглiся жорсткiм рэпрэсiям. Маёмасць iх была канфiскавана цi знiшчана. Маёнткi памешчыкаў — удзельнiкаў паўстання забiралiся ў казну i на iльготных умовах прадавалiся выхадцам з цэнтральных губерняў. Чыноўнiкi мясцовага паходжання былi звольнены са сваiх пасадаў. На тэрыторыi Беларусi i Лiтвы па афiцыйных звестках было пакарана смерцю 128 паўстанцаў, больш 850 чалавек накiравана на катаргу, каля 12,5 тысяч чалавек высланы за межы Беларусi. Многiя касцёлы i манастыры зачынены. Польская мова была выключана з грамадскага жыцця, навучальных i асветных устаноў. Пачалася палiтыка ўзмоцненай русiфiкацыi з мэтай знiшчэння адрозненняў, якія iснавалі ў Беларусi ў параўнаннi з цэнтральнымi расiйскiмi губернямi.
У час i адразу пасля падаўлення паўстання былi ўведзены абмежаваннi ў сферы землеўладання i землекарыстання у дачыненнi палякаў, беларусаў-католiкаў, а таксама яўрэяў. Па закону ад 5 сакавiка 1864 г. "асобам польскага паходжання" i яўрэям у заходнiх i паўднёва-заходнiх губернях Расiйскай iмперыi было забаронена набываць землеўладаннi, прададзеныя за даўгі, а таксама распараджаюцца землямі, купленымі на iльготных умовах, карыстацца правам на iльготы i пазыкi. Такое права мелi для набыцця канфiскаваных маёнткаў удзельнiкаў паўстання 1863 г. прыезджыя памешчыкi i чыноўнiкi з унутраных губерняў Расii i мясцовыя буйныя праваслаўныя землеўладальнікі. Праводзiлася мэтанакiраваная палiтыка па скарачэнню памераў землеўладання памешчыкаў-католiкаў i пашырэнню рускага, пераважна буйнага, землеўладання. Некалькiмi месяцамi пазней яўрэi рысы аседласцi наогул былi пазбаўлены права набываць зямлю. Законам ад 10 снежня 1865 г. палякам і беларусам-католікам таксама было забаронена набываць ва ўласнасць маёнткi за выключэннем уладанняў, якiя перадавалiся ў спадчыну. У маi 1882 г. урад забараніў яўрэям у межах рысы аседласцi стала жыць па-за межамi гарадоў i мястэчак, таксама арандаваць тут, прымаць у заклад i кiраванне нерухомую маёмасць. У 1887 г. забарона на набыццё зямлi ў сельскай мясцовасцi (за выключэннем Магiлёўскай губернi) была распаўсюджана на замежных грамадзян. Апошнія меры былi скiраваны на перадухiленне канкурэнцыi для мясцовых памешчыкаў з боку яўрэйскай буржуазii i iншаземцаў. Абмежавальныя законы ў дачыненнi да рассялення яўрэяў прывялi да штучнай канцэнтрацыi iх ў гарадах i мястэчках Беларусi.
Пасля паўстання 1863 г. урад вярнуўся да палiтыкi прыпiскi да падатковых саслоўяў бяззямельнай i неаселай шляхты, праявiўшай актыўнасць у нацыянальным руху. У новых правiлах 1864 г. былi абцяжараны шляхi пацвярджэння шляхтай сваёй дваранскай годнасцi, што выклiкала некаторае скарачэнне колькасцi прадстаўнiкоў вышэйшага саслоўя. У беларускiх губернях была прыпынена дзейнасць дваранскiх саслоўных выбарных органаў, а таксама зачынены дваранскiя вучылiшчы, заканчэнне якiх давала права паступаць на дзяржаўную службу. На тэрыторыi Беларусi пасля паўстання некалькі год захоўвалася ваеннае становiшча. Дваранства ў час яго дзеяння не мела права збiрацца разам па некалькi чалавек, нават на сямейныя ўрачыстасцi, без асобага дазволу мясцовых улад. Захоўвалiся штрафы i кантрыбуцыйныя зборы, якiя спачатку накладвалiся бескантрольна i пераўтварылiся ў крынiцу дадатковых даходаў мясцовых улад, а па распараджэнню з 1866 г. накладвалiся толькi са згоды губернатара. У канцы 60-х гадоў урад меў пэўныя хiстаннi ў сваёй палiтыцы ў дачыненнi дваранства заходніх губерняў. Але ў канечным вынiку, адмовiўшыся што-небудзь змянiць у сферы абмежаванняў, урад пайшоў па шляху выключэнняў з правiла, вызваляў ад дзеяння закона асобных дваран, прадстаўляючы гэта як акт асаблiвай мiласцi.
Паўстанне 1863 г. зрабiла вялiкi ўплыў. Яго падзеi прымусiлi расiйскi ўрад пайсцi на больш выгадныя для сялян умовы адмены прыгоннага права ў Беларусi i Лiтве. Паўстанне садзейнiчала ажыўленню апазiцыйнага руху ў Расiйскай iмперыi i краiнах Заходняй Еўропы, абуджэнню беларускага нацыянальнага руху. разам з тым, паўстанне затрымала правядзенне буржуазных рэформ 60-70-ых гадоў у Беларусі, прыпынiла станаўленне мясцовай iнтэлiгенцыi.
Спіс літаратуры
1. Восстание в Литве и Белоруссии 1863-1864 гг. М., 1965.
2. Дакументы i матэрыялы па гiсторыi Беларусi Т.2. Мн., 1940.
3. Калiноўскi К. За нашую вольнасць. Творы, дакументы. М.,1999.
4. Бiч М. Аграрнае i нацыянальнае пытанне ў паўстаннi 1863 г.на Беларусi // Беларускi гiстарычны часопiс. 1993. № 3.
5. Бiч М. Паўстанне 1863 –1864 гг. Калiноўскi // Гiстарычны альманах. Т.6. 2000. С.23-28.
6. Грыгор’ева В. Каталiцкае i праваслаўнае духавенства ў паўстаннi 1863 г. // Беларускi гiстарычны часопiс. 1993. №3. С.36-45.