Смекни!
smekni.com

Перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі і шляхі фарміравання беларускай дзяржаўнасці (стр. 2 из 6)

Наяўнасць узброеных сіл дазволіла бальшавiкам усталяваць цэнзуру друку і кантроль над поштай, тэлеграфам, збройнымi майстэрнямi i нават штабам фронту. У мэтах умацавання і пашырэння сваёй улады яны стварылi Ваенна-рэвалюцыйны камiтэт (ВРК) на чале з А. Мяснiковым. Але 27 кастрычніка Выканаўчы камiтэт Заходняга фронта выклікаў у горад казакоў Каўказскай дывiзii і прымусіў кіраўнікоў Савета перадаць уладу КВР, які аб’яднаў усе сацыялістычныя партыі. Кіраўнікі Мінскага Савета пагадзіліся прызнаць яго поўнаўладдзе, але на справе звярнуліся на фронт за дапамогай. Цэнтрам iх канспiратыўнай дзейнасцi зрабiўся ВРК Заходняга фронту.

У iншых гарадах Беларусi Саветы рабочых i салдацкiх дэпутатаў таксама не прызналi ленiнскага СНК i разам з iм – яго пастаноў. Па сутнасцi, усе яны ўвайшлі ў мясцовыя КВР і ператварыліся ў апазiцыйныя новай уладзе цэнтры. Невыпадкова бальшавiкi, cутыкнуўшыся з нежаданнем Саветаў прызнаць уладу СНК, прымалi захады для iх роспуску або пераабрання з тым, каб новы склад дэпутатаў узяў на сябе ўладныя функцыi.

Звесткi аб паражэннi 30 кастрычніка пад Петраградам верных А. Керанскаму часцей дазволiлi мiнскiм бальшавiкам дзейнiчаць больш рашуча, а менавiта выклiкаць з фронта узброеную падмогу, у тым лiку блiндзiраваны цягнiк, якi прыбыў у горад у ноч на 2 лiстапада. 2 лiстапада, увечары на пашыраным пасяджэннi Мінскага Савета А. Мясніковым было абвешчана аб аднаўленні Савецкай улады. Асноўныя рычагi кiравання горадам засяродзiлiся не ў Савеце, а ў ВРК Заходняга фронту (старшыня К. Ландэр).

4-5 лістапада заходнефрантавы і губернскі камісары склалі паўнамоцтвы, а галоўнакамандуючы Заходнім фронтам заявіў аб сваёй лаяльнасці ВРК. У тых умовах перастаў дзейнічаць і КВР. Такім чынам, мінскім бальшавікам удалося перамагчы сваіх палітычных праціўнікаў і ўсталяваць Савецкую ўладу ў Мінску, Мінскай і частцы Віленскай губ., а таксама на Заходнім фронце. Яе ўмацаванню паспрыяла адхіленне генерала П. Балуева ад галоўнакамандавання, узросшая бальшавiзацыя армейскiх i iншых камiтэтаў. Так, ужо ў першай палове лiстапада адбылося пераабранне Армейскiх камiтэтаў у II i Х армiях i улада поўнасцю сканцэнтравалася ў ВРК на чале з бальшавiкамi (адпаведна) М. У. Рагазiнскiм i В. I. Яркiным. Толькi у III армii працэс бальшавiзацыi некалькi запаволiўся, паколькi армейскi з’езд адразу не прызнаваў поўнаўладдзя ленінскага СНК, а «выказаўся за стварэнне аднароднага сацыялicтычнага мiнiстэрства».

КВР па ўсёй Беларусі гублялi уплыў i распадалiся. А пераход улады да ВРК стварыў магчымасць для арганiзацыi Савецкай улады ў маштабе губерняў i нават усёй «Паўночна-Заходняй вобласцi». Так, 18–

20 лiстапада дэлегаты ІІІ сялянскага з’езда Мінскай і Віленскай губ., галоўным чынам вайскоўцы, прынялi рэзалюцыю у падтрымку СНК i яго дэкрэтаў, i абралi новы Выканком Савета ў лiку 35 чал.

Падобным чынам 19 лістапада адбываўся II з’езд Саветаў Паўночна-Заходняй вобласцi у Мінску. Нягледзячы на прадстаўніцтва дэлегатаў толькі трэці iснаваўшых Саветаў, арганiзатары-бальшавiкi ад iмя ўсёй Заходняй вобласцi вынеслi рэзалюцыi у падтрымку СНК, яго дэкрэтаў i абралi Выканком з 35 чал.

II Франтавы з’езд, якi адбыўся 20-25 лiстапада ў Мiнску пад старшынствам А. Мяснiкова, таксама выказаўся ў падтрымку ленінскага СНК і яго дэкрэтаў і абраў новы Выканкам са 100 чал. на чале з А. Мясніковым. 26 лiстапада адбылося першае пасяджэнне членаў выканкомаў трох з’ездаў, на якiм быў створаны вышэйшы орган улады – Абласны выканаўчы камiтэт Саветаў рабочых, салдацкiх i сялянскiх дэпутатаў Заходняй вобласцi i фронту (Аблвыкамзах) у складзе 187 чал. пад старшынствам М. Рагазінскага. Удзельнiкi пасяджэння таксама сфармiравалi рэгiянальны выканаўчы орган – Савет Народных Камiсараў Заходняй вобласцi i фронту (старшыня – К. Ландэр). Юрысдыкцыя СНК распаўсюджвалася не на ўсю свабодную ад акупацыi Беларусь, а толькi на Мiнскую i частку Вiленскай губ., а таксама на Заходнi фронт.

У Вiцебску Саветы не падтрымалi СНК, таму былі распушчаны. Са стварэннем новага рабоча-салдацкага Савета да яго перайшла ўлада ў горадзе i павеце. Вышэйшым уладным органам губернi з’яўляўся ВРК. 12 снежня Вiцебскi губернскi з’езд Саветаў выказаў падтрымку ленiнскаму СНК, а таксама абраў орган улады ў асобе губернскага Савета (старшыня В. Чунчын) з 65 чал., у тым лiку 55 бальшавікоў.

На Магiлёўшчыне стварэнне органаў Савецкай улады зацягвалася з прычыны слабай апоры бальшавiкоў у губернскiм цэнтры. Толькі пасля ліквідацыі духонінскай Стаўкі 14 студзеня 1918 г. пасля правядзення рабоча-салдацкага і сялянскага з’ездаў быў абраны выканкам губернскага Савета пад старшынствам левага эсэра М. Гольмана.

На выбарах ва Ўстаноўчы сход па Віцебскай, Мінскай і Заходне-франтавой акругах перамаглі бальшавікі, і толькі па Магілёўскай эсэры. Але большасць выбаршчыкаў па ўсёй краіне (58%) аддала свае галасы менавіта за эсэраўскi спiс – 58 %, выказаўшы такiм чынам сваю прыхiльнасць не рэвалюцыйным, а рэфармiсцкiм метадам у вырашэннi наспелых праблем. Невыпадкова Ў. Ленін, Л. Троцкі, А. Мяснікоў,

В. Кнорын і інш. бальшавіцкія лідэры распачалі актыўныя захады, скiраваныя на ўкараненне ў рабочыя і салдацкія масы пераканання аб прыярытэце пралетарскай дыктатуры перад «буржуазным парламентам». І калі 5 студзеня 1918 г. дэлегаты Ўстаноўчага схода адмовіліся галасаваць за «Дэкларацыю правоў працоўнага i эксплуатуемага народа» і тым не прызналі законнасць дэкрэтаў Савецкай улады, то бальшавікам нічога не заставалася, як разагнаць яго.

Такім чынам, шанец на мірнае вырашэнне палітычнага крызісу ў расійскім грамадстве быў страчаны. Улада засталася ў руках бальшавіцкага СНК, але краіна ўсё больш і больш уцягвалася ў грамадзянскую вайну.

4. Скліканне і вынікі працы Ўсебеларускага з'езда

Узброенае паўстанне ў Петраградзе выклікала непакой беларускіх дзеячаў за лёс Беларусі. У прыватнасці, пасля абвешчанага Дэкрэтам аб міры выхаду Расіі з вайны яе заходнія губерні маглі застацца пад германскай акупацыяй. 27 кастрычніка ў «Грамаце да Беларускага Народу» і звароце «Да ўсяго Народа Беларускага» выканкомы ВБР, ЦВБР i вайскоўцаў-беларусаў Заходняга фронту выступiлi з заклiкам «узяць у свае рукi упраўленне сваiм краем, каб здзейснiць свае неадкладныя гiстарычныя задачы». З гэтай нагоды паведамлялася аб скліканні 5 снежня 1917 г. Усебеларускага з’езда для абвяшчэння Беларускай дэмакратычнай рэспублiкi, «спаянай з Вялiкаросiяй i iншымi суседнiмi Рэспублiкамi Расii на аснове федэрацыi», і абрання ўласнага органа ўлады – Краёвай Рады.

Другi цэнтр нацыянальных сiл утварыўся ў Петраградзе, дзе група беларускіх прадстаўнікоў, прыехаўшых на ІІ Ўсерасійскі з’езд сялянскіх дэпутатаў, аб’ядналася ў Беларускi Абласны камiтэт (БАК) пад старшынствам Я. Канчара. 17 лiстапада ў сваёй дэкларацыi БАК заявіў аб гатоўнасцi узяць на сябе арганiзацыю руху «ў мэтах стварэння гарантыi захавання i цэласнасцi аўтаномнай Беларусi». Кіраўніцтва камітэта запэўніла камісара па справах нацыянальнасцяў СНК І. Джугашвілі (Сталіна) у прызнанні Савецкай улады і атрымала на патрэбы Ўсебеларускага з’езда 50 000 руб.

У першых чыслах снежня 1917 г. дэлегаты сталі з’язджацца ў Мінск. 14 снежня на з’ездзе сабралася самае вялiкае з часу Лютаўскай рэвалюцыi прадстаўнiцтва ад арганiзацый i устаноў Беларусi – усяго 1 872 чал., з якiх 1 167 мелi права рашаючага голасу. Асноўная маса дэлегатаў складалася з сялян. Сярод нешматлікай часткі партыйцаў пераважалі эсэры i грамадоўцы. Прэзiдыум узначаліў I. Серада).

Выказаная арганізатарамі з’езда патрэба ў нацыянальным самавызначэнні беларусаў не выклікала пярэчанняў. Асноўная маса дэлегатаў выказалася ў падтрымку праекта аб наданні Беларусі палітычнай аўтаноміі (з уласным органам улады – Краёвай Радай) у складзе Расійскай федэратыўнай рэспублікі. Краёвай Радзе (Савету рабочых, салдацкiх i сялянскiх дэпутатаў) належала склiкаць Беларускi Устаноўчы сход i паслаць дэлегатаў на мiрную канферэнцыю.

Няўдалыя спробы бальшавікоў і іх памагатых раскалоць з’езд і сарваць планы па ўсталяванні нацыянальнай улады на савецкай аснове прымусіла СНК Заходняй вобласці і фронта ў ноч з 17 на 18 снежня пайсці на гвалтоўны разгон з’езда. К. Ландэр, В. Кнорын і іншыя дзеячы патлумачылі гэтую акцыю «жаданнем беларускага з’езда стварыць у краi сепаратна паралельную нацыяналiстычную ўладу i непадпарадкаваннем iснуючай уладзе Саветаў«.

Такiм чынам, нягледзячы на дэклараванае ленiнскiм урадам права народаў на самавызначэнне, мінскія бальшавiкi зрабiлi усё магчымае для таго, каб прадухiлiць яго ажыццяўленне Ўсебеларускім з’ездам. Iдэйным абгрунтаваннем такой палiтыкi з’яўлялася прынцыповае палажэнне РСДРП (б) аб тым, што вырашэнне нацыянальнага пытання павiнна быць падпарадкавана найперш класавым iнтарэсам пралетарыяту i бяднейшага сялянства. Па-за межамі такога падыходу любая актыўнасць нацыянальных арганiзацый успрымалася бальшавікамі выключна негатыўна. У гэтай сувязі разгон Усебеларускага з’езда меў глыбокія наступствы. Па-першае, зрыў мінскімі бальшавікамі спроб беларускіх дзеячаў дамагчыся палітычнай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай федэратыўнай рэспублікі запаволіў працэс аб’яднання беларусаў і рускіх у адзінай дзяржаве. Па-другое, беларускія дзеячы не адмовіліся ад ідэі афармлення нацыянальнай дзяржаўнасці, але былі вымушаны ўзяцца за яе рэалізацыю на іншай – нацыянальна-дэмакратычнай аснове

5. Барацьба Савецкай улады супраць І Польскага корпуса і германскага наступлення ў студзені-лютым 1918 г.

Органы Савецкай улады на Беларусі сутыкнуліся з непадпарадкаваннем ім польскай грамадскасці. Так, польскiя землеўладальнiкi не прызнавалi законнай сiлы дэкрэта аб зямлi і ў мэтах абароны сваёй маёмасці звярталіся за дапамогай да суайчыннікаў з І Польскага корпуса на чале з генералам І. Доўбар-Мусніцкім. Гэтая вайсковая адзінка складалася з 25 тыс. конніцы і пяхоты і бачыла сваё прызначэнне ў абароне інтарэсаў Польшчы і яе грамадзян. З гэтай нагоды паветах легiянеры праганялi прадстаўнікоў Савецкай улады, якія прыходзілі канфіскоўваць маёнткі памешчыкаў-палякаў.