Смекни!
smekni.com

Перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі і шляхі фарміравання беларускай дзяржаўнасці (стр. 3 из 6)

Са свайго боку савецкае ваеннае камандаванне аддало загад штабу І Польскага корпуса сканцэнтраваць свае часці ў раёне Рагачоў-Жлобін-Бабруйск, а з 27 лістапада правесці ў іх дэмакратызацыю – выбары салдацкіх камітэтаў. Генерал І. Доўбар-Мусніцкі праігнараваў апошні загад, спасылаючыся на прынцып неўмяшальніцтва Расіі ў польскія справы.

Маючы на ўвазе магчымасць узброенага сутыкнення з легіянерамі, камандуючы Заходнім фронтам А. Мяснікоў і камісар па польскіх справах С. Гельтман прадпрынялі шэраг папярэдніх захадаў. Па-першае, імі пачалося фарміраванне лаяльных Савецкай уладзе «Польскіх рэвалюцыйных батальёнаў». Па-другое, часці І Польскага корпуса пазбаўляліся харчовага забеспячэння. Па-трэцяе, 4 студзеня 1918 г. у Мiнску былi арыштаваны асобныя кіраўнікі Начполя – кіруючага цэнтра польскіх вайскоўцаў. Па-чацвертае, бальшавiцкія газеты разгарнулі кампанiю па дыскрэдытацыі корпуса як «панскай польскай армiі, якая ўстала на бок буржуазii».

12 студзеня генерал І. Доўбар-Муснiцкi накiраваў А. Мяснiкову тэлеграму з паведамленнем аб пачатку баявых дзеянняў. 13 студзеня легіянеры захапілі Рагачоў, а 23 – Бабруйск. Імкнучыся пазбегнуць кравапраліцця, 20 студзеня савецкае камандаванне аддала загад аб расфарміраванні корпуса, а ўсе звольненыя запрашаліся на службу ў «сацыялістычную Чырвоную Армію». Сам жа Доўбар-Мусніцкі абвяшчаўся па-за законам. У вынiку прадпрынятых захадаў часцi корпуса зменшыліся з 27 да 12 тысяч. Аднак нават пасля колькаснага змяншэння яго баяздольнасць заставалася даволі высокай, таму савецкім кіраўнікам даводзілася фарміраваць дадатковыя сілы, узбройваць сялян Барысаўскага, Гомельскага, Ігуменскага, Рагачоўскага, Слуцкага паветаў. Вялікую дапамогу Савецкай уладзе аказалі фарміраванні латышскіх стралкоў, якія 31 студзеня выбілі легіянераў з Рагачова. Але прадпрынятая савецкім камандаваннем спроба канчатковай ліквідацыі рэшткаў корпуса скончылася паражэннем іх часцей пад Асіповічамі 19 лютага 1918 г. Развіццё падзей была абумоўлена парушэннем перамір’я германскімі войскамі і іх наступленнем на Савецкую Расію. Далейшая дзейнасць корпуса ўзгаднялася з германскім камандаваннем.

Такім чынам, М. Крыленка, А. Мяснікоў і інш. не здолелі вырашыць канфлікт на беларускіх землях, які перарос у ачаг грамадзянскай вайны з людскімі ахвярамі і велізарнымі матэрыяльнымі стратамі.

Распачаўшы ваенныя дзеяннi супраць Польскага корпуса, кiраўнiкi Стаўкi i Заходняга фронту не баялiся страцiць у яго асобе стратэгiчнага саюзнiка ў барацьбе супраць Германii, паколькi спадзявалiся на заканчэнне вайны, на сусветную рэвалюцыю і г.д. Гэтая палітыка мела яшчэ больш катастрафічныя наступствы і не толькі для Беларусі, а для ўсёй Расійскай рэспублікі. Як вядома, адным з першых крокаў новай улады ў асобе II з’езда Саветаў стала прыняцце дэкрэта аб міры. У адпаведнасцi з ім, ленінскі СНК прапаноўваў усiм ваяваўшым краiнам, i у першую чаргу – Англii, Францыi i Германii, пачаць перагаворы аб заключэннi дэмакратычнага мiру. 7 лістапада СНК запатрабаваў ад ваеннага камандавання расійскіх узброеных сіл прыступiцца да мiрных перагавораў з працiўнiкам. Але выконваўшы абавязкi вярхоўнага галоўнакамандуючага генерал М. Духонiн адмовiўся выканаць гэтае патрабаванне і таму быў адхілены ад пасады. Новым вярхоўным галоўнакамандуючым быў прызначаны прапаршчык М. Крыленка. Але Стаўка па-ранейшаму выказвала непадпарадкаванне ленінскаму СНК. Невыпадкова таму 13 лістапада М. Крыленка ў сваiм загадзе па армii i флоту абвясціў М. Духонiна «ворагам народа» і 19 лістапада з атрадамі рэвалюцыйных салдат і матросаў заняў Магілёў. 20 лістапада ў Брэст-Лiтоўску пачалiся мiрныя перагаворы, але падпісанае 2 снежня перамiр’е памiж Расiяй i краiнамi аўстра-германскага блоку было стрымана сустрэта «рэвалюцыйнай дэмакратыяй». На думку эсэраўскага лідэра В. Чарнова, не «шкурны» сепаратны, а сапраўдны дэмакратычны мір мог прынесці толькі Ўстаноўчы сход.

Між тым на ўсіх франтах праз увядзеннe прынцыпу абрання камандзiраў была канчаткова разбурана старая сiстэма кiравання войскамi. Наўмысны развал арміі тлумачыўся не толькi адсутнасцю патрэбы ва ўзброеных сiлах у сувязi з меўшым адбыцца заключэнем мiру, але i iх небяспекай для бальшавiцкага кiраўцтва ў выпадку, калi б яно не выканала абяцання скончыць вайну. У той самы час перамога Cавецкай улады cтала магчымай, калi частка бальшавiзаваных вайскоўцаў, пакiнуўшых фронт, зрабiлася яе ўзброенай апорай у тыле «Зараз наша задача, – казаў М. Крыленка пасля падпісання перамір’я, – справiцца з ворагам мiру ўнутры сваёй краiны». З гэтай нагоды, адначасова з роспускам старой армii бальшавіцкае кіраўніцтва iмкнулася захаваць асобныя яе часцi або зводныя каманды.

На пачатку студзеня 1918 г. Мiнскi Савет пастанавiў сфармiраваць уласную Чырвоную гвардыю выключна з бальшавiкоў i левых эсэраў. Магчымасць стаць чырвонагвардзейцам набывалі тыя рабочыя, хто меў рэкамендацыю ад сацыялiстычных партый i прафсаюзаў, якiя прызнавалi уладу Саветаў. У Віцебску фармiраваннем Чырвонай гвардыi займаўся ВРК. У яе шэрагi запрашалiся партыйныя рабочыя i сяляне. Беспартыйныя маглi запiсацца па рэкамендацыi 2 бальшавікоў. На такіх жа ўмовах адбывалася фарміраванне атрадаў у Полацку, Бабруйску і інш. гарадах. 15 студзеня СНК РСФСР абвясцiў аб стварэннi дабраахвотнай Рабоча-Сялянскай Чырвонай Армiі. Крытэрыямi адбору ў яе з’яўлялiся сацыяльнае паходжанне (працоўныя класы), адданасць Савецкай уладзе і iдэалам сацыялiзму, а таксама гатоўнасць iх абараняць. Патрэба Савецкай улады ў новай армii зрабiлася асаблiва вострай у сувязi з пашырэннем i павелiчэннем ачагоў узброенага супраціўлення на Ўкраiне, Урале i г. д. На Беларусi пэўную небяспеку ёй уяўляў І Польскi корпус. На гэтым фоне пагроза з боку германскіх войск здавалася неістотнай. Бальшавiкi Беларусi падзялялi пазiцыю Л. Троцкага – «вайны не весці, міру не падпісваць, армію распусціць», занятую iм на перагаворах у Брэст-Літоўску.

Вынiкам недальнабачнай палiтыкi ленінскага ўрада стала аднаўленне аўстра-германскiмi войскамi маштабнага наступлення ад Балтыйскага мора да вусця Дуная. 22 лютага быў распаўсюджаны зварот Л. Троцкага «Сацыялiстычная Айчына ў небяспецы», якi меў на мэце ўзняць патрыятычны рух расiйскiх вайскоўцаў i усiх грамадзян супраць захопнiкаў. Гэты дакумент застаў Аблвыкамзах і iншыя ўстановы Беларусі ўжо ў Смаленску. Iх кiраўнiцтва нават не здзейснiла спробы арганiзаваць абарону Мiнска або эвакуiраваць усе каштоўнасцi.

У iншых губернскiх i павятовых цэнтрах Беларусi для арганізацыі абароны спатрэбiлася ўтвараць надзвычайныя органы, накшталт Рэвалюцыйнага штаба ў Віцебску. 20 лютага ў Магiлёве быў створаны Вярхоўны ваенны Савет, праз 2 дні рэарганізаваны ў губернскі ВРК. Успрымаючы ўладу Саветаў як уладу бальшавiкоў, рабочы клас у сваёй большасцi не выказаў жадання ўдзельнiчаць нi у грамадзянскай вайне, нi у абароне «сацыялiстычнай Айчыны». Па сутнасцi, нiдзе на Беларусi (акрамя, бадай, паўночнай Вiцебшчыны) працiўнiк не сустрэў сур’ёзнага супрацiўлення, паколькi у бальшавiцкага кiраўніцтва не знайшлося для гэтага нi сiл, нi сродкаў.

Такім чынам, iмкненне бальшавікоў распалiць сусветную рэвалюцыю справакавалі кайзераўскую Германiю да аднаўлення ваенных дзеянняў cупраць Расii. Германскае наступленне завяршыла канчатковае разлажэнне рэгулярнай Расiйскай армii на Заходнiм фронце. Брэсцкi мiр, падпiсаны 3 сакавiка, выратаваў бальшавiцкую ўладу ад поўнага краху. Цаной таму былi страты Расiяй велiзарнай колькасцi матэрыяльных каштоўнасцяў, зброi, прадуктаў, жорсткі акупацыйны рэжым для беларусаў.

6. Спроба фарміравання беларускай дзяржаўнасці на нацыянальна-дэмакратычнай аснове. Абвяшчэнне БНР

Атрыманыя ў Мінску звесткі аб распачатым германскімі войскамі наступленні выклікалі выклікалі да жыцця беларускія арганізацыі. У той час, як Аблвыкамзах і іншыя бальшавіцкія ўстановы рыхтаваліся да эвакуацыі, 19 лютага 1918 г. на пасяджэнні ЦВБР была прынята рашэнне «прапанаваць Выканаўчаму камiтэту Рады I Усебеларускага з’езда выканаць волю з’езда i узяць уладу у свае рукi».

Да 22 гадзiн атрадам БЦВР ужо належала ўлада ў горадзе, а на занятым будынку губернатарскага дома былi вывешаны два бела-чырвона-белыя флагi. 21 лютага Выканком Рады Ўсебеларускага з’езда абвясцiў Устаўную грамату да народаў Беларусi, у якой паведамлялася аб утварэнні часовай улады ў асобе Народнага Сакратарыяту ў мэтах абароны заваёў рэвалюцыі. 22 лютага быў апублiкаваны спiс урадавага кабiнета (старшыня Я. Варонка) у складзе пяцi грамадоўцаў, шасцi эсэраў, аднаго народнага сацыялiста i аднаго паалейцыянiста. Але пасля акупацыі горада таго ж 22 лютага германскiмi войскамi улада Народнага Сакратарыята скончылася. 25 лютага немцы забралі яго памяшканне, канфіскавалі грашовыя сродкі і сарвалі флагі. Камандуючы 10-й армiі генерал Э. Фалькенгайн не даў дазволу на дзейнасць Народнага Сакратарыята, але і не стаў яе забараняць.

3 сакавіка 1918 г. у выніку падпiсання ленінскім урадам мiрнага дагавору з Германіяй 4/5 тэрыторыi Беларусi адыходзiла да акупантаў. Адрыў края ад Расii аб’ектыўна ставiў у парадак дня патрэбу ў афармленнi яго нацыянальна-тэрытарыяльнага статусу. У адпаведнасці з другой Устаўной граматай ад 9 сакавiка, Беларусь у межах рассялення беларускага народа абвяшчалася Народнай Рэспублікай. У тым жа дакуменце прадугледжвалiся прынцыпы ўтварэння i iснавання дэмакратычнай дзяржавы, якiя набывалi сiлу неадкладна, да склiкання Ўстаноўчага Сойму.

У сувязi з абвяшчэннем БНР адбылося ўдасканаленне назвы органа заканадаўчай улады: Выканком Савета стаў звацца Радай Усебеларускага з’езда, а з 18 сакавiка – Радай БНР (старшыня I. Серада).

Мiж тым ратыфiкацыя Брэсцкага міру савецкiм бокам 16 сакавiка, акрамя iншага, iстотна падарвала пераважаўшую ў асяроддзi Рады БНР iдэю федэрацыi з Расiяй. Вынiкам пасяджэння Рады 25 сакавiка стала прыняцце трэцяй Устаўной граматы, якая абвяшчала БНР «незалежнай i вольнай дзяржавай». Акрамя таго, у дакуменце вызначалася тэрыторыя рэспублiкi (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская, Смаленская губ.) пацвярджалiся ранейшыя дэмакратычныя правы i вольнасцi, абвешчаныя ў папярэдняй грамаце, i выказвалася спадзяванне на дапамогу iншых народаў.