Такім чынам, у свеце ўзнікла новая дзяржава – СССР, пабудаваная на прынцыпах пралетарскага інтэрнацыяналізму, народаўладдзя і сацыяльнай справядлівасці. Прынятая ў студзені 1924 г. Канстытуцыя прадугледжвала арганізацыю 10 саюзных наркаматаў, Вярхоўнага суда і Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (АДПУ), вызначаў асновы ўзаемаадносін паміж вышэйшымі органамі ўлады СССР і саюзных рэспублік.
У Канстытуцыі СССР 1924 г. заяўлялася аб абмежаванні суверэнітэту саюзных рэспублік па пунктах, аднесеных да кампетэнцыі Саюза. Канстытуцыя змяшчала наменклатуру службовых асоб Савета Народных Камісараў Саюза ССР. У яго ўваходзілі старшыня, яго намеснікі, 10 народных камісараў. Прадугледжваўся інстытут упаўнаважаных некаторых саюзных наркаматаў.
Для БССР утварэнне Саюза ССР мела свой асобы станоўчы сэнс таму, што тым стваралася магчымасць вяртання ў яе склад тэрыторый, якія з 1919 г. знаходзіліся ў складзе РСФСР. Першымі, хто ўзняў гэтае пытанне перад ЦК РКП(б) у чэрвеня 1923 г. былі А. Чарвякоў, У. Ігнатоўскі, В. Багуцкі. У выніку ўжо ў верасні 1923 г. Палітбюро ЦК РКП(б) прыняло пастанову аб неабходнасці далучэння да БССР усёй Віцебскай губ., большасці паветаў Гомельскай і двух паветаў (Мсціслаўскага і Горацкага) Смаленскай губ.
3 сакавіка 1924 г. ЦВК РСФСР выдаў дэкрэт аб перадачы БССР раенаў з пераважаўшым беларускім насельніцтвам. У выніку ў склад БССР увайшлі 8 паветаў былой Віцебскай, 6 паветаў Магілёўскай і 2 паветы Смаленскай губ. У выніку гэтага так званага «першага ўзбуйнення» – тэрыторыя БССР павялічылася з 55, 2 тыс да 110, 584 тыс км кв., а колькасць насельніцтва – з 1 554 570 да 4 171 886 чал.
26 верасня 1926 г. ЦК КП(б)Б накіраваў на адрас ЦК УКП(б) ліст „Аб пашырэнні граніц БССР» с прапановай далейшага вырашэння гэтай праблемы. У выніку ў адпаведнасці з пастановай ЦВК РСФСР ад 6 снежня І926 г. адбылося «другое ўзбуйненне БССР», калі яе межы пашырыліся за кошт Гомельскага і Рэчыцкага паветаў У выніку яе тэрыторыя павялічылася яшчэ на 15 727 кв. км., а насельніцтва – на 649 тыс. чалавек. Летам 1927 г. тэрыторыя рэспублікі падзялялася на восем акруг: Аршанскую, Бабруйскую, Гомельскую, Віцебскую, Мінскую, Магілёўскую, Мазырскую і Полацкую.
Тэрытарыяльная, этнічна-культурная, эканамічнае і агульнадзяржаўная кансалідацыя БССР суправаджалася ўмацаваннем яе канстытуцыйна-прававой сістэмы. Яшчэ да прыняцця новай Канстытуцыі VI Усебеларускі Надзвычайны з'езд Саветаў 16 сакавіка 1924 г. стварыў вярхоўны орган улады паміж з’ездамі – ЦВК Саветаў БССР у складзе 120 членаў і 30 кандыдатаў (старшыня А. Чарвякоў), які сфарміраваў выканаўчы орган – СНК – у складзе старшыні (М. Галадзед), яго намесніка, старшыні Савета Народнай Гаспадаркі, 9 наркомаў і 5 упаўнаважаных народных камісарыятаў СССР.
Канстытуцыя Беларускай ССР, прынятая 11 красавіка 1927 г. VІІІ Ўсебеларускім з’ездам Саветаў, пацвярджала статус Беларускай ССР як сацыялістычнай дзяржавы дыктатуры пралетарыяту і замацавала яе ўваходжанне ў СССР. У сувязі з беларусізацыяй Канстытуцыя абвяшчала роўнасць беларускай, яўрэйскай, рускай i польскай моў пры перавазе беларускай у зносінах паміж установамі і арганізацыямі. Замацоўваліся нормы аб нязменнасці граніц рэспублікі, магчымасці дыпламатычных зносін з замежжам, стварэння рэспубліканскіх вайсковых фарміраванняў.
Дзейнасць ЦВК БССР, як і з’ездаў Саветаў, накіроўвалася з’ездамі Камуністычнай партыі і яе ЦК. Невыпадкова таму ў Канстытуцыі БССР выразна адбіліся асноўныя ідэі панаваўшай камуністычнай ідэалогіі, але разам з тым прысутнічалі прыкметы павышэння ўвагі да нацыянальнага жыцця насельніцтва рэспублікі.
Такім чынам, БССР адыграла прыкметную ролю ва ўтварэнні СССР і заняла ў саюзнай дзяржаве сваё пачэснае месца.
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Храналогія гісторыі Беларусі / Склад. В. В. Гетад, M. I. Калінскі. 3 - е выд. – Мн., 1992.
2. Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі / Беларус. Энцыкл., Нац. Арх. Рэсп. Беларусь; Пер. З рус. Т.М. Бутэвіч, Т.М. Кароткая, Е.П. Фешчанкаю – Мн.: БелЭн, 1994. – 510 с.
3. Шымукович С.Ф. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / С.Ф. Шымукович. – Минск, 2005. – 235 с.
4. Сяменчык М.Я. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / М.Я. Сяменчык – Мн., 2009 г.
5. Гісторыя Беларусі: Вуч. дапаможнік. / Пад рэд. А. П. Ігнаценка. – Мн., 1994.