Смекни!
smekni.com

Перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі і шляхі фарміравання беларускай дзяржаўнасці (стр. 1 из 6)

Змест

1. Абвастрэнне сацыяльна-эканамічнага, палітычнага крызісу ў Расіі і расстаноўка палітычных сіл на Заходнім фронце і на Беларусі восенню 1917г.

2. Перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе

3. Усталяванне Савецкай улады на Беларусі

4. Скліканне і вынікі працы Ўсебеларускага з'езда

5. Барацьба Савецкай улады супраць І Польскага корпуса і германскага наступлення ў студзені-лютым 1918 г.

6. Спроба фарміравання беларускай дзяржаўнасці на нацыянальна-дэмакратычнай аснове. Абвяшчэнне БНР

7. Фарміраванне беларускай дзяржаўнасці на рэвалюцыйна-класавай аснове. Утварэнне БССР

8. Утварэнне СССР. Месца БССР у складзе СССР

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Абвастрэнне сацыяльна-эканамічнага, палітычнага крызісу ў Расіі і расстаноўка палітычных сіл на Заходнім фронце і на Беларусі восенню 1917г.

Восенню 1917 г. сацыяльна-эканамічнае і палітычнае становішча ў Расіі працягвала абвастрацца. Часовы ўрад не здолеў забяспечыць бесперабойнае функцыянаванне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, транспарту і г. д. Скарачэнне выпуску прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі павышала іх кошт, але нават дарагоўля не ўстараняла дэфіцыту тавараў першай неабходнасці. У выніку насельніцтва, асабліва працоўныя масы выказвалі вострае незадавальненне існуючай уладай і патрабавалі павышэння заработнай платы, спынення дарагоўлі, барацьбы са спекуляцыяй і г. д. Сяляне ўзмацнілі захопы памешчыцкай і дзяржаўнай маёмасці, чым яшчэ больш абвастрылі сацыяльна-эканамічны крызіс у краіне.

23 верасня Створаны Часовы Савет Рэспублікі (Перадпарламент) зацвердзіў склад новага, чацвёртага кабінета міністраў з удзелам як сацыялістаў, так і кадэтаў. Старшынёй урада заставаўся А. Керанскі. Грамадскасць успрыняла гэтыя прызначэнні без спадзяванняў на перамены да лепшага. Ленінцы сталі адкрыта патрабаваць перадачы ўлады Саветам. З гэтай нагоды мінскія бальшавікі стварылі больш чым 50-тысячную арганізацыю пад старшынствам А. Мяснікова. Моцным цэнтрам бальшавізму стаў Мінскі Савет. Вялікі ўклад у яго ўмацаванне ўнеслі А. Мяснікоў, В. Кнорын, І. Любімаў, К. Ландэр і інш.

Большасць "рэвалюцыйнай дэмакратыі" па-ранейшаму спадзявалася на спыненне вайны шляхам мірных перагавораў. Паслядоўнікі Г. Пляханава, а таксама энэсы ў сваёй тактыцы па дасягненні міру ваенным шляхам, па сутнасці, змыкаліся з кадэтамі. Некаторая частка грамадства прыходзіла да думкі, што наблізіць мір можа толькі Ўстаноўчы сход. Гатоўнасць абараняць свой край выказвалі толькі беларускія арганізацыі, але пытанне аб фарміраванні іх нацыянальных часцей яшчэ знаходзіўся ў стадыі абмеркавання. Складвалася так, што на пачатку кастрычніка франтавікі, у сваёй падаўляючай большасці мабілізаваныя з вёскі, больш разважалі аб будучым падзеле панскай зямлі, чым аб сваіх непасрэдных абавязках.

Аграрнае пытанне прыцягвала ўвагу не толькі франтавікоў. Па сутнасці, яго нявызначанасць з’яўлялася адной з прычын хранічнай палітычнай няўстойлівасці ва ўсёй краіне. Сялянскія Саветы і зямельныя камітэты на чале з эсэрамі стараліся надаць аграрнаму руху арганізаваныя формы. Сяляне адмаўляліся прадаваць дзяржаве хлеб па так званых «цвёрдых», нявыгадных ім цэнах. Тым самым дзяржаўная хлебная манаполія падрывалася, і харчовае забеспячэнне гарадскога насельніцтва і салдат фронта стала рэзка пагаршацца.

Рабочае пытанне не набыло такой вастрыні. Па-ранейшаму найбольшым уплывам у рабочым асяроддзі карысталіся меншавікі і бундаўцы. Выйсце з цяжкога становішча яны бачылі ў выданні законаў аб абмежаванні свавольства фабрыкантаў і ўсталяванні дзяржаўнага кантролю над вытворчасцю і размеркаваннем.

Няздольнасць Часовага ўрада ліквідаваць эканамічны крызіс, спыніць інфляцыю, дарагоўлю і г.д. выклікала натуральнае незадавальненне працоўных, але масавага антыўрадавага руху ў краіне не назіралася. Усё грамадства, у тым ліку салдаты, сяляне, рабочыя, звязвалі вырашэнне ўсіх злабадзённых праблем са скліканнем парламента. У кастрычніку па Заходнефрантавой, Мiнскай, Магiлёўскай i Вiцебскай акругах у барацьбу за дэпутацкiя мандаты ўступiла 50 груп кандыдатаў. Але ленiнская партыя не абмяжоўвался парламенцкiм шляхам прыходу да ўлады. Па закліку бальшавікоў Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў сталі пасылаць сваіх дэлегатаў у Петраград на ІІ Ўсерасійскі з’езд з даручэннямі пакласці канец вайне, разрусе і пагрозе буржуазнай дыктатуры. Сваіх дэпутатаў на з’езд накіравалі асобныя Саветы Беларусі і часці Заходняга фронту.

Вечарам 24 кастрычніка 1917 г. У. Ленін, які знаходзіўся на нелегальным становішчы і пражываў на канспіратыўнай кватэры ў Петраградзе, накіраваў ЦК РСДРП(б) ліст, у якім запатрабаваў неадкладна ўзяць уладу і арыштаваць Часовы ўрад. Бальшавіцкі лідэр слушна заўважаў, «што на чарзе стаяць пытанні, якія не нарадамі вырашаюцца, не з’ездамі, хаця б нават з’ездамі Саветаў, а выключна народамі, масай, барацьбой узброеных мас». 24-25 кастрычніка па камандзе Петраградскага Савета атрады рабочых і салдат на чале з Ваенна-рэвалюцыйным камітэтам пачалі займаць стратэгічныя пункты горада.

Такім чынам, ленінская партыя і згуртаваныя вакол яе палітычныя сілы прыступіліся да ажыццяўлення свайго плана па звяржэнні Часовага ўрада і ўсталявання ўлады Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў.

2. Перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе

У ноч на 25 кастрычніка 1917 г. у Петраградзе атрадамі салдат, матросаў і рабочых былі заняты масты, вакзалы, Цэнтральная тэлефонная станцыя, тэлеграф, паштамт. У 10 гадзін раніцы Ў. Ленін напісаў адозву «Да грамадзян Расіі!» аб нізлажэнні Часовага ўрада і пераходзе ўлады да ВРК Петраградскага Савета. У Смольным інстытуце, дзе размяшчаўся штаб бальшавікоў, у 2 гадзіны 35 мін. адкрыўся сход дэпутатаў Петраградскага Савета з удзелам У. Леніна, які выступіў з прамовай аб задачах рабочай і сялянскай рэвалюцыі. У 22 гадзiны 40 хвiлiн тут пачаў працу II Усерасiйскi з’езд Саветаў рабочых i салдацкiх дэпутатаў. Сваіх прадстаўнікоў прыслалі 402 Саветы. З 649 яго ўдзельнiкаў 390 з’яўлялiся бальшавiкамi, 160 – эсэрамi усiх плыняў, 72 – меншавiкамi, 27 – прадстаўнiкамi iншых партый. У. Леніна на пасяджэнні не было: ён быў заняты заключным этапам паўстання.

Даведаўшыся аб штурме Зiмняга палаца, у якiм былi блакiраваны мiнiстры Часовага ўрада, частка прысутных, галоўным чынам эсэры, меншавікі і бундаўцы, у знак пратэсту пакiнулі з’езд. Бальшавік А. В. Луначарскі абвясціў адозву «Рабочым, салдатам і сялянам!», дзе гаварылася аб узяцці з’ездам улады ў свае рукі, аб змесце праграмы будучага Савецкага ўрада з прапановай неадкладнага мiру, перадачай зямель у раcпараджэнне зямельных камiтэтаў, дэмакратызацыяй армii, рабочым кантролем над вытворчасцю, своечасовым склiканнем Устаноўчага сходу, вырашэннем харчовага крызiсу, забеспячэннем права нацый на самавызначэнне. Улада на месцах мусiла перайсці да Саветаў рабочых, салдацкiх i сялянскiх дэпутатаў.

На другім пасяджэнні з’езда 26 кастрычнiка, распачатым у 21 гадзіну, слова для дакладу па пытанні аб міры было прадастаўлена Ў. Леніну. Пасля ўступу ён зачытаў тэкст Дэкрэту аб міры, у якім савецкі ўрад прапаноўваў усім ваяваўшым народам і іх урадам пачаць неадкладныя перагаворы аб справядлівым (без анексій і кантрыбуцый) міры. Дакумент быў прыняты аднагалосна.

Пад час дакладу па другім пытанні Ў. Ленін зачытаў тэкст Дэкрэта аб зямлі, які грунтаваўся на эсэраўскім аграрным праекце «сацыялізацыі». Дакумент быў прыняты большасцю галасоў супраць 1 і 8 устрымаўшыхся.

Пры фарміраванні асноўнага органа ўлады было пастаноўлена «стварыць для кiравання краiнай надалей да склiкання Ўстаноўчага сходу часовы рабочы i сялянскi урад, якi будзе звацца Саветам Народных Камiсараў». У яго ўвайшлі бальшавікі на чале з У. Леніным.

Ва Ўсерасійскі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (УЦВК) – свайго кшталту вярхоўны заканадаўчы і ўпраўленчы орган, быў абраны 101 чал. на шматпартыйнай аснове пад старшынствам Л. Б. Каменева (з 8 лістапада – Я. М. Свярдлова).

Ва ўмовах недастатковай інфармаванасці аб падзеях асноўная маса насельнiцтва Расiйскай рэспублiкi, успрыняла звесткі аб штурме Зiмняга i г. д. як чарговую спробу бальшавiцкага перавароту, які пагрозу заваёвам рэвалюцыі. Так, 25 кастрычніка ў сталіцы ўзнік Камітэт выратавання Радзімы і Рэвалюцыі, які аб’яднаў палітычных праціўнікаў бальшавікоў.

Са свайго боку 27 кастрычніка ленінскі СНК выдаў дэкрэт»Аб друку», скiраваны супраць апазіцыйнай прэсы, і заклікаў рабочых, салдат і сялян на барацьбу супраць контррэвалюцыі. Неўзабаве па ўсёй краіне пад уздзеяннем дэкрэтаў аб міры і зямлі, іншых адозваў і заклікаў Саветы, вайсковыя камітэты, іншыя аб’яднанні салдат і працоўных сталі заяўляць аб падтрымцы «рабоча-сялянскай рэвалюцыі».

Такім чынам, паўстанне салдат і матросаў сталічнага гарнізона і атрадаў рабочай Чырвонай гвардыі, падрыхтаванае партыяй бальшавікоў, ліквідавала ўладу Часовага ўрада і абвясціла аб радыкальных зменах ва ўнутранай і знешняй палітыцы Расійскай рэспублікі ў інтарэсах працоўных.

3. Усталяванне Савецкай улады на Беларусі

Звесткі аб паўстанні ў Петраградзе былі ўспрыняты грамадскасцю як пагроза Ўстаноўчаму сходу і небяспека грамадзянскай вайны. У Мінску яны былі атрыманы 25 кастрычніка каля 11 гадзін раніцы, а апоўдні лідэры «рэвалюцыйнай дэмакратыі» з мэтай захавання парадку выказаліся за ўтварэнне Камітэта выратавання рэвалюцыі (КВР). Такія ж пастановы прынялі Саветы і партыйныя камітэты Вiцебска, Гомеля, Оршы, Полацка, Бабруйска, Вiлейкi, Слуцка, Магiлёва, Мсцiслава i iнш. Сiгналам да выступлення бальшавікоў тыле i на фронце сталi пастановы ІІ Ўсерасійскага з’езда аб пераходзе ўлады да Саветаў i армейскiх камiтэтаў. Так, 26 кастрычнiка ў Мінску бальшавікамі быў распаўсюджаны загад № 1 аб пераходзе ўлады ў горадзе і наваколлях да Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Да тысячы салдат былі вызвалены з турмы, узброены і разам з асобнымі часцямі гарнізона ўключаны ў Першы Рэвалюцыйны iмя Мiнскага Савета полк.