Праводзіліся даследаванні і ў галіне гуманітарных навук. Поспехі беларускай навукі, яе матэрыяльная база і кадры супрацоўнікаў закладвалі асновы для далейшага развіцця навуковых даследаванняў у рэспубліцы.
Гэту ўвагу аддаў Наркамасветы арганізацыі і развіццю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Агульнымі намаганнямі гэты малады культурны цэнтр сур'ёзна паставіў навучанне і набыў заслужаны аўтарытэт. За параўнальна кароткі тэрмін падабралі значную групу вядомых прафесараў. Сярод іх былі і беларускія вучоныя: папулярны і ўсімі паважаны мовазнаўца Язэп Лёсік, матэматык Круталевіч, Піятуховіч, Шчакаціхін і іншыя. Трэба адзначыць, што першыя выпускнікі ўніверсітэта былі лепшыя, чым наступныя. Прычына ў тым, што, нягледзячы на даволі цяжкія ўмовы жыцця студэнтаў, іх не накіроўвалі на іншую працу. Ад студэнтаў патрабаваліся веды, а не ўдзел у розных траскучых палітычных кампаніях, якія праводзіліся камуністычнай партыяй. На жаль, пазней удзелам у палітычных мерапрыемствах вымяраліся на заліках веды студэнтаў-актывістаў.
Значную ролю ў арганізацыі ўніверсітэта выканаў удала падабраны на гэтую высокую пасаду рэктар універсітэта прафесар Уладзімір Пічэта. Ён не быў беларусам, але актыўна і добрасумленна праводзіў патрэбныя мерапрыемствы па ўмацаванні ўніверсітэта. У трыццатыя гады прафесар Пічэта быў арыштаваны і трапіў на вольнае пасяленне ў Ніжагародскую губерню, дзе спагадлівы старшыня калгаса прыняў яго на пасаду рахункавода. Хадзілі праўдападобныя чуткі пра вызваленне прафесара ад гэтай пасады пры наступных абставінах. У.Пічэта сваімі навуковымі працамі быў вядомы за мяжой, асабліва ў славянскіх краінах. Маскву наведала нейкая экскурсія, якую прымаў сам Сталін. Удзельнік экскурсіі буйны чэшскі прафесар у размове з Сталіным выказаў жаданне сустрэцца з сваім даўнім сябрам прафесарам Пічэтам. Сталін паабяцаў адшукаць прафесара. НКУС на самалёце прывёз прафесара-рахункавода ў Маскву. Ні ў Менск, ні ў калгас ён не вярнуўся. У савецкіх газетах з'явілася паведамленне, што прафесар Пічэта стаў членам-карэспандэнтам Усесаюзнай Акадэміі навук. Калі палітычная кан'юнктура запатрабавала ад Крамля арганізацыі Славянскага Камітэта, прафесар Пічэта быў выкарыстаны ў працы Камітэта. Прыблізна тры гады таму ён памёр, і ў савецкіх газетах у паведамленнях пра смерць яго называлі буйным вучоным і, вядома, патрыётам.
Для вядзення навуковай працы і аб'яднання дзеячаў навукі і культуры ў Менску быў арганізаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). Інстытутам кіраваў прафесар Усевалад Ігнатоўскі. За параўнальна кароткі тэрмін гэты інстытут падрыхтаваў усе ўмовы для арганізацыі Акадэміі навук. У 1928 г. Інбелкульт быў урачыста перайменаваны ў Беларускую Акадэмію навук. На гэты час у Акадэміі навук з'явіліся першыя аспіранты з першых выпускаў універсітэта. Прафесар Ігнатоўскі пакінуў Наркамасветы і стаў прэзідэнтам Акадэміі навук.
Апрача ўніверсітэта ў Беларусі функцыянаваў вышэйшы сельскагаспадарчы інстытут. Спачатку ён знаходзіўся ў Менску, потым быў перайменаваны ў сельскагаспадарчую акадэмію і пераведзены ў горад Горы-Горкі Аршанскай акругі, дзе мелася зямля для практычных заняткаў і адпаведныя лабараторыі. Да рэвалюцыі там месцілася сярэдняя сельскагаспадарчая агранамічная школа, а да паўстання 1863 г. вышэйшы сельскагаспадарчы інстытут. Сельскагаспадарчая акадэмія і ветэрынарны інстытут былі падначаленыя Народнаму камісарыяту земляробства БССР.
На пачатак 1928 г. народны камісар асветы БССР Антон Баліцкі распрацаваў сістэму народнай адукацыі, прыстасаваную да ўмоваў Беларусі. Праект гэтай сістэмы ў нечым адрозніваўся ад сістэмы народнай адукацыі ў РСФСР. Там за аснову бралася агульнаадукацыйная сярэдняя школа з дзесяцігадовым курсам навучання. Паводле праекта наркама асветы Беларусі за аснову бралася агульнаадукацыйная сямігадовая школа, якая падзялялася на два канцэнтры. Першы канцэнтр складаў першыя чатыры гады навучання і другі - тры гады навучання. Згодна з планам наркама асветы меркавалася ўвядзенне ўсеагульнага абавязковага навучання на аснове першага канцэнтра сямігадовай школы да 1928 г. У гарадах навучанне вялося ў аб'ёме поўнай сямігадовай школы. Для падрыхтоўкі спецыялістаў сярэдняга звяна сістэмай прадугледжвалася адкрыццё прафесійных школ і тэхнікумаў з трох- або чатырохгадовым курсам навучання. Прафесійныя школы і тэхнікумы ішлі пасля агульнаадукацыйнай сямігадовай школы і завяршалі курс сярэдняй адукацыі. Наступным этапам былі вышэйшыя навучальныя ўстановы - універсітэт і вышэйшыя спецыяльныя інстытуты. Да сістэмы народнай адукацыі была дастасаваная і сістэма вячэрніх школ для дарослых. У 1930 г. гэтая сістэма была пахаваная пасля арышту яе аўтара.
Рознабаковая культурная праца, якая ў пэўнай ступені насіла толькі форму нацыянальную, а паводле зместу была ў значнай ступені па неабходнасці камуністычнай, тым не менш дала магутны штуршок далучэнню да працы вялікай колькасці людзей, асабліва моладзі. Моладзь была захопленая ідэяй адраджэння культуры свайго народа. Значна вырасла колькасць паэтаў, празаікаў, крытыкаў, навукоўцаў па гісторыі і геаграфіі, па даследаванні прыродных багаццяў, па вывучэнні разнастайных праблемаў у Беларусі. Беларуская Акадэмія навук, універсітэт, сельскагаспадарчая акадэмія выклікалі і падтрымлівалі смелую ініцыятыву маладых у літаратуры, мастацтве і ў даследчай працы. Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі не адмаўляла ў друкаванні прац маладых паэтаў і вучоных, якія падавалі надзеі. Уважлівае стаўленне да маладых кадраў з боку нацыянальных дзеячаў натхняла моладзь на працу і адцягвала яе ўвагу ад даволі складаных побытавых умоваў.
У Менску выходзілі газеты «Звязда» і «Савецкая Беларусь». «Звязда» лічылася партыйным органам, «Савецкая Беларусь» - органам савецкай улады. У акруговых гарадах выдаваліся яшчэ і акруговыя газеты, а пазней сваю газету меў кожны раён. Самай уплывовай лічылася «Звязда». Праўда, уплывовасць яе вымяралася пэўным страхам не апынуцца аб'ектам апрацоўкі на старонках газеты. Як партыйны орган «Звязда» прэтэндавала на непагрэшнасць і безапеляцыйнасць таго, што там друкавалася. Гэтая газета капіявала кірунак маскоўскай «Правды» і намагалася пераймаць яе. Выдаваліся яшчэ газеты на жыдоўскай і польскай мовах. Сярод літаратурна-грамадскіх часопісаў папулярнымі былі «Полымя», «Маладняк» і «Узвышша». На фармаванне нацыянальнай свядомасці ўплываў часопіс «Полымя», на моладзь арыентавалася «Узвышша». Выдаваліся і ведамасныя часопісы. Быў вядомы орган Наркамасветы БССР «Асьвета».
3. Беларуская літаратура, і матацтва ва ўмовах партыйна-адміністрацыйнага кантролю
Развіццё літаратуры і мастацтва адбывалася ў складаных умовах, час узнікнення і ідэйнай барацьбы розных плыняў і груповак, абумоўленай сацыяльнай неаднароднасцю грамадства і абвастрэннем супярэчнасцей паміж сіламі новага і старога свету.Асаблівасцю з’яўлялася тое, што ў асяроддзе пісьменнікаў улілася вялікая група маладых талентаў з вёскі, прыхільнікаў сацыялістычнай рэвалюцыі.У 20-я гады дзейнічалі некалькі літаратурных аб’яднанняў, сярод іх “Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя” і інш. У 1921–1925 гг. на ўсю моц загучалі галасы пісьменнікаў старэйшага пакалення – Я. Купалы, Я. Коласа, Ц. Гартнага, З. Бядулі і інш. Чалавек працы, змагар, будаўнік заставаўся галоўным героем літаратурна-мастацкіх твораў. У 1922 г. выйшаў зборнік вершаў Я. Купалы “Спадчына”, а ў 1925 г. – паэма “Безназоўнае”. У 1923–1925 гг. Я. Колас апублікаваў паэмы “Новая зямля” і “Сымон музыка”. Беларуская паэзія вітала рэвалюцыю. Для яе характэрны былі аптымізм, дух змагання за новае жыццё. Гэта быў час агульнага духоўнага ўздыму, час надзей, веры і мар.У другой палове 20-х гадоў развіццё беларускай савецкай літаратуры адбывалася ў вострай барацьбе ідэйна-эстэтычных тэндэнцый, розных літаратурных груповак.У канцы 1927 г. аформілася літаратурнае аб’яднанне “Полымя”. У ім працавалі Я. Купала, Я. Колас, Ц. Гартны і інш. У лістападзе 1928 г. Усебеларускі з’езд “Маладняку” вырашыў утварыць Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП). З гэтага часу “Маладняк” спыніў сваё існаванне.20–30-я гады з’явіліся перыядам далейшага ўмацавання сувязей беларускай літаратуры з літаратурамі іншых народаў нашай краіны, усталявання больш цесных кантактаў пісьменнікаў Беларусі з пісьменнікамі братніх рэспублік. Беларускія пісьменнікі часта наведвалі культурныя цэнтры Расійскай Федэрацыі, Украіны, Грузіі. У сваю чаргу прадстаўнікі братніх народаў былі жаданымі гасцямі на беларускай зямлі. Летам 1940 г. праходзіла першая дэкада беларускай літаратуры і мастацтва ў Маскве, якая знаёміла з дасягненнямі беларускага народа ў самых разнастайных галінах творчасці.У 30-я гады завяршыўся працэс стварэння адзінай пісьменніцкай арганізацыі Беларусі. У сувязі з ростам колькасці пісьменнікаў, а таксама для ўзмацнення партыйнага ўплыву на літаратурны працэс ЦК ВКП(б) вырашыў ліквідаваць шматлікія пісьменніцкія арганізацыі і аб’яднаць усіх пісьменнікаў, якія падтрымліваюць платформу савецкай улады, у адзіны саюз савецкіх пісьменнікаў. 23 красавіка 1932 г. была прынята пастанова ЦК ВКП(б) “Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый”. Аналагічную пастанову неўзабаве прыняў ЦК КП(б) Беларусі.У чэрвені 1934 г. у Мінску адбыўся І з’езд пісьменнікаў Беларусі, на якім прысутнічала больш за 100 дэлегатаў. З’езд арганізацыйна аформіў стварэнне Саюза пісьменнікаў БССР.У змрочную пару рэпрэсій 30-х гадоў, паводле няпоўных звестак, было арыштавана каля 90 пісьменнікаў. Большасць з іх загінула ў лагерах. Сярод іх М. Гарэцкі, У. Галубок, М. Чарот, М. Зарэцкі і інш.У вострай барацьбе розных мастацкіх школ і плыняў стваралася беларускае савецкае тэатральнае, музычнае і выяўленчае мастацтва. У верасні 1920 г. быў адкрыты Першы Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-1), у 1926 г. – БДТ-2 і Беларускі вандроўны тэатр, які ў 1932 г. быў рэарганізаваны ў Трэці Беларускі дзяржаўны тэатр (з базай у Гомелі). У 30-я гады былі створаны Рускі драматычны і Тэатр юнага гледача, тэатры рабочай моладзі ў Мінску, Гомелі і Віцебску, калгасна-саўгасныя тэатры ў Мінску, Барысаве, Мазыры, Слуцку, Бабруйску, Рэчыцы і Дзяржынску. Усяго ў рэспубліцы працавала 14 тэатраў. На іх сцэнах ішлі такія п’есы, як “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, “Сон на кургане” Я.Купалы, “На дне” М. Горкага, “Партызаны” К. Крапівы і інш. У 1923 г. Першы беларускі дзяржаўны тэатр дэманстраваў сваё майстэрства ў Маскве ў Крамлі і быў узнагароджаны ЦВК СССР Ганаровай граматай.