У 1879-1880 г. у асяроддзі студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта, выхадцаў з Беларусі, узнікла група «Гоман», якая называла сябе «беларускай мясцовай фракцыяй» партыi «Народная воля». У ліку яе арганізатараў былі І. Грынявіцкі, А. Марчанка, Х. Ратнер, М. Стацкевіч і інш. Значным дасягненнем групы стала выданне ў 1884 г. часопіса «Гомон. Белорусское революционное обозрение» для таго, каб служыць выразнiкам iдэй сацыяльна-рэвалюцыйнай групы беларусаў. У яго першым нумары за студзень–люты абвяшчалася аб праве беларусаў пры захаванні сваёй самастойнасці «заняць у Расіі такое ж месца, якое імкнуцца заняць іншыя больш ці менш буйныя народнасці».
У другім нумары «Гомана», які выйшаў у лістападзе, былі змешчаны больш разгорнутыя характарыстыкі «нашай Радзімы» Беларусі як асобнай «краіны» і саміх беларусаў як «чыстага тыпу славянскага племені», іх арыгінальнай мовы, узаемаадносін з палякамі і вялікаросамі.
Такім чынам, «сацыяльна-палітычная група беларусаў» і іх часопіс папулярызавалі ідэю аб самабытнасці беларускага народа і абгрунтоўвалі яго права на дзяржаўнасць (аўтаномію) у складзе Расійскай федэрацыі. Тым самым яны пераконвалі расійскую грамадскасць у існаванні самабытнага беларускага народа, заяўлялі аб яго месцы сярод іншых народаў і перспектывах далейшага жыцця.
4. Афармленне агульнарасійскіх і нацыянальных партый
Уздым рэвалюцыйнага руху, скіраванага супраць самаўладдзя, прычыніўся да ўтварэння партый, якія ставілі на мэце заваёву палітычнай улады. Раней астатніх у агульнарасійскую партыю вылучыліся народнікі. З 1899 у Мiнску пад кiраўнiцтвам Л. Клячко (Радзiёнавай), Р. Гершунi, К. Брэшка-Брэшкоўскай, А. Бонч-Асмалоўскага пачала дзейнiчаць «Рабочая партыя палiтычнага вызвалення Расii». Неўзабаве ў складзе РППВР налічвалася каля 200 удзельнікаў, аб’яднаных у амаль 40 гурткоў. У 1900 годзе арганiзацыя была разгромлена паліцыяй, а рэшткі яе ўвайшлі ў Партыю сацыялiстаў-рэвалюцыянераў (ПС-Р), якая аформiлася ў 1902 г. з былых народнiкаў. Яе сацыяльнай базай з’яўляліся сялянства, рабочыя, народная інтэлігенцыя. Эсэры выступалi cупраць самаўладдзя i памешчыцкага землеўладання, за федэратыўную дэмакратычную рэспублiку, за пабудову сацыялiстычнага ладу на аснове сацыялiзацыi зямлi, ураўняльнага землекарыстання і распаўсюджвання кааперацыi.
Эсэры ў многiм захавалі традыцыi «Народнай волi», у тым ліку тактыку індывідуальнага тэрору. Для гэтых мэтаў існавала «Баявая арганiзацыя» на чале з Р. Гершунi. Арганiзацыi ПС-Р мелiся ў Беластоку, Вільні, Віцебску, Гомелі, Мiнску. На Беларусi у 1904 г. узнiкла асобная Паўночна-Заходняя Абласная арганiзацыя ПС-Р.
Вялiкую ролю ў арганізацыі Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП) адыграла газета «Искра», у якой публікаваліся Ў. Ленін, Ю. Мартаў, Г. Пляханаў, Л. Троцкі.
У ліпені-жніўні 1903 г. у Бруселі і Лондане адбыўся ІІ з’езд РСДРП. Дэлегаты прынялі партыйную праграму, дзе фармулявалiся задачы буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыi (праграма-мiнiмум): звяржэнне самаўладдзя i усталяванне дэмакратычнай рэспублікi і інш. Праграма-максімум лiчыла канчатковай мэтай усталяванне дыктатуры пралетарыяту і пабудову сацыялiзму.
Пад час абмеркавання пункту Cтатута аб тым, хто можа быць членам партыi, была прынята фармулёўка Ю. Мартава, у адпаведнасцi з якой для членства ў РСДРП лiчылася дастатковым прызнанне праграмы, матэрыяльная падтрымка партыi i рэгулярнае асабiстае садзеянне ёй пад кiраўнiцтвам адной з партыйных арганізацый. У. Ленiн выказваўся за непасрэдны ўдзел кожнага ў працы партарганiзацыi. У рэдакцыю «Искры» абралі Ў. Ленiна, Ю. Мартава, і Г. Пляханава, а ў ЦК партыі ўвайшлі толькі прыхільнікі Ў. Леніна, якія склалі большасць (адсюль – «бальшавікі»). Прапанова «меншавіка» Г. Пляханава вярнуць у склад рэдакцыі «Искры» усіх супрацоўнікаў выклікала выхад з яе Ў. Леніна. У сярэдзiне 1905 гг. у РСДРП налiчвалася 14 тыс. бальшавiкоў i 12, 5 тыс. меншавiкоў. На Беларусi яе буйнейшыя арганiзацыi узнiклi у Мiнску, Гомелi, Вiцебску, Барысаве, Бабруйску, Магiлёве, Мазыры, Полацку. Падпарадкоўвалiся яны Палескаму (Гомель) i Паўночна-Заходняму (Вiльня) камiтэтам.
У пачатку 1900-х гг. на Беларусі адбывалася фарміраванне нацыянальных партый. Асобую актыўнасць выяўляла яўрэйскае насельніцтва. З яго асяроддзя вылучыліся чыста нацыянальная сіянісцкая партыя, сацыялістычныя яўрэйская рабочая партыя (нацыянальна-народніцкага кшталту), Паалей Цыён (нацыянальна-сацыял-дэмакратычна-га кшталту). З улікам Бунда, РСДРП, ПС-Р прысутнасць яўрэяў у палітычных партыях была самай масавай.
З 1900 г. у Вiльні, Мiнску, Смаргоні дзейнiчалi невялiкiя групы СДКПіЛ, а з 1902 г. – ППС. У той час, як СДКПiЛ iмкнулася да супрацоўнiцтва з РСДРП, ППС была прыхiльнiцай самастойнай дзейнасці. Частка партыйцаў вылучылiся ў асобную «ППС на Лiтве».
Вызначальную ролю ў кансалідацыі беларускага народа, абуджэнні яго палітычнай свядомасці адыграла нацыянальная дэмакратычная інтэлігенцыя. У канцы ХІХ ст. у Мiнску сярод навучэнцаў гімназій утварыўся гурток па вывучэнню беларускіх нацыянальных праблем. У 1902 г. яго заснавальнiкi – браты Антон i Iван Луцкевiчы працягвалі гэтую дзейнасць у Пецярбургу, у студэнцкiм «Гуртку беларускай народнай асветы».
Зiмою 1902/1903 гг. члены гуртка (у тым лiку браты Луцкевiчы, Цётка, К. Каганец, А. Бурбiс, В. Iваноўскi, Ф. Умястоўскi) з удзелам моладзi Мiнска i Вiльнi заснавалi «Беларускую рэвалюцыйную грамаду». З’езд БРГ, якi адбыўся ў 1903 г., пазіцыяніраваў сябе сацыяльна-палiтычнай арганiзацыяй беларускага працоўнага народа. Як вынікала з яе праграмы, канчатковай мэтай абвяшчалася знiшчэнне капiталiстычнага ладу i пераход у грамадскую ўласнасць зямлi, сродкаў вытворчасцi i транспарту. Блiжэйшай задачай абвяшчалася звяржэнне самаўладдзя. Меркавалася дамагацца палiтычнай аўтаномii Беларусi з сеймам у Вiльнi i культурна-нацыянальнай аўтаномii для этнiчных груп краю.
Недзе памiж 1904 i 1905 гг. БРГ прыняла назву «Беларуская сацыялістычная грамада» (БСГ). З моманту свайго ўтварэння яна ўстала на рэвалюцыйны шлях барацьбы з самаўладдзем, за ўсталяванне ў Расіі федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі і самавызначэнне беларускага народа. Роля БСГ сярод іншых партый, якія існавалі на Беларусі да 1905 г., у агульным рэвалюцыйным працэсе была невялікай.
5. Рэвалюцыя 1905-1907 гг. Пачатак парламентарызму
У 1905 г. у Расіі адбылася буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя. Яе выклікала абвастрэнне супярэчнасцей памiж самаўладдзем i грамадствам, памешчыкамi i сялянамi, буржуазiяй i пралетарыятам, царызмам i народамi нацыянальных ускраiн; няўдалы ход i вынiкi для Расii вайны з Японiяй.
Пачаткам рэвалюцыi паслужыла «Крывавая нядзеля» – расстрэл 9 студзеня 1905 г. мiрнай манiфестацыi працоўных Пецярбурга, якiя ішлi да цара з просьбай аб паляпшэнні іх становішча. У выніку ад салдацкіх куль загінула больш 1000 чал. У адказ абураныя рабочыя i прагрэсiўная iнтэлiгенцыя ў той жа дзень выйшлi на вулiцы сталiцы пад лозунгамi «Далоў самаўладдзе!». Акцыi салідарнасці пракацiлiся па ўсёй краiне. У іх удзельнічала каля 440 тыс. На Беларусі найбольш актыўна выступілі працоўныя Мінска, Гомеля, Брэста, Смаргонi, Мазыра, Полацка, Слонiма і інш. Арганiзатарамi выступленняў былi партыйныя камiтэты Бунда, РСДРП і ПС-Р.
Чарговай падставай для рэвалюцыйнага ўздыму зрабілася святкаванне 1 мая. Дэманстрацыi, маёўкi, сходкi праходзiлi пад лозунгамi «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве дэмакратычная рэспублiка!». У Пінску і Віцебску адбыліся сутыкненні дэманстрантаў з паліцыяй.
Пад уздзеяннем рэвалюцыйных падзей сяляне прадпрымалі спробы дамагчыся паляпшэння свайго становiшча. У асноўным іх выступленні ўяўлялі сабой патравы панскіх лугоў, парубкi лесу, зрэдку – падпалы i разгромы маёнткаў. Забастовачны рух сельскіх пралетарыяў адбываўся пад уплывам агiтацыi арганiзацый РСДРП, Бунда, ПС-Р.
6 жнiўня 1905 г. Мікалай ІІ ў адказ на патрабаванні рэформ падпісаў распрацаванае міністрам унутраных спраў Булыгiным «Палажэнне аб выбарах у законадарадчую Дзяржаўную думу». Але ў выніку абвешчанага «левымі» партыямі выбары ў яе так і не адбыліся.
У кастрычнiку пачалася ўсерасiйская стачка пад лозунгамi звяржэння самаўладдзя i усталявання дэмакратычнай рэспублiкi. На Беларусi яе падтрымалі працоўныя 32 гарадоў і мястэчак. Функцыі стачачных цэнтраў выконвалі партыйна-прафесійныя камітэты. З далучэннем да ўсерасійскай стачкі Саюза чыгуначнiкаў дзейнасць царскага ўрада была паралiзавана. У выніку 17 кастрычніка Мiкалай II быў вымушаны абнародаваць Маніфест з «дараваннем» народу – дэмакратычных свабод і заканадаўчай Думы. 21 кастрычнiка абвяшчалася амнiстыя палiтычным зняволеным i iнш. Асноўная маса насельніцтва імперыі ўспрыняла Маніфест з энтузіязмам, як перамогу над царызмам. На справе ў яго заставалася дастаткова сіл. Так, 18 кастрычніка па загаду губернатара П. Курлова супраць дэманстрантаў Мінска была выкарыстана зброя, у выніку чаго было забіта каля 100 чал. і паранена ўтрая больш. Меліся ахвяры ў Віцебску і Гомелі.
У тых умовах буржуазiя, чыноўнiцтва, iнтэлiгенцыя, усе носьбіты ліберальнай ідэалогіі, якія не iмкнулiся да звяржэння манархii, палічылі за лепшае арганізавацца і выступіць з патрабаваннем канстытуцыі. З гэтай мэтай былі створаны дзве партыi – акцябрыстаў («Союз 17 октября») i кадэтаў (канстытуцыйных дэмакратаў). У першую ўваходзiла праваліберальная, частка чыноўнікаў, памешчыкаў, гандлёва-прамысловай буржуазіі на чале з А. Гучковым, якая ў пытаннi аб уладзе прытрымлівалася памяркоўна-канстытуцыйных поглядаў і не выказвала самаўладдзю нiякай варожасці. Сацыяльную базу другой партыі з’яўляліся служачыя земстваў, творчая інтэлігенцыя, буржуазія, буйныя і дробныя землеўладальнікі. Кадэты складалі левае крыло лібералізму. Іх ідэалам дзяржаўнага ўладкавання з’яўлялася манархія, абмежаваная парламентам. Кадэты выступалі за правы асобы, прыватную ўласнасць, вяршэнства закону. У адрозненне ад сацыялістычных партый, яны абралі рэфармацыйны, негвалтоўны шлях яе рэалізацыі. Адным з лідэраў партыі быў прафесар П. М. Мілюкоў.