У цэлым жа, сталыпiнская рэформа станоўча паўплывала на развiццё аграрнага сектару эканомікі, у тым ліку сялянскай гаспадаркi: пашырылася плошча пасяўных зямель (амаль на 11%), павялiчылася ўраджайнасць бульбы, збожжа, iльну, на 10% вырасла пагалоўе буйнарагатай жывёлы i свiней. Штогод з Беларусi вывозiлася 2 млн пудоў iльновалакна, 550 тыс. пудоў мяса, амаль 400 тыс. малочных прадуктаў i iнш.
Тым не менш, рэформа так i не набыла свайго лагiчнага завяршэння. У многiм гэта было звязана з забойствам у верасні 1911 г. яе ініцыятара і ідэолага П. Сталыпiна. Па-другое, класава-палітычныя інтарэсы ўрада і землеўласнікаў пакінулі непарушным памешчыцкае землеўладанне і тым захавалі сялянскi зямельны голад на вёсцы, а разам з iм – i значную сацыяльную базу для рэвалюцыйнага руху.
8. Палiтычнае становiшча ў краіне і на Беларусі (1907-1914 гг.)
Пасля паражэння рэвалюцыi 1905-07 гг. па Расii пракацiлася хваля рэакцыi. У выніку амаль усе левыя арганiзацыi левых партый перапынілі існаванне або былі вельмi аслаблены. Не апошнюю ролю ў гэтым адыгралі правакатары, накшталт лідэра «Баявой арганізацыі» ПС-Р Е. Азефа. У асяроддзі сацыял-дэмакратаў узнікла плынь «ліквідатараў», якія выступалі зд адмову нелегальнай дзейнасцi. БСГ перапыніла сваё існаванне, а яе кiраўнiцтва згуртавалася вакол «Нашай нiвы». Партыя кадэтаў таксама паступова губляла былы ўплыў на грамадскую думку, а іх правінцыяльныя арганізацыі распадаліся.
Рэпрэсіі царскіх улад супраць рабочага руху абумовілі яго паступовы заняпад. Дзейнасць прафсаюзаў забаранялася. З 1907 па 1910 гг. не адбылося ніводнай палітычнай стачкі. У той час, як у буйных прамысловых раёнах імперыі ў 1911-1912 гг. у рабочым руху вызначылася тэндэнцыя да ўзрастання, на Беларусі яна была менш прыкметнай. Усяго з ліпеня 1910 да пачатку сусветнай вайны ў 1914 гг. у забастоўках узялі ўдзел толькі каля 19 тыс рабочых – нават менш, чым за папярэднія тры гады. Колькасць сялянскіх выступленняў таксама значна зменшылася: са 161 у 1907 г. да 92 у 1909 г. і ні адно з іх не мела дачынення да палітыкі.
Важнай прыкметай затухання рэакцыі на Беларусі стала доўгачаканае ажыццяўленне ў 1911 г. земскай рэформы, абвешчанай яшчэ пры Аляксандры ІІ. Але, па-першае, яна праводзілася толькі ў трох губернях з пяці – Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай. Па-другое, парадак выбараў па нацыянальных курыях ("руская" і "польская") не дазваляў беларусам пастаяць за свае нацыянальныя і сацыяльныя інтарэсы.
Тое ж адбылося восенню 1912 г. пад час выбарчай кампаніі ў ІУ Думу. Урад прыклаў шмат намаганняў, каб у ёй апынуўся лаяльны яму дэпутацкі корпус. Так, па свайму складу Дума мала адрознівалася ад папярэдняй. З 442 дэпутатаў 120 належала да нацыяналістаў і памяркоўна-правых, акцябрыстаў – 98, правых – 65, кадэтаў – 59, прагрэсістаў – 48, сацыял-дэмакратаў – 14, трудавікоў – 10 і інш. 36 дэпутатаў, абраных у беларускіх губернях па партыйнай прыналежнасці да правых і нацыяналістаў далучалася 27 чал., да акцябрыстаў – 3, краёўцаў (польска-беларуская група) – 6. У цэлым, спадзяванні ўрада на падтрымку з боку Думы не спраўдзіліся. З пачаткам сусветнай вайны іх узаемаадносіны яшчэ больш пагоршылася. Нават акцябрысты і кадэты крытыкавалі ўрад за няздольнасць вырашэння бягучых праблем. Спробы дэпутатаў дамагчыся ад цара падпарадкаванасці ўрада Думе станоўчага выніку не далі. У выніку ўзраслі не толькі антыўрадавыя, але і антыманархічныя настроі.
Такім чынам, распачатыя «звыш» спробы палітычнай мадэрнізацыі ў працэсе станаўлення індустрыяльнай цывілізацыі пэўным чынам дэмакратызавалі расійскае грамадства, паспрыялі ўзнікненню шматпартыйнай сістэмы і нават заканадаўчага органа. Але зараджэнне новай палітычнай сістэмы ва ўмовах абсалютнай манархіі, палітычнага і эканамічнага дамінавання дваранства было немагчымым і пагражала сацыяльнымі калізіямі.
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Гісторыя Беларусі: у 2-х ч. / Пад рэд. Я.К. Новіка, Г.С. Марцуля. – Мн., 1998.
2. Сяменчык М.Я. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / М.Я. Сяменчык – Мн., 2009 г.
3. Храналогія гісторыі Беларусі / Склад. В. В. Гетад, M. I. Калінскі. 3 - е выд. – Мн., 1992.
4. Гісторыя Беларусі: Вуч. дапаможнік. / Пад рэд. А. П. Ігнаценка. – Мн., 1994.