Рэпертуар тэатральных калектываў пэўным чынам папоўніўся творамі нацыянальнай тэматыкі (балет А. Мдывані і В. Елізар’ева «Страсці», опера «Князь Наваградскі», спектаклі «Звон – не малітва», «Саламея»). Шмат зроблена па адраджэнні беларускай культуры спевакамі і музыкантамі «Беларускай капэлы», мужчынскім камерным хорам «Унія». Стала традыцыяй правядзенне шматлікіх музычных фестываляў («Залаты шлягер», «Мінская вясна», «Магутны божа»). Вялікую папулярнасць заваяваў Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі на чале з М. Фінбергам.
Свайго кшталту «акном у сусвет» для беларускай культуры і прадметам нацыянальнага гонару беларусаў лічыцца “Славянскі базар у Віцебску”. Велізарная роля ў павышэнні яго міжнароднага прэстыжу належыць асабіста Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнку.
Набылі еўрапейскую славу Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча, Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Шырмы, Дзяржаўны акадэмічны народны хор імя Г. Цітовіча. Росту цікавасці да нацыянальнай музыкі ў маладзёжным асяроддзі спрыяе творчасць фолк- і рок-гуртоў «Палац», «Тройца», «Крыві», «Юр’я», «NRM», «Песняры» і «Беларускія песняры».
Значна палепшылася аблічча гарадоў, асабліва беларускай сталіцы. Новыя архітэктурныя тэндэнцыі адбіліся ў будынках Нацыянальнай бібліятэкі, Палаца Рэспублікі, спорткомплекса «Мінск-Арэна», станцый Метрапалітэна «Спартыўная» «Кунцаўшчына» «Каменная Горка» «Барысаўскі тракт» «Уручча».
Сярод скульптурных выяў пераважаюць творы, прысвечыныя гістарычнай тэматыцы – у першую чаргу славутым суайчыннікам – Усяславу Чарадзею, Кірылу Тураўскаму, Францыску Скарыну, Адаму Міцкевічу і інш.). Адным з аснавальнікаў так званай пабытовай скульптуры стаў У. Жбанкоў, аўтар шматлікіх прац, выстаўленых з канца мінулага стагоддзя па наш час у Бабруйску, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Мінску і за межамі Беларусі. Найбольш вядомая яго скульптура – «Дзяўчынка з парасонам», у памяць юных дзяўчат, якія загінулі ў маі 1999 г. у пераходзе станцыі метро «Няміга».
Сучаснай мастацкай культуры Беларусі характэрныя новыя выяўленчых формы і стракатасць жанраў. «Новым павевам» стала арыентацыя творчасці на масавы попыт, а разам з ёй – і камерцыялізацыя сферы культуры і мастацтва. Так, амаль у кожным горадзе Беларусі ўзніклі мастацкія галерэі, накшталт («Жыльбел», «Верхні горад», «Вітанова», «Арт-Творчасць»). Гэта, аднак, не знізіла мастацкай вартасці прац. З банкруцтвам ідэй «сацыялістычнага рэалізму» майстры мастацтва набылі ўсе магчымасці выявіць сваю творчую індывідуальнасць. У гэтым сэнсе палотнам Ф. Янушкевіча, Я. Бараноўскага, Я. Батальёнка, А. Марачкіна, Ю. Піскуна і інш. уласцтвы менавіта ўнутраная свабода і ўласнае разуменне высокага мастацтва.
У 1991-1992 гг. мастаком Р. Сітніцай быў створаны цыкл карцін на тэму «Нясвіж – водгулле былых часоў». Падзеі даўняга мінулага і гісторыя нашых продкаў падаецца Р. Паплаўскім у палотнах «Ля сцен Бярэсця» (2003), «Дружына князя», «Ваенныя зборы. У паход!» (2006).
Вышэйшага грамадскага прызнання атрымала творчасць М. Савіцкага. 1 сакавіка 2006 г. за вялікі ўклад у развіццё беларускага мастацтва Указам Прэзідэнта яму было прысвоена званне Героя Беларусі. Але гэта можна назваць выключэннем. «На жаль, вымушаны адзначыць, – заявіў Прэзідэнт А. Лукашэнка ў сваёй прамове ад 23 красавіка 2009 г., – што за апошнія гады не з’явілася ніводнага магутнага, спектакля нацыянальнай патрыятычнай тэматыкі, які б прагрымеў на ўсю краіну. Заніжана патрабавальнасць да адбору сапраўды таленавітых твораў у іншых відах мастацтва».
Такія ацэнкі ўласцівы прозе, паэзіі, кіно, класічнай і эстраднай музыкі і г.д. і тлумачацца тым, што навукова-тэхнічны прагрэс у спалучэнні з ростам матэрыяльнага дабрабыту беларускага грамадства абумовіў з’яўленне новых сродкаў камунікацыі – інтэрнэт, ауды-відэа-апаратуры, мабільнай сувязі, а разам з імі – новых мастацкіх (і псеўдамастацкіх) павеваў і плыняў. Так званая «масавая культура» стала складаць сур’ёзную канкурэнцыю класічнаму і нацыянальнаму мастацтву, народнаму фальклору. Выклікае заклапочанасць закрыццё гурткоў мастацкай самадзейнасці, кінатэатраў, бібліятэк. Іх месца сталі займаць элітныя клубы, дыскатэкі, інтэрнэт-кафэ і інш.
Дзяржава ўсведамляе небяспеку зніжэння духоўнасці і страты нацыянальнай самабытнасці ва ўмовах наступлення глабалізацыі і пастаянна развівае сетку культурных устаноў. На пачатак 2008 г. у Рэспубліцы налічвалася – 28 тэатраў, 158 кінатэатраў, 56 прафесійных музычных і харэаграфічных калектываў, 129 музеяў, 4 725 бібліятэк, 4 260 клубных устаноў, 24 паркі культуры і адпачачынку, 524 дзіцячыя музычныя, мастацкія школы, 3 ВНУ культуры і мастацтва.
Гістарычную і культурную спадчыну народа захоўваюць 133 дзяржаўныя музеі і іх 58 філіялаў, а таксама больш за 1 000 музяў на прадпрыемствах, у калгасах, вайсковых часцях, вышэйшых навучальных установах, у тым ліку БДТУ.
У цэлым, у параўнанні з савецкім перыядам атрыманне Рэспублікай Беларусь незалежнасці, беларускае кіраўніцтва адыйшло ад заганнай практыкі фінансавання культуры па «рэшткавым прынцыпе». Зараз сталі выдаткоўвацца значныя сродкі на рэстаўрацыю помнікаў мінуўшчыны (Мірскі замак, палац у Нясвіжы, Верхні горад у Мінску і інш.). Штогод лепшым творчым калектывам і аўтарам прысуджаецца Дзяржаўная прэмія.
Характэрнай з’явай сучаснай беларускай культуры з’яўляецца тое, штоя яе носьбітамі, прапагандыстамі і захавальнікамі з’яўляюцца не толькі прафесійныя літаратары, артысты ці мастакі, але і моладзь, якая ўсё выразней адчувае сваю адказнасць за будучыню краіны. Маладыя людзі ўсведамляюць, што не толькі эканоміка, а і высокаразвітая нацыянальная культура, заснаваная на роднай мове, можа стаць асновай рэальнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Сяменчык М.Я. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / М.Я. Сяменчык – Мн., 2009 г.
2. 100 пытанняў i адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. i прадмова І. Саверчаны, З. Санько. – Мн., 1994.
3. Шымукович С.Ф. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / С.Ф. Шымукович. – Минск, 2005. – 235 с.
4. Храналогія гісторыі Беларусі / Склад. В. В. Гетад, M. I. Калінскі. 3 - е выд. – Мн., 1992.
5. Гісторыя Беларусі: Вуч. дапаможнік. / Пад рэд. А. П. Ігнаценка. – Мн., 1994