Смекни!
smekni.com

Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў складзе Расійскай імперыі ў другой палове ХІХ стагодзя (стр. 3 из 4)

Пасля падзелаў РП адбывалася эканамічная інтэграцыя беларускіх губерняў у эканоміку Расійскай імперыі. Як вядома, царскія ўлады правялі перапіс насельніцтва, улік зямель, маёнткаў і інш. Неўзабаве адбыліся скасаванне ўнутраных мытаў, уніфікацыя мер вагі і грашовай сістэмы. Імкнучыся ўлагодзіць шляхту і прыцягнуць яе да супрацоўніцтва, царызм захаваў за ёй ранейшыя саслоўныя ільготы, у тым ліку, права на выраб і продаж гарэлкі. Акрамя таго, з узнікненнем Царства Польскага (1822-1850) на мяжы з ім быў заснаваны мытны кантроль, што надавала польскай шляхце і буржуазіі значную эканамічную самастойнасць. Разам з тым, у мэтах прадухілення канкурэнцыі з боку яўрэйскіх купцоў і рамеснікаў іх магчымасці гандлю ў Расіі былі абмежаваны адпаведным указам 1791 г. У далейшым мяжа яўрэйскай аселасці зрабілася даволі празрыстай. Яна перастала распаўсюджвацца на купцоў першай гільдыі, асоб з вышэйшай адукацыяй, былых іўдзеяў, якія прынялі хрысціянства. Што датычыць паступлення на расійскі рынак беларускіх рамесных і сельскагаспадарчых вырабаў, то ніякіх абмежаванняў з расійскага боку на гэты конт не існавала. У выніку, беларускія тавары – скуры, лён, каноплі, смала, палатно, сукно, гарэлка траплялі ў Расію, а ў зваротным напрамку паступалі вырабы з жалеза, паркаль, пшаніца, сялёдка.

Беларусь, размешчаная паміж Пецярбургам – Рыгай – Дынабургам – Масквой – Украінай – Царствам Польскім, уяўляла сабой важны рэгіён, здольны служыць не толькі ваенным фарпостам імперыі, але і плацдармам прасоўвання яе эканамічных інтарэсаў на заходнееўрапейскі рынак. Менавіта дзяржаўныя органы ўзяліся за ўдасканаленне існаваўшых і пабудову новых сродкаў зносін, найперш, Агінскага, Аўгустоўскага і Днепра-Бугскага каналаў. Пры гэтым інтарэсы ўлад перасякаліся з інтарэсамі мясцовых прадпрымальнікаў. У 1824 г. на р. Сож быў апрабаваны першы параход, пабудаваны на грошы графа Румянцава, а да 1860 г. на беларускіх рэках іх ужо было 20. У 1830-х гг. параходная кампанія Бабруйска атрымала дзяржаўны прывілей на перавозку пасажыраў па Бярэзіне і Дняпры. Большасць грузаў па-ранейшаму перамяшчалася на ветразёвых суднах і плытах і яго аб’ёмы пастаянна раслі. Так, калі ў 1844 г. іх было правезена на суму 8, 8 млн руб., то ў 1860 г. – ужо на 18 млн руб. Асноўным экспартным таварам з’яўляўся лес, які звычайна сплаўляўся ў порты Балтыкі.

У 1823 г. праз Беларусь працягнуліся шашэйныя дарогі: Брэст-Варшава, у 1849 г. – Масква-Брэст, у 1855 г. – Віцебск-Смаленск, Пецярбург-Кіеў, Масква-Рыга. Наяўнасць камунікацый спрыяла гандлёвым сувязям паміж рэгіёнамі Расійскай імперыі. Да скасавання прыгону лавачны гандаль на Беларусі толькі зараджаўся, а асноўнай арганізацыйнай формай гандлёвых адносін з’яўляўся кірмаш. Самымі вядомымі зяўляліся Бешанковіцкі, Гомельскі, Зельвенскі, Мінскі, Прыбораўскі і Свіслацкі кірмашы. Кошт прывезеных тавараў у 1845 г. на буйнейшы з іх – Зельвенскі склаў 1 млн руб., а ў 1851 г. – нават 1 598 237 руб. Расійскія купцы прывозілі паркаль, шоўк, галантарэю, фабрычнае абсталяванне; украінскія – соль, цукар, іншыя прадукты.

Унутраны гандаль быў сканцэнтраваны не толькі ў гарадах, але і ў масе мястэчак, населеных пераважна яўрэямі. Менавіта яўрэі былі асноўнымі пасрэднікамі як паміж памешчыкамі і аптовымі купцамі, так паміж сялянамі і жыхарамі гарадоў. У любым выпадку аграрнае насельніцтва мела магчымасць збываць на мясцовых рынках усё, што толькі давала сельская гаспадарка, і набываць патрэбныя прадукты.

Да часу рэформ эканоміка Беларуси забяспечвала ўласны ўнутраны рынак і займала пэўны сектар усерасійскага рынку. Яна мела экспартнаарыентаваную вытворчасць, валодала дастаткова дасканалай для свайго часу рынкавай інфраструктурай і дастаткова развітай сеткай шляхоў зносін. Патрэбы ўнутранага беларускага рынку часткова пакрываліся за кошт прывозу тавараў з Польшчы, Украіны, Расіі.

У паслярэформенны перыяд Беларусь як эканамічны рэгіён прыцягвае большую ўвагу расійскага ўрада і прыватнага прадпрымальніцтва. Пад час зніжэння кошту хлеба на заходнееўрапейскіх рынках урад праводзіў пратэкцыянісцкую палітыку з мэтай абароны гандлёвых інтарэсаў рускіх памешчыкаў, а таксама прыняў шэраг захадаў супраць умацавання польска-каталіцкага землеўладання на Беларусі.

Паляпшэнне стану транспартных камунікацый спрыяла міжрэгіянальнаму гандлю. Па-ранейшаму вялiкую значнасць захоўвалi водныя артэрыi, па якiх хадзiла да 700 судоў, у тым ліку каля 200 параходаў. Але ў 60-70 гг. ХІХ ст. рэзка ўзрастае значнасць чыгуначных камунікацый. Пры гэтым з ініцыятываю іх будаўніцтва, у тым ліку на Беларусі, выступае дзяржава. Першая чыгуначная лінія, якая ў 1862 г. перасекла тэрыторыю Беларусі, звязала Пецярбург і Варшаву, але з-за малой працягласці (50 вёрст) яна не адыгрывала прыкметнай ролі ў эканоміцы края. У 1866 г. на Дзвінска-Полацка-Віцебскім участку пачала дзейнічаць Рыга-Арлоўская чыгунка і г. д. Усе яны будаваліся прыватнымі акцыянернымі кампаніямі, з удзелам замежнага, у тым ліку англійскага капіталу, і да канца ХІХ ст. былі выкуплены дзяржавай. У ліку самых значных магістраляў на Беларусi былі Рыга-Арлоўская, Маскоўска-Брэсцкая, Лiбава-Роменская, Палеская, Пецярбургска-Адэская і інш. У выніку ў 1870 г. працягласць чыгуначных ліній складала ўжо 302 км, у 1902 г. – 2 752 км., а напярэдадні І сусветнай вайны – каля 3 800 км. Па гэтым паказчыку беларускія губерні займалі першыя месцы ў Расійскай імперыі.

Пранікненне расійскага капіталу назіралася таксама ў банкаўска-крэдытнай сферы і сродках сувязі (тэлеграф, тэлефон). Мясцовыя прадпрымальнікі фарміраваліся з купецкага асяроддзя і адкрывалі запалкавыя, мэблевыя, фанерныя, шпалерныя фабрыкі, а таксама друкарні. У далейшым беларускія купцы (у сваёй падаўляючай большасці яўрэі) заняліся і прамысловай справай.

Скасаванне прыгоннага права паскорыла развіццё мясцовай прамысловасці, транспарту і гандлю, узмацніла таварнасць сельскай гаспадаркі, паспрыяла большай інтэграцыі беларускай эканомікі ва ўсерасійскі рынак. Беларускія тавары актыўна спажываліся цэнтральнымі расійскімі губернямі. У канцы XIX ст. у Беларусі ўжо склаліся мясцовыя (абласныя) рынкі з цэнтрамі ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Гомелі, Гродне, Брэсце і Пінску. Галоўным гандлёвым цэнтрам Беларусі ў гэты час стаў Мінск. Сюды паступалі прамысловыя тавары з Маскоўскага і Пецярбургскага раёнаў, з Польшчы. Тут жа гандлявалі збожжам, малочнымі прадуктамі, мясам, рыбай і г.д. Асаблівую вядомасць і папулярнасць у меў буйнейшы ў імперыі мінскі спецыялізаваны кірмаш па продажы лесаматэрыялаў з абаротам 20 млн руб.

Тавары, якія вырабляліся ў Гомельскім раёне – папера, запалкі, цэгла, кафля, аконнае шкло, вяроўкі, канаты і г.д., – вывозіліся нават за межы Беларусі. З Гомеля частка лесаматэрыялаў і дроў адпраўлялася воднымі шляхамі ў Адэсу, Екацерынаслаўскую і Кіеўскую губерні, а частка – па чыгунцы ў Рыгу, Лібаву, Пецярбург.

Магілёў з’яўляўся цэнтрам рэгіянальнага гандлю. Праз Оршу ў Мінскую і Смаленскую губерні паступалі лес, збожжа, пянька, яблыкі і іншыя тавары. На аршанскім рынку прадаваліся хлебныя прадукты, соль, газа, нафта, будаўнічыя матэрыялы. Лес і прадукты льнаводства, якія вырабляліся ў Віцебскім раёне, вывозіліся большай часткай за мяжу. Прывозілі сюды пшанічную муку і цукар з Украіны. Праз Гродна ажыццяўляўся гандаль з Польшчай, Літвой і замежнымі краінамі. Тавары гродзенскага рынку – лесаматэрыялы, аржаная і бульбяная мука, спірт, малочныя прадукты – ішлі ў Мінск, Вільню, Маскву, Пецярбург. Пінск служыў размеркавальным цэнтрам збыту прамысловых тавараў і лясных грузаў, якія перапраўляліся з басейнаў Дняпра і Прыпяці ў сістэмы Нёмана і Віслы.

Такім чынам, Беларусь з’яўлялася часткай усерасійскага рынку. Яе гандлю была характэрна перавага вывазу сельскагаспадарчых прадуктаў, драўніны і іншых матэрыялаў. У той жа час яна служыла рынкам збыту прамысловых тавараў (інструментаў, машын) збожжа (пшаніцы) і цукру, якія ўвозіліся з іншых раёнаў Расіі.

Нягледзячы на буйныя перамены ў эканоміцы, звязаныя з завяршэннем прамысловага перавароту і пачаткам утварэння індустрыяльнага грамадства, Беларусь яшчэ заставалася пераважна аграрным рэгіёнам Расійскай імперыі.

3. Саслоўная палітыка самадзяржаўя

З часоў Кацярыны ІІ ў расійскім заканадаўстве ўсе насельніцтва краіны падзялялася «па адрозненні правоў» на чатыры «станы» (саслоўі): дваранства, духавенства, гарадскіх і сельскіх абывацеляў. У сваю чаргу гарадскія абывацелі падзяляліся на саслоўі ганаровых грамадзян, купцоў, мяшчан, цэхавых рамеснікаў, а сельскія – уключалі саслоўі сялян, казакоў і іншародцаў. Саслоўны пачатак быў пакладзены ў аснову ўсяго мясцовага кіравання і судовай справы і тым самым ён атрымаў агульнадзяржаўную значнасць. У першай трэці XIX ст. склаліся тры новыя саслоўі: ганаровыя грамадзяне, казацтва і іншародцы, у якое, акрамя іншых, уключылі і яўрэяў.

Саслоўі падзяляліся на прывілеяваныя (дваранства, духавенства, ганаровыя грамадзяне, купцы) і непрывілеяваныя (сяляне, мяшчане, рамеснікі, казакі, іншародцы). Першые вызваляліся ад уплаты асабістых падаткаў, рэкруцкай павіннасці, цялесных пакаранняў.

З часоў ВКЛ на працягу стагоддзяў дваранства (шляхта) было галоўным прывілеяваным саслоўем, якое займала большасць пасад у органах дзяржаўнага і мясцовага кіравання, у войску. Да 70-х гг. ХІХ ст. захоўвалася выдадзеная Кацярынай ІІ дваранам «вольнасць і свабода».

Саслоўе дваран не было аднародным. Яно складалася як з патомных дваран, так і асабістых, гэта значыць тых, хто атрымаў дваранскае званне за вайсковую або цывільную службу ў адпаведнасці з «Табеллю аб рангах». На Беларусі пытанне аб прыналежнасці да патомных дваран часткі шляхты ставілася пад сумненне яшчэ з часу падзелаў РП і мела працяг у другой палове ХІХ ст.:пасля чарговага «разбору шляхты», выкліканага паўстаннем 1863 г., колькасць польскіх і беларускіх дваран рэзка скарацілася (з 5,1 да 2,4%).