Смекни!
smekni.com

Усталяванне савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў СССР і БССР (стр. 5 из 6)

Ідэалагічныя ўстаноўкі ўкараняліся ў жыццё з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі – тэлебачання, радыё, прэсы – пастаянна, метадычна, разам і паасобку. Усе члены КПСС і кіраўнікі розных рангаў былі абавязаны выпісваць партыйныя ці ведамасныя газеты.

У савецкіх ідэалагічных матэрыялах праблема агульначалавечых каштоўнасцей нават не прыгадвалася, а мiжнародны рух супраць парушэння правоў чалавека ў СССР трактаваўся iдэалагiчнымi работнiкамi як iнспiраваны мiжнародным iмперыялiзмам. Уся iнфармацыя аб няшчасных выпадках у вытворчасці, авіякатастрофах, прыродных катаклізмах жорстка дазіравалася, або наогул замоўчвалася. Так, беларускія СМІ не паведамілі аб разгроме жыхарамі Слуцка будынку суда (1967), ахвярах выбуху цэху футараляў Мінскага радыёзавода (1972) і крушэння электрацягніка (1977) і многіх іншых.

Такое становішча, калі рэчаіснасць не адпавядала паведамленням савецкіх СМІ, давер да іх зніжаўся і людзі шукалі іншыя крыніцы інфармацыі, як правіла, на хвалях радыёстанцый Бі-Бі-Сі (Лондан), «Нямецкая хваля» (Мюнхен), «Голас Амерыкі» (Вашынгтон) і інш.

Антыкамуністычная дзейнасць заходніх спецслужб знаходзіла ўрадлівую глебу сярод часткі інтэлігенцыі, так званых «шасцідзесятнікаў», паборнікаў правоў чалавека і іншых грамадзян, якія дэманстравалі сваю антыпатыю савецкай палітычнай сістэме, называлі сябе «ўнутранай апазіцыяй» або дысідэнтамі, распаўсюджвалі друкаваныя творы (так званы самвыдат) забароненых аўтараў і інш.

Не меншую шкоду прэстыжу краіны наносіла інспірыраваная КПСС хваля антысемітызму. Для яўрэяў былі ўведзены абмежаванні па прыёме на працу, прасоўванні па службовай лесвіцы, уступленні ў партыю, выездзе за мяжу. На Беларусі дыскрымінацыя яўрэяў вылілася ў непрыхаваную юдафобію, якая знайшла «навуковае» абгрунтаванне ў працах філосафа Ў. Бягуна «Ползучая контрреволюция» і вялікую папулярнасць у тых, хто iмкнуўся перакласцi сваю слабую кампетэнтнасць у эканомiцы, культуры, палітыцы на сiянiсцкiя падкопы.

У 1964–1985 гг. сярод 15 саюзных рэспублік БССР уяўляла сабой развіты ў эканамічным плане рэгіён. Яе магутная партыйная арганізацыя забяспечвала поўнае і своечасовае выкананне ўсіх задач, пастаўленых ЦК КПСС перад беларускім народам. Таму спрыяла працяглае – з 1965 па 1980 гг. знаходжанне на пасадзе І сакратара ЦК КПБ П.М. Машэрава, які карыстаўся глыбокай павагай усяго беларускага народа. Пад час вырашэння тых ці іншых праблем ён сыходзіў з партыйных інтарэсаў і шмат у чым спрыяў працэсу «росквіту і збліжэнню нацый», аддаючы перавагу інтэрнацыянальным і класавым каштоўнасцям перад нацыянальнымі і агульнароднымі. Так, на Красавiцкiм (1974) Пленуме ЦК КПБ П. Машэраў упікнуў навукоўцаў у тым, што «ў некаторых публiкацыях, у тым лiку аб народных паэмах «Энеiда навыварат», «Тарас на Парнасе», у працах аб Еўфрасiннi Полацкай, Сматрыцкiм, Зiзанii, праявiлiся адгалоскi пазакласавага аб’ектывiзму, iдэалiзацыя асобных багасловаў як выдатных асветнiкаў».

Разам з тым пры П. Машэраве народу навязваўся вульгарны iнтэрнацыяналiзм, а па сутнасцi, нацыянальны нiгiлiзм. Гiсторыя народа падмянялася гiсторыяй партыi. Беларускай мовай стала пагарджаць інтэлігенцыя і нават сяляне. Аб творчых калектывах «Песняры», «Верасы», «Харошкі» ведалі ў СССР і ў далёкім замежжы, але гэта была толькі знешняя бачнасць паспяховасці беларускай культуры. На справе, у рэспубліцы колькасць беларускіх школ скарачалася, а ў гарадах яны зніклі наогул. Толькі 30% вучняў рускіх школ вывучалі беларускую мову, а ў Мінску нават – 10%. Пасля трагічнай гібелі П. Машэрава (1980), калі ЦК КПБ узначальвалі Ц.Я. Кiсялёў (да 1983) i М. Слюнькоў (да 1986) курс ЦК КПСС на «росквiт i зблiжэнне нацый» даваў найлепшы плён менавіта на Беларусі.

Абсалютызацыя ідэі інтэрнацыяналізму ў спалучэнні са сталінскімі метадамі іх ажыццяўлення выразна выявілі сябе ў міжнароднай палітыцы СССР. Не палепшылася становішча і з прыходам на пасаду

Генеральнага сакратара Ю. Андропава (з лiстапада 1982 па люты 1984). З улікам псіхафізічнага стану партыйнага кіраўніцтва наяўнасць у СССР велізарнай колькасці ядзернай зброі не выключала магчымасці іх выкарыстання. Пасля таго, як у 1984 г. савецкі знішчальнік збіў паўднёва-карэйскі пасажырскі самалёт, многія краіны свету сапраўды атрымалі падставу лічыць СССР «імперыяй зла».

Ва ўнутранай палітыцы Ю. Андропаў спрабаваў удасканаліць сістэму за кошт яе ачышчэння ад часткі карумпаванай наменклатуры і ўмацавання дысцыпліны ў грамадстве, але рабіў гэта сталінскімі метадамі, і не меў поспеху. Пасля яго смерцi i прыходам да ўлады К. Чарненкi (люты 1984-сакавік 1985) гэтая кампанiя сцiхла. Новы лiдэр заняў вышэйшую пасаду, будучы ў стане смяротнай хваробы, і як кіраўнік нічым істотным не вызначыўся. Частыя перабраннi кiраўнiцтва з асяроддзя старых марксiстаў-ленiнцаў, пераiменаваннi у iх гонар гарадоў i устаноў, у лепшым выпадку, не спрыялi павышэнню аўтарытэту партыi, а з другога боку, сведчылi аб пагаршэннi маральна-палiтычнага клiмату ў СССР.

Перыяд з 1964 па 1985 гг. па вартасці часта называюць часам «застою», страчаных магчымасцей, крызісу марксісцка-ленінскай ідэалогіі і сацыялістычнай сістэмы гаспадарання. Для БССР – гэта час росквіту ідэйна-палітычнага канфармізму грамадзян, пашырэння сярод іх нацыянальнага нігілізму і заняпаду беларускай школы.

7. Спробы мадэрнізацыі савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў перыяд перабудовы

З сярэдзіны 1980-х гг. у грамадстве ўзрастала ўсведамленне неабходнасці перамен да лепшага. Такія ж настроі ўзніклі нават у часткі членаў ЦК КПСС. У іх ліку быў таксама М.С. Гарбачоў, у сакавіку 1985 г. абраны Генеральным сакратаром партыі. Менавіта з ім звязана новая эпоха ў гісторыі СССР – перабудова, сутнасць якой мыслілася ў стваральнай працы па ўдасканаленнi сацыялiзму, а яе мэтай – у паскарэннi прагрэсу савецкага грамадства. Першым крокам у гэтым напрамку сталі заканадаўчыя акты ЦК КПСС і Саўміна СССР ад 7 і 16 мая 1985 г., скіраваныя супраць п’янства. Самі працоўныя выразнага энтузіязму да заклікаў аб удасканаленні сацыялізму не выказвалі, а антыалкагольную кампанію сустрэлі ў цэлым адмоўна. Менавіта таму на XXVII з’ездзе КПСС (25 лютага – 6 сакавiка 1986), які пацвердзіў курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця СССР, гаворка пайшла аб неабходнасці свядомага, асэнсаванага ўдзелу ўсіх савецкіх людзей у абвешчаным партыяй курсе. У гэтай сувязі дэпутаты выказаліся за дэмакратызацыю грамадскага жыцця і яе атрыбут – галоснасць.

Моцнай перашкодай на шляху абвешчанага партыяй курса зрабілася Чарнобыльская катастрофа 26 красавіка 1986 г., якая, акрамя іншага, чарговы раз выявіла існуючай сістэмы гаспадарання і кіравання.

Адным са спосабаў зняцця маральна-псіхалагічнай напружанасці ў грамадстве стала прадастаўленне старонак газет і часопісаў для выступлення простых грамадзян з крытычнымі заўвагамі, скаргамі, прапановамі і г.д. М. Гарбачоў свядома ішоў на развіццё галоснасці, будучы ўпэўненымі ў ачышчальнай сіле праўды і адкрытай, зразумелай людзям палітыкі. З яго дазволу ў снежні 1986 г. у Маскву са ссылкі вярнуўся ідэйны лідэр дысідэнтаў акадэмік А. Сахараў, што значна павысіла давер інтэлігенцыі да палітыкі перабудовы.

Студзеньскi (1987) Пленум ЦК КПСС прыняў новую рэфарматарскую стратэгію аб’яднання сацыялізму з дэмакратыяй і рынкам – так званую «мадэль сацыялізма з чалавечым тварам». Лістападаўскі (1987) Пленум ЦК пайшоў яшчэ далей: з нагоды 70-годдзя Вялiкага Кастрычнiка на ім была прадпрынята спроба асэнсавання ўсяго шляху пабудовы сацыялізму. У выніку партыйная эліта прыйшла да высновы, што рэвалюцыйныя лозунгі 1917 г. у многім засталіся нерэалізаванымі. Адсюль вынікаў чарговы лозунг: «Рэвалюцыя працягваецца». У гэтай сувязі абвяшчалася рэформа палітычнай сістэмы, скіраваная на дасягненне паўнаўладдзя Саветаў, фарміравання механізмаў грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы.

У 1987 г. працэс развіцця галоснасці выклікаў небывалы ўздым грамадскай цікавасці да айчыннай гісторыі савецкага часу. Дзякуючы публікацыям навукоўцаў і жывых сведак, сталі асвятляцца «закрытыя» раней тэмы і факты. У бібліятэках сталі даступнымі «закрытыя» фонды, а ў архівах – «спецсховішчы».

1 лістапада 1987 г., у скверы Я. Купалы ў Мінску пад час святкавання «Дзядоў» упершыню публічна прагучала асуджэнне сталінскага тэрору. Кіраўніцтва краіны распарадзілася аб аднаўленні працы па рэабілітацыі ахвяр сталінскага рэжыму. Створаная камісія Палітбюро па дадатковым вывучэнні рэпрэсій 1930–1940-х гг. пастанавіла рэабілітаваць Л. Каменева, Р. Зіноўева, А. Рыкава, М. Бухарына, Л. Троцкага. У ліку іншых быў рэабілітаваны і Дз. Жылуновіч.

ХІХ Усесаюзная канферэнцыя КПСС, якая адбывалася ў Маскве ў чэрвеня – ліпені 1988 г., стала важнейшай палітычнай падзеяй года. Прынятыя канферэнтамі рэзалюцыі былі скіраваны на ўтварэнне ў СССР «сацыялістычнай прававой дзяржавы» і грамадзянскай супольнасці на аснове ліберальных каштоўнасцей (прынцып падзелу ўлад, альтэрнатыўныя выбары, скасаванне цэнзуры, права чалавека і інш.).

Стымулюючым фактарам развіцця перабудовы мусіла адбыцца перадача ўлады ад КПСС да Саветаў народных дэпутатаў. Вышэйшым органам дзяржаўнай улады мусіў стаць з’езд народных дэпутатаў СССР. Для таго ў снежні 1988 г. былі ўнесены змены ў выбарчую сістэму, якая б гарантавала дэмакратычнае абранне вышэйшага саюзнага органа заканадаўчай улады ў складзе 2 250 чал.

Агульныя выбары адбываліся 26 сакавіка 1989 г. У ліку дэпутатаў ад БССР былі абраны А. Адамовіч, У. Бядуля, Г. Бураўкін, В. Быкаў, У. Ганчарык, М. Дземянцей, А. Дабравольскі, А. Дубко, А. Жураўлёў, В. Кебіч, І. Лучанок, Я. Сакалоў і іншыя.

Скліканы 25 мая І з’езд народных дэпутатаў СССР стаў пастаянна дзеючым парламентам. Старшынём з’езда і Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР быў абраны М. Гарбачоў. З ліку дэпутатаў, якія найбольш актыўна выступалі супраць памяркоўна-рэфармацыйнага курса з’езда, утварылася Міжрэгіянальная дэпутацкая група (МДГ) на чале з Б. Ельцыным, Ю. Афанасьевым, Г. Паповым, А. Сахаравым і інш. У верасні 1989 г. члены МДГ распрацавалі комплекс неабходных патрабаванняў – скасавання шостага артыкула Канстытуцыі СССР аб «кіруючай ролі КПСС» і прыняцця шэрагу новых законаў.