Усталяванне савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў СССР і БССР
1. Устанаўленне аднапартыйнасці
У выніку перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі дзяржаўная ўлада ў краіне перайшла да бальшавікоў. Сваю падтрымку ім на ІІ Ўсерасійскім з’ездзе Саветаў выказалі левыя эсэры і абралі сваіх прадстаўнікоў ва ЎЦВК. Што датычыла Саветаў усіх узроўняў як органаў дзяржаўнай улады то ўсе яны (за выключэннем ленінскага СНК) з’яўляліся шматпартыйнымі. На Беларусі ў іх склад уваходзілі прадстаўнікі сацыялістычных партый усіх плыняў. Такімі з’яўляліся Аблвыкамзах, Віцебскі і Магілёўскі губернскія, амаль усе павятовыя і гарадскія Саветы. Толькі ВРК вызначаліся амаль суцэльна бальшавіцкім складам.
Шматпартыйнасць была ўласціва Саветам да таго часу, пакуль 6 студзеня 1918 г. не быў разагнаны Ўстаноўчы сход і вярхоўная ўлада ў краіне цалкам не перайшла да Ўсерасійскага Савета, а мясцовыя Саветы не трапілі ў кампетэнцыю Народнага камісарыята ўнутраных спраў (НКУС). З гэтага часу любая дзейнасць, скіраваная супраць Саветаў як органа дыктатуры пралетарыяту лічылася контррэвалюцыйнай. А пасля таго, як левыя эсэры 6 ліпеня 1918 г. паспрабавалі здзейсніць у Маскве дзяржаўны пераварот, то і яны былі аднесены бальшавікамі да контррэвалюцыянераў.
З вясны-лета 1918 г. выявілася адноснае паслабленне ролі Саветаў. Па меры распальвання ў краіне грамадзянскай вайны ўлада ўсё мацней канцэнтравалася ў руках РСДРП(б) – РКП(б). Каб застацца ва ўладзе, яна была вымушана прымусовымі захадамі забяспечваць абарону краіны і функцыянаванне эканомікі. Здзяйсняць гэта звычайнымі метадамі пры наяўнасці ворагаў і апазіцыі было немагчыма. У 1920 г. вядомы анархіст князь П. Крапоткін казаў, «што Расія ўжо зрабілася Савецкай рэспублікай толькі па назве; зараз кіруюць у Расіі не Саветы, а партыйныя камітэты, і, што дыктатура партыі для стварэння новага сацыялістычнага ладу безумоўна шкодная».
Да канца грамадзянскай вайны Ў. Ленін у рабоце «Дзіцячая хвароба левізны ў камунізме» прыйшоў да высновы аб тым, што дыктатура пралетарыята немагчыма інакш як праз дыктатуру партыі, але перасцярагаў саратнікаў ад небяспекі прытоку ў партыю дэкласіраваных элементаў. На думку правадыра, яе колькасны склад не павінен быў перавышаць 200 тыс. чал. На справе ў ёй налічвалася ўжо 650 тыс.
Як вынікала з Палітычнай справаздачы ЦК КП(б) Б ІІІ з’езду ў лістападзе 1920 г., нягледзячы на сваю малалікасць (1700 чал.) бальшавікоў не турбавала наяўнасць іншых партый, бо пры неабходнасці супраць іх маглі быць выкарыстаны рэпрэсіўныя сродкі. Так, пэўны час дзейнічала 20-тысячная БПС-Р. Але ўжо ў лютым 1921 г. органы Надзвычайнай камісіі (ЧК) арыштавалі 860 найбольш актыўных яе функцыянераў і шэраговых членаў.
У сакавіку 1921 г. Усерасійская надзвычайная канферэнцыя Бунда, якая адбывалася ў Мінску 5–12 сакавіка 1921 г., прыняла пастанову аб зліцці з РКП(б). Частка бундаўцаў далучылася да сіяністаў, якія працягвалі дзейнічаць нелегальна.
Пастановай Палітбюро ЦК РКП(б) ад 8 снежня 1921 г. членам меншавіцкай партыі было забаронена займацца палітычнай дзейнасцю. Рэзалюцыя XII (жнівень 1922) Усерасійскай канферэнцыі РКП(б) «Аб антысавецкіх партыях і плынях», пашырала гэтую норму і на іншыя апазіцыйныя партыі, а таксама прызнавала дапусцімым выкарыстанне рэпрэсій у дачыненні да іх. Так, у чэрвені 1922 г. была арыштавана група меншавікоў, у жніўні – група правых эсэраў. У чэрвені 1924 г. на з'ездзе членаў БПС-Р было прынята рашэнне аб яе самароспуску. Прызнавалася, што палітыка КП(б) Б цалкам адпавядае сацыяльным і нацыянальным інтарэсам працоўнага народа.
У першай палове 1920-х гадоў у БССР працягвала сваю дзейнасць Яўрэйская камуністычная партыя (Паалей Цыён). У снежні 1922 г. яе кіраўніцтва заявіла пра адмову ад сіянісцкай ідэалогіі і разрыў з Сусветным яўрэйскім камуністычным саюзам. У ёй адбыўся раскол: левая частка партыі ўвайшла ў РКП(б), а правая стварыла лаяльную КП(б) Б Яўрэйскую рабочую камуністычную партыю.
18 жніўня 1925 г. намеснік Паўнамоцнага прадстаўніка АДПУ па Заходнім краі І. Апанскі ў дакладзе «Палітычнае становішча ў Беларусі» заявіў, што ў рэспубліцы не адчувалася контррэвалюцыйнай дзейнасці іншых партый, за выключэннем сіяністаў
Пасля прыняцця ў КП(б) Б часткі былых бундаўцаў, паалейцыяністаў, беларускіх эсэраў колькасць выхадцаў з іншых партый у ёй павялічылася і склала ў 1925 г. 13, 5%. У ліку важнейшых ставіліся задачы ідэйнага выхавання шэраговых партыйцаў, па паходжанні яўрэяў.
У БССР завяршылася ўсталяванне аднапартыйнай сістэмы ў сярэдзіне 1920-х гг. Яўрэйская рабочая камуністычная партыя як аўтаномная частка КП(б) Б перастала існаваць у 1927 г. З цягам часу старыя партыйцы з дарэвалюцыйным стажам сталі губляцца сярод новых членаў, колькасць якіх рэзка ўзрасла. Да 1927 г. пасля Ленінскага і Кастрычніцкага прызываў яна робіцца масавай партыяй, у якой да 1927 г. налічвалася 1 200 тыс. чал.
Такім чынам, УКП(б) – КП(б) Б не толькі ўяўляла сабою адзіную ў краіне партыю, але і ўвасабляла ў ёй аднапартыйную сістэму. Пасля таго, як у Канстытуцыях СССР (1936) і БССР (1937) з’явілася палажэнне аб кіруючай ролі ЎКП(б) у савецкім грамадстве, аўтарытэт партыі ўзрос яшчэ больш. Усе дзяржаўныя органы павінны былі выконваць дырэктывы і пастановы партыйных з'ездаў, канферэнцый і іх выканаўчых органаў.
2. Канстытуцыйнае афармленне савецкай палітычнай сістэмы і кіруючай ролі камуністычнай партыі. Сканцэнтраванне функцый заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады ў руках дзяржаўна-партыйнага апарата
Перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі абумовіла складванне ў Расійскай рэспубліцы новай палітычнай сістэмы. Яе канстытуцыйнае афармленне адбылося ў студзені 1918 г. Да ўсталявання аднапартыйнай сістэмы кіруючая роля бальшавікоў у ажыццяўленні дыктатуры пралетарыяту не падкрэслівалася. Гэтая ж уласцівасць характэрна і Канстытуцыі БССР, прынятай 3 лютага 1919 г.
У пачатку 1920-х у савецкіх рэспубліках усталявалася палітычная сістэма, якая спалучала дэмакратычныя і таталітарныя рысы. Да першых варта аднесці існаванне правоў і свабод, у тым ліку апазіцыйных партый, да другіх – дыктатуру пралетарыята і выкарыстанне ёю гвалтоўных форм барацьбы супраць ідэйных праціўнікаў. Так, 6 чэрвеня 1922 г. выйшаў дэкрэт СНК РСФСР аб стварэнні органа цэнзуры – Галоўнага ўпраўлення па справах літаратуры і выдавецтваў – (Галоўліт). Яго мясцовыя органы знаходзіліся пры выканкамах Саветаў, але фактычна падпарадкоўваліся вышэйшым партыйным органам. Нягледзячы на тое, што ўлада перадавалася ў рукі шматпартыйных Саветаў, вызначальная роля ў іх таксама належала бальшавікам. У сістэме грамадскіх аб’яднанняў пераважалі бальшавізаваныя маладзёжныя і прафсаюзныя арганізацыі.
Утварэнне новай формы дзяржаўнага ўладкавання СССР, а разам з ёй – новай палітычнай сістэмы, было аформлена 31 студзеня 1924 г. ІІ з’ездам Саветаў СССР у прынятай ім Канстытуцыі, дзе, у прыватнасці, былі зафіксаваны правы саюзных рэспублік, замацаваны характарыстыкі грамадскага ўладкавання, правы і абавязкі грамадзян, выбарчае права, органы ўлады і кіравання. Нягледзячы на выразны класава-партыйны характар Асноўнага закона, у цэлым ён быў з’арыентаваны на кансалідацыю грамадства.
З-за працэдуры ўзбуйнення тэрыторыі БССР (1924, 1926) працэс прыняцця яе Канстытуцыі VIII Усебеларускім з'ездам Саветаў адбыўся толькі 11 красавіка 1927 г. Яна абвяшчала «дыктатуру пралетарыяту ў мэтах падаўлення буржуазіі, знішчэння эксплуатацыі чалавека чалавекам і здзяйснення камунізма» і пераход улады да саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Беларуская Канстытуцыя амаль цалкам дубліравала змест Асноўнага Закону СССР, і невыпадкова, бо ўсе важнейшыя пытанні дзяржаўнага жыцця рэспублікі вырашаліся ў вышэйшых органах улады Саюза ССР.
Канстытуцыя БССР 1927 г. яшчэ не прадугледжвала надання Камуністычнай партыі вызначальных функцый па кіраванні грамадствам, але ў рэальным жыцці такія тэндэнцыі ўжо вызначыліся. Так, шматступенная сістэма выбараў пры адкрытым галасаванні дазваляла партыйнаму кіраўніцтву ініцыіраваць і кантраляваць вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты.
Грунтоўныя перамены, якія адбываліся ў эканоміцы і грамадска-палітычным жыцці СССР у канцы 1920-пачатку 1930-х гг. запатрабавалі іх заканадаўчага афармлення. У канцы лістапада 1936 г. на VIII Надзвычайным з'ездзе Саветаў СССР зачытаны Генеральным сакратаром ЦК УКП(б) І. Сталіным праект Канстытуцыі нават без абмеркавання быў аднагалосна прыняты. У пачатку наступнага года адбылося прыняцце рэспубліканскіх, у тым ліку беларускай (19 лютага 1937) Канстытуцый. У ліку прынцыповых навацый Сталінскай Канстытуцыі былі канстатацыя поўнай перамогі ў краіне сацыялістычнага ладу і палажэнне аб партыі як «кіруючым ядры ўсіх арганізацый працоўных, як грамадскіх, так і дзяржаўных». Вышэйшыя ўладныя функцыі замацоўваліся за Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР у той час, як неканстытуцыйнай, але афіцыйнай вярхоўнай уладай у краіне з’яўляліся вышэйшыя органы партыйнага апарату – Палітбюро, Аргбюро, Сакратарыят ЦК УКП(б).
Канстытуцыя дэкларавала істотныя перамены ў выбарчай сістэме, надаўшы выбарчыя правы ўсім грамадзянам (акрамя прызнаных недзеяздольнымі) пры тайным галасаванні. Але па-ранейшаму выбары заставаліся безальтэрнатыўнымі і права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты фактычна замацоўвалася толькі за партыйнымі арганізацыямі.
Канстытуцыя ўтрымлівала прыкметы падзелу ўлады на заканадаўчую (Вярхоўны Савет), выканаўчую (Савет Народных Камісараў) i судовую (Вярхоўны суд). Але рэальнага падзелу ўлады не існавала. На справе рашэнні партыйных органаў фактычна ставіліся вышэй рашэнняў заканадаўчых органаў, што стварала адну з галоўных супярэчнасцей савецкай палітычнай сістэмы. Па Канстытуцыі вышэйшыя ўладныя функцыі замацоўваліся за Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР (старшыня М. Калінін), а фактычна іх здзяйсняла Палітбюро ЦК УКП(б) на чале з Генеральным сакратаром І. Сталіным.
Умацаванне асабістай улады І. Сталіна і пераход да дырэктыўных метадаў кіравання эканомікай з’явіліся вызначальнымі фактарамі ператварэння прынцыпу дэмакратычнага цэнтралізму ў рэжым аўтарытарызму з яго безумоўным падпарадкаваннем мясцовых структур цэнтральным органам як унутры кіруючай партыі, так і паміж імі – з аднаго боку, і шэраговымі партыйцамі – з другой.