Смекни!
smekni.com

Утварэнне і палітычнае развіццё суверэннай Рэспублікі Беларусь (стр. 3 из 4)

На падставе дэкрэта Прэзiдэнта ад 11 снежня 1996 г. «Аб зацвярджэннi Палажэння аб выбарах членаў Савета Рэспублікі Беларусь» была створана «верхняя палата» парламента – Савет Рэспублiкi.

У адпаведнасцi са зменамі і дапаўненнямі, унесенымі ў Канстытуцыю 26 лістапада 1996 г., замест аднапалатнага Вярхоўнага Савета з 260 дэпутатамi быў сфармiраваны двухпалатны – Палата Прадстаўнiкоў (110 абiраемых дэпутатаў) (старшыня А. А. Малафееў) i Cавет Рэспублiкi (па 8 абiраемых ад кожнай вобласцi i г. Мiнска i 8 прызначаных Прэзiдэнтам (з 13 студзеня 1997 г. старшыня П. Шыпук).

Указамi прэзiдэнта былi пераназначаны на пасады практычна ўсе вышэйшыя асобы, у тым лiку старшыня і суддзi Канстытуцыйнага Суда. Паўнамоцтвы самога Прэзiдэнта пачыналi адлiк на чарговыя 5 год.

Унесеныя змены і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь забяспечылі Прэзідэнту А. Лукашэнка новы статус главы дзяржавы, гаранта Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, а таксама практычна неабмежаваныя паўнамоцтвы. Адпаведным чынам узмацняліся і яго канстытуцыйныя абавязкі. Народная падтрымка на рэферэндуме зняла апошнія перашкоды да ажыццяўлення А. Лукашэнкам шырокай праграмы сацыяльна-эканамічных, палітычных, культурных і іншых пераўтварэнняў. Па сутнасці, і сама рэспубліка па форме кіравання памянялася з парламенцкай у прэзідэнцкую.

Разам з тым, асобныя дзеячы Вярхоўнага Савета не прызналi роспуск парламента ў 1996 г. законным i працягвалi выступаць ад яго iмя, стаўшы ў апазiцыю да Прэзiдэнта. Галоўныя iх патрабаваннi – вярнуцца да Канстытуцыi 1994 г. Арганiзаваная iмi у маi 1999 г. кампанiя па выбарах прэзідэнта не прыцягнула ўвагi грамадскасцi. Тым не менш, Захад так i не прызнаў А. Лукашэнку легiтымным прэзiдэнтам. Таму на мiжнароднай арэне Беларусь доўгi час прадстаўлялi 2 структуры – Вярхоўны Савет i Нацыянальны сход. Сітуацыю не палепшыла чарговая перамога А. Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 9 верасня 2001 г., калі за яго кандыдатуру аддалі галасы 75, 6 % электарату.

Беларуская апазіцыя і міжнародная супольнасць бачылі выйсце са складанага становішча, у якім апынулася Беларусь і яе кіраўніцтва ў канцы ХХ–пачатку ХХІ стст., у чарговых прэзідэнцкіх выбарах, меўшых адбыцца ў 2006 г. У адпаведнасці з дзеючай Канстытуцыяй, А. Лукашэнка не меў права браць у іх удзелу. Але пад уражаннем крывавай акцыі тэрарыстаў у асецінскім Беслане 1-3 верасня 2004 г., ён прыняў рашэнне звярнуцца да народа з просьбай аб дазволе ўдзельнічаць у выбарах. З гэтай нагоды на 17 кастрычніка 2004 г. у адзін дзень з парламенцкімі выбарамі прызначаўся трэці рэспубліканскі рэферэндум. У бюлетэні для галасаванні было запісана: «Ці дазваляеце Вы першаму Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнка А. Р. удзельнічаць у якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах Прэзідэнта і ці прымаеце частку першую Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: «Прэзідэнт абіраецца на пяць год непасрэдна народам Рэспублікі беларусь на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры патаемным галасаванні?».

Вынікі галасавання выявілі, што ў падтрымку просьбы і за ўнясенне адпаведных змен у Канстытуцыю выказалася 79, 42 % грамадзян, унесеных у спісы для галасавання. Самі прэзідэнцкія выбары, якія адбыліся 19 сакавіка 2006 г., прынеслі А. Лукашэнку чарговую перамогу. Унесеныя ў 81 артыкул Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь змены зараз нічым не абмяжоўваюць яго ўдзелу ў чарговых выбарах.

Такім чынам, тры рэспубліканскія рэферэндумы – 1995, 1996 і 2004 гг. не толькі пакінулі глыбокі след у грамадска-палітычным жыцці нашай краіны, але і істотна паўплывалі на змест яе Канстытуцыі.

4. Шляхі і асаблівасці фарміравання прававой дзяржавы і грамадзянскай супольнасці на Беларусі.Складванне шматпартыйнасці

За час свайго існавання СССР прэтэндаваў на назву дэмакратычнай дзяржавы, але ў поўным сэнсе такой не з’яўляўся. Не з’яўляўся ён і прававой дзяржавай, паколькі ўзаемаадносіны паміж асобай і ўладай складваліся на карысць апошняй, а кіруючая КПСС не адносіла правы чалавека да прыярытэтных каштоўнасцей. Натуральна, што ўсе гэтыя недахопы былі ўласцівы і БССР да таго часу, пакуль яна не набыла суверэнітэту. У далейшым фарміраванне прававой беларускай дзяржавы і грамадзянскай супольнасці адбывалася цывілізавана, без успышак гвалту ці ксенафобіі. Асаблівасцю гэтага працэсу можна лічыць высокую электаральную актыўнасць грамадзян, іх масавы давер уладзе, у тым ліку Прэзідэнту А. Лукашэнку.

Станаўленню прававой дзяржавы спрыялі банкруцтва КПСС, а разам з ёй – усёй партыйна-каманднай сістэмы, дэмакратызацыя грамадства, прыняцце Канстытуцыі ў 1994 (з дапаўненнямі і змяненнямі ад 24 лістапада 1996 і 17 кастрычніка 2004 гг.) ажыццяўленне парламенцкіх (1989, 1993, 2000, 2004, 2008 гг.) і прэзідэнцкіх (1994, 2001, 2006) выбараў на альтэрнатыўнай аснове.

У адпаведнасці з канстытуцыйным палажэннем аб прававым характары нашай дзяржавы, яна абвяшчае і захоўвае наступныя прынцыпы: 1. «Верхавенства і ўсеагульнасць закона ва ўсіх сферах грамадскага жыцця». Гэты прынцып азначае, што законы з’яўляюцца абавязковымі не толькі для грамадзян, але і для дзяржавы; 2. «Прававы характар законаў». У цяперашні час законы Рэспублікі Беларусь адпавядаюць міжнародным стандартам, з’яўляюцца гуманнымі, справядлівымі, уступаюць у дзеянне ў законным парадку. У адказ на пажаданне міжнароднай супольнасці кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь вывучае пытанне аб магчымасці скасавання ў нашай краіне пакарання смерцю. 3. «Найбольш поўнае забеспячэнне дзяржаваю правоў і свабод асобы і грамадзяніна». Чалавека, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі абвешчаны нашай Канстытуцыяй (артыкул 2) найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы; 4. «Узаемаадказнасць дзяржавы і асобы» Гэты прынцып акцэнтуе ўвагу на іх роўнай адказнасці перад законам; 5. «Легітымнасць улады ў грамадстве». Агульнавядома, што легітымнай лічыцца тая ўлада, якая ствараецца шляхам дэмакратычных выбараў, прызнаецца грамадзянамі сваёй краіны і на міжнародным узроўні. Пасля прэзідэнцкіх (2006) і парламенцкіх (2008) выбараў у Рэспубліцы Беларусь міжнародная супольнасць скасавала ўсе прэтэнзіі ў нелегітымнасці, выказаныя на адрас беларускага кіраўніцтва у 1990-я гг.; 6. «Падзел улад на заканадаўчую (парламент, прадстаўнічыя органы мясцовага кіравання), выканаўчую (урад, мясцовыя выканаўчыя ўстановы) і судовую (органы правасуддзя і нагляду)». Такое размежаванне існуе з часу ўтварэння суверэннай Беларусі. Яно выключае манаполію якога-небудзь органа на ўладу і служыць палітычнай стабільнасці грамадства. У нашай краіне да заканадаўчай галіны ўлады адносяць Нацыянальны сход і саветы дэпутатаў; да выканаўчай – Савет Міністраў і прэзідэнцкую вертыкаль; да судовай – Канстытуцыйны, Вярхоўны і Вышэйшы Гаспадарчы суды, пракуратуру, Камітэт дзяржаўнага кантролю.

Такім чынам, наша рэспубліка мае ўсе падставы называць сябе прававой дзяржавай. Яе станаўленне з’явілася базай для фарміравання так званай грамадзянскай супольнасці, якая ўяўляе сабой людзей, свабодных ад умяшальніцтва дзяржавы ў іх справы. Іх жыццё знаходзіцца за межамі дзяржаўна-палітычных адносін, падкантрольных дзяржаве, і скіравана на задавальненне асабістых інтарэсаў. Тут грамадзяне аб’яднаны не сілай закона, а ўзаемнай выгодай. У прававой дзяржаве прынцып узгаднення індывідуальных, групавых і агульных інтарэсаў становіцца дамінуючым, у яго захаванні зацікаўлены ўсе сацыяльныя суб’екты грамадзянскай супольнасці.

У працэсе свабодных, без умяшальніцтва і кантролю дзяржавы, стасункаў паміж людзьмі складваюцца сямейныя адносіны (шлюб, сям’я, мацярынства і дзяцінства); адносіны ўласнасці (прадпрымальніцтва, фермерства, наёмная праца); адносіны ў сферы інтэлектуальнай і мастацкай творчасці (навука, вынаходніцтва, літаратура, музыка, жывапіс); рэлігйныя адносіны (веравызнанне, царква, рэлігійныя аб’яднанні); неўрадавыя (экалагічныя, сацыякультурныя, дабрачынныя) і палітычныя (партыі, аб’яднанні) арганізацыі.

Падзел сацыяльнай сістэмы на грамадзянскую супольнасць і дзяржаву неабходны для забеспячэння суверэнітету народа ў дачыненні да ўлады, свабоды асобы. Іх суіснаванне жыццёва неабходная: дзяржаве належыць кіраваць грамадствам, але не падпарадкоўваць яго сабе цалкам. Паколькі выразнікам і асноўным сродкам рэалізацыі грамадскіх інтарэсаў з’яўляецца дзяржава, то грамадству належыць дапамагаць ёй ва ўсім. Урад любой краіны, у тым ліку і Рэспублік Беларусь, аб’ектыўна з’яўляецца агульнанацыянальнай палітычнай сілай і ў першую чаргу закліканы клапаціцца аб інтарэсах народа, у тым ліку і аб умацаванні грамадзянскай супольнасці. «Але я ўжо даўно вызначыў тое, – заявіў А. Лукашэнка ў сваім пасланні народу і парламенту 29 красавіка 2008 г., што мы называем стаўпамі грамадзянскай супольнасці, і з гэтага сыходзіць – прафсаюзы, маладзёжныя арганізацыі ў асобе Беларускага рэспубликанскага саюза моладзі, ветэранскія і жаночыя арганізацыі. Яны самыя масавыя, і яны прадстаўляюць усё грамадства. Гэта тыя чатыры апоры, на якія мы будзем абапірацца»

Самі грамадзяне павінны ўсведамляць, што іх удзел у палітычным жыцці не павінен абмяжоўвацца толькі выбарчымі кампаніямі. Пастаянны грамадскі кантроль за дзейнасцю ўладных структур, у тым ліку дзяржаўных СМІ паляпшаюць іх выніковасць, спрыяюць іх легітымацыі ў вачах айчыннай і міжнароднай супольнасці.

Гарантыяй дзейнасці грамадскай супольнасці з’яўляецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека (1948), Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах.