Смекни!
smekni.com

Характарыстыка грамадска-палітычнага ладу і права Старажытнай Беларусі (стр. 4 из 4)

Сістэма доказаў складвалася са сведчання відавочцаў злачынства ("вiдокi"); рэчавых доказаў ("полiчное"); выпрабаванняў агнём, вадой, жалезам ("ордалii"); прысягі.

Акрамя "Рускай Праўды" найбольш старажытнымі помнікамі пісанага права на Беларусі з'яўляюцца граматы аб адносінах Смаленска, Полацка і Віцебска з Рыгай і нямецкімі купцамі, а таксама дагаворы 1229, 1263 і 1338 гг. Гэтыя юрыдычныя помнікі з'яўляюцца каштоўнай крыніцай вывучэння старажытнага права. Бакі, якія дамаўляліся паміж сабой, знаходзіліся прыкладна на адным узроўні эканамічнага і культурнага развіцця і таму нярэдка ўключалі ў сумесныя пагадненні нормы звычаёвага права сваёй мясцовасці. Для ілюстрацыі больш падрабязна разгледзім дагавор 1229 г., які навукоўцы называюць "Смаленская гандлёвая праўда". Гэта міжнароднае гандлёвае і палітычнае пагадненне паміж Смаленскім, Віцебскім і Полацкім княствамі, з аднаго боку, і Рыгай і Готландам - з другога. Дагавор 1229 г. - адзін з першых дайшоўшых да нас помнікаў права феадальнай Беларусі. Ен замацаваў прававыя нормы, якія гарантавалі і забяспечвалі развіццё міжнародных гандлёвых адносін на падставе ўзаемнасці і раўнапраўя.

Ва ўступе да дагавора гаворыцца пра ўстанаўленне дружалюбных адносін паміж краінамі і пералічваецца склад пасольстваў, якія прымалі ўдзел у яго заключэнні. Тэкст дагавора складаецца з шэрага артыкулаў, у якіх выкладзены нормы крымінальнага, працэсуальнага права і права па абавязацельствах, а таксама палажэнні, што рэгламентавалі парадак заключэння дагавораў купліпродажу, правозу тавараў і інш. Дагавор устанаўліваў гарантыі недатыкальнасці іншаземных купцоў, узаемныя прывілеі па тавараабмене, агаворваў умовы бесперашкоднага продажу тавараў. Найважнейшыя артыкулы вызначалі свабоду гандлю як для іншаземных "гасцей" на беларускіх землях, так і для беларускіх купцоў у Рызе і іншых гарадах, бесперашкодны праезд па тэрыторыі гандлюючых бакоў, а таксама дакладныя пошліны на тавары.

Такім чынам, галоўнае прызначэнне дагавора 1229 г. заключалася ў замацаванні прававых нормаў, якія забяспечвалі нармальныя адносіны паміж заходне- і ўсходнееўрапейскімі народамі на аснове ўзаемнасці і раўнапраўя. Прадугледжвалася замацаванне мірных адносін паміж народамі, вызначаліся аб'ём адказнасці за крымінальныя злачынствы, парадак і чарговасць спагнання даўгоў, парадак судаводства.

Аналіз юрыдычных помнікаў Старажытнай Беларусі дазваляе сцвярджаць, што з далейшым развіццём і ўмацаваннем феадалізму пашыралася роля прававых нормаў у рэгуляванні грамадскіх адносін і перш за ўсё нормаў цывільнага і крымінальнага права.

У першую чаргу гэта адбілася на ўсталяванні рознай праваздольнасці простых людзей і феадалаў. Найбольш абароненымі законам былі князі, баяры і вышэйшыя слаі духавенства. Яны, у прыватнасці, маглі распараджацца сваімі маёнткамі, учыняць розныя грамадзянска-прававыя здзелкі, мець залежных людзей, а таксама халопаў. Меншай праваздольнасцю валодалі свабодныя людзі, якія знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад буйных землеўладальнікаў, яшчэ меншай - феадальна-залежныя сяляне. Халопы і чэлядзь нявольная не мелі амаль ніякіх правоў. Напрыклад, яны не маглі валодаць нерухомай уласнасцю, выступаць у судзе.

Крыніцы дазваляюць сцвярджаць, што ў залежнасці ад класавай прыналежнасці пацярпеўшага і злачынцы ўстанаўлівалася і розная крымінальная адказнасць. Напрыклад, у адпаведнасці з дагаворам 1229 г. за забойства свабоднага чалавека з вінаватага спаганялася 10 грыўнаў серабра, за папа або пасла - 20, за халопа - 1 грыўна серабра.

Заканадаўства разглядаемага перыяду перш за ўсё вылучае такія віды пакарання, як маёмасныя спагнанні і выдача злачынцы пацярпеўшаму. За асабліва цяжкія злачынствы закон прадугледжваў расправу і рабаванне як самога вінаватага, так і яго сям'і.

У сямейным праве вялікае значэнне надавалася шлюбу. Асабістыя адносіны ў сям'і будаваліся на падпарадкаванні жонкі мужу. Апошні прызнаваўся галавой сям'і, але калі муж ішоў у сям'ю жонкі, то ўласнікам гаспадаркі лічылася жонка або яе бацькі. У адпаведнасці з нормамі старажытнага права жанчыны карысталіся значнымі правамі і павагай. Так, за злачынствы, учыненыя супраць жанчыны, вінаваты нёс пакаранне ў двайным памеры, жорстка караліся антымаральныя ўчынкі. Напрыклад, арты-кул 17 дагавора 1229 г. (Готландская рэдакцыя) за пралюбадзейства ўстанаўліваў такую ж санкцыю, як і за забойства, - 10 грыўнаў серабра. Прыняцце хрысціянства і яго далейшае распаўсюджванне на тэрыторыі сучаснай Беларусі адбілася на ўсіх баках жыцця грамадства, у тым ліку і на праве, перш за ўсё сямейным. Так, была ўстаноўлена царкоўная форма шлюбу з абавязковым вянчаннем у храме. Толькі дзеці, якія нарадзіліся ад бацькоў, што знаходзіліся ў цар-коўным шлюбе, мелі права на атрыманне спадчыны.

У судах дзяржаў-княстваў Беларусі панаваў абвінаваўча-спаборны працэс, які ўжываўся пры разглядзе грамадзянскіх і крымінальных спраў, калі кожны бок спрабаваў даказаць сваю праўду. Галоўную ролю ў доказах мелі паказанні сведкаў, прысяга (цалаванне крыжа), "суд боскі" (выпраба-ванне агнём ці вадой). Князі, іх пасаднікі, іншыя службовыя асобы выконвалі функцыі пасрэднікаў у судовым працэсе, спаганяючы за гэта пэўную суму - віру (штраф). Прымітыўная класавая структура старажытных дзяржаў-княстваў і недастаткова выяўлены класавы антаганізм не дазволялі суду заняць важнае месца ў сістэме ўлады Старажытнай Беларусі.


Спіс выкарыстаных крыніц

1. Сокал С.Ф. Гісторыя дзяржавы і права БССР (дакастрычніцкі перыяд) / Сокал С.Ф. – Мн., 1989.

2. Горемыкина В.Н Возникновение и развитие первой антагонистической формации в средневековой Европе. – Мн., – 1982.

3. Нарысы гісторыі Беларусі. – Мн., 1994.

4. Юхо Я. Л. Узнікненне дзяржавы і яе сутнасць //Беларус. гіст. часопіс / Я.Л. Юхо – 1997. – № 3.