Смекни!
smekni.com

Сацыяльна-эканамічнага становішча Беларусі ў канцы ХIХ стагоддзя (стр. 3 из 3)

У 80-х гг. ХІХ ст. з'явілася неабходнасць размежавання мястэчак і сельскіх паселішчаў у сувязі з забаронай у 1882 г. яўрэям сяліцца па-за межамі гарадоў і мястэчак. Мястэчкі малі пераважна прыватнаўласніцкі характар і шматэтнічны склад насельніцтва. 82,5% мястэчак Беларусі ў пачатку 60-х гг. знаходзілася на памешчыцкіх землях, астатнія — на дзяржаўных, у той час як вёскі стаялі пераважна на сялянскіх. У 1863 г. для мяшчан замест падушнага падатку ўводзены падатак з нерухомай маёмасці. Разам з мяшчанамі гэты падатак павінны былі плаціць таксама і жыхары (у тым ліку сяляне) мястэчак. Акрамя таго, пасля 1875 г. з'явілася местачковае мяшчанскае самакіраванне. У пачатку 60-х гг. у беларускіх губернях налічвалася 418 мястэчак, у канцы стагоддзя — каля 320. Мястэчкі адыгрывалі значную ролю ў эканамічным жыцці. Каля паловы ўсіх занятых у сферы прамысловасці Беларусі канцэнтравалася ў мястэчках, у гарадах — прыкладна 30%, у сельскіх населенных пунктах — каля 18%.

За другую палову XIX ст. толькі адно паселішча Беларусі атрымала афіцыйны статус горада. Гэта — Горкі ў 1861 г., хаця шэраг мястэчкаў па сваіх памерах і гандлёва-прамысловаму значэнню не ўступалі некаторым гарадам, а часам іх і пераўзыходзілі. Расійскі ўрад не спяшаўся надаваць гарадскі статус населенным пунктам Беларусі. Тыя, што былі афіцыйна прызнаны гарадамі, звычайна выконвалі пэўную адміністратыўную функцыю. Сярод 44 беларускіх гарадоў налічваліся 4 губернскія цэнтры, 31 павятовыя і толькі 9 пазаштатных ці безпавятовых гарадоў.

У гарадскіх цэнтрах Беларусі на працягу другой паловы ХІХ ст. паступова ствараліся лепшыя бытавыя ўмовы жыцця і прадпрымальніцтва. Тут з'явіліся брукаваныя вуліцы, электраасвятленне, тэлефонная сувязь і г. д. Ужо з 1860 г. уздоўж шашэйных і чыгуначных дарог працягнуліся тэлеграфныя правады, якія злучылі многія населеныя пункты. З 1874 г. на Беларусі пачалі дзейнічаць вадаправод (у Мінску), з 1889 г. — электраасвятленне (пры Добрушскай папяровай фабрыцы), з 1898 г. — трамвай (у Віцебску). Апошні тут быў пушчаны раней, чым у Маскве і Пецярбургу.

У цэлым урбанізацыйныя працэсы ў Беларусі другой паловы ХІХ ст. развіваліся ў неспрыяльных эканоміка-палітычных умовах. Тагачаснаму стану Беларусі найбольш адпавядалі дробныя гарады і буйныя мястэчкі. У іх канцэнтравалася больш паловы неземляробчага насельніцтва Беларусі. Структура вытворчасці ў такіх паселішчах найбольш адпавядала мясцоваму ўкладу жыцця. Беларускія гарады мелі перавагу над расійскімі ў сферы гандлю, які тут быў больш інтэнсіўным.

Да 60-х гадоў XIX ст. асноўнымі сродкамі зносін на Беларусі з'яўляліся водныя, шашэйныя і грунтовыя дарогі, якімі абслугоўваўся ўнутраны і замежны гандаль. Водныя шляхі ў беларускіх губернях складалі ў сярэдзіне XIX ст. 5 399 верст, паштовыя дарогі — 3 816 верст, шашэйныя дарогі — 1 109 верст. Водныя шляхі ўтваралі рэкі басейнаў Днепра, Заходняй Дзвіны і Немана, што Дняпра-Бугскім, Агінскім і Бярэзінскім каналамі злучаліся ў адзіную транспартную сетку. У рачным суднаходстве за 60—90-я гг. XIX ст. значна ўзрасла роля параходаў. У 1900 г. на рэках Беларусі налічвалася 194 паравых і 590 непаравых суднаў. За гэты ж перыяд прыкметна пашырылася якасць іпавялічылася працягласць шашэйных дарог. У пачатку XX ст. у разліку на 100 кв. верст Беларусь іх мела ў 2 разы больш, чым Еўрапейская Расія. Асаблівае значэнне мела Пецярбургска-Кіеўская і Маскоўска-Варшаўская шашэйныя дарогі.

На эвалюцыю структуры гарадскіх паселішчаў, далейшае развіццё гандлева-прамысловай дзейнасці істотны ўплыў аказала чыгуначнае будаўніцтва. Акрамя ваенна-стратэгічных задач яно адпавядала патрэбам агульнарасійскага рынку. Аднак правядзенне чыгуначных магістраляў не улічвала патрэбаў развіцця беларускага ўнутранага рынку, існаваўшай структуры гарадскіх паселішчаў, змяніла транзітнае становішча Беларусі ў гандлі Расіі з заходнімі краінамі. Першая чыгунка праз Беларусь прайшла ў 1862 г. Гродзенскі кавалак пабудаванай Пецярбургска-Варшаўскай магістралі склаў 50 верст. У 1866 г. было завершана будауніцтва Рыга-Арлоўскай чыгункі, якая прайшла праз паўночны ўсход Беларусі (Дзвінск — Полацк Віцебск). У лістападзе 1871 г. быў адкрыты рух на беларускім адрэзку (праз Оршу, Барысаў, Мінск, Баранавічы) чыгуначнай магістралі Масква — Брэст. Праз два гады была здадзена ў эксплуатацыю Лібава-Роменская чыгунка, якая прайша праз Маладзечна — Мінск — Бабруйск — Гомель. У 80-х гг. пачаўся рух на Палескіх чыгунках, якія складаліся з невялікіх участкаў (Вільня — Баранавічы — Лунінец, Гомель — Лунінец — Пінск — Жабінка, Баранавічы — Слонім — Ваўкавыск — Беласток). Да палескіх чыгунак былі далучаны ўчасткі, якія звязалі Брэст з Украінай, Гомель з Бранскам. У 1896 г. закончылася будаўніцтва лініі Асіповічы — Старыя Дарогі, а ў 1902 г. Пецярбурска — Адэскай магістралі, якая пралягла праз Віцебск, Оршу, Магілеў, Жлобін.

У выніку чыгуначанага будаўніцтва чыгуначнымі вузламі і цэнтрамі транзітнага гандлю сталі Мінск, Гомель, Орша, Жлобін, Пінск, Мазыр, Слонім, Баранавічы, Лунінец і інш. Аднак на мясцовым рынку новыя чыгуначныя станцыі не адразу станавіліся гандлевымі цэнтрамі. У 60—90-х гг. паступова страчваюць сваю ролю кірмашы, затое актывізуецца магазінна-крамны гандаль. У канцы XIX ст. на яго прыходзілася 95% усяго унутранага абароту гарадоў.

На беларускім рынку галоўным таварам у канцы XIX ст. быў лес. Другое месца па значнасці ў грузаабароце займала група прадуктаў паляводства (зернавыя, плады, гародніна і г. д.). Аднак удзельная вага гэтых тавараў на працягу другой паловы XIX ст. скарачалася, асабліва ў сувязі з аграрным крызісам. Апошні прывеў да пераспецыялізацыі землеўласнікаў на мясамалочную вытворчасць і адпаведна да росту ў таваразвароце ўдзельнай вагі прадуктаў жывелагадоўлі. У грузаабароце Беларусі былі тавары з мінеральнага паліва, будаўнічых матэрыялаў, металічных вырабаў, шкла, солі.

Прадукты сельскай гаспадаркі і вырабы прамысловасці, акрамя сбыту на месцы, вывозіліся ў гарады Расіі, Украіны, Польшчы. Спірт вывозіўся ў Пецярбург, Кіеў, Адэсу, Маскву, Цвер. Прадукцыя запалкавых фабрык адпраўлялася ў Ромны, Палтаву, Харкаў, Варшаву, Баку папера і кардон — у Кіеў, Екацерынаслаў, Адэсу, Рыгу. Вырабы шкляной і керамічнай прамысловасці збываліся ў Маскве, Кіеве, Адэсе.

У другой палове XIX ст. разам з развіццем гандлевага прадпрымальніцтва вырасла колькасць асоб, якія ім займаліся. Склад апошніх па саслоўнаму паходжанню і сацыяльна-эканамічнаму становішчу істотна пашырыўся. Да канца XIX ст. гандлевае прадпрымальніцтва ў адносна буйных памерах заканадаўча звязвалася з прыналежнасцю да купецкага саслоўя. К пачатку 60-х гг. колькасць купцоў у беларускіх губернях складала 14,9 тыс. чалавек. Перапісам насельніцтва 1897 г. іх было зафіксавана тут каля 18,3 тыс. чалавек. Аднак многія прадпрымальнікі лічылі для сябе больш мэтазгодным заставацца па-за межамі купецкага саслоўя, прыналежнасць да якога не давала ніякіх рэальных пераваг. Яны набывалі пасведчанні на права займацца гандлем і промысламі, але не выкуплялі гільдзейскіх дакументаў. Акрамя таго, статыстыка набытых прамысловых дакументаў улічвала і дробнае прадпрымальніцтва (развозны, разносны гандаль і г. д.). Так, толькі ў Мінскай губерні ў 1870 г. было выдадзена 12 625 гадавых пасведчанняў і білетаў на права гандлю і промыслаў, з іх 1 317 (10,4%) —гільдзейскіх. У 1895 г. колькасць набытых тут гадавых дакументаў склала 14 239, у тым ліку 2 529 (17,8 %) купецкіх.

У сярэдзіне XIX ст. пачалі з'яўляцца на тэрыторыі Беларусі крэдытныя кааператывы, аб'яднанні дробных гандляроў, рамеснікаў, сялян іг. д. У 1870 г. у Гомелі, а затым у 1874 г. — у Полацку, 1882 — у Віцебску былі адкрыты гарадскія грамадскія банкі, якія належалі органам гарадскога самакіравання. У 1873 г. быў створаны першы прыватны банк на тэрыторыі Беларусі — Мінскі камерцыйны. Ён займаўся пераважна крэдытаваннем гандлю сельскагаспадарчай прадукцыяй, лесам. Аддзяленні банка дзейнічалі ў Гомелі, Магілёве, а таксама за межамі Беларусі — у Лібаве, Навазыбкаве. У 1881—1884 гг. у Мінску, Віцебску, Магілеве, Гродне пачалі дзейнічаць аддзяленні Дзяржаўнага банка Расіі, якія крэдытавалі багатых кліентаў. Ва ўсіх беларускіх губернях дзейнічалі аддзяленні Дваранскага зямельнага банка, які быў створаны для ільготнага крэдытавання памешчыкаў пад заклад зямліібудынкаў. У Віцебску, Мінску, Віцебску і Магілёве былі адчынены аддзяленні Сялянскага зямельнага банка, куды як і ў Дваранскі зямельны доступ мелі асобы праваслаўнага веравызнання. У 1874 г. з'явіліся Мінскае і Магілёўскае таварыствы ўзаемнага крэдыту, да канца XIX ст. іх колькасць павялічылася да 9. Асобныя з іх мелі не меньшы аб'ём аперацый, чым філіялы буйных агульнарасійкіх банкаў.

Па крэдытных аперацыях у сярэдзіне XIX ст. Беларусь залежыла ад Германіі і яе пасрэдніцы Польшчы. У апошняй чвэрці XIX ст. асноўны накірунак уплыву ў крэдытнай сферы перамясціўся з захаду на ўсход. У гэты час ужо склалася агульнарасійская крэдытная сістэма. У 90-х гадах XIX ст. у гарадах Беларусі пачалі працаваць аддзяленні Маскоўскага міжнароднага гандлёвага банка (Віцебск, Брэст), Пецярбургска-Азоўскага (Мінск), Арлоўскага (Гомель, Орша, Бабруйск), Паўднева-Рускага (Магілеў), Віленскага (Бабруйск), Паўднёвага (Гродна) камерцыйных банкаў. Усе беларускія губерніі былі ўключаны ў раён дзейнасці Віленскага зямельнага банка. Акрамя таго, Віцебская, Магілеўская і Мінская губерніі уваходзілі ў сферу ўплыву Маскоўскага, а Віленская і Гродзенская — у сферу Пецярбургска-Тульскага зямельных банкаў.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Цяплова В.А. Гісторыя Беларусі XIX ст. – Мн., 2007.

2. Шибеко З.В. Минск в конце XIX – начале XX в.: Очерк соц.-эконом. развития. Мн., 1985.

3. Шыбека З.В. Гарады Беларусi (60-я гады XIX – пачатак XX ст.). Мн., 1997.

4. Лютый А.М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце XVIII – XIX в. Мн., 1987.