Вясной 1649 г. з Украіны на Палессе прыбыў 3-тысячны загон палкоўніка Галоты і паўстанне ізноў стала разгарацца. Неўзабаве тут з’явіліся загоны Гаркушы, Пабадайлы, Крычэўскага i iнш. Б. Хмяльніцкі працягваў накіроўваць казакоў на Беларусь, каб скаваць сілы Радзівіла і не дапусціць іх злучэння з каралеўскімі войскамі. Але 21 чэрвеня 1649 г. шляхце ўдалося разграміць групоўку сялянска-казацкіх паўстанцаў на чале з М. Крычэўскім, а затым лагер Пабадайлы каля Лоева. У выніку паўстанцкі рух рассеяўся на асобныя плыні, страціў масавасць і набыў форму партызанскай барацьбы.
6 жніўня шляхецкае войска ВКЛ захапіла Кіеў аб’ядналася з каралеўскім. 28 верасня 1651 г. Б. Хмяльнiцкі быў вымушаны падпісаць не выгадны для сябе Белацаркоўскі мір. Застаўшыся без казацкай падтрымкi, беларускiя паўстанцы не здолелi працягваць адкрытую барацьбу, некаторы час дзейнiчалi паасобку, але ў далейшым былi вымушаны спынiць супрацiўленне. Відавочна, што ў ліку прычын паражэння паўстання на Беларусі з’яўлялася адсутнасць такой арганізаванай сілы як казацтва і адзінага цэнтра кіравання. Усе выступленні як сялян, так і мяшчан, былі лакальнымі і не скіроўваліся на дасягненне адзінай мэты. Тым не менш, па сваім характары, маштабах яны мелі прыкметы антыфеадальнай вайны.
Адным з вынікаў казацкага паўстання на Ўкраіне з’явілася ўваходжанне яе левабярэжнай часткі (Гецьманшчыны) у Расію пад пратэктарат маскоўскага цара. Але пераяслаўскі дагавор ператварыў канфлікт паміж казацтвам і польскай шляхтай у вайну РП з Расіяй.
Карыстаючыся цяжкім становішчам РП, цар Аляксей Міхайлавіч (1645-1676) вырашыў замацаваць поспех захопам суседніх з Расіяй зямель ВКЛ. Яго разлік на пераможную кампанію будаваўся не толькі на рускае 80-тысячнае войска (супраць 10-тысячнага шляхецкага), але і на дапамогу беларускага насельнiцтва.
З пачаткам лета 1654 г. рускiя стральцы перайшлі мяжу ВКЛ. У паўночным напрамку за лета стральцы заваявалі Полацк, Мсціслаў, Оршу, у верасні – Смаленск, у канцы лістапада – Віцебск. На поўднi яны з дапамогай 20-тысячнага казацкага войска захапiлi Гомель, Чачэрск, Прапойск, Быхаў. Некаторыя гарады, да прыкладу, Магілёў, здаваліся без супраціўлення. Летам 1655 г. пачалося новае наступленне рускiх войск на чале з ваяводам Трубяцкім, якое скончылася захопам цэнтральная i заходняй часткі Беларусi разам з Вiльняй.
У ліпені 1655 г. шведскі кароль Карл Х Густаў рушыў вайной на РП і захапіў вялікую яе частку разам з Варшавай. У тых умовах шляхецкая групоўка паспрабавала аднавіць самастойнасць ВКЛ. З гэтай нагоды Я. Радзівіл пайшоў на заключэнне саюза ВКЛ са Швецыяй і ў кастрычнiку 1655 г. падпісаў акт так званай Кейданскай унii. Але асноўная маса шляхты засталася вернай уніі «двух народаў».
Небяспека ўмацавання Швецыі прымусіла цара прыпыніць баявыя дзеянні супраць РП і 24 кастрычніка 1656 г. падпісаць з ёй так званае Віленскае перамір’е. Па яго ўмовах на акупiраванай тэрыторыі ўлада заставалася за рускімі ваяводамі. Тым з беларускай шляхты, хто прысягаў цару, надавалiся правы рускіх дваран. Насельнiцтва i палонныя павінны былі ахрысціцца ў праваслаўную веру Каталiцкiя i унiяцкiя храмы зачыняліся. Становішча яўрэяў значна пагоршылася.
Разам з тым паводзiны рускiх стральцоў на Беларусi выклiкалi моцнае незадавальненне мясцовага жыхарства. Цэлыя сялянскiя i рамеснiцкiя сем’i вывозiлiся ў Расію. У выніку людзі адмаўляліся ад прысягі на вернасць цару і браліся за зброю. У 1658 г., калі баявыя дзеянні паміж РП і Расіяй аднавіліся, выступленні супраць стральцоў значна пачасціліся. На бок караля РП перайшло ўкраінскае казацтва.
Пасля падпiсання мiру са Швецыяй (май 1660) РП здолела мабілізаваць сілы на барацьбу за вызваленне акупіраваных тэрыторый ВКЛ. Так, 18 чэрвеня аб’яднанае войска польскай i лiтоўска-беларускай шляхты на чале з П. Сапегам разбiла войска ваяводы Хаванскага каля в. Палонка, Слонiмскага пав. У лiпенi уся Беларусь на захад ад Бярэзiны была вызвалена. У кастрычнiку 1660 г. войска царскага ваяводы Далгарукага было адкiнута да Смаленска.
У пачатку 1661 г. узмацняецца антырускае супрацiўленне на акупiраванай тэрыторыi. Так, у лютым 1661 г. адбылося паўстанне мяшчан Магiлёва, якiя за ноч знiшчылi 2 000 стральцоў. Такiя ж паўстаннi адбылiся ў Гомелi i iншых гарадах. Восенню войска РП вызваліла Гародню і Вільню. Але на буйнамаштабныя акцыi нi у аднаго з бакоў ужо не было сiл, таму баявыя дзеяннi перапынiлiся на 2 гады.
Апошняя за час вайны на Беларусі бітва адбылася летам 1664 г. пад Віцебскам, дзе былі разгромлены войскі ваяводы Хаванскага. Асноўныя падзеі перамясціліся на Украіну і 30 студзеня 1667 г. завяршыліся перамір’ем, падпісаным у в. Андрусава (каля Мсціслава). Паводле яго ўмоў, да Расii адыходзiлi Смаленскае i Чарнiгаўскае ваяводствы, Старадубскі пав., левабярэжная Украiна, (на 2 гады) Кіеў. Запарожская Сеч пераходзiла пад сумеснае кiраўнiцтва. 6 мая 1686 г. умовы Андрусаўскага перамір’я былі замацаваны «Вечным мірам», і дапоўнены перадачай Расіі Запарожжа і Кіева.
У так званай Паўночнай вайне (1700-1721) Расія і РП удзельнічалі галоўным чынам як саюзнікі. Іх сумесная дзейнасць была абумоўлена імкненнем падарваць гегемонію Швецыі ў балтыйскім рэгіёне. Першая антышведская кааліцыя стала фарміравацца ў пачатку 1699 г. у складзе Расіі і Даніі. Восенню негалосна да саюзнікаў далучылася РП. 12 лютага 1700 года саксонскія войскі, пасланыя каралём РП Аўгустам ІІ (1697-1733) асадзілі Рыгу. У сакавіку распачала ваенную актыўнасць Данія, але ўжо ў чэрвені шведскія войскі прымусілі яе пайсці на замірэнне.
У жніўні 1700 г. Расія аб’явіла вайну Швецыі. Але Карл ХІІ пасля атрыманай перамогі пад Нарвай у не лічыў яе моцным праціўнікам, таму скіраваў асноўныя сілы супраць РП і ў 1701 г. захапіў Варшаву, праз год – Гародню. Шляхта адрэзанага ад Польшчы ВКЛ стварыла канфедэрацыю i вясной 1703 г. падпiсала дагавор з царом Расіі Пятром I (1685-1725) аб сумеснай барацьбе супраць шведаў. 14 студзеня 1704 г. Карл ХІІ прымусіў сейм адхіліць Аўгуста ІІ ад трона і замест яго абраць каралём Станіслава Ляшчынскага. Частка шляхты адмовілася прызнаваць новага караля і аб’ядналася ў Сандамiрскую канфедэрацыю. Іх падтрымала канфедэрацыя шляхты ВКЛ. Але Аўгуст IІ сам адмовіўся ад трона, а Радзiвiлы, Пацы, Вiшнявецкiя і інш. прызналі новага караля.
Восенню 1704-1705 гг. руская армiя аднавiла баявыя дзеяннi на Беларусi. На баку шведаў змагалiся атрады Сапегi. Маёнткi i вёскi, якiя належалi саюзнiкам Пятра I, бязлiтасна знiшчалiся. У сваю чаргу рускiя войскi жорстка каралi насельнiцтва беларускiх гарадоў, якія былi вымушаны забяспечваць шведаў правiянтам i фуражом. Так, па загаду Пятра быў цалкам спалены горад Магiлёў.
У студзенi 1708 г. Карл ХII паставiў на мэце перанесцi баявыя дзеяннi на тэрыторыю Расii. Сваю дапамогу ў гэтым абяцаў украiнскi гетман Мазепа. На Беларусi шведы iзноў занялi Гародню i iншыя гарады. У лiпенi таго ж 1708 г каля м. Галоўчын, Аршанскага павета яны ўшчэнт разбiлi корпус генерала Рэпнiна.
Затое 28 верасня каля в. Лясная, што пад Прапойскам, рускім салдатам, якімі камандаваў Пётр, удалося разграмiць шведскi корпус генерала Левенгаупта і захапіць абоз з боепрыпасамі, прызначаны для Карла ХІІ. Гэта сражэнне ў многiм абумовiла шчаслiвы для рускiх войск вынiк генеральнай бітвы пад Палтавай 27 чэрвеня 1709 г. Невыпадкова, перамогу пад Лясной Пётр І назваў «маці Палтаўскай вікторыі». Вайна са Швецыяй скончылася ў 1721 г. яе поўным паражэннем.
Беларусь, дзе адбываліся моцныя баі паміж рускiм i шведскiм войскамi, панесла велiзарныя людскiя i матэрыяльныя страты. Пры гэтым гiнула i шляхта, i рэкрутаваныя ёй сяляне, нiшчылiся велiзарныя матэрыяльныя каштоўнасцi. Усяго на Беларусi загiнула, памерла ад ран, хваробы i голаду каля 700 тыс чал. з яе 2, 2 мiльённага насельнiцтва. Як шведы, так i рускiя, разглядалi беларускую зямлю як варожую тэрыторыю, а яе багаццi як звычайную ваенную здабычу.
5. Палітычны крызіс Рэчы Паспалітай і яе падзелы
Праз 100 год пасля заключэння Люблiнскай унii унутрыпалiтычнае становiшча РП стала выяўляць прыкметы крызiсу і найперш у вышэйшых колах дзяржаўнай улады. Так, паўнамоцтвы двухпалатнага сейма пераўзыходзiлi каралеўскiя, але і ён выявіў сур’ёзную недасканаласць. Так, за час з 1652 па 1764 гг. у вынiку дэструктыўных захадаў магнатаў і іншых зацікаўленых асоб 48 пасяджэнняў сейма з 55 было сарвана ў выніку выкарыстання дэпутатамі права «лiберум вета».
Пачынаючы з 1648 і да 1717 г. РП знаходзілася ў стане амаль бесперапынных войнаў з Расіяй, Швецыяй, Асманскай імперыяй, крымскімі татарамі. Далёка не ўсе яны заканчваліся пераможна для яе. Суседзi РП – Прусія, Аўстрыя і Расія адкрыта выказвалi да яе тэрытарыяльныя прэтэнзii. Так, у гады Паўночнай вайны (1700–1721) прускі кароль планаваў аддзяліць ад РП узбярэжжа Балтыкі. Аўстрыя прэтэндавала на Заходнюю Ўкраіну. Расія будавала планы адносна далучэння астатняй Украіны і Беларусі.
Негатыўнае ўздзеянне на ўнутрыпалітычнае жыццё РП працягвала аказваць пытанне аб дысідэнтах (іншаверцах). З другога боку, нераўнапраўе насельніцтва ў справах веры выклікала ўмяшальніцтва з боку суседніх дзяржаў, асабліва лютэранскай Прусіі і праваслаўнай Расіі. Рускія цары бралі на сябе ролю абаронцы iнтарэсаў сваіх аднаверцаў у РП, а па сутнасці, умешваліся ў яе ўнутраныя справы. Так, з дапамогай рускай арміі ў 1733 г. трон заняў Аўгуст III (1733-1763). Пасля яго смерцi кожная групоўка магнатаў выставіла ўласнага прэтэндэнта за трон. Расійская імператрыца Кацярына ІІ (1762-1796) падтрымала партыю Чартарыйскіх і іх прадстаўніка – ураджэнца маёнтка Волчын Берасцейскага пав., стольнiка ВКЛ Cтанiслава Панятоўскага, якi пры каранацыi набыў iмя Аўгуст IV (1764-1795).
Карыстаючыся падтрымкай Расіі, праваслаўная шляхта ВКЛ утварыла канфедэрацыю з цэнтрам у Слуцку і дамаглася заканадаўчага ўраўнання ў правах усіх вернікаў РП. Спроба створанай у 1768 г. у г. Бар канфедэрацыі каталіцкай шляхты з дапамогай зброі выступіць супраць парушэння «старыны» скончылася яе разгромам рускімі войскамі ў снежні 1771 г.
Скарыстаўшы палiтычны крызiс, 5 жнiўня 1772 г. Расiя, Прусiя i Аўстрыя падпiсалi канвенцыю аб частковым падзеле памiж сабой тэрыторыi РП, каб тым самым «прадухiлiць дзяржаву ад поўнага разлажэння». У выніку да Расii адыйшла ўсходняя частка Беларусі.