Смекни!
smekni.com

Беларусь у ХVІ-ХVІІІ cтагодзях (стр. 5 из 5)

Прагрэсіўная шляхта спрабавала прадухiлiць далейшы заняпад дзяржавы. 3 мая 1791 г. група дэпутатаў сейма (Г. Калантай, С. Малахоўскi, К. Сапега і інш.) дамаглася прыняцця ім канстытуцыi. У яе аснову быў пакладзены прынцып падзелу ўлад. Заканадаўчая ўлада надавалася двухпалатнаму сейму, якi выбiраўся на 2 гады i быў павiнен прымаць рашэннi большасцю галасоў, без выкарыстання «лiберум вета». Выканаўчая ўлада даручалася каралю i радзе, якая складалася з прымаса i 5 мiнiстраў. Выбарнасць каралёў забаранялася.

Канстытуцыя гарантавала захаванне за шляхтай правоў i яе вызначальнай ролi у грамадскiм жыццi. Мяшчанам дазвалялася набываць зямельныя ўладаннi, займаць кiруючыя пасады ў дзяржаўным апараце i войску. Сялянскае саслоўе абвяшчалася пад заступнiцтвам закону. Абвяшчалася свабода веры, але каталiцтва захоўвала статус дзяржаўнай рэлiгii.

Канстытуцыя 3 мая 1791 г. была першай у Еўропе. Нягледзячы на яе абмежаваны характар, яна мела прагрэсіўны характар: лiквiдоўвала феадальную анархiю, стрымлівала свавольства магнатаў, пашырала правы мяшчанства, спрыяла развіццю буржуазных адносін.

2 ліпеня 1791 г. была здзейснена спроба пазбавiць Расiю падставы для ўмяшання ва ўнутраныя справы РП пад выглядам абароны правоў праваслаўных вернiкаў. З гэтай нагоды ў Пiнску быў склiканы вышэйшы сход праваслаўных дзеячаў – «Генеральная кангрэгацыя», якiя пастанавiлi: замест расiйскага Сiнода прызнаць вяршэнства Канстанцiнопальскага патрыярха i абраць аўтакефальнае кiраванне ў РП.

Тым не менш, ні канстытуцыя, ні кангрэгацыя не абаранiлі краіну ад далейшага крызісу дзяржаўнасці. 14 мая 1792 г. у Пецярбургу праціўнікамі рэформ быў абвешчаны акт канфедэрацыi, а з г. Таргавіцы (Падолле) на Варшаву пад лозунгам абароны самабытнага дзяржаўнага парадку рушылі сілы канфедэратаў пры падтрымцы 100-тысячнага расійскага войска. 24 ліпеня 1792 г. на іх бок перайшоў сам кароль, а яго войска – у падпарадкаванне канфедэратаў. Патрыятычна настроеныя генералы Касцюшка, Панятоўскі і інш. падалі ў адстаўку. Тым самым праціўнікі рэформ падрыхтавалi новы падзел РП. Так, 12 студзеня 1793 г. у Пецярбургу была падпiсана канвенцыя памiж Расiяй i Прусiяй, паводле якой да Расii адыйшлi землi Цэнтральнай Беларусі, а таксама правабярэжная Ўкраiна.

Патрыятычна настроеная шляхта ўстала на шлях узброенай барацьбы за вяртанне да РП страчаных тэрыторый. Цэнтр па падрыхтоўцы паўстання размяшчаўся ў Лейпцыгу. У Вiльнi дзейнiчала тайная арганiзацыя на чале з палкоўнікам Я. Ясiнскiм. Паўстанцы звязвалі свае спадзяваннi на поспех са славутым генералам Т. Касцюшкам. 24 сакавіка 1794 г. у Кракаве ён абвясціў «Акт паўстання грамадзян» і заклiкаў да ўдзелу ў вызваленнi краiны. У ноч з 22 на 23 красавiка паўсталі жыхары Вiльнi. Я. Ясінскі ўзначаліў часовы ўрад – Найвышэйшую Лiтоўскую Раду.

У маі пасля вызвалення Варшавы была сфарміравана Найвышэйшая нацыянальная Рада з 40 чал. на чале з Т. Касцюшкам. Як камандуючы ўзброенымі сіламі ён абвясціў агульную мабілізацыю, накiраваў сваiх эмiсараў у раёны, не ахопленыя супрацiўленнем; разаслаў звароты да насельніцтва. У прыватнасці, сялянам гарантавалася апека ўрада; усе яны абвяшчалiся асабiста свабоднымi. Складзеныя з сялян атрады зваліся касінерамі.

У канцы чэрвеня 1794 г. ваенная iнiцыятыва перайшла да рускiх войск. Ахопленая паўстаннем тэрыторыя стала няўхільна звужацца. 12 жнiўня склалі зброю абаронцы Вільні. 17 верасня 1794 г. пад Крупчыцамi каля Кобрына генерал А. Сувораў разбiў корпус Серакоўскага, а ўсе ацалелыя паўстанцы адступілі на тэрыторыю Польшчы. 10 кастрычнiка на падыходах да Варшавы, пад Мацяёвіцамі адбылася другая буйная бiтва паўстанцаў з рускiм войскам, якая скончылася іх разгромам. Паранены Т. Касцюшка трапіў у палон, а новым галоўнакамандуючым быў прызначаны Т. Ваўжэцкi. Але ваенная ініцыятыва па-ранейшаму належала рускім войскам. Пасля капітуляцыі Варшавы і аб'яўленай А. Суворавым амністыі паўстанцы паўсюдна на працягу тыдня склалі зброю. Такiм чынам, першая спроба шляхты аднавiць РП у межах 1772 г. была няўдалай. Асноўныя прычыны паражэння – у значнай перавазе ўзброеных сiл Расii.

13 кастрычнiка 1795 г. у Пецярбургу памiж Аўстрыяй, Прусiяй i Расiяй была падпiсана новая канвенцыя аб канчатковым падзеле РП. У ліку іншых зямель да Расiйскай iмперыi адыйшла Заходняя Беларусь. РП перастала існаваць, галоўным чынам, з-за нястрыманага свавольства магнатаў, недасканаласці сістэмы дзяржаўнага кіравання і мэтанакіраванай палітыкі суседніх дзяржаў.


Спіс выкарыстаных крыніц

1. Гісторыя Беларусі: Вуч. дапаможнік. / Пад рэд. А. П. Ігнаценка. – Мн., 1994.

2. Гісторыя Беларусі: у 2-х ч. Ч.1. Са старажытных часоў да канца ХVІІІ ст.: Курс лекцый / І.П.Крэнь, І.І.Коўкель і інш. – Мн., 2000.

3. Гісторыя Беларусі: у 2-х ч. / Пад рэд. Я.К. Новіка, Г.С. Марцуля. – Мн., 1998.