Смекни!
smekni.com

Гісторыя эканамічнага развіцця Беларуссю ў канцы XVII - пачатку XVIII ст. (стр. 2 из 3)

Гандаль

У сярэдзіне XVII ст. прыкметна знізіўся ўнутраны і знешні гандаль. Прычыны:

- агульны заняпад гаспадаркі ў выніку шматлікіх войнаў;

- збядненне асноўнай масы насельніцтва;

- вузкасць унутранага рынку;

- абмежаванні на гандаль для сялянства;

- змяншэнне ролі Беларусі як пасрэдніка ў расійскім знешнім гандлі.

З сярэдзіны XVIII ст. гандаль у гарадах некалькі ажывіўся за кошт вывазу вырабаў сельскай гаспадаркі і лясных промыслаў. Увозілі тканіны, палотны, жалеза і вырабы з яго, медзь, розныя галантарэйныя вырабы. Пашырыліся гандлевыя сувязі з Прыбалтыкай і Расіяй.

Сярэдзіна XVII — першая палова XVIII ст. — гэта перыяд развалу ўсяго гаспадарчага жыцця Беларусі і пачатак аднаўлення яе эканомікі. Але да сярэдзіны XVIII ст. гаспрадарка не дасягнула яшчэ ўзроўню сярэдзіны XVII ст.

Эканамічны ўздым на Беларусі ў другой палове XVIII ст.

У другой палове XVIII ст. адбылося значнае ажыўленне ва ўсіх сферах эканомікі Беларусі. Прычыны ажыўлення:

Першая – дэмаграфічная, звязана з хуткім ростам насельніцтва, ў 1791 — налічвалася звыш 3,6 млн. жыхароў на беларускіх землях. Да канца XVIII ст. насельніцтва беларускай вёскі ўжо перавысіла ўзровень 1648 г., а гарадскія жыхары склалі каля 11 % ад усяго насельніцтва. Як вынік – павялічылася вытворчасць сельскай гаспадаркі і прамысловасці.

Другая – узрастанне попыту на сельскагаспадарчыя прадукты як у самой Беларусі, так і за яе межамі. Попыт на прадукцыю сяла павялічваўся таму, што ўзрасло насельніцтва гарадоў. Знешні гандаль значна ажывіўся, таму што рэзка выраслі цэны на збожжа (на жыта павялічыліся ў 4,5 — 5, пшаніцу — у 3 — 4, а на авёс і ячмень — у 2 — 2,5 раза) на замежным рынку ў другой палове XVIII ст. Таму феадалы пашыралі ўласнае заворванне, пасевы збожжавых культур.

Трэцяя прычына звязана з ўнутрыпалітычнымі змяненнямі ў Рэчы Паспалітай. Павялічвалася зацікаўленасць у бесперашкодным развіцці рынку, паляпшэнні агульных умоў развіцця эканомікі краіны. Магнаты і феадалы-прадпрымальнікі імкнуліся да пэўнага ўрэгулявання ўнутрыдзяржаўнага ладу. Пад іх уздзеяннем у 60—70-я гг. XVIII ст. былі праведзены гаспадарча-адміністрацыйныя рэформы, якія ўзмацнілі цэнтральны апарат дзяржаўнай улады: на сеймах абмяжоўвалася прымяненне вета па фінансавых справах, былі створаны адміністрацыйныя органы па галінах кіравання, заснавана Скарбавая камісія — спецыяльны дзяржаўны орган па кіраванні фінансамі, ажыццяўленні судовых функцый па фінансавых справах, нагляду за гандлем.

У 1775 г. былі выдадзены законы, якія дазвалялі беларускім мяшчанам набываць феадальныя маёнткі, а шляхце займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю і гандлем без страт сваіх шляхецкіх правоў. Значнай колькасці багатых мяшчан прысвоена званне шляхты.

Чацвертая – меры з боку дзяржавы па развіцці гандлю і сродкаў зносін. У другой палове XVIII ст. пракладваюцца пінска-слонімскі і пінска-валынскі тракты. Праводзяцца работы па ачыстцы і рэгуліроўцы рэк, збудаванні рачных партоў, будаўніцтве дарог і мастоў. У 1784 г. закончана будаўніцтва канала, які праз Шчару, Ясельду і Прыпяць злучыў Нёман з Дняпром. У 1781 – 1784 гг. быў пабудаваны другі канал, які адкрываў шлях з Прыпяці ў Заходні Буг.

У 1766 г. уводзяцца адзіныя для Вялікага княства Літоўскага меры вагі, аб'ёму і даўжыні. У 1764 г., а потым у 1775 г. урад Рэчы Паспалітай уводзіць "генеральную мытную пошліну", абавязковую для ўсіх, і адмяняе ўнутраныя пошліны. Тады сойм ВКЛ ўводзіць даўгавы працэнт у памеры не больш як 6% на карысць духоўных і не больш 7% для свецкіх крэдытораў.

Меры вярхоўнай улады садзейнічалі эканамічнаму развіццю Беларусі, у тым ліку і сельскай гаспадаркі. Гэта праявілася ў:

- пашырэнні фальварачнай запашкі (захад і цэнтр Беларусі);

- у асваенні новых зямель;

- узнікненні новых фальваркаў;

- удасканальванні агратэхнікі;

- у росце пагалоўя хатняй жывёлы;

- у павышэнні ўраджайнасці, якая дасягнула сам-4;

- павелічэнні таварнасці вотчыннай сельскай гаспадаркі, пашырыліся яе сувязі з рынкам.

Сельская гаспадарка

На гэты час ва ўладаннях феадалаў на ўсходзе Беларусі, як і раней, фальварачна-паншчынная гаспадарка не атрымала шырокага развіцця. Прычыны: аддаленнасць рэгіёна ад цэнтра дзяржавы; частыя ваенныя канфлікты; нізкая шчыльнасць насельніцтва.

У другой палове XVIII ст. ліквідуюцца вынікі разарэння і ў сялянскіх гаспадарках. Ураджаі былі ніжэй, чым на панскім полі, але ужо складалі сам 3 – 3,5. Сяляне асвойвалі пустуючыя землі, а таксама расчышчалі ад лесу новыя плошчы. Сярэдні зямельны надзел прыватнаўласных сялян у другой палове XVIII ст. у цэлым па Беларусі склаў 0,63 валокі (больш чым 13,4 га) на адну гаспадарку. Ён большы, чым у перыяд войнаў і разбурэнняў, але яшчэ не дасягнуў узроўню даваеннага часу. На ўсходзе Беларусі сярэдні зямельны надзел быў некалькі большым, чым у заходніх і цэнтральных рэгіёнах. Пры аброчнай сістэме гаспадарання, якая пераважала на ўсходзе, у сяляніна была магчымасць апрацоўваць большую дзялянку зямлі.

Значна павялічылася ў другой палове XVIII ст. і колькасць цяглавай жывёлы ў сялянскіх гаспадарках. Гаспадароў, што не мелі коней амаль не было. Па аднаму каню было ў 3,9% гаспадарак, па 2 у 27,3%, па 3 у 25,9%, па 4 у 13%, а па 5 і болей у 29,9% гаспадарак Магілеўскай эканоміі. Сярэдняя па Беларусі норма рабочай жывёлы на сялянскі двор склала 1,6 — 1,7 запрэжкі (адна запрэжка — 2 валы ці адзін конь), што перавышала ўзровень даваеннага часу.

Сялянскія павіннасці

Сялянскія павіннасці заставаліся тымі ж, але змяніліся іх памеры. Узрасла паншчына, на трэць і больш павялічыўся грашовы аброк у чыншавых сялян. У цэлым сялянскія павіннасці ў гэты час павялічыліся ў сярэднім ў 1,5 раза ў параўнанні з папярэднім перыядам.

Паглыбленне эканамічнай дыферэнцыяцыі, выкарыстанне ў некаторых памешчыцкіх маёнтках разам з паншчынай і наёмнай працы, зараджэнне вотчыннай прамысловасці, рост сельскай гаспадаркі сведчылі аб тым, што пачалося разлажэнне феадальна-прыгонніцкай гаспадаркі. У другой палове XVIII ст. была адноўлена вырашальная ў той час галіна эканомікі Беларусі — сельская гаспадарка: на захадзе і ў цэнтры —да 60-х гг., на ўсходзе — да 70-х гг.

Гарады

Да канца XVIII ст. была адноўлена большасць гарадскіх паселішчаў. На Беларусі налічваўся 41 горад і каля 397 мястэчак з агульнай колькасцю жыхароў каля 370 тыс., што складала каля 11% усяго насельніцтва. Аднак агульная колькасць гарадоў да канца XVIII ст. не дасягнула ўзроўню першай паловы XVII ст.

Галоўную ролю адыгрываць вялікія гарады на галоўных гандлёвых шляхах – Віцебск, Гродна, Магілёў, Мінск.

Рамеснае насельніцтва ў вялікіх гарадах складала 30 — 40 %, у малых — 10 — 25% ад агульнай колькасці жыхароў. Акрамя рамяства важным заняткам жыхароў гарадоў заставалася сельская гаспадарка, а таксама розныя промыслы — рыбная лоўля, сплаў лесу і інш.

Самая вялікая рамесная група – апрацоўшчыкі металаў. У сярэднім 20 – 30% ад агульнай колькасці рамеснага насельніцтва гарадоў. Гэта: кавалі, слесары, залатых і срэбных спраў майстры, ювеліры, меднікі, бляхары і майстры зброевай справы.

Другая – рамеснікі па скураным вырабе. У Мінску іх каля 22% ад усіх рамеснікаў.

Трэцяя— майстры па вырабе адзення: краўцы, ткачы, прадзільшчыцы, суконшчыцы, шапачнікі, футравікі і інш. Іх было значна менш.

Чацвёртая – рамеснікі будаўнічых спецыяльнасцяў — цесляры, столяры, цагельнікі, муляры, пячнікі, шкляры. Значная частка гарадскіх рамеснікаў займалася вырабам прадуктаў харчавання. Па буйных гарадах налічвалася 45-60 рамесных прафесій.

Пануючае становішча ў гарадах заставалася за цэхавым рамяством, але колькасць цэхаў змяншалася да канца XVIII ст. Адначасова расла колькасць рамеснікаў па-за межамі цэха. Яны пачалі выкарыстоўваць наёмных работнікаў. Такое становішча павялічвала канкурэнцыю і садзейнічала разбурэнню сярэдневяковай арганізацыі вытворчасці.

У XVIII ст. на Беларусі з’явілася мануфактурная вытворчасць, заснаваная на раздзяленні працы і ручной тэхніцы. Для іх характэрна выкарыстоўванне прасцейшых машын і значныя рынкавыя сувязі.

Першыя прадпрыемствы адчынялі буйныя феадалы, якія мелі магчымасці для арганізацыі мануфактур у сваіх маёнтках і танную рабочую сілу — прыгонных сялян (вотчынныя мануфактуры).

Акрамя магнатаў, актыўны ўдзел у развіцці мануфактурнай вытворчасці прымаў кароль РП Станіслаў Аўгуст. Па яго загаду галоўны ўпраўляючы эканоміямі, якія належалі каралю ў Беларусі і Літве Антоній Тызенгауз у 60 – 70-я гг. XVIII ст. стварыў больш за 20 буйньх прамысловых прадпрыемстваў у каралеўскіх эканоміях, у тым ліку больш за 15 мануфактур — у Гродне, у Брэсцкай эканоміі — металургічны завод у Рудні і суконную фабрыку ў Брэсце. У канцы XVIII ст. на Беларусі дзейнічала звыш 50 прадпрыемстваў мануфактурнага тыпу.

Гандаль

Ажывіліся гандлёвыя аперацыі як на ўнутранным рынку, так і са знешнімі рынкамі толькі ў другой палове XVIII ст. Гэтаму садзейнічала:

- ўзнаўленне сельскай гаспадаркі,

- уздым рамеснай вытворчасці і развіццё мануфактуры;

- пашырэнне таварна-грашовых адносін;

- паляпшэнне сродкаў зносін.

У развіцці ўнутранага гандлю асноўная роля – ў кірмашоў. Найбольш буйнымі былі кірмашы ў Мінску, Шклове, Бешанковічах і Зэльве. Рэгулярны гандаль праз крамы вядзецца пры буйных мануфактурах у Гродне, Кобрыне, Паставах і іншых гарадах.

Знешні гандаль – гэта вываз традыцыйных тавараў: воску, мёду, шчаціння, скуры. Пашырыўся вываз ільну, пянькі, канаплянага і льнянога семя, зерня, лясных матэрыялаў, паташу, смалы, дзёгцю, рагожы. Асноўныя пункты вывазу – балтыйскія порты Гданьск, Крулявец, Рыга. Паралельна пашыраліся гандлёвыя сувязі з Расіяй і Украінай.

Такім чынам, у другой палове XVIII ст. Беларусь зрабіла значны крок наперад у сваім эканамічным развіцці. Завяршылася аднаўленне вырашальнай галіны эканомікі — сельскай гаспадаркі. Наглядаюцца далейшы рост рамяства і паступовае перарастанне яго ў дробную таварную вытворчасць. Больш шырокае развіццё набывае працэс стварэння прамысловых прадпрыемстваў мануфактурнага тыпу, якія ў болышай ступені былі звязаны з рынкам. Актывізуецца гандаль, умацоўваюцца і пашыраюцца гаспадарчыя сувязі Беларусі з іншымі краінамі.