Сацыяльна-эканамічнае значэнне далучэння Беларусі да Расіі
Галоўнымі прычынамі падзення Рэчы Паспалітай былі наступныя:
1. Заняпад эканомікі РП.
2. Феадальная анархія, права на канфедэрацыі (узброеныя выступленні супраць улады). Існаванне права liberun veto.
3. Ваеннае аслабленне Рэчы Паспалітай. Адсутнасць рэгулярнага войска.
4. Дэмаралізацыя і маральнае разлажэнне феадалаў. Вялікія грошы прапіваліся і прайграваліся ў карты.
Повады да падзелаў – рэлігійныя супярэчлівасці (ураўнанне ў правах жыхароў розных веравызнанняў) (першы падзел), барацьба з ідэямі французскай рэвалюцыі (другі і трэці падзел).
Жнівень 1772 г. – першы падзел РП. У склад Расіі былі ўключаны Інфлянцкае ваяводства, найбольшая частка Полацкага, амаль усё Віцебскае ваяводства, усё Мсціслаўскае і ўсходняя частка Рэчыцкага павету Мінскага ваяводства (з Рагачовам, Прапойскам, Чачэрскам і Гомелем).
Студзень 1793 г. – другі падзел РП. Да Расіі адышлі Правабярэжная Украіна, а таксама цэнтральная частка Беларусі з гарадамі Мінскам, Барысавам, Бабруйскам, Рэчыцай, Слуцкам, Навагрудкам, Пінскам і Мазыром.
Пасля падаўлення паўстання 1794 г. адбыўся трэці падзел РП (1795 г.). Расія далучыла Літву, заходнюю частку Беларусі і Заходнюю Валынь.
На беларускіх землях была ўведзена агульнарасійская сістэма кіравання. У пачатку XIX ст. Беларусь з насельніцтвам больш 3 млн. чалавек склала Віцебскую, Магілёўскую, Мінскую, Гродзенскую і Віленскую губерні.
Пачаліся падараванні земель з сялянамі рускім памешчыкам і асабліва буйным военачальнікам і дзяржаўным чыноўнікам (Пацёмкін, Румянцаў-Задунайскі, Чарнышоў і інш.). Усяго ў 1772 — 1801 гг. на Беларусі ў рукі новых уладальнікаў перайшло больш за 200 тыс. сялян мужчынскага полу. Фонд – маёнткі магнатаў і шляхты, якія выехалі за мяжу, ўладанні ліквідаваных каталіцкіх манастыроў. Мэта падараванняў – умацаваць сацыяльную апору ўраду на месцы.
Вынікі далучэння:
1) Больш спрыяльныя ўмовы для развіцця прадукцыйных сіл (вялікая эканамічная прастора імперыі, стабільнае існаванне).
2) Ажывілася сельская гаспадарка Беларусі (вырас збыт зерня, ільну, бульбы, каноплі за мяжу і ў буйныя гарады Расіі).
3) Значны рост мануфактурнай прамысловасці Беларусі за кошт вотчынных прадпрыемстваў (новыя прамысловыя цэнтры – Крычаў, в. Воранава, м. Дуброўна, Шклоў). Пачалі ўзнікаць купецкія мануфактуры (праца вольнанаёмных рабочых).
4) Развіццё ўнутранага і знешняга гандлю Беларусі, асабліва з Расіяй і Украінай (адмена гандлёвай пошліны, агульнарасійскія меры вагі і грашовая сістэма).
5) Пачатак навуковага даследавання Беларусі, у тым ліку даследавання эканамічнага развіцця.
6) Беларусь страціла ўсе прыкметы самастойнасці ў палітычных, эканамічных і культурна-нацыянальных пытаннях. Па сутнасці, Беларусь была каланіяльным уладаннем рускага цара.
7) Былі адменены вынікі шэрагу гаспадарчых рэформаў сярэдзіны XVIII ст., затрымалася развіццё капіталістычных адносін.
8) Пагоршылася становішча працоўных мас, у першую чаргу сялянства.
9) Адменена Магдэбургскае права на самакіраванне гарадоў. Купцы плацілі падаткі з капіталу, а мяшчане былі абкладзены агульным падушным падаткам і ў адносінах да адбывання вайсковай павіннасці былі прыроўнены да сялян.
10) Устаноўлена "мяжа яўрэйскай аседласці". Яўрэйскае насельніцтва гарадоў было абмежавана ў правах.
11) Беларусь павінна была ўносіць у царскую казну большыя падаткі, чым у складзе РП. Яны ўзраслі амаль у 6 разоў і складалі больш 1 млн. руб. у год.
Уключэнне Беларусі ў склад Расійскай імперыі мела як станоўчыя, так і адмоўныя вынікі. Зыходзячы з аб'ектыўных пазіцый, трэба адзначыць, што ў той час і ў тых гістарычных умовах уключэнне садзейнічала складванню больш спрыяльных умоў для развіцця эканомікі і фарміравання капіталістычных адносін.
Спіс выкарыстаных крыніц
1. З гісторыі эканамічных рэформаў на Беларусі - Мн., 1990-е гг.
2. В.І. Галубовіч Эканамічная гісторыя Беларусі / Пад рэд. В.І. Галубовіча - Мінск, 1996.
3. С.Ф. Шымуковіч Эканамічная гісторыя Беларусі / С.Ф. Шымуковіч – Мн, 2001.
4. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1-5. Мінск, 1993, 1999.