Смекни!
smekni.com

Развіццё феадальнай гаспадаркі на Беларусі ў ХІІІ–ХVІІ стагоддзяў (стр. 1 из 4)

Развіццё феадальнай гаспадаркі на Беларусі ў ХІІІ - ХVІІ стагоддзяў

Значэнне ўтварэння Вялікага княства Літоўскага для эканамічнага развіцця Беларусі

Дзяржаваўтваральныя працэсы на беларускіх землях у сярэдзіне XIII - XIV ст., звязаны з Вялікім княствам Літоўскім з цэнтрам у Навагародку. Як сведчаць археалагічныя даследаванні, у XII - XIII стст. Навагародская зямля дасягнула значнага эканамічнага і культурнага развіцця, а сам Навагародак стаў багатым горадам. Прычыны ўзмацнення Наваградка:

ўрадлівыя землі;

развітое рамяство - вядучая галіна - апрацоўка каляровых і каштоўных металаў, выплаўка і апрацоўка жалеза;

шырокія знешнія сувязі - гандаль з Полацкам, паўднёва-рускімі гарадамі, Прыбалтыкай, Польшчай, Візантыяй, Блізкім Усходам;

адносная бяспека зямель - тут ратаваліся ад заваёўнікаў бежанцы, што ўзмацняла прадукцыйныя сілы зямлі.

У XIII ст. Полацкае княства пазбаўляецца выхаду ў Балтыйскае мора і страчвае сваю магутнасць. Наваградская зямля разам з суседнімі літоўскімі стала ядром фарміравання новай дзяржавы, а Навагародак - яго сталіцай. Пры Гедыміне (княжыў у 1316 - 1341 гг.) завяршылася аб'яднанне тэрыторыі Беларусі ў складзе Вялікага княства Літоўскага. У 1323 г. ен перанёс сталіцу дзяржавы ў Вільню. Славяне займалі ў дзяржаве 9/10 тэрыторыі і складалі 8/10 насельніцтва, на старабеларускай мове вялося дзяржаўнае справаводства. Балцкія тэрыторыі складалі ў гэтай дзяржаве толькі 1/12 часткі, а насельніцтва прыкладна 10%.

Сын Гедыміна вялікі князь Альгерд (княжыў у 1341 - 1377 гг.) у 1362 г. перамог татараў у бітве на Сініх водах і далучыў да Вялікага княства Кіеўшчыну, Валынь, Падолле. На ўсходзе Альгерд пашырыў свае ўладанні да Мажайска і Каломны. Гэты працэс суправаджаўся эканамічным ўздымам дзяржавы.

Экспансія Тэўтонскага ордэна (крыжацкай дзяржавы на ўзбярэжжы Балтыйскага мора) прымусіла Ягайлу, сына Альгерда, заключыць у 1385 г. Крэўскую ўнію з Польшчай. Галоўным эканамічным патрабаваннем польскай шляхты і каталіцкай царквы было права набыцця зямель у Вялікім княстве Літоўскім. Акрамя таго, Ягайла ў 1387 г. выдае прывілей, у якім феадалы ВкЛ каталіцкага веравызнання атрымалі неабмежаванае права валодання і распараджэння сваімі вотчынамі, былі вызвалены ад выканання шэрагу дзяржаўных павіннасцяў. Гэта стварыла няроўныя эканамічныя магчымасці для феадалаў. Праваслаўныя феадалы княства адчулі перспектыву пагаршэння свайго эканамічнага становішча і адмовіліся прыняць умовы ўніі. Фактычна застаўся толькі ваенны саюз з Польшчай супраць крыжакоў. Гэты саюз дазволіў 15 ліпеня 1410 г. нанесці сакрушальнае паражэнне Тэўтонскаму ордэну. Больш не існавала пагрозы беларускай гаспадарцы з боку Прыбалтыкі.

Пры Вітаўце Вялікім (княжыў у 1392 - 1430 гг.) Вялікае княства Літоўскае і Рускае дасягнула сваёй найвышэйшай магутнасці. Адбылася ўнутраная перабудова дзяржавы: былі ўвядзены ваяводствы і намесніцтвы замест мясцовых родаў што ўмацоўвала цэнтральную ўладу, спрыяла станаўленню адзінага рэгіёну. У княстве развіваліся класічныя еўрапейскія інстытуты дзяржаўнай улады, складвалася своеасаблівая форма саслоўна-прадстаўнічай манархіі, шляхецкая дэмакратыя. Заканадаўства было прадстаўлена ў трох Статутах (1529, 1566, 1588 гг.). У іх былі замацаваны асновы дзяржаўнасці, маёмасныя адносіны - гаспадарчае права, якое было распрацавана з улікам рымскага права і мясцовых традыцый, звычаёвага права.

У канцы XV - пачатку XVI ст. абвастрыліся адносіны паміж ВКЛ і Вялікім княствам Маскоўскім, якое таксама прэтэндавала на збіранне славянскіх зямель. У ваенных дзеяннях з княствам Маскоўскім, ВКЛ на працягу XVI ст. цярпела паражэнні, страчвала землі, гаспадарка ўсходніх зямель разбуралася, а людзі знішчаліся. Пад час Лівонскай вайны 1558 - 1583 гг. ВКЛ вымушана было пайсці на цесны саюз з Польшчай. У 1569 г. была ўтворана федэрацыя - Рэч Паспалітая, а польскі кароль станавіўся вялікім князем літоўскім. За Вялікім княствам захоўваліся правы аўтаноміі ў аб'яднанай дзяржаве (права мець сваю адміністрацыю, казну, армію, карыстацца беларускай мовай як дзяржаўнай, збіраць соймы). Вялікае княства страціла частку сваёй тэрыторыі: эканамічна развітая Украіна адміністрацыйна адыходзіла да Польшчы. Паступова страчваецца эканамічная моц княства, паскараецца гэты працэс пад час ваенных дзеянняў.

Сельскагаспадарчая вытворчасць, формы землеўладання і землекарыстання ў другой палове XIII - першай палове XVI ст. Павіннасці і катэгорыі сялян

У XIII - першай палове XVI ст. на Беларусі пераразмяркоўваецца галоўны сродак вытворчасці - зямля. Змяняюцца формы землеўладання і землекарыстання. Галоўнымі заняткамі людзей як і раней, застаюцца земляробства, жывёлагадоўля, хатняе рамяство, а дапаможнымі - борніцтва, паляванне, рыбалоўства.

Прылады земляробчай працы - драўляная двурогая саха, плуг, барана - па форме заставаліся нязменнымі на працягу стагоддзяў, стала толькі больш жалезных рабочых частак (жалезныя сашнікі - нарогі - у сахі).

Агратэхніка: двухполле і архаічнае трохполле змянялася рэгулярным трохполлем, якое стала пераважаць у XIV ст. У паўдневых і лясістых раёнах працягвалі існаваць прымітыўныя сістэмы земляробства: падсека і пералог.

Асноўная сельскагаспадарчая культура - жыта, якім засявалася да паловы і больш ворыва. Ураджай збожжа быў сам 3-4 (збіралі ўраджаю ў 3-4 разоў больш, чым сеялі), а на ўгноеных палетках - сам 4-5. Гэта было каля чатырох цэнтнераў з гектара, вагаючыся ў розныя гады ў даволі вялікіх межах. Акрамя жыта вырошчвалі: авёс, ячмень, проса, грэчку, тэхнічныя культуры - лён, каноплі. Прысядзібныя агароды - неа’демная частка сялянскай, а таксама і мяшчанскай гаспадаркі. Вырошчвалі рэпу, агуркі, моркву, буракі, цыбулю, часнок, бабы, гарох, зеляніну.

Жывёлагадоўля

Жывёлагадоўля. З умацаваннем ворнага земляробства узрастала гаспадарчае значэнне хатняй жывёлы. У якасці цяглавай сілы на захадзе Беларусі больш выкарыстоўвалі валоў, на ўсходзе - коней. Але акрамя гэтай функцыі, была яшчэ адна вызначальная, што звязвала менавіта ворнае земляробства з жывёлагадоўляй - гэта ўгнаенне, якое павялічвала ўраджайнасць. Дробная жывёла і птушка вырошчваліся для харчавання і атрымання сыравіны для хатніх промыслаў і рамяства: свінні, авечкі, козы, гусі, куры і г. д. Жывёлагадоўля давала таксама мяса і малочныя прадукты. Значную ролю ў гаспадарчым жыцці па-ранейшаму адыгрывалі паляванне, рыбалоўства, бортніцтва.

Нягледзячы на рост вагі рамяства ў гаспадарцы краіны, сялянская гаспадарка па-ранейшаму мела натуральны характар. Усё неабходнае для жыцця - прылады працы, посуд, тканіна, адзенне, абутак - выраблялася ў сям'і.

Сялянская гаспадарка. Формы павіннасцяў

Сялянскі двор - “дым” - гэта звычайная сям'я, радзей - некалькі сем'яў і іх уласнасць: пабудовы, жывёла, прылады працы, зямля, якою “дым” карыстаўся на падставе спадчыннага звычаёвага права. Дым з’яўляўся адзінкай падаткаабкладання.3 часам сем'і разрасталіся, але не імкнуліся ператварацца ў асобную адзінку падаткаабкладання. Так утвараліся дворышчы з 5-10 і больш сваяцкіх сем'яў, а ў некаторых выпадках да іх далучаліся і прышлыя людзі: прымакі, сябры, дольнікі. Дворышчы карысталіся агульным інвентаром, сумесна вялі гаспадарку і пароўну дзялілі ўраджай, хоць і жылі асобнымі дварамі. Паступова палеткі і сенажаці дзяліліся паміж дымамі дворышчаў і асноўнай гаспадарчай адзінкай зноў станавіўся дым.

Сялянская гаспадарка ў XVI ст. - гэта складаны гаспадарчы комплекс. Ен уключаў жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы - гумны, клеці, пуні, хлявы; неабходны для працы інвентар - бароны, калёсы, косы, сані, сохі, сякеры і г. д. Зямля кожнай гаспадарцы надавалася з боку феадала, уласніка зямлі, яна перадавалася па спадчыне. Сяляне не мелі права перадаваць зямлю ў пастаяннае ці часовае ўладанне, закладваць ці прадаваць яе іншым асобам без дазволу пана. У сярэднім на дым прыпадала 10,6 га розных угоддзяў.

Асноўныя формы сялянскіх угоддзяў - ворыва і сенакосы. Былі яшчэ і агульныя ўгоддзі, што належалі абшчыне: выганы, сенажаці, рыбныя ловы, лясныя уваходы.

Сялянская гаспадарка мела комплексны характар: на першым месцы стаяла раслінаводства, з ім цесна звязана жывёлагадоўля. Промысламі і хатнім рамяством займаліся ва ўсіх гаспадарках, але больш там, дзе панская гаспадарка развівалася марудней і не перайшла да стадыі фальварка (паўднева-ўсходні рэгіён).

Абшчына ці грамада арганізоўвала сялянскае землекарыстанне і выплату феадальнай рэнты. Сельская ці суседская абшчына складалася з дымаў і дворышчаў і звычайна з'яўлялася часткай тэрытарыяльнай ці валасной абшчыны. На агульных сходах абшчыннікаў выбіраліся дзесяцкія, соцкія, старцы (старасты), якія арганізоўвалі абшчыннае жыццё. Адказнасць абшчыны перад феадалам або дзяржавай забяспечвалася кругавой парукай. Абшчына абараняла сялян ад самавольства феадалаў, выконвала судовую функцыю копным судом. Крызіс абшчыны наглядаўся ў тым, што феадалы прысвойвалі сабе права распараджэння абшчыннымі землямі, а потым і ўсімі землямі сялян. Гэты працэс быў асабліва характэрны для заходняй часткі Беларусі. На ўсходзе землеўладальнікі прыстасавалі функцыі абшчыны для сваіх патрэб і яна захавалася як элемент феадальнай сістэмы.

Павіннасці сялян - змяняліся па меры развіцця феадальных адносін.

Даніна - найстаражытнейшая форма феадальнай рэнты, што набыла форму натуральнага аброку. “Дзякло" - гэта даніна жытам, пшаніцай, аўсом, сенам; “мезлева” - гэта даніна мясам, яйкамі, прадуктамі бортніцтва і палявання.

Паншчына ці адпрацовачная рэнта - асноўная форма павіннасці (з XV - XVI стст.). патрабавала замацавання селяніна на зямлі, з сярэдзіны XV ст. уводзіліся заканадаўчыя абмежаванні, а ў XVI ст. сяляне запрыгоньваюцца.

Грашовы аброк шырока распаўсюдзіўся ў XV ст. - чынш. Гэта было вынікам развіцця таварна-грашовых адносін, уцягваннем у іх дзяржаўных і феадальных маёнткаў.

Да рэформы 1557 г. асноўнай адзінкай падаткаабкладання з’яўляецца “служба" (дворышча, жрэбій). Гэта ўчастак зямлі, за карыстанне якім сяляне неслі ўстаноўленыя цяглыя і інш. павіннасці. Складалася служба часцей за ўсе з двух-трох дымоў. “Дым” таксама мог быць адзінкай падаткаабкладання.