У 1151 г. адбылося першае выступленне полацкага веча супраць князя. Рагвалод Барысавіч выгнаны, на трон запрошаны мінскі князь Расціслаў Глебавіч, але не надоўга. Ужо ў 1158 г. у Полацак вярнуўся Рагвалод. А ў 1162 г. веча запрасіла на княжэнне Ўсяслава Васількавіча з Віцебска, які правіў да 1186 г. У гэты час адбываецца хуткае драбленне Полацкай зямлі на ўдзелы і, суадносна, распачынаюцца міжусобныя сутычкі паміж Рагвалодавічамі. Усё гэта значна паслабляла былую магутную дзяржаву крывічоў. Ужо ў хуткім часе з’явяцца нямецкія рыцары, ваяўнічасць якіх паставіць існаванне ўдзельных княстваў Полацкай зямлі пад пытанне.
У 1201 г. з дазволу полацкага князя Ўладзіміра біскупам Альбертам была пабудавана крэпасць Рыга. У наступным годзе (1202) біскуп разам з абатам Тэадорыкам заснавалі ваенна-манашаскі ордэн мечаносцаў, асноўнай мэтай яго існавання было абвешчана распаўсюджанне хрысціянства сярод латышоў, эстаў і куршаў і абарона лацінскага касцёла ў Прыбалтыцы. Але больш увагі мечаносцы ўдзялялі захопу новых тэрыторый, што ўжо належылі ці знаходзіліся ў залежнасці ад Полацка. Полацкі князь Уладзімір позна зразумеў сваю памылку. З 1203 г. па 1210 г. вялася барацьба Полацка і Рыгі, пад час якой Полацк страціў Кукейнос (1208 г.) і Герцыке (1209 г.), кантроль над Ніжнім Падзвіннем і перастаў атрымліваць даніну ад ліваў і латгалаў (дагаворы 1210 і 1212 гг. з крыжакамі). Тым не менш, Уладзімір арганізаваў вялікі сумесны паход палачан, літоўцаў і эстаў супраць ордэна, але ў дзень адпраўлення вялікага войска князь нечакана памёр, верагодна, быў атручаны крыжацкімі шпіёнамі. Паход праваліўся, а наступленне крыжакоў працягвалася. У 1224 г. выгнаны з Кукейнаса князь Вячка загінуў пры абароне эстонскага горада Юр’еў (зараз Тарту), яшчэ раней, у 1214 г., пасля смерці князя Усевалада, цалкам пад уладу Рыгі перайшоў Герціке. Полацк страчваў свае пазіцыі, і паскорыўся гэты працэс са з’яўленнем у Прыбалтыцы яшчэ аднаго ордэна – Тэўтонскага. Тэўтонцы былі выгнаны з Палесціны сарацынамі, і іх запрасіў да сябе адзін з польскіх князёў – Конрад Мазавецкі. Тэўтонцы аселі на землях балцкага племені прусаў (1230 г.). Хутка яны знішчылі прусаў і пачалі рабаваць польскія, літоўскія і беларускія землі.
Барацьба з мечаносцамі і тэўтонцамі вялася з пераменным поспехам. У 1236 г. літоўцы перамаглі мечаносцаў пад Шаўляем, у 1237 г. – Даніла Галіцкі перамог крыжакоў пад Драгічынам. Як вынік – у тым жа годзе (1237) адбылося аб’яднанне Тэўтонскага ордэна і ордэна мечаносцаў, апошні стаў называцца Лівонскім ордэнам. Аб’яднаныя сілы крыжакоў былі ўшчэнт разбітыя Аляксандрам Неўскім у 1242 г. у бітве на Чудскім возеры каля Пскова. Крыху раней малады наўгародскі князь Аляксандр перамог шведскіх рыцараў на рацэ Няве (1240 г.), дзе ў бітве прымалі ўдзел полацкія дружыны, асабліва вызначыўся Якаў Палачанін. Гэтыя перамогі прыпынілі актыўныя наступальныя мерапрыемствы крыжакоў, але не адвялі пагрозу рэгулярных наездаў крыжакоў на славянскія і балцкія землі з рабаўніцкімі мэтамі.
З 60-х гг. XIII ст. узмацніліся сувязі Полацка з Наваградкам, на полацкае княжэнне сталі запрашаць літоўскіх князёў, наладжваліся сумесныя паходы літоўскіх, наваградскіх і полацкіх дружын супраць крыжакоў (бітва каля возера Дурбе 1260 г.). Цесныя сувязі з Вялікім княствам Літоўскім садзейнічалі ўстанаўленню саюзных адносін і паступоваму ўваходжанню Полацкай зямлі ў склад ВкЛ, але з пэўнымі правамі на аўтаномію.
Калі на поўначы сучаснай Беларусі месцілася Полацкае княства, то паўднёвыя землі займала другое дзяржаўнае ўтварэнне на Беларусі – княства Тураўскае. Гэта княства месцілася на землях дрыгавічоў, у басейне ракі Прыпяць. Калі Заходняя Дзвіна – вялікі гандлёвы шлях з Балтыкі на поўдзень, то Прыпяць – бойкі гандлёвы шлях паміж Кіевам і Заходняй Еўропай. Да таго тут былі ўрадлівыя землі, спрыяльны мяккі клімат і лясы, багатыя на дзічыну і сыравіну. Усе гэта спрыяла больш хуткаму развіццю земляробства, аддзяленню рамяства і станаўленню ранняга феадальнага грамадства.
Першы галоўны горад княства – Тураў упершыню ўзгадваецца пад 980 г. у сувязі з князем Турам, які, як і Рагвалод Полацкі, быў з варагаў. Але хутка Тураў быў падпарадкаваны суседняму Кіеву, і тут склалася традыцыя – Тураў атрымліваў старэйшы сын Вялікага кіеўскага князя, які займаў потым бацькава месца ў Кіеве, а Тураў зноў атрымліваў старэйшы сын новага кіеўскага князя. Пачаў гэтую традыцыю Уладзімір Святаслававіч, у 988 г. ён перадаў Тураў старэйшаму сыну Святаполку, Яраслаў Мудры – Ізяславу і г.д. Знаходзячыся пад уплывам Кіева, Тураўскія князі прымалі ўдзел у паходах супраць Полацка ў 1127 г. Калі пачалася міжусобная барацьба за Кіеў (у XII ст.), Тураў таксама вельмі часта стаў пераходзіць з рук у рукі розных паўднёварускіх княжацкіх родаў. Толькі ў 50-я гг. 12 ст. Тураў вярнуўся да дынастыі Ізяславічаў, а тураўскім князем стаў Юры Яраславіч. У 1158 г. кааліцыя шасці рускіх князёў на чале з кіеўскім Ізяславам дзесяць тыдняў асаджала Тураў, мэтай Ізяслава было выгнаць Юрыя і аднавіць свой уплыў на тураўскія справы. Але горад меў добрыя ўмацаванні, Юры карыстаўся падтрымкай гараджан, і самая працяглая асада горада часоў Кіеўскай Русі скончылася безпаспяхова. У 1160 г. Юры таксама паспяхова вытрымаў трохтыднёвую аблогу валынскімі войскамі. Першы адзіны князь Тураўскай зямлі стаў і апошнім яе ўладаром. Юры, як і Ўсяслаў Чарадзей, меў некалькі сыноў, паміж якімі падзяліў сваё княства. Былі ўтвораны ўдзелы – Тураўскі, Пінскі, Клецкі, Слуцкі, Дубровіцкі. З цягам часу дробныя княствы трапілі ў залежнасць ад магутнага галіцка-валынскага князя. Асаблівасці палітычнай гісторыі мелі вынікам асаблівасці палітычнага ладу ў Тураўскім княстве. Вялікую ролю ў Тураве адыгрывала веча. Менавіта з яго згоды Кірыла Тураўскі быў абраны епіскапам Турава. У Тураве існавала некалькі адміністратыўных пасад, што выконвалі функцыі, блізкія да некаторых княжаскіх функцый. Так, тысяцкі ўзначальваў гарадское апалчэнне, яго абавязак – ваеннае кіраўніцтва. Акрамя таго, у Тураве дзейнічаў пасаднік – галоўны кіраўнік цывільнай адміністрацыі княства. Такая пасада яшчэ існавала толькі ў Ноўгарадзе Вялікім.
Калі Полацкае княства змагалася з крыжакамі, Тураўскае княства, разам з іншымі рускімі княствамі пазнала жорсткасць мангола-татарскай няволі. У 1240-1241 гг. Былі разрабаваны і спалены паўднёвабеларускія гарады, у тым ліку Гомель, Мазыр, Брэст.
Крыху пазней за Полацкае і Тураўскае княствы, на захадзе сучаснай Беларусі ўтвараліся невялікія ўдзельныя славянскія княствы. Адбывалася гэта адначасова з асіміляцыяй славянамі мясцовага балцкага насельніцтва. Сярод княстваў Верхняга Панёмання трэба адзначыць найбольш старажытныя і важныя – Наваградскае, Ваўкавыскае і Гродзенскае. Пад 1116 г. ёсць паведамленне пра гродзенскага князя Усеваладка (памёр у 1141 г.), што стаў зяцем Уладзіміра Манамаха. Наваградскі князь упершыню ўзгадваецца пад 1235 г., ім быў Ізяслаў. На службе ў наваградскага князя з 1240 г. знаходзіўся выгнаны з Літвы стваральнік адзінага літоўскага княства МІНДОЎГ. Пасля смерці Ізяслава веча абрала князем наваградскім Міндоўга, але пры ўмове прыняцця ім хрысціянства і далучэння да Наваградка літоўскіх земляў. Гэтыя ўмовы наваградскіх баяраў супадалі з імкненнямі Міндоўга. У 1246 г. Міндоўг прымае праваслаўе і становіцца князем наваградскім. Актыўная знешняя палітыка Міндоўга, яго ўзвышэнне з’явілася падставай для стварэння антынаваградскай кааліцыі, у якой самы актыўны ўдзел прымалі крыжакі. Каб пазбавіць крыжакоў падстаў для нападу на свае землі, Міндоўг прымае хрышчэнне па каталіцкім абрадзе (1251 г.) і атрымлівае з Рыма ад Інакенція XIV каралеўскую карону. Аднак гэта не ўтрымала крыжакоў. Адначасова на княства нападалі галіцка-валынскія князі. Станаўленне адзінай беларуска-літоўскай дзяржавы суправаджалася не толькі нападамі знешніх ворагаў, але і мяцежамі літоўскай знаці. Міндоўг доўгі час з поспехам супрацьстаяў цяжкасцям. У 1254 г. ён заключыў пагадненне з галіцка-валынскімі князямі, падмацаванае шлюбам сваёй дачкі з сынам галіцкага князя Данілы – Шварнам. У 1260 г. ушчэнт былі разбіты войскі крыжакоў каля возера Дурбе, раней, у 1249 г. Міндоўг перамог татарскага хана Койдана каля Крутагор’я. Але ў 1262 г. у выніку змовы літоўскай знаці Міндоўг быў забіты. Тым не менш, ён паспеў стварыць і замацаваць новую адзіную славяна-літоўскую дзяржаву – Вялікае княства Літоўскае. На першым этапе існавання яно ахоплівала заходнебеларускія землі і частку сучаснай Літвы.
3. Рэлігія славян. Распаўсюджанне хрысціянства на Беларусі
Да прыняцця хрысціянства ўсходнія славяне з’яўляліся язычнікамі ці паганцамі. Гэта значыць, што яны пакланяліся розным з’явам прыроды – агню, сонцу, месяцу, вадзе і г.д. Напярэдадні хрысціянізацыі склаўся пантэон багоў славян, якія мелі антропаморфны выгляд (выглядалі як людзі). Галоўныя багі – Пярун – бог грому, маланкі і вайны, Сварог – бог неба, Ярыла – бог сонца, Велес – бог-абаронца хатняй жывёлы. Цэнтрамі язычніцкай рэлігіі былі свяцілішчы – капішчы, дзе адбываліся малебны, ахвярапрынашэнні, у тым ліку і чалавечыя. Служкай паганскага культу быў жрэц – пасрэднік паміж людзьмі і багамі. Жрацы падтрымлівалі агонь на капішчах, бо агонь валодаў свяшчэннай ачышчальнай сілай. Сваіх нябожчыкаў славяне спальвалі на вогнішчы, а знатных – нават разам з жонкамі, рабамі і вялікай колькасцю прылад працы. Гэта гаворыць аб існаванні развітых уяўленняў пра жыццё пасля смерці.
Менавіта ў той час склаліся галоўныя святы славян, звязаныя з сельскагаспадарчым і каляндарным цыкламі, шанаваннем продкаў. Некаторыя з іх дайшлі да нашых дзён. Гэта зажынкі – пачатак уборкі ўраджаю, звязванне першага снапа і дажынкі – свята апошняга снапа; масляніца – свята адраджэння сонца ў пачатку вясны, калі пякліся бліны – сімвалы нябеснага свяціла. Культ шанавання продкаў увасабляецца ў святах Дзяды і Радаўніца. Новы год у славян пачынаўся з сакавіка месяца – гэта таксама было звязана з нараджэннем сонца, хуткім пачаткам сельскагаспадарчай працы.