Страшэнныя экалагічныя і эканамічныя наступствы для ўсёй тэрыторыі Беларусі мела аварыя на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі (ЧАЭС), якая адбылася
26 красавіка 1986 г. На тэрыторыю Беларусі прыпала 70% радыёактыўнага забруджвання. Асабліва ў цяжкім становішчы апынулася насельніцтва паўднёвага ўсходу БССР – усяго 2.100.000 чалавек. З абароту было выведзена 20% сельгасугоддзяў і 14% ляснога фонду. Толькі 4 мая 1986 г. было прынята рашэнне аб высяленні жыхароў трыццацікіламетровай зоны вакол ЧАЭС. Вынікі катастрофы ўсяляк замоўчваліся. Насельніцтва не атрымоўвала аператыўнай інфармацыі. У 1989 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў праграму доўгатэрміновых дзеянняў па ліквідацыі наступстваў аварыі, разлічаную да 1995 г. Аднак цалкам яна так і не была выканана.
У 1988-1989 гг. ліквідацыя былых аўтарытарных механізмаў запалохвання і кантролю прывяла да таго, што ў рамках палітыкі галоснасці дэмакратычна настроеныя грамадзяне пачалі крытыкаваць сістэму кіраўніцтва партыі над выбарнымі органамі ўлады. Нарасталі нацыянальныя працэсы ў рэспубліках, з’явілася палітычная і нацыянальная апазіцыя, якая пачала заклікаць да выхаду з СССР. Кіраўніцтва асобных савецкіх рэспублік прыслухоўвалася да гэтых заклікаў, наладжвала кантакты з апазіцыянерамі, збірала рэсурсы, неабходныя для набыцця самастойнасці.
У БССР працэс дэмакратызацыі грамадства ішоў значна больш марудна, чым у іншых рэспубліках. Тым не менш, тут таксама ўзнікалі апазіцыйныя грамадскія арганізацыі – “Талака”, “Тутэйшыя”, “Паходня” і інш. У 1990 годзе новы ВС БССР прыняў закон аб арганізацыях, які дазволіў стварэнне грамадскіх і палітычных арганізацый, партый.
У сакавіку – красавіку 1990 г. у БССР адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет рэспублікі, а таксама ў мясцовыя саветы. Упершыню за многія дзесяцігоддзі яны праходзілі на альтэрнатыўнай аснове. 10 лютага 1990 г. на Усебеларускім дэмакратычным форуме быў створаны Беларускі дэмакратычны блок, які аб’ядноўваў прадстаўнікоў дэмакратычна арыентаваных арганізацый. У выніку ў зноў выбраным Вярхоўным Савеце з'явіліся апазіцыйныя фракцыі БНФ і "Дэмакратычны клуб". 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет прыняў дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. У тых умовах гэта былo хутчэй толькі пажаданнем. Аднак мела надзвычай важныя наступствы.
Між тым унутрыэканамічная і палітычная сітуацыя ў СССР значна пагоршылася. Пачаліся міжнацыянальныя сутыкненні. Фактычна ішла грамадзянская вайна паміж Арменіяй і Азербайджанам. Незалежнасць сваёй рэспублікі абвясціў парламент Літвы. Вясной 1991 г. антысавецкія мітынгі прайшлі і на Беларусі. М.Гарбачоў рабіў непаслядоўныя крокі ў вырашэнні канфліктаў. Так, выкарыстанне ваенных часцей супраць мірнага насельніцтва для вырашэння праблемы апазіцыйных настрояў не дало станоўчых вынікаў. Аўтарытэт саюзнага кіраўніцтва моцна аслаб. З цяжкасцю ішлі перагаворы з кіраўніцтвам рэспублік аб заключэнні новага саюзнага дагавора. Канчаткова лёс Савецкага Саюза вырашыла спроба дзяржаўнага перавароту ў жніўні 1991 г. ў Маскве, які паказаў поўную бяздзейнасць цэнтральных уладаў.
У снежні 1991 г. на сустрэчы кіраўнікоў Беларусі (С.Шушкевіч), Расіі (Б.Ельцын) і Украіны (Л.Краўчук), якая праходзіла ў Віскулях (Белавежская пушча) было прынята рашэнне аб дэнансацыі дагавора 1922 г. аб стварэнні СССР. Замест яго 8 снежня 1991 г. стваралася Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД), каардынацыйным цэнтрам якой стала сталіца Беларусі – Мінск.
2. Развіццё гаспадаркі Беларусі ў 50-я гг. Спробы сацыяльнай пераарыентацыі эканомікі
У паслеваенны перыяд, у 50-я гг., перад гаспадаркай БССР стаялі вялікія задачы, сярод якіх галоўнымі былі павышэнне матэрыяльнага і культурнага ўзроўню жыцця савецкага народа; актыўнае ўключэнне ў навукова-тэхнічную рэвалюцыю; вывад з крызісу сельскай гаспадаркі.
Часткова гэтыя задачы былі закладзены ў пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі БССР на пятую пяцігодку (1951-1955 гг.).
На жнівеньскай (1953 г.) сесіі ВС СССР старшыня СМ СССР Г.М. Малянкоў выступіў з абгрунтаваннем эканамічнай палітыкі новага палітычнага кіраўніцтва краіны па сацыяльнай пераарыентацыі народнай гаспадаркі. Адначасова з высокімі тэмпамі развіцця цяжкай прамысловасці трэба было больш хутка развіваць вытворчасць тавараў народнага спажывання; павялічваць капіталаўкладанні ў сельскую гаспадарку; правесці зніжэнне цэн. У Дзяржаўным бюджэце СССР на 1953 г. былі прадугледжаны вялікія датацыі на вытворчасць тавараў народнага спажывання.
Для падтрымкі сельскай гаспадаркі прадугледжвалася павысіць нарыхтоўчыя цэны ў некалькі разоў. Спісваліся нядоімкі з калгасаў і калгаснікаў па сяльгаспадатку за папярэднія гады, адначасова яго памеры зніжаліся, а з 1958 г. ён быў адменены. Была ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база, павялічаны капіталаўкладанні на патрэбы вёскі.
У верасні 1953 г. была распрацавана сістэма эканамічных і сацыяльных мер па далейшаму развіццю сельскай гаспадаркі, пачалося асваенне цаліны. Але гэта адзначала, што кіраўніцтва адмовілася ад інтэнсіўных метадаў пад’ёму сельскай гаспадаркі, таму замарудзіліся тэмпы росту прадукцыйнасці працы ў традыцыйных сельскагаспадарчых рэгіёнах. Тым не менш, у БССР вырасла ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе жывёлы і нарыхтоўка мяса, малака. Аднак па шэрагу паказчыкаў заданні і гэтай пяцігодкі не былі выкананы.
У прамысловасці за гады пяцігодкі ўвайшло ў строй 1.010 новых прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку каля 150 буйных (падшыпнікавы завод, камвольны камбінат, гадзіннікавы завод і завод будаўнічых матэрыялаў у Мінску, цукровы завод у Скідзелі, завод швейных машын у Оршы, шоўкаткацкая фабрыка ў Віцебску). Вырасла прадукцыйнасць працы, аб’ём прадукцыі прамысловасці за 1951-1955 гг. павялічыўся ў Беларусі больш чым у 2 разы пры плане 75-80%. Было пераадолена адставанне лёгкай і харчовай прамысловасці, у 1955 г. выраблена ў 2 разы больш тавараў народнага спажывання, чым у 1950 г.
Было лібералізавана працоўнае заканадаўства. Адменены рэпрэсіўныя законы 1938-1940 гг., якія забаранялі звальняцца са сваіх прадпрыемстваў і ўстаноў, абмяжоўвалі правы працыючых.
У гады шостай пяцігодкі (1956-1960 гг.) паскорана развіваліся лёгкая, харчовая, дрэваапрацоўчая галіны прамысловасці, якія выпускалі тавары народнага спажывання; далей развівалася энергетыка, машынабудаванне, хімічная, радыётэхнічная вытворчасці.
Былі ўведзены буйныя прадпрыемствы – Васілевічская ДРЭС, аўтамабільны завод у Жодзіне, першы калійны камбінат у Салігорску, нафтаперапрацоўчы завод у Полацку, суперфасфатны завод у Гомелі. Пашыралася ўкараненне элементаў НТР (навукова-тэхнічнага прагрэсу) у розных галінах прамысловасці.
10 мая 1957 г. Вярхоўны Савет СССР прыняў Закон аб ліквідацыі агульнасаюзных прамысловых міністэрстваў (міністэрства электрастанцый, абароннае, авіяцыйнае, судабудаўнічае, радыётэхнічнае, хімічнае заставаліся). Замест міністэрстваў ствараліся саўнаргасы – саветы народнай гаспадаркі ў рамках буйных адміністрацыйных раёнаў. Так галіновае кіраўніцтва мянялася на тэрытарыяльнае. У межах БССР быў створаны адзін саўнаргас. У выніку рэформы аблегчылася развіццё мясцовай і лёгкай прамысловасці, але ўскладнілася развіцце цяжкай.
Сельская гаспадарка Беларусі з сярэдзіны 50-х гг. упершыню пасля вайны стала рэнтабельнай. У калгасах сталі стварацца грашовыя і прадуктовыя фонды для гарантавання рэгулярнай аплаты працы. З 1956 г. калгаснікі пачалі кожны месяц атрымліваць грашовыя авансы на працадні. У 1958 г. былі ліквідаваны МТС, тэхніка была прададзена калгасам.
50-я гг. былі паспяховымі для эканомікі нашай рэспублікі. Тэмпы эканамічнага росту былі высокімі. Дасягнута гэта за кошт прыросту рэсурсаў і за кошт лепшага іх выкарыстання. Прадукцыйнасць працы за дзесяцігоддзе ўзрасла на 62%. Была забяспечана таварна-грашовая збалансаванасць (на здаровую аснову пастаўлена грашовае абарачэнне і фінансы), зніжаліся цэны. Тэмпы прыросту нацыянальнага даходу склалі каля 10% у год за кошт цяжкай індустрыі разам з галінамі, якія выпускалі тавары народнага спажывання, сельскай гаспадаркі, жыллёвага будаўніцтва.
3. Прамысловасць Беларусі ў 60-я гг. Гаспадарчая рэформа і яе асноўныя вынікі
Першая палова 60-х гг. характэрызуецца пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў прамысловасці краіны. Залішняя цэнтралізаванасць кіраваннем эканомікі, крызісны стан у сельскай гаспадарцы СССР, нізкая адукаванасць кіраўніцтва ў пытаннях эканамічнага развіцця, змены ў сусветных цэнах на сыравіну, паліўна-энергетычныя рэсурсы – усё гэта паўплывала на стан народнай гаспадаркі.
Пад час сямігодкі (1959-1965 гг.) хуткае развіццё павінна была атрымаць хімічная прамысловасць (асабліва вытворчасці мінеральных угнаенняў). Быў уведзены першы Салігорскі калійны камбінат, будаваліся другі і трэці камбінаты, азотна-тукавы завод у Гродна, суперфасфатны ў Гомелі. Пабудаваныя комплекс Светлагорскага завода штучнага валакна, Магілёўскі камбінат па вытворчасці лаўсану, Новаполацкі нафтаперапрацоўчы завод, Пінскі завод штучнай скуры, Лідскі завод па вытворчасці лакаў і фарбаў. Удзельная вага хімічнай прамысловасці ў вытворчых фондах прамысловасці Беларусі падвоілася. Апераджальнае развіццё атрымалі новыя неметалаёмістыя галіны – прыборабудаванне і электроніка, высокія тэмпы развіцця захавала машынабудаванне і металаапрацоўка.
Адбылося павелічэнне ў паліўным балансе долі нафты і прыроднага газу. Спрыяла гэтаму адкрыццё Рэчыцкага радовішча нафты і пачатак у 1964 г. прамысловай здабычы нафты ў БССР. Пачалася газіфікацыя кватэр у гарадах і на вёсцы.