Даніловіч, Ю. Ярашэвіч, Т. Нарбут)
З канца ХVІІІ - пачатку ХІХ стст. у Беларусі пачалі распаўсюджвацца ідэі лібералізму. Асноўным асяродкам лібералізму на беларускіх землях стаў Віленскі універсітэт і іншыя навучальныя ўстановы, якія ўваходзілі ў Віленскую навучальную акругу. У 1801 годзе ў Віленскім універсітэце вучылася 256 студэнтаў, у тым ліку са шляхты 167 чалавек, мяшчан 79 чалавек, разначынцаў 10 чалавек.
Вялікую ролю ў фарміраванні ў выкладчыцкім і студэнцкім асяроддзі асветніцкіх і ліберальных традыцый аказваў рэктар універсітэта (з 1807 па 1815 гг.) выдатны матэматык, астраном, філосаф, псіхолаг Ян Снядэцкі (1756 - 1830). У выхаванні сапраўдных патрыётаў і грамадзян ён вялікую ролю адводзіў мастацкаму слову. Па тэарэтычных праблемах мастацкай літаратуры Ян Снядэцкі напісаў такія спецыяльныя працы, як ''Пра літаратуру'', ''Пра творы класіцызму і рамантызму'' і інш. Як прыхільнік ліберальных ідэй Я. Снядэцкі выступаў за вызваленне навукі і адукацыі ад празмернай апекі дзяржавы. Галоўнай мэтай грамадскай адукацыі і выхавання рэктар Віленскага універсітэта бачыў падрыхтоўку студэнтаў да дзяржаўнай службы і ўвогуле накіроўванне іх ведаў і ўмення на ''карысць народную''.
Па Я. Снядэцкаму, трэба імкнуцца да стварэння такой сістэмы адукацыі, якая б не перашкаджала ''нікому рухацца далей наперад у сваёй адукацыі, а наадварот, дапамагала б'' [7, с.181].
Для дзейнасці Я. Снядэцкага ў якасці рэктара быў характэрны клопат аб падрыхтоўцы навукоўцаў з мясцовай молодзі. Традыцыя фарміраваць уласныя кадры, пачатая ў час рэктарства Снядэцкага, існавала да закрыцця універсітэта ў 1832 г.
Значную ролю ў развіцці ліберальнай думкі адыграў брат Я. Снядэцкага Анджэй Снядэцкі (1768-1838), які быў прафесарам хіміі і медыцыны Віленскага універсітэта. А. Снядэцкі ў прыродазнаўстве быў прыхільнікам навуковага матэрыялізму, але ў адносінах да грамадства яго погляды можна лічыць ідэалістычнымі, бо ўсе сацыяльныя супярэчнасці і катаклізмы ён звязваў з неадукаванасцю грамадства, адзіным выйсцем бачыў усеагульную народную асвету.
Вучоным былі зроблены вельмі цікавыя высновы з аналізу стану сучаснага яму феадальнага грамадства. Галоўнымі фактарамі фарміравання асобы ён лічыў не прыродныя з'явы, а сацыяльныя ўмовы жыцця. Незалежна ад таго, у якіх кліматычных умовах жывуць прадстаўнікі пануючых класаў, вобраз іх паўсядзённага жыцця - гулянкі, пышнасць, тэатр, любоўныя інтрыгі - вядуць да развязнасці, самалюбства, уладалюбства і іншых хвароб шляхецкага саслоўя. Жыццё чалавека працы ў феадальным грамадстве - грамадстве прыгнёту і рабства таксама не з'яўляецца фактарам фарміравання гарманічнай асобы. Праца прыгоннага селяніна становіцца асноўнай крыніцай пазбаўлення чалавека жыццёвых сіл, цяжкіх захворванняў яго арганізма. Спачуваючы простаму народу, А.Снядэцкі не прапаноўваў радыкальных рэвалюцыйных мер змянення яго становішча.
У 20-х гадах ХІХ ст. сярод выкладчыкаў Віленскага універсітэта беларускага паходжання шырацца намаганні выявіць і сістэматызаваць помнікі старажытнай пісьменнасці, выспявае думка аб узнаўленні і літаратурнай творчасці на беларускай мове. Сярод навукоўцаў гэтай плеяды асобае месца займае Міхаіл Баброўскі (1784-1848). У 1812 годзе Баброўскі скончыў духоўную семінарыю пры Віленскім універсітэце. Яшчэ юнаком ён зацікавіўся старажытнымі славянскімі рукапісамі і ўсё сваё жыццё прысвяціў даследаванню гісторыі славянскага кнігадрукавання, збору матэрыялаў пра дзейнасць Ф. Скарыны, І. Фёдарава, П. Мсціслаўца.
Ён нанава адкрыў для беларускай і еўрапейскай навукі імя і працы Скарыны, звесткі пра якога даследчык выклаў у кнізе ''Гісторыя славянскіх друкарняў у Літве'', якая не была надрукавана. Вучоны лічыў, што значэнне Скарыны для нацыянальнай культуры і ўвогуле станаўлення нацыянальнай свядомасці беларусаў у тым, што яшчэ на досвітку Адраджэння ён абвясціў беларускую мову і беларускі народ цалкам раўнапраўным сярод іншых еўрапейскіх народаў і моў. Працы Баброўскага, яго навуковая і педагагічная дзейнасць садзейнічалі станаўленню сусветнага славяназнаўства і ўзнікнення асобага накірунку ў гуманітарных навуках - беларусазнаўства.
У 20-30 гады ХІХ ст. навукоўцы, звязаныя з Віленскім універсітэтам, падрыхтавалі працы па гісторыі дзяржавы і права Беларусі перыяду ВкЛ, у якіх абазначаліся прынцыпова новы ў параўнанні з польскай гісторыяграфіяй погляд на гістарычную спадчыну беларускага народа.
Значны ўплыў на фарміраванне гістарычнай свядомасці беларускай студэнцкай моладзі зрабілі працы і выкладчыцкая дзейнасць аднаго з буйнейшых спецыялістаў па гісторыі права Беларусі і Літвы - Ігната Мікалаевіча Даніловіча (1787-1843).
І. Даніловіч з 1814 года выкладаў мясцовае права ў Віленскім універсітэце. У 1814 г. ён быў прызначаны ў склад прафесійнай камісіі, якая была створана для перакладу на рускую мову Статута ВкЛ 1588 г. З гэтага часу асноўным яго заняткам стаў пошук крыніц па гісторыі права ВкЛ.
У сваіх працах і лекцыях Даніловіч праводзіў думку аб тым, што права ВкЛ грунтавалася на старажытным славянскім праве. Ён падкрэсліваў усебаковую распрацаванасць права ВкЛ, марыў вярнуць да жыцця мову статутаў, падтрымліваў ідэю аб адзінстве славянскага права. Ім быў падрыхтаваны ''Гістарычны агляд літоўскага заканадаўства'', які выйшаў у свет у 1857 г.
Навуковая заслуга Даніловіча з'яўляецца ў тым, што ён выявіў і апублікаваў шэраг выключна важных помнікаў права. Вучоны быў упэўнены, што ''ўдзячнасць гісторыі ў сто разоў больш заслугоўвае той, хто выдае ў свет старыя акты і летапісы, а не той, хто складае гісторыю па гатовых кнігах''[1, с.123].
Сучаснікам і аднадумцам Даніловіча быў Юзаф Ярашэвіч (1793 - 1860). У 1815 г. ён скончыў Віленскі універсітэт, а з 1826 па 1831 г. працаваў у ім прафесарам права. Галоўнай праблемай яго навуковых інтарэсаў была гісторыя дзяржавы і права ўсходніх славян, у асаблівасці беларусаў і ўкраінцаў. Асноўныя даследаванні Ю. Ярашэвіча - ''Пра ўплыў хрысціянскай рэлігіі на цывілізацыю славян'', ''Пра стан цывілізацыі Літвы перад і пасля заснавання акадэміі''. Гісторык і правазнаўца марыў аб адраджэнні незалежнага Вялікага княства Літоўскага.
Ідэйна блізкі да Даніловіча і Ярашэвіча быў іх сучаснік, ваенны інжынер Тэадор Нарбут (1784-1864). У 1812 годзе ён пачаў займацца даследаваннем гісторым Вялікага княства Літоўскага. Ён напісаў і апублікаваў ''Старажытную гісторыю літоўскага народа'' у 9 тамах, у якой асвятляліся гістарычныя падзеі да 1569 г. Час ВкЛ, асабліва перыяд ХVІ ст., Нарбут лічыў ''залатым стагоддзем беларускай гісторыі'' [1, с.124]. Ён адмоўна ставіўся да палітыкі польскіх феадалаў у адносінах да ВкЛ.
Такім чынам, заслугай Даніловіча, Ярашэвіча, Нарбута з'яўляецца тое, што яны сабралі і высветлілі цэлы шэраг фактаў дзяржаўна-прававой гісторыі Беларусі, паклалі пачатак фарміравання новага, патрыятычнага кірунку ў гісторыяграфіі дзяржавы і права Беларусі, імкнуліся даказаць неабгрунтаванасць польскай канцэпцыі гісторыі ВкЛ як часткі польскай гісторыі.
4. Стварэнне і дзейнасць тайных таварыстваў філаматаў і філарэтаў.
Палітычныя і прававыя погляды іх арганізатараў і кіраўнікоў Тамаша
Зана, Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Ігнація Дамейкі
Педагагічная і выхаваўчая дзейнасць выдатных прафесараў Віленскага універсітэта садзейнічала стварэнню ў яго сценах тайных студэнцкіх таварыстваў ліберальнага накірунку, якія аб'ядноўвалі моладзь Беларусі, Літвы і Польшчы.
Да зараджэння першых праяў беларускага (ліцвінскага) руху прама ці ўкосна мелі дачыненне тайныя гурткі і таварыствы, якія дзейнічалі ў 1817-1823 гг. у Віленскім універсітэце. Першымі з такіх таварыстваў былі філаматы (аматары навук). Ля вытокаў арганізацыі стаялі студэнты універсітэта - выхадцы з Беларусі - Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ігнацій Дамейка, Ян Чачот.
Дзейнасць арганізацыі філаматаў, як і філарэтаў (аматараў дабрачыннасці), ''Прамяністых'' і іншых арганізацый, якія выйшлі з-пад яе крыла, была прасякнута ''ідэяй дзвюх мэтаў''. З аднаго боку, яны імкнуцца да самаўдасканалення як навуковага, так і маральнага. Бачачы ў адукацыі і маральным удасканаленні галоўнае выратаванне чалавечага грамадства ўвогуле і ліцвінскага у прыватнасці, яны распаўсюджвалі адукацыю ў сялянскім асяроддзі, знаёмілі простага чалавека з літаратурай, мастацтвам, рамёствамі. Выхаванне і навучанне, на іх думку, павінна было садзейнічаць палітычнаму ўдасканаленню грамадства, далучэнню да барацьбы супраць дэспатызму і нацыянальнага ўціску шырокага кола жыхароў Беларусі.
З другога боку, члены тайных таварыстваў марылі аб скасаванні прыгонніцтва, звяржэнні самаўладдзя, увядзенні канстытуцыйнай формы кіравання, зацвярджэння ў краіне прынцыпу вяршэнства закона. ''Сёння - права сілы, а заўтра - сіла права'', - пісаў А. Міцкевіч у 1820 г. у ''Песні філарэтаў'' [1, с.127].
Разам з тым філарэты падкрэслівалі ролю гуманістычнай маралі як рэгулятара грамадскіх адносін. У артыкуле Яна Чачота ''Пра будучае прызначэнне таварыства філаматаў'' гаварылася, што сапраўдны грамадзянін ''паводзіць сябе не толькі згодна ўстаноўленым грамадскім законам, але і згодна законам сумлення, маралі і рэлігіі… Грамадскае шчасце залежыць як ад добрых грамадзян, так і ад добрага ўрада''.
Погляды філаматаў і філарэтаў добра характарызуюць іх праграмы, сачыненні, вершы, рэфераты, з якімі яны выступаюць на сваіх пасяджэннях. Ян Чачот, акрэсліваючы задачы таварыства, пісаў, што ''яно павінна ўсё рабіць для шчасця і вызвалення Айчыны … пры дапамозе асветы і згуртавання суайчыннікаў''.
У сачыненнях філаматаў адчуваецца апазіцыйнасць да расійскага ўрада. ''Наш вораг - рускі ўрад, - упэўніваў аднадумцаў Тамаш Зан, - а маскалі, якія сумленна мысляць, нават гатовы дапамагчы нам заваяваць сваю незалежнасць. Рускія не менш за нас пакутуюць ад дэспатызму''[1,с.128].
Філаматы свае намаганні марылі накіраваць на адраджэнне Рэчы Паспалітай, у якой Вялікае княства Літоўскае будзе мець аўтаномны статус. Барацьбу павінна ўзначаліць выключна шляхта.