Смекни!
smekni.com

Беларусь у перыяд глабальных сусветных пераўтварэнняў (стр. 3 из 4)

Праводзілася палітыка рэгулявання цэн, барацьбы з дарагавізнай, спекуляцыяй і інфляцыяй. Аднак мерапрыемствы не мелі поспеху. 25 сакавіка 1917 г. была ўведзена дзяржаўная манаполія на хлебны гандаль пры адначасовым павышэнні цвёрдых цэн на ўсе віды хлебных вырабаў на 60–70%. З-за дрэннай каардынацыі і дысцыпліны хлебная манаполія правалілася, што прывяло да адмены спажывецкага рэгулявання і наступлення голаду.

Адначасова Часовы ўрад адклаў вырашэнне аграрнага пытання да склікання Ўстаноўчага сходу. Адначасова сяляне прыцягваліся да крымінальнай адказнасці за недазволенае карыстанне памешчыцкімі зямлямі і беспарадкі. Падаўлялі сялянскія выступленні армейскія часці.

Мерапрыемствы Часовага ўраду не здолелі палепшыць сацыяльна-эканамічнага становішча ў краіне, больш таго, прывялі да рэвалюцыйнага выбуху восенню 1917 г.

4. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі

У ноч з 25 на 26 кастрычніка 1917 года ў Петраградзе бальшавікі здзейснілі сваю мару – правялі паспяховае ўзброеннае паўстанне супраць Часовага ўрада. Члены апошняга былі арыштаваны, а ўлада перададзена II Усерасійскаму з’езду Саветаў, аднак яго паседжанне пакінулі меньшавікі і правыя эсэры, нязгодныя з арыштам міністраў. Амаль адразу інфармацыя аб пераходзе ўлады ў сталіцы да Саветаў распаўсюдзілася па былой імперыі. Мінскі Савет, дзе большасць мелі ўжо бальшавікі, выдаў загад за першым нумарам пад агульнай назвай – «Уся ўлада саветам!». 26 кастрычніка пры Мінскім Савеце быў створаны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Паўночна-Заходняга фронту, які павінен быў садзейнічаць умацаванню савецкай улады і быў паўнамоцным органам улады да фарміравання пастаянных устаноў улады. Аднак прыхільнікі Часовага ўрада так сама актывізаваліся. Імі 27 кастрычніка быў створаны Камітэт выратавання рэвалюцыі (маецца на ўвазе Лютаўская), у склад якога ўвайшлі ўсе буржуазныя партыі, эсэры, Бунд, меньшавікі, прадстаўнікі Гарадской думы, Вялікай беларускай рады, прафсаюзаў Мінска. У Мінск была ўведзена Каўказская дывізія. Рэальна ацэньваючы свае сілы, Мінскі Савет перадаў уладу (часова) Камітэту і нават дэлегаваў у яго склад сваіх прадстаўнікоў І. Алібегава і Я. Пярно.

1 лістапада 1917 года ў Мінск увайшоў браняпоезд і армейскія часткі, якія падтрымлівалі бальшавікоў. Камітэт выратавання рэвалюцыі быў разагнаны. Вельмі хутка, на працягу кастрычніка-лістапада 1917 года савецкая ўлада была ўстаноўлена на ўсёй неакупаванай тэрыторыі Беларусі. У буйных гарадах ствараліся Ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, якія праводзілі мерапрыемствы па ўмацаванню савецкай улады. Толькі ў Магілёве, дзе знаходзілася Стаўка галоўнакамандуючага М.М. Духоніна і большасць Савета была меньшавісцка-эсэраўска-бундаўская патрабавалася ўмяшальніцтва значных вайсковых сіл. СНК Расіі прызначыла галоўнакамандуючым арміі М.В. Крыленка і накіравала войскі на ліквідацыю Стаўкі ў Магілёве. 18 лістапада Магілёўскі Савет прызнаў савецкую ўладу і ўтварый ВРК, які ўстанавіў кантроль над Стаўкай і арыштаваў некаторых генералаў. Да 18 лістапада савецкая ўлада была ўстаноўлена і на фронце.

Для ўмацавання новай улады важнае значэнне мелі з’езды Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў губерняў і фронту, якія адбыліся ў лістападзе-снежні. Яны легалізавалі новую ўладу – зацвердзілі структуру яе органаў, вызначылі сістэму кіравання, абралі выканкамы, адобрылі першыя Дэкрэты савецкай ўлады – аб зямлі і міры і інш. У лістападзе ў Мінску адбылося амаль адначасова тры з’езды сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў новастворанай Заходняй вобласці і фронту. Іх выканаўчыя камітэты аб’ядналіся ў Выканаўчы камітэт Заходняй вобласці і Заходняга фронту (Аблвыкамзах), падаўляючую большасць месцаў там мелі прадстаўнікі салдат фронту, далёкія ад праблем непасрэдна беларускага рэгіёна. Узначаліў выканаўчы камітэт Н. Рагазінскі, старшынёй СНК стаў К. Ландар.

У Віцебскай і Магілёўскай губернях, якія хаця і ўвайшлі ў склад Заходняй вобласці, былі створаны свае органы ўлады, якія дзейнічалі асобна ад Аблвыкамзаха і падпарадкоўваліся ўраду Савецкай Расіі.

Пытанне аб уладзе, тым не менш, канчаткова вырашана не было. У Саветах было пашырана меркаванне аб стварэнні кааліцыйных урадаў з левымі сацыялістычнымі партыямі, у прыватнасці з левымі эсэрамі. У. Леніну і Л. Троцкаму прыйшлося прылажыць шмат намаганняў, каб пераадоліць гэтыя памкненні. У лістападзе адбыліся выбары ва Устаноўчы сход Расіі, але бальшавікі ўжо вырашылі для сябе пытанне аб будучым краіны, таму хутка Устаноўчы сход быў разагнаны, тым больш, што большасць бальшавікі там не атрымалі – толькі 24% галасоў (але на Беларусі яны перамаглі – 30 дэлегатаў з 54).

Кіраўнікі савецкіх органаў улады займалі рэзка негатыўную пазіцыю па пытанню нацыянальнага самавызначэння Беларусі. Яны не былі беларусамі па паходжанню, на Беларусі апынуліся дзякуючы ваенным абставінам, мясцовай нацыянальнай спецыфікі не ведалі, а дзейнічалі зыходзячы з пазіцый вядомай нам тэорыі «заходнерусізма». Аднак беларускія нацыянальныя партыі, у там ліку сацыялістычныя, прытрымліваліся іншага пункту гледжання на будучыню Беларусі. Яны пачалі рыхтаваць Усебеларускі кангрэс, які павінен быў вырашыць далейшы лёс беларускіх губерній. Адначасова ўрад Савецкай Расіі даручыў Беларускаму абласному камітэту, утворанаму з дэлегатаў Устаноўчага сходу, так сама правесці Усебеларускі з’езд з аналагічнай мэтай, на гэта мерапрыемства былі выдаткаваны грашовыя сродкі. З дзейнасці гэтага з’езда пачынаецца перыяд станаўлення беларускай дзяржаўнасці.

5. Сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года

Савецкая ўлада на тэрыторыі Беларусі была ўстаноўлена ў кастрычніку – лістападзе 1917 г. (на неакупіраванай тэрыторыі). Гэта ўлада мела свае погляды на ролю эканомікі ў дзяржаве. Галоўны прынцып існавання савецкай эканомікі – гэта грамадская ўласнасць на сродкі вытворчасці. Дакладнай праграмы эканамічнага развіцця ў новай улады не было.

Перш за ўсё, бальшавікі стваралі сваю структуру палітычнай ўлады. Усе органы ўлады Часовага ўраду былі ліквідаваны. У Мінску адбыліся з’езды Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці, Саветаў сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў і Саветаў салдацкіх дэпутатаў арміі Заходняга фронту (другая палова лістапада 1917 г.). Па выніках з’ездаў быў створаны Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыканкамзах) – вышэйшы орган улады ў краі. 26 лістапада 1917 г. быў створаны Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. СНК быў адказны перад абласным выканаўчым камітэтам. Ён накіроўваў дзейнасць камісараў; кіраваў усім гаспадарчым і культурным жыццём вобласці; кіраваў дэмабілізацыяй з фронту; кіраваў барацьбой супраць контррэвалюцыйных выступленняў; прымаў меры па ліквідацыі старых устаноў.

22 лістапада 1917 г. адной з першых была ліквідавана старая судовая сістэма. У Беларусі шырокае распаўсюджанне атрымалі рэвалюцыйныя трыбуналы, у задачу якіх уваходзіла барацьба з контррэвалюцыйнымі злачынствамі, сабатажам, спекуляцыяй і г.д. У 1917 г. у Беларусі нехапала хлеба ў памеры каля 1 млн. пудоў. У той жа час не была вырашана праблема з уладкаваннем бежанцаў з раёнаў ваенных дзеянняў. У гэтых умовах новая ўлада праводзіла мерапрыемствы, накіраваныя на паляпшэнне агульнай сітуацыі ў краіне.

Браліся пад кантроль фінансы. Дэкрэтам Усерасійскага ЦВК ад 14 снежня 1917 г. былі нацыяналізаваны ўсе прыватныя банкі і створаны адзіны Дзяржаўны банк з аддзяленнямі-канторамі на месцах.

Уводзіўся рабочы кантроль на прадпрыемствах з мэтай барацьбы з сабатажам чыноўнікаў, прадпрымальнікаў і банкіраў.

Праводзілася нацыяналізацыя прамысловасці. На першым этапе былі нацыяналізаваны чыгуначныя майстэрні па рамонце паравозаў і вагонаў, усе чыгуначныя дарогі. На другім этапе – лесапільныя заводы, млыны, торфапрадпрыемствы і іншыя аб’екты, што цікавілі ваеннае ведамства.

Стваралася структуры кіравання эканомікай. Першы з’езд Саветаў народнай гаспадаркі Заходняй вобласці (кастрычнік 1918 г.) зацвердзіў Палажэнне аб арганізацыі губернскіх Саветаў народнай гаспадаркі (саўнаргасаў). Губсаўнаргас быў выканаўчым органам ВСНГ на тэрыторыі сваёй губерні. Губсаўнаргасы мелі права канфіскаваць капіталы, рухомую і нерухомую маёмасць прыватнікаў на прадпрыемствах губернскага маштабу; фінансаваць дзяржаўныя прадпрыемствы; выдаваць прадпрыемствам пазыкі; забеспечваць прадпрыемствы сыравінай; арганізовываць збыт гатовай прадукцыі; вырашаць шэраг арганізацыйных пытанняў. Першы на Беларусі саўнаргас быў створаны ў Віцебскай губерні 28 мая 1918 г. на базе аддзела прамысловасці і гандлю губвыканкама, губернскіх нарыхтоўчых арганізацый, упраўленняў водных і шасейных шляхоў зносін і іншых гаспадарчых арганізацый. Гаспадарчыя арганізацыі ваеннага ведамства ў склад саўнаргаса не ўваходзілі.

У сацыяльнай палітыке быў уведзены 8-гадзінны рабочы дзень, забаранялася праца малалетніх, для падлеткаў працоўны дзень скарачаўся да 4–6 гадзін. Стваралася інспекцыя працы. Яна рэгулявала звышурочныя работы. З снежня 1918 г. быў уведзены штотыднёвы адпачынак, святочныя дні, аплачвоемы адпачынак. Былі створаны інспекцыі аховы працы, органы нагляду за тэхнікай бяспекі.

Прымаліся спробы вырашыць жыллёвае пытанне, палепшыць медыцынскае абслугоўванне. У рэчышчы гэтай палітыкі была адменена права ўласнасці на гарадскую нерухомасць, яна перадавалася да мясцовых Саветаў. Праводзілася перасяленне рабочых у кватэры буржуазіі (з’явіліся камунальныя кватэры). Былі арганізаваны санітарныя інспекцыі на фабрыках і заводах, праведзена нацыяналізацыя прыватных медыцынскіх устаноў, адменена плата за лячэнне, адкрыты акушэрска-гінекалагічныя бальніцы.