Сельскагаспадарчая палітыка ў 1925/1928 гг. абазначаецца тэрмінам “прышчэпаўшчына”. Д.Ф. Прышчэпаў, наркам земляробства БССР, быў прыхільнікам стварэння хутароў і пасёлкаў па тыпу вотрубаў. Як вынік - на 1928 гг. у рэспубліцы было землеўладкавана 2.344 тыс. гектараў зямлі, з іх хутары і вотрубы склалі 23%. На хутары і вотрубы заахвочвалі перасяляцца беззямельных і малазямельных сялян, іх надзелы часта ствараліся за кошт адрэзкоў ад надзелаў заможных сялян-кулакоў.
Сельскагаспадарчая кааперацыя ў БССР развівалася галоўным чынам у крэдытнай сферы, забеспячэнні і збыце прадукцыі вытворчасці. Ступень кааперыравання да кастрычніка 1927 г. дасягнула 37% сялянскіх гаспадарак. Аднак вытворчая кааперацыя амаль не развівалася.
Калгаснае будаўніцтва актыўна пачалося ў пачатку 20-х гг., яно стымулявалася з боку дзяржавы эканамічнымі метадамі. Так, адмянялася арэндная плата за зямельныя плошчы і пабудовы, інвентар, рабочую і прадукцыйную жывёлу, меліярацыйныя збудаванні, слабыя калгасы вызваляліся ад сельскагаспадарчага падатку.
Аднак умовы, у якіх ствараліся калгасы, не спрыялі іх утварэнню. Наглядалася малая колькасць сельскагаспадарчых спецыялістаў, адсутнічалі вялікія масівы ворнай зямлі, прыгодныя для апрацоўкі трактарамі, наогул, быў нізкі ўзровень механізацыі. Асноўная колькасць калектыўных вытворчых гаспадарак стваралася на дзяржаўных землях. Адсутнасць перспектыў для калгасаў у БССР падкрэслівалася ў “Матэрыялах да пяцігадовага перспектыўнага плану развіцця народнай гаспадаркі БССР на 1927/28 - 1931/32 гг.". Большае ўвагі развіццё атрымалі саўгасы. Мэты іх існавання крыху змяніліся ў параўнанні з перыядам “ваеннага камунізму”, гэта - падняцце сельскагаспадарчай культуры сярод сялян, выдзяленне селяніну-аднаасобніку лепшага насення, жывёлы, пладовых саджанцаў, распаўсюджанне новых тэхналогій.
Да 1927 г. сельская гаспадарка Беларусі аднавіла даваенныя аб’ёмы вытворчасці і мела магчымасці для далейшага прагрэсу. Аднак яе эвалюцыйнае развіццё было перарвана, бо вёска была абрана на ролю асноўнай крыніцы грошай на правядзенне індустрыялізацыі краіны, а гэтыя сродкі ў неабходных дзяржаве памерах можна было адабраць толькі шляхам прымусу.
Развіццё прамысловасці ў БССР у пачатку 20-х гадоў праходзіла на фоне ўзбуйненняў тэрыторыі рэспублікі. У 1924 годзе яна павялічыла сваю магутнасць на 90% (далучана Віцебшчына), у 1926 годзе вырасла яшчэ на 45% (далучана Гомельшчына).
Аднаўляліся буйныя прадпрыемствы, за 1922-1927 гг. пераабсталявана 1, расшырана 119 фабрык і заводаў. Адноўлена палова буйных прадпрыемстаў, што дзейнічалі да першай сусветнай вайны, колькасць рабочых дасягнула 93,9% ад даваеннага ўзроўню, выпуск валавай прадукцыі перавысіў даваенны на 41,7%. Аднаўляліся і дробныя саматужна-рамесніцкія прадпрыемствы. У 1927 г. іх дзейнічала 85,7% ад даваеннай колькасці, выпуск валавай прадукцыі склаў 62,5% даваеннага ўзроўню.
3годна з прынцыпамі НЭПа, да канца 1922 г. дзяржаўная прамысловасць Беларусі была знята з дзяржзабеспячэння і пераведзена на дзяржразлік. Да верасня 1924 г. трэсты былі арганізаваны па ўсёй тэрыторыі рэспублікі, сярод іх: Скуратрэст, Паператрэст, Шклотрэст, Харчтрэст, Дзяржспірт, Металатрэст і інш., усяго 9 трэстаў. Праводзілася электрыфікацыя гаспадаркі. У 1925-1926 гг. у Беларусі дзейнічала 40 электрастанцый.
Буйных прадпрыемстваў на Беларусі ў 1925 г. налічвалася 76, з іх дзейнічала 67, у харчовай, дрэваапрацоўчай, папяровай галінах. Да 1925 г. валавая прадукцыя буйной прамысловасці перавысіла ўзровень 1913 г. на 28,5%. Доля дзяржаўнага сектара склала 96,8%. Найбольш хуткімі тэмпамі развіваліся металаапрацоўчая прамысловасць, вытворчасць якой за 1923-1925 гг. павялічылася больш чым у 5 разоў, але яе ўдзельная вага яшчэ заставала нязначнай. Хуткімі тэмпамі расла выпрацоўка торфу, яна перавысіла даваенны ўзровень у 2,3 раза.
Дробная прамысловасць пераважала ў эканоміцы БССР. На 1926 г. у ёй было занята 73% рабочых, валавай прадукцыі яна вырабляла 58% усёй прамысловасці. Дамінуючымі галінамі былі харчовая, вытворчасць адзення, гарбарна-футравая, апрацоўка металаў, дрэва, воўны, мінералаў. Большая частка дробнай вытворчасці - гэта недзяржаўны сектар. У 1925 г. быў створаны "Белсаматужпрамсаюз", які займаўся пытаннямі каардынацыі і кааперыравання дробнага таваравытворцы. Дзейнасць прыватнакапіталістычных прадпрыемстваў абмяжоўвалася і рэгулявалася дзяржавай. Іх патрэбы ў абсталяванні, матэрыялах, атрыманні крэдытаў у апошнія гады існавання НЭПа задавальняліся ў апошнюю чаргу, да таго, прыватныя прадпрыемствы выплачвалі вялікія падаткі. Таму ўдзельная вага прыватнай прамысловасці паступова зніжалася. Прадпрыемствы, якія здаваліся ў арэнду, былі невялікія (каля 15 чалавек). Найбольшую распаўсюджанасць набыла арэнда ў харчовай, гарбарнай, лесапільнай, смалакурна-шкіпідарнай і цэглавай прамысловасцях. Памер арэнднай платы вызначаўся ў залежнасці ад кошту маёмасці.
Магчымасці далейшага развіцця прамысловасці на базе створаных яшчэ ў часы імперыі вытворчых магутнасцях былі абмежаванымі. Для забеспячэння эканамічнай стабільнасці неабходна было правядзенне індустрыялізацыі.3 1926 г. разгарнулася будаўніцтва шэрага буйных прадпрыемстваў: Бабруйскага дрэваапрацоўчага камбінату, Гомсельмашу, Магілёўскай фабрыкі штучнага шоўку, запалкавай фабрыкі "Чырвоная Бярэзіна" ў Новабарысаве, металаапрацоўчага завод "Камунар" у Мінску, БелДРЭС, а так сама вялікай колькасці цэглавых заводаў.
Восенью 1923 г. - распачаўся першы крызіс. Пачынаючы са жніўня 1922 г. сталі ўтварацца "нажніцы цэн" - калі кошты на прамысловыя вырабы пераўзышлі кошты на сельскагаспадарчую прадукцыю ў параўнанні з даваенным узроўнем больш чым у 3 разы. Сялянам стала нявыгадна прадаваць сваю прадукцыю і купляць тавары прамысловасці. "Крызіс збыту" адбыўся, калі прамысловыя прадпрыемствы яшчэ толькі пачалі аднаўляцца, толькі пачалі наладжваць выпуск прадукцыі, яле яна ўжо не раскупалася, а склады прадпрыемстваў затаварваліся. Прычынамі крызісу было больш хуткае аднаўленне сельскай гаспадаркі, манапольнае ўзняцце цэн на прамысловыя вырабы з боку трэстаў і сіндыкатаў; рэзкае зніжэнне цэн на хлеб пасля добрага ўраджаю 1923 года, а, так сама, неразвітасць гандлёвага апарату і памяншэнне крэдытавання гандлю ў верасні-кастрычніку 1923 годзе.
Меры па пераадоленню крызісу былі пераважна эканамічныя: дзяржава ўстанавіла дырэктыўныя цэны на прадметы спажывання, была праведзена грашовая рэформа 1924 г.
Рубеж 1925/26 гг. - гэта другі крызіс, сутнасць якога была ў вострым дэфіцыце тавараў. Дэфіцыт узнік у выніку хуткага росту вытворчых сіл. Прычыны крызісу былі ў праліках у планаванні. Дзяржава не змагла закупіць хлеб у сялян па нізкіх цэнах, таму што 1925 г. быў неўраджайны. Рынак прамтавараў БССР залежыў ад іх паступлення з-за мяжы, а памеры экспарту хлеба былі невялікімі. Да таго, значна вырасла пакупніцкая здольнасць сельскага і гарацкога насельніцтва, якую прамысловасць не паспявала задавальняць.
Меры пераадолення былі пераважна эканамічныя: быў скарочаны імпарт, замарожаны новабудоўлі, павялічаны ўскосныя падаткі; з 1925 г. уведзены дзяржаўны продаж гарэлкі; павялічана нарыхтоўчая цана на зерне, адноўлена дзейнасць закансерваваных тэхнічна адсталых прадпрыемстваў.
Крызіс 1925 года паказаў розніцу паміж мэтамі савецкай дзяржавы і прыватнага сектара, дрэннае валоданне кіраўніцтвам эканамічнымі рычагамі.
Рубеж 1927/28 гг. - трэці крызіс, які меў больш сацыяльна-палітычную сутнасць. Прычынамі крызісу было невыкананне дзяржаўнага плана хлебанарыхтовак па танных коштах, што вызвала недахоп сродкаў для індустрыялізацыі.
Меры пераадолення мелі надзвычайны характар, блізкі да метадаў "ваеннага камунізму". Такім чынам, НЭП страціў актуальнасць.
Агульныя прычыны крызісаў - памкненне партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва да паскоранай мадэрнізацыі грамадства пад лозунгам "рыўка ў сацыялізм", што дэфарміравала эканоміку. Існуючая ў краіне аўтарытарная палітычная сістэма неадпавядала рыначным метадам кіравання эканомікай. Адсутнічалі трывалыя сувязі з сусветнай эканомікай, бо існавала манаполія дзяржавы на знешні гандаль.
Гаспадарчае развіццё было падпарадкавана інтарэсам унутрыпартыйнай барацьбы. Апарат кіравання, больш звыклы да метадаў “ваеннага камунізму" праяўляў у большасці некампетэнтнасць. Адбываўся хуткі рост адміністрацыйна-бюракратычнага апарату, які бачыў у адраджэнні рынку небяспеку сваім прывілеям. Да таго ж, ў масавай свядомасці савецкіх грамадзян узніклі супярэчлівыя меркаванні. Па сутнасці, пасля рэвалюцыі 1917 г. адбылася “рэстаўрацыя” капіталізму. Як вынік - незадаволенась працоўных НЭПам, арыентацыя іх на агульную грамадзянскую роўнасць.
Былі і станоўчыя вынікі правядзення НЭПа на Беларусі. Была адноўлена сельская гаспадарка рэспублікі, адноўлена прамысловасць, узрасла колькасць прадпрыемстваў і працуючых на іх. Спажывецкі рынак быў напоўнены асноўнымі таварамі, павялічыўся абарот гандлю. Тым не менш, Беларусь заставалася індустрыяльна слабаразвітай рэспублікай СССР, удзельная вага яе прамысловасці ў 1926 годзе склала менш аднаго працэнта ад усёй прамысловасці СССР.
1. Гісторыя Беларускай ССР: У 5 т. / Гал. рэд. Калегія: І.М. Ігнаценка (старш.) і інш. Мн.: Навука і тэхніка, 1971-1975.
2. Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР / Рэд. - склад.А.М. Міхальчанка, Т.А. Вараб’ёва. Мн.: БелСЭ, 1990.261 с.
3. Ходзін С.М. Крыніцы гісторыі Беларусі (гісторыка-генетычнае і кампаратыўнае вывучэнне): Вучэб. дапаможнік. Мн.: БДУ, 1999.193 с.
4. Шымуковiч С.Ф. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / Шымуковiч С.Ф. - Мн., 2005. - 235 с.
5. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т.1-5; Т.6. Кн.1-2. Мн.: БелЭн, 1993-2003.