Энергетычная гаспадарка рэспублікі ў 1945 г. была адноўлена на 50% ад даваеннага ўзроўню. Працаёмкія работы былі механізаваны, павысілася прадукцыйнасць працы. Наладжвалася работа сродкаў сувязі, гідратэхнічных збудаванняў. Пачалася падрыхтоўка будаўніцтва ў Мінску аўтамабільнага, трактарнага, веласіпеднага заводаў, у Гродзенскай вобласці - першага ў Беларусі цукровага завода і інш.
Аднаўленню гаспадаркі значна паспрыяла дапамога ад цэнтра. У 1943 г. саюзны ўрад выдзеліў БССР 37 млн. руб., у 1944 г. - 400,8 млн. руб., у 1945 - 1.200 млн. руб. У 1944 г. - першай палове 1945 г. у рэспубліку было вернута і атрымана новых 37 металаапрацоўчых прадпрыемстваў (7 тыс. станкоў), некалькі турбагенератараў, энергапаяздоў і іншае абсталяванне.
Аднаўляўся жыллёвы фонд. Для гэтых работ прыцягваліся грамадзяне. У Мінску кожны жыхар адпрацаваў на аднаўленні горада 30 гадзін у месяц.
Сельская гаспадарка аднаўлялася больш марудна, чым прамысловасць. Адраджаліся калгасы, дапамога мела невялікія аб’емы, была слабая механізацыя вытворчасці, нехапала працоўных рук. Да вясны 1945 г.95% даваенных калгасаў і саўгасаў былі адноўлены, працавала 300 МТС. Памеры пасяўных плошчаў вясной 1945 г. складалі 73,8% ад даваенных. У вытворчасці ўдзельнічала палова даваеннай колькасці калгаснікаў, у асноўным жанчыны, налічвалася толькі трэць трактароў ад 1941 г. Як вынік, у 1945 г. валавы збор збожжа склаў менш паловы ад даваеннага.
Свае асаблівасці мела аграрная палітыка ў заходніх абласцях БССР. Яна пачалася з упарадкавання землекарыстання. Уводзілася норма зямлі на адзін сялянскі двор - 10-15 га. З адрэзкаў ад вялікіх і сярэдніх гаспадарак надзяляліся зямлёй малазямельныя і беззямельныя сяляне, у выніку чаго былі падарваны высокатаварныя сялянскія гаспадаркі. Там жа аднаўляліся і ствараліся калгасы, пераважна эканамічнымі метадамі. Але на 1945 г. “сацыялістычны сектар” у Заходняй Беларусі складаў толькі 0,43% ад колькасці ўсіх сялянскіх гаспадарак. Заходнебеларуская вёска пакуль яшчэ складалася з сялян-аднаасобнікаў.
У першыя гады пасля вызвалення толькі пачалося пераадоленне цяжкасцей і нястач акупацыі.
Перад разбуранай эканомікай Беларусі ў першыя паслеваенныя гады стаяла задача цалкам аднавіць народнагаспадарчы патэнцыял і эканамічныя сувязі, забяспечыць далейшае развіццё народнай гаспадаркі, правесці канверсію эканомікі, знайсці рэсурсы для паляпшэння ўмоў жыцця людзей.
Пад канец вайны беларускія прадпрыемствы былі вызвалены ад вытворчасці прадукцыі для патрэб фронту, іх перавялі на выпуск тавараў народнага спажывання (пастанова Дзяржаўнага Камітэта Абароны СССР ад 26 мая 1945 г. “Аб мерапрыемствах па перабудове прамысловасці ў сувязі са скарачэннем вытворчасці ўзбраенняў”). Праходзіла пераразмеркаванне рабочай сілы, сыравіны, матэрыялаў і грашовых сродкаў, змяняліся прапорцыі паміж галінамі вытворчасці, аднаўляліся элементы цывільнага кіраўніцтва гаспадаркай - трэсты, глаўкі, наркаматы. Аднаўленне гаспадаркі ішло з дапамогай ад цэнтра і часткова за кошт рэпарацый з Германіі.
Пад час аднаўлення акрэсліліся асаблівасці, якія паўплывалі на далейшае развіццё гаспадаркі БССР. У прамысловасці больш хуткімі тэмпамі адраджалася машынабудаванне. Марудна адраджалася лёгкая прамысловасць. Асаблівая ўвага надавалася аднаўленню энергетыкі. Торфаздабыча была вызначана як аснова паліўнай базы Беларусі. На пачатак 1946 г. дзейнічала 270 торфапрадпрыемстваў, аб’ём іх вытворчасці дасягнуў даваеннага ўзроўню.
Аднаўляўся транспарт, сувязь. На пачатак 1946 г. эксплуатацыйная даўжыня чыгунак складала 5 тыс. км, (87% ад даваеннага). Аднаўляўся аўтамабільны, водны транспарт. Жыллёвае будаўніцтва адбывалася згодна з генеральнымі планамі аднаўлення і рэканструкцыі.
З наладжваннем мірнага жыцця была адноўлена трыдыцыя пяцігадовага планавання развіцця гаспадаркі. У 1946 годзе пачалася чацьвёртая пяцігодка, якая цягнулася да 1950 г. Яе мэтамі было аднаўленне народнай гаспадаркі ў межах даваеннага ўзроўню і перавышэнне даваеннага ўзроўню вытворчасці на 16%. Прадугледжвалася паскорана развіваць машынабудаванне, стварыць новыя галіны прамысловасці - трактара - і аўтамабілебудаванне, выпуск лакаматываў, гідратурбін, матацыклаў, веласіпедаў, швейных машын; аднавіць і развіваць энергетычную гаспадарку, пашырыць паліўную базу рэспублікі. Дзеля выраўнівання эканамічнага патэнцыялу краіны трэбы было павялічыць долю заходніх рэгіёнаў па выпуску валавай прадукцыі ўсёй рэспублікі з 9,1% у 1940 г. да 22,6% у 1950 г.
Для выканання гэтых задач былі пашыраны правы рэспубліканскіх і мясцовых органаў кіравання гаспадарчай дзейнасцю, у лёгкай прамысловасці ўводзіліся элементы ўнутрызаводскага гаспадарчага разліку. Рэспубліка атрымлівала дапамогу ад цэнтра кваліфікаванымі рабочымі, інжынерамі і служачымі; бюджэтнымі датацыямі, тэхнікай і абсталяваннем, сыравінай. Прыходзіла дапамога і па лініі ААН. У 1945-1947 гг. Беларусь атрымала 142 тыс. т грузаў на суму 61 млн. дол. Гэта прадукты харчавання, адзенне, абутак, лекі, абсталяванне для прамысловасці.
Хуткімі тэмпамі аднаўляліся і будаваліся новыя прадпрыемствы. У 1947 г. у рэспубліцы ўступілі ў строй 90 буйных прамысловых прадпрыемстваў (Мінскі інструментальны завод імя Чкалава, Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, Магілёўскі металакамбінат, аўтамабільны і веласіпедны заводы ў Мінску, завод "Рухавік рэвалюцыі" ў Гомелі). У 1948 г. валавая прадукцыя прамысловасці заходніх абласцей ў 1,5 раза перавысіла даваенны ўзровень. Аднаўлялася паліўна-энергетычная гаспадарка. Агульная магутнасць электрастанцый рэспублікі на 1949 г. дасягнула 116,3% ад даваеннага ўзроўню.
Лёгкая, харчовая прамысловасць працягвалі атрымліваць дапамогу па рэшткаваму прынцыпу. У 1950 г. (у параўнанні з 1940 г.) выпушчана баваўняных тканін 17,7%, панчошна-шкарпэткавых вырабаў - 33%, бялізнавага трыкатажу - 31,6%, макаронных вырабаў - 73%, хлебабулачных - 57,3%, прадукцыі мясаапрацоўчай прамысловасці - 65%.
У выніку правядзення пяцігодкі змянілася структура прамысловай вытворчасці. Знізілася ўдзельная вага лёгкай, харчовай, дрэваапрацоўчай вытворчасці, вырасла доля электраэнергетыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі. Узніклі дыспрапорцыі ў структуры народнай гаспадаркі. Адначасова тэхнічнае і тэхналагічнае аснашчэнне прадпрыемстваў было на высокім узроўні, што стварала падставу для хуткіх тэмпаў развіцця.
Камандна-адміністрацыйныя метады кіравання гаспадаркай дазволілі вырашыць складаныя праблемы пасляваеннага адраджэння прамысловасці. Але бліжэй да канца чацьвёртай пяцігодкі яны ўжо сталі тормазам далейшага развіцця эканомікі Беларусі.
Сельская гаспадарка Беларусі ў пасляваенныя годы знаходзілася ў незвычайна цяжкім становішчы. Амаль цалкам была знішчана матэрыяльная база калектыўных гаспадарак і МТС. Была разрабавана асабістая гаспадарка сялян-калгаснікаў і аднаасобнікаў. У Германію вывезена 2,8 млн. галоў буйной і 5,7 млн. галоў дробнай жывёлы.
Пасля вызвалення Беларусі на ўсходзе і ў цэнтры была адноўлена калгасная сістэма. Меў месца недахоп рабочай сілы. А засуха 1946 г. і неабходнасць аказваць харчовую дапамогу іншым рэгіёнам СССР паставіла беларусаў на мяжу голада.
Згодна з пяцігадовым планам на чацьвёртую пяцігодку (1946-1950 гг.) сельскай гаспадарке БССР трэба было цалкам аднавіць даваенныя пасяўныя плошчы і пагалоўе жывёлы і забяспечыць далейшае развіццё земляробства і жывёлагадоўлі каб пераўзысці даваенны ўзровень сельскагаспадарчай вытворчасці.
У верасні 1946 г. Савет Міністраў СССР і ЦК ВКП (б) прынялі пастанову “Аб мерах па ліквідацыі парушэнняў Статута сельскагаспадарчай арцелі ў калгасах”. Згодна з ёй калгасам Беларусі было вернута 100 тыс. га зямлі, а так сама жывёла, якая знаходзілася ў карыстанні асобных людзей і ўстаноў, адначасова скарачаліся штаты адміністрацыі.
Аднак у калгаснікаў адсутнічала матэрыяльнае заахвочванне да працы. Працадні пераўтварыліся ў форму кантроля працоўнай павіннасці на карысць дзяржавы. Калгаснікі не атрымалі за работу грошай, толькі 41% калгаснікаў на працадзень выдалі па 200 г збожжа. Умацаванне працоўнай дысцыпліны праводзілі каманднымі метадамі. У чэрвені 1948 г. ВС СССР выдаў указ "Аб высяленні ў аддаленыя раёны асоб, якія злосна ўхіляюцца ад працоўнай дзейнасці ў сельскай гаспадарцы і вядуць антыграмадскі паразітычны лад жыцця". Сродкі дзяржава выдзяляла толькі на развіццё вытворчых магутнасцей, для матэрыяльнага стымулявання працы сялян мер не прымалася.
У 1948 г. урад СССР прыняў пастанову "Аб мерах дапамогі сельскай гаспадарцы Беларускай ССР у 1949 годзе". Згодна з ёй БССР было выдзелена 3 тыс. трактараў, 2 тыс. плугоў да іх, 1,1 тыс. сеялак, 600 складаных малатарняў і інш. У 1949 г. прыняты трохгадовы план развіцця грамадскай жывёлагадоўлі. Рост пагалоўя ў гаспадарках Беларусі ажыццяўляўся ў выніку закупак беларускімі калгасамі ў рэгіёнах СССР маладняка жывёлы, а потым яе дарошчвання на месцы, і ў 1950 г. пагалоўе жывёлы склала 1/3 ад 1940 г.
На пачатак 1947 г. там было адноўлена і арганізавана 133 калгасы (0,56% сялянскіх гаспадарак). У лютым 1949 г. на XIX з’ездзе КП (б) Б было запатрабавана хутчэй завяршыць калектывізацыю ў заходніх абласцях. У студзені 1950 г. пры МТС былі створаны палітычныя аддзелы, а да канца 1950 г. было арганізавана 6.054 калгасаў, якія кантралявалі 85% пасяўной плошчы. Адначасова былі ліквідаваны кулацкія гаспадаркі, сселены хутары, узмоцнены эканамічны націск на аднаасобнікаў. У 1952 г. у Казахстан, Сібір выслана 8.953 “кулацкіх сямей”. У 1950 г. адбылося ўзбуйненне калгасаў, іх стала 3.852. Паралельна праводзілася ссяленне вёсак у буйныя калгасныя пасёлкі.