У 1556 годзе ўся Эўропа чытала адказ Мікалая Радзівіла Чорнага на адкрыты ліст папскага нунцыя (пасла) у Польшчы Алёіза Ліпамана. У студзені гэтага году нунцы ў сваім лісьце абвінаваціў віленскага ваяводу ў спрыянні вераадступніцтву і скрытыкаваў ягоныя погляды, заклікаючы вярнуцца да каталіцкай царквы. Адказ Мікалая Чорнага, напісаны на лаціне і выданы ў Караляўцы ў кастрычніку таго самага году, стаў сваеасаблівай дэклярацыяй беларускай Рэфармацыі. Віленскі ваявода фактычна першым сярод рэфармацыйных дзеячоў Вялікага Княства сфармуляваў дактрыну эвангельскіх цэркваў у краіне.
Перш за ўсё Мікалай Чорны абверг канцэпцыю паўсюднасці ўлады папы рымскага: «Мы цалкам згодныя з тым, што каралеўства Хрыстова мусіць быць, адпаведна са Сьвятым Пісьмом, пашырана па ўсёй зямлі, ад мора і да мора, ад усіх рэк і аж да ўскраю сьвету. Але гэтае каралеўства зусім не такое, як імпэрыя Кіра ці Аляксандра, ці Цэзара Аўгуста, якія славіліся сваімі незлічонымі багаццямі. Каралеўства Хрыстова - гэта духоўная еднасць людзей, дзе няма багаццяў. Сам Хрыстос гаварыў: «Каралеўства Маё ня ёсць падобным да гэтага свету»». Далей віленскі ваявода выказаў праграму сваіх дзеянняў дзеля рэформы царквы: «Закладаючы ў сваіх уладаннях і там, куды сягае мая ўлада, зборы і алтары новай веры, раблю тое дзеля вяртання сапраўднай веры Хрыстовай, вольнай ад папскіх прыдумак і ідалапаклонства. Я скінуў з алтароў багоў, апраўленых у золата і срэбра, і замкнёных у скрынках, годных найвялікшай пагарды, якіх вы, як пагане, ушаноўвалі... Пры кожным, у духу праўдзівай веры арганізаваным зборы ёсць прапаведніцкая катэдра, з якой вернікам абвяшчаюцца не прыдумкі Скота, Эна, Пігіуса, Віцэліуса і да іх падобных, але сапраўднае Слова Божае... Нашыя прапаведнікі добра ведаюць праўдзівую навуку Хрыстовую і прапаведуюць не каноны і дэкрэты, а слова вечна жывога Госпада Бога... Кнігі, якія сам чытаю і іншым чытаць раю, не герэтычныя хаця б таму, што іх папскі пасол зганіў. Яны адкрываюць людзям праўдзівае Эвангельле. Некаторыя з тых кнігаў я сваім коштам друкаваў і друкаваць буду... Мы, прытрымліваючыся старых канонаў, апостальскіх прыказанняў і навукі іншых святых мужоў, хочам, каб духоўныя асобы не былі разлучаныя з жанчынамі, што і Святое Пісьмо раіць... Найсвяцейшая і найдастойнейшая святасць цела і крыві Госпада майго Ісуса Хрыста, якая ўстаноўленая Ім Самім і праз збаўленых людзей нам перададзеная, шанавалася ў царкве Хрыстовай з даўнейшых часоў. Яна і для нас свяцейшая за ўсе іншыя рэчы і няма ніякага ідалапаклонніцтва, калі спаўняецца праўдзіва і сваім парадкам. Госпадзе Божа, зрабі так, каб мы, адкінуўшы ўсе недарэчныя прыдумкі, звярнуліся ўрэшце да служэння, што было прынята апосталамі і існавала ў грэцкай царкве ў часы Залатавуснага і Васіля, а ў лацінскай - у часы Амброзія, Гераніма і Аўгустына». Асобна князь-рэфарматар спыніўся на пытанні мовы ў царкве: «Я так лічу, што ўсе людзі, узносячы хвалу, малітвы і падзякі Госпаду Богу за Яго дабрадзействы, павінны рабіць тое з чыстымі думкамі і шчырым сэрцам. Таму неабходна, каб той, хто гэта чыніць, абавязкова ведаў мову і спасцігаў сэнс сказанага. Калі ж набажэнства адбываецца на лаціне, ці на грэцкай, ці на якой іншай, незразумелай простаму чалавеку мове, то ён і рады быў бы шчыра маліцца Госпаду Богу і хваліць Яго, прыкладаючы да гэтага свае сэрца і розум, але, на жаль, ня можа зразумець сэнсу сваіх словаў і сутнасці ўчынкаў. Менавіта з гэтае прычыны я так лічу: на якой мове кожны народ здольны спасцігаць таямніцы Слова Божага, на той мове трэба праводзіць святыя царкоўныя набажэнствы». Папскі пасол заявіў, што адной з рысаў прававернасці каталіцкай царквы ёсць факт, што яна аб'ядноўвае большасць хрысціянаў, дык сумніўна, што ў такім малым зборы, да якога належыць віленскі ваявода, была б сапраўдная навука Хрыстовая. Мікалай Чорны не абмінуў увагаю і гэты закід: «Ад пачаткаў свету праўдзівая вера, праз якую Бог аб'яўляў людзям праўду, была заўсёды ў меншасці, уцісканая. Падобна дзеецца і сёння. Таму я лепш хачу быць у гэтай пагарджанай нунцыем царкве як герэтык, чым у рымскай царкве як святы... Я апякуюся добрымі і пачцівымі прапаведнікамі, якія надзвычай дасведчаныя ў сапраўднай навуцы і добрых звычаях і ведаюць праўдзівае набажэнства Хрыстовае. Яны мне адкрываюць праўду і распавядаюць пра вечнага і несмяротнага Бога і Ягоную неабсяжную волю, аб'яўленую праз адзінага Сына Ісуса Хрыста, і перададзеную праз апосталаў».
Дзеля ўкаранення ідэяў Рэфармацыі ў Вялікім Княстве, Мікалай Радзівіл Чорны пачаў паўсюль арганізоўваць эвангельскія цэрквы. Следам за Берасцем і Вільняй кальвінскія зборы паўстаюць у Нясвіжы, Клецку, Іўі, Койданаве, Воршы. Іншыя магнаты дзейнічалі па прыкладзе віленскага ваяводы. Князі Пронскія заснавалі збор у Іказні, Кішкі - у Венгрове, Дарагастайскія - у Ашмянах, і так у мностве гарадоў і мястэчак па ўсей Беларусі. Найчасцей новыя зборы паўставалі ня коштам ужо існуючых касцёлаў ці праваслаўных цэркваў, але або будуючы свае храмы, або збіраючыся ў нейкіх грамадзкіх ці прыватных будынках, як, прыкладам, на замку ў Берасці ці ў палацы Радзівіла ў Вільні. Да працы ў новапаўсталых зборах запрашаліся пастары і прапаведнікі, ведамыя дзякуючы сваёй адукаванасці і аратарскім здольнасцям, часта з-за мяжы, бо ўласных служыцеляў не хапала. Дзейнасць пастароў не абмяжоўвалася толькі правядзеннем служэнняў і прапаведваннем на іх. Мікалай Чорны прагнуў, каб хрысціяне сталіся авангардам нацыі, таму вялікую ўвагу надаваў адукацыі. Дзякуючы яго намаганням пры кожным зборы былі адчынены пачатковыя школы, у якіх маладыя людзі вучыліся чытанню, пісьму, а таксама асновам хрысціянскай веры. Практычна ўся будучая эліта Вялікага Княства, тыя людзі, якія вызначалі жыццё краіны аж да пачатку XVII стагодздзя, вучыліся менавіта ў такіх школах. Кальвінскія школы, маючы прынцыпова іншую сыстэму навучання, давалі значна лепшую адукацыю, чым каталіцкія школы таго часу, і гэтым таксама спрыялі хуткаму распаўсюджванню Рэфармацыі. Віленская школа, заснаваная Мікалаем Радзівілам Чорным адначасова са зборам, у канцы XVI ст. прэтэндавала на ступень акадэміі, але з-за моцнага супрацьдзеяння каталіцкай герархіі і караля Жыгімонта Вазы гэты праект не атрымалася рэалізаваць.
Адзін з галоўных дзеячоў рэфарматарскага руху ў Вялікім Княстве, князь Мікалай Радзівіл, выдатна разумеў неабходнасць кнігавыдавецкай дзейнасці для поспеху Рэфармацыі ў краіне. Ён бачыў, як менавіта дзякуючы друкаванаму слову ідэі Лютара і Кальвіна сталі вядомымі ўсёй Эўропе і сур'ёзна паўплывалі на жыццё народаў. Таму амаль адначасова са зборам на замку ў Берасці віленскі ваявода заклаў друкарню, у якой сваім коштам друкаваў разнастайную эвангельскую літаратуру: катэхізмы, спеўнікі, падручнікі, палемічныя творы, камэнтары да Бібліі. Урэшце ў 1563 годзе Мікалай Радзівіл Чорны ажыцявіў грандыёзны выдавецкі праект - пераклад і выданне Бібліі на польскай мове. Жывая размоўная мова жыхароў Вялікага Княства была ў сваёй лексіцы больш падобнай да польскай мовы, чым да царкоўнаславянскай, таму гэтае выданне было патрэбнае ня толькі хрысціянам Польскага Каралеўства, але магло быць выкарыстана і ў шматлікіх зборах у Вялікім Княстве. Віленскі ваявода запрасіў да сябе вядомых вучоных хрысціянаў, знаўцаў гебрайскай і грэцкай моваў, і даручыў зрабіць ім пераклад усёй Бібліі з моваў-арыгіналаў: Стары Запавет - з гебрайскай, а Новы Запавет - з грэцкай. Да канца 1562 году праца над рукапісам перакладу была скончана, і 4 верасня 1563 году з берасцейскай друкарні Радзівіла Чорнага выйшлі першыя асобнікі шыкоўна выданай Радзівілаўскай, або Берасцейскай, Бібліі з уласнай прадмовай князя-рэфарматара. На гэтае выданне Мікалай Чорны ахвяраваў вялізарную суму - 10 тысячаў дукатаў - гадавы даход усіх сваіх уладаньняў.
Аднак віленскі ваявода ніколі не забываўся і пра патрэбы сваёй краіны, і адначасова з Берасцейскай Бібліяй, у Нясвіжскай друкарні князя Радзівіла пабачылі святло два кальвінскія выданні на старабеларускай мове: «Катэхізіс» і «Аб апраўданні грэшнага чалавека перад Богам», падрыхтаваныя Сымонам Будным. У звароце да князёў Радзівілаў у прадмове «Катэхізісу» мы чытаем: «Слушная бо речь ест, абы Вашы княжыцкіе мілості того народу язык міловаті рачылі, в котором давные предкі і іх княжецкіе мілості панов отцы Вашіх княжецкіх мілостей славне преднейшые положеньства несуть».
Мікалай Радзівіл Чорны і ягоныя аднадумцы сярод палітычнай эліты Вялікага Княства дзейнічалі з вялікім пасвячэннем і ахвярнасцю. Сваім коштам яны закладалі эвангельскія цэрквы, будавалі зборы, дзе маглі збірацца вернікі, запрашалі пастароў і прапаведнікаў для навучання праўдам веры, адчынялі школы, у якіх магла вучыцца моладзь з розных станаў грамадзтва, закладалі друкарні. Дзякуючы іх намаганням перакладаліся кнігі Святога Пісьма, пісаліся палемічныя і пазнавальныя кнігі, якія пашыралі ў грамадзтве ідэі Рэфармацыі, друкаваліся падручнікі для школаў і катэхізмы эвангельскай веры. Прыклад пачынальнікаў рэфармацыйнага руху натхняў іншых рээфарматараў, і Вялікае Княства Літоўскае літаральна на вачах станавілася эвангельскай краінай. На пачатку ХХ стагодзьдзя даследчык Рэфармацыі ў Беларусі В.Пліс пісаў: «Трэба прызнаць бясспрэчным той факт, што на пачатку 60-ых гадоў XVI стагодзьдзя кальвінскае вызнанне знаходзілася на ўзроўні пануючага веравызнання і пачынала моцна ўкараняцца тут». Даследванні іншых гісторыкаў адназначна падцвярджаюць гэтыя словы. Г.Мерчынг, аўтар спэцыяльнага даследвання аб колькасці эвангельскіх храмаў у Вялікім Княстве Літоўскім, налічыў іх каля 200. Іншы даследчык, Букоўскі, называе яшчэ большую лічбу - 320, што выглядае больш праўдападобна, улічваючы сведчанні сучаснікаў тых падзеяў. Каталіцкі аўтар сярэдзіны XVII ст., езуіт В.Каяловіч, паведамляе, што калі перад Рэфармацыяй у Вялікім Княстве налічвалася каля 700 каталіцкіх парафіяў, то ў 1576 годзе ва ўсёй Жамойці, каталіцкім рэгіёне Княства, засталося ўсяго 6 каталіцкіх святароў, а ва ўсёй краіне католікі складалі толькі тысячную частку насельніцтва. На Берасцейскім саборы 1596 году католікі, дакараючы праваслаўных за спробы заключыць саюз з кальвіністамі, гаварылі, што толькі ў Наваградзкім ваяводзтве рэфарматары «спустошылі» 650 праваслаўных цэркваў. У гэтым жа ваяводзтве (сучасная Берасцейская вобласць, уключаючы Наваградак, Слонім, Нясвіж і Слуцак), якая складала асноўную частку епархіі праваслаўнага мітрапаліта, з 600 сем'яў праваслаўнай шляхты толькі 16 ці нават менш не прынялі вучэння Кальвіна. На вальным сойме 1563 году беларуская шляхта звярнулася да вялікага князя з просьбаю: «іж бы прысега шляхетского і посполітого человека не на образ малёваный ані рытый, яко первей была, але на імя Бога в Тройцы едного каждый подлуг веры свое закону хрыстіянского прысегал». У тым жа 1563 годзе магнаты і шляхта на чале з Мікалаем Чорным «одностайне білі чолом», каб быў адменены параграф Гарадзельскага прывілею 1413 году, які забараняў некатолікам займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады. Жыгімонт Аўгуст ня меў вялікага выбару і 6 чэрвеня 1563 году падпісаў у Вільні прывілей, згодна якому: «достоінства і преложеньства всякіе, і до рады нашое, і на уряды дворные і земскіе не только подданые костелу рымскому обіраны і прекладаны быті мають, але одінаково і заровно всі рыцерского стану з народу шляхетского, люді веры хрестіянское, яко Літва, так і Русь, каждый водле заслуг і годності своее, от нас, господаря, на месца зацные і преложеньства с ласкі нашое браны быті мають».