У хуткім часе пасля гэтага ў сэнаце Вялікага Княства Літоўскага засталося толькі два католікі: біскупы віленскі і жамойцкі, прысутнасць якіх была замацаваная статутам Княства, а ўсе астатнія былі эвангельскімі хрысціянамі. Сярод іх можна назваць Стэфана Збаражскага, ваяводу троцкага, Станіслава Паца, ваяводу віцебскага, Паўла Сапегу, ваяводу наваградзкага, Васіля Тышкевіча, ваяводу смаленскага, Юрыя Осьціка, ваяводу мсціслаўскага, Габрыэля Гарнастая, ваяводу менскага, Астафея Валовіча, кашталяна троцкага і падканцлера, Яна Хадкевіча, маршалка земскага, Юрыя Зяновіча, кашталяна полацкага, Яна Гайко, кашталяна берасцейскага і іншых. Калі дадаць да гэтага спісу каталіцкага кіеўскага біскупа Мікалая Паца, які ў 1564 годзе стаў кальвіністам, і жамойцкага біскупа Юрыя Пяткевіча, стаўшага лютаранінам, то вобраз рэлігійнай сытуацыі ў Вялікім Княстве будзе даволі адназначны. Шляхта ў Вялікім Княстве Літоўскім, у адрозненні ад многіх краінаў Эўропы, а таксама Расеі, складала каля 10% насельніцтва (для параўнання: шляхецкі стан у Францыі налічваў недзе 1,5% грамадзтва), і ў пераважнай большасці яна стала пад сцягі Рэфармацыі. У яшчэ большай ступені гэта адносіцца да мяшчанства краіны. Мандат вялікага князя Жыгімонта Аўгуста на заснаванне кальвінскай царквы ў Віцебску пачынаецца такімі словамі: «Прыслалі до нас бояре, шляхта, бурмістры, райцы і мешчане тамошніе вітэбскіе, бьючы чолом, абыхмо у тамошнем месте Вітэбском дозволілі ім ку науцэ детем і для хожэнія іх ку слуханю слова Божего дом збудоваті і казнодею ховаті». У Полацку ў той самы час летапісец адзначае, што «не только мірстіі люді, но і ігумены і чернцы, і попы, і діаконы Греческого закона» актыўна ўдзельнічаюць у стварэнні і развіцці эвангельскіх цэркваў. Сярод 22 сэньёраў (назіральнікаў за царкоўным жыццём у зборах, якія абіраліся з найбольш паважаных членаў збору), прысутных на сынодзе ў Вільні, 11 чалавек былі шляхецкага стану, а другія 11 - месцічы. Гэты сынод прыняў пастанову, каб у кальвінскую школу ў Вільні хадзілі «деткі шляхецкіх і мейскіх станов». Калі ў 1563 годзе маскоўскія войскі захапілі Полацак, «сафейскі протопоп і со священніцы з братіей і все градскіе і посадцкіе священніцы благодарственне іспущающе гласы, ізбавлышеся і свободішеся от Люторского насілованія, что те Люторы отпалі святые православные веры, церкві разорылі і іконам не поклоняліся, і поруганіе чынілі велікое».
Такі ўздым рэфармацыйнага руху, асабліва ўлічваючы масавыя навярненні шляхты, ня мог не закрануць і сялян. І хоць гэты працэс ішоў значна павальней, што і ня дзіўна, калі ўзгадаць знікомы ўзровень разумення сутнасьці хрысціянства і поўную непісменнасць беларускага сялянства, з цягам часу сітуацыя пачала мяняцца. Захаваліся дакументы, якія сведчаць пра тое, што ў некаторых уладаннях кальвінскіх магнатаў сяляне таксама вызнавалі эвангельскую веру. Адзін з правінцыйных сынодаў пастанавіў, каб шляхта не прымушала сялян прымаць кальвінізм, але раіць сэньёрам збораў, каб яны сваіх падданых прыцягвалі да слухання Слова Божага, самі зяўляючыся для іх прыкладам.
Імклівае развіццё Рэфармацыі ў Вялікім Княстве дазволіла ўжо ў 1557 годзе правесці пад старшынствам Мікалая Радзівіла Чорнага першы сынод (сход сэньёраў і магістраў збораў) эвангельска-рэфармаванага Задзіночання, як называлі сябе вызнаўцы кальвінізму ў Вялікім Княстве Літоўскім. На гэтым сынодзе быў абраны першы супэрінтэндант (адказны) беларускіх збораў - Сымон Зак. Неўзабаве далейшы рост колькасці эвангельскіх цэркваў у краіне прымусіў эвангельска-рэфармаванае Задзіночанне падзяліцца на два, а пазней на шэсць дыстрыктаў (рэгіёнаў), на чале кожнага з якіх стаяў свой супэрінтэндант. Штогод дэлегаты ад кожнага дыстрыкту зьязджаліся ў Вільню на агульны сынод.
Эвангельскія цэрквы ў гарадах Вялікага Княства, нават задоўга да свайго юрыдычнага афармлення, вылучаліся немалой місыянэрскай актыўнасцю. Прымаючы веру Хрыстовую, купцы і рамеснікі сур'ёзна прымалі словы Госпада: «Ідзіце і зрабіце вучнямі ўсе народы». Гарады паўночна-усходняй Беларусі мелі даўнія гандлёвыя сувязі з Ноўгарадам Вялікім, Цвер'ю і Масквою, і разам з купецкімі абозамі на ўсход ішлі ідэі Рэфармацыі. Як вынік гэтага ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя ў Маскоўскай дзяржаве пачало распаўсюджвацца эвангельскае вучэнне. Адзін з лідараў гэтага руху, Мацвей Башкін казаў, што яго настаўнікамі былі «літвянін аптекарь Матфей і другой літвянін Андрей Хотеев». Калі маскоўскія духоўныя і дзяржаўныя ўлады жорсткімі рэпрэсіямі стлумілі рэфармацыйны рух у Маскоўскім царстве, частка вернікаў уцяклі «ў Літву», або «ў Немцы», дзе «свабодна гучала Слова Божае».
У гэты час Вялікае Княства Літоўскае перажывала ўздым ня толькі ў духоўным жыцці, але таксама ў эканоміцы і культуры. І менавіта Рэфармацыя стала прычынай гэтага ўздыму. Вучэнне Кальвіна, якое вялікую ўвагу надавала характару чалавека і рэалізацыі кожным свайго прызначэння, асабліва падкрэслівала важнасць якаснага выканання кожным сваіх абавязкаў, пры гэтым ніколі не задавальняючыся дасягнутым. Такі біблійны падыход да працы стварыў у Эўропе перадумовы ўзьнікнення рынкавай гаспадаркі. Падобныя працэсы адбываліся і ў Беларусі.
Асабліва спрыяла гэтаму аграрная рэформа, літаральна змяніўшая аблічча Беларусі на працягу XVI стагодзьдзя. Ідэя рэформы, якая б дазволіла кожнаму селяніну быць непасрэдна адказным за сваю зямлю, належала каралеве Боне Сфорцы, жонцы вялікага князя Жыгімонта Старога. Актыўна падтрымліваў каралеву ў яе пачынаннях ейны духоўнік Лісманіні, адзін з прапаведнікаў Рэфармацыі ў Вялікім Княстве, які лічыў, што прызначэнне чалавека найбольш поўна рэалізуецца тады, калі ён мае сваю справу. Аднак рэформы каралевы Боны абмежаваліся толькі ейнымі ўладаннямі ў Гарадзенскім і Кобрынскім староствах. На пачатку 1550-ых гадоў Мікалай Радзівіл Чорны, які лічыў Лісманіні адным са сваіх настаўнікаў, зацікавіўся пераўтварэннямі на землях Боны Сфорцы і ўбачыў эфэктыўнасць праведзеных рэформаў, якія развівалі ініцыятыву і актыўнасць сялянства і рабілі сельскую гаспадарку больш прадукцыйнай. У 1556 годзе пачала працаваць спэцыяльная камісія па падрыхтоўцы падобнай рэформы ў дзяржаўным маштабе на чале з віленскім ваяводам. Разам з ім працавалі пісар Вялікага Княства Астафей Валовіч і адзін з непасрэдных выканаўцаў пераўтварэнняў ва ўладаннях каралевы Боны Пётар Хвальчэўскі. Камісія падрыхтавала так званую «Уставу на валокі», абвешчаную Жыгімонтам Аўгустам восенню 1557 году, якая на доўгія гады вызначыла гаспадараванне зямлёй ў Вялікім Княстве. Сутнасцю гэтай рэформы было меранне зямлі і яе клясыфікацыя паводле вартасці, апрацаванасці і ўраджайнасці. Абмераныя землі падзяляліся на стандартныя часткі - валокі (21,37 гектара). Зямля ў карыстанні сялянаў пераразмяркоўвалася так, каб кожная сям'я атрымала адну валоку, такім чынам ліквідуючы церазпалосіцу і спрашчаючы падаткаабкладанне сялянскай гаспадаркі. Такая арганізацыя землекарыстання дазваляла асвойваць новыя землі і павялічыць таварнасць паасобных гаспадарак, дзякуючы вялікім памерам участка і магчымасці выкарыстоўваць новую, трохпольную сыстэму земляробства. Адначасова ствараліся фальваркі - вялікія панскія гаспадаркі, якія павінны былі апрацоўвацца цяглымі сялянамі (так званая паншчына). Зямельная рэформа, або, як яе называюць, валочная памера, пачалася спачатку ў землях, што належалі вялікаму князю, але пасля яе падхапіла шляхта, праводзячы памеру ў сваіх маёнтках.
Валочная памера змяніла нават знешні выгляд вёсак па ўсёй Беларусі. Яны сталі больш буйнымі, з характэрнай забудовай у адну вуліцу. І гэты іх выгляд прынцыпова не змяніўся да сённяшняга дня. Яшчэ больш важным вынікам рэформы сталася павелічэнне грашовага абарачэння, бо большасць сялянаў была пераведзена з натуральнага падатку на грашовы - чынш, і таму мусіла звязвацца з рынкам. Акрамя таго была ліквідаваная сялянская абшчына, бо сяляне атрымлівалі ў спадчыну ў сваё карыстанне валокі і выконвалі грашовыя і іншыя павіннасці паасобку, а ня ўсёй вёскаю. Дарэчы, падобныя рэформы былі праведзеныя ў Расійскай імпэрыі толькі на пачатку XX стагодзьдзя прэм'ер-міністрам Пятром Сталыпіным, які меў маёнтак каля Горадні і на ўласныя вочы бачыў вынікі рэалізацыі «Уставы на валокі». Сама валока аказалася настолькі трывалай гаспадарчай адзінкай, што нават у XX стагодзьдзі беларускія сяляне, набываючы зямлю, вымяралі яе валокамі.