Смекни!
smekni.com

Заходняя Беларусь пад акупацыяй Польшчы (стр. 6 из 9)

Здабываньне цэркваў гвалтам не давала памысных вынікаў для палякаў і Ватыкану. Тады быў знойдзены іншы шлях. Па звальненьні прыходу ад духаўніка адміністрацыя не зацьвярджала новага сьвятара і царква стаяла без багаслужэньняў. Ніякія стараньні прыхаджанаў не памагалі. Тады была падсоўваная праз каталікоў, ці вуніяцкіх агэнтаў думка, што належыць зьвярнуцца да каталіцкага біскупа і прыход будзе адчынены і за трэбы ня трэба будзе плаціць. Запраўды, пасьля заявы каталіцкаму біскупу у праваслаўны прыход прыбываў духаўнік праваслаўнага выгляду, адчыняў царкву без цяжкасьцяў і не вымагаў аплатаў за трэбы. Так было ў Дэлятычах, у Бубялі і інш.

У вёсцы Стары Бубяль, на Падляшшы, царква была зачынена падчас 1-й Сусьветнай Вайны і польскія ўлады не дазвалялі яе адчыняць. Праваслаўныя маліліся перад уваходам у царкву. У 1927 г. сюды прыяжджаў духаўнік усходняга абраду, хочучы адчыніць прыход, аднак праваслаўныя не пайшлі за ім. У 1931 г. сюды прыехаў вуніяцкі духаўнік і пачаў служыць у царкве, аднак сабраўшыся народ прагнаў вуніята. У суседняй вёсцы Стары Паўла дзеіў пералёт у вунію А. Нікольскі, але так сама бяз выніку. У 1930 г. прыхаджане пісалі да маршалка Пілсудзкага аб адчыненьні царквы, але адказу ня было. Тады прыхаджане самі адчынілі царкву і распача-лі багаслужэньні з сваім сьвятаром, адмовіўшыся звольніць царкву, на жаданьне паліцыі. У 1938 г. гэта царква была разбурана палякамі.

Паліцыя ўсюды падтрымлівала вуніятаў.М. Камінскі, былы сьвятар Ятвескай царквы, пазбаўлены сану, прыбыў у Скідэль у 1926 г. Папярэдня былі апублікаваныя паведамленьні парасейску, што на плошчы адбудзецца багаслужэньне. У той час адбывалася літургія ў царкве, каля якой і распачаў абедніцу вуніят Камінскі, пад аховай паліцыі. Падыйшлі зацікаўленыя і пачалі спрэчку аб веры, якіх паліцэйскі адганяў. Калі з царквы вышаў крэсны ход, то а. Камінскі пакінуў сваё мейсца на плошчы і стол і скрыўся.

Але, калі праваслаўны сьв. Федаровіч распачаў багаслужэньні ў Рагачах, то Бельскі паветавы стараста паведаміў яго, што багаслужэньні ў Рагачах ня могуць адбывацца, бо там няма штатнага прыходу і стараста "ўважае за легапае выезд сьвятара з павету".

У 1926 г. сьв. Ціхоўскі перайшоў у вунію і быў настаяцелям прыходу ўсходняга абраду ў Кастамалотах на Падляшшы. У наступным годзе ён напісаў ліст да міністра веравызнаньняў, у якім гаварыў: "3а пару майго прабываньня ў вуніі я прыгледзіўся да мэтадаў наварачваньня праваслаўных у вунію і прышоў да выснаву, што гэта не хрысьціянскі спосаб, таму што ён ня толькі не вядзе да якой небудзь веры, але наадварот, дэмаралізуе народ, адпіхаючы яго ад усякай веры і кідае гэты няшчасны праваслаўны народ у абняцьці анархіі ды бальшавізму. ні ў аднэй вёсцы на Падляшшы няма вуніятаў"

і там лепш належыць адчыніць праваслаўныя цэрквы. Тады-ж гэты малады і шчыры сьвятар вярнуўся ў праваслаўную царкву.

У вёсцы Курашава, Бельскага павету, з 1900 г. існаваў праваслаўны прыход, аднак па вайне прыходу не ўдалося адчыніць, і вернікі былі залічаны да суседняга прыходу. У 1924 г. разышліся чуткі, што каталіцкі біскуп Пшэзьдзецкі прызначае і праваслаўных сьвятароў. Зьвярнуліся да яго з прозьбай курашаўцы і атрымалі сьвятароў усходняга абраду, якія не ўспаміналі аб каталіцтве. У 1926 г. праваслаўны япіскап аб'яжджаў епархію і завітаў у Курашава; тады усё выясьнілася для праваслаўных і яны прасілі аб далучэньні іх да праваслаўя. У 1927 г. адбылося ўрачыстае далучэньне, але пры ўсходнім абрадзе засталося некалькі семьяў і ўзьнікла спрэчка за царкву. Вуніяты не аддавалі царквы і ў 1932 г. курашаўцы сілай занялі царкву і зрабілі супраціў уладам. Сьвятар К. Ржэцкі ды 24 прыхаджаніны былі аддадзеныя пад суд. Суд адбываўся 12 траўня ў Белаве-жы. Сьвятар усходняга абраду, праваслаўны рэнэгат, зрабіў цяжкае ўражаньне нават на палякоў судзьдзяў. Да абвінавачаных была застасаваная амністыя і справа ў судзе была спыненая.

Ватыканскія дзейнікі стараліся наварочваць праваслаўных беларусаў на т. зв. "усходні абрад" каталіцкай царквы. Прыняцьце ўсходняга абраду палягала на прызнаньні рымскага папы галавой царквы, а ўсё іншае мела заставацца надалей па праваслаўнаму абраду, без ніякіх зьменаў. Такі захад застасаваў Ватыкан таму, што ведаў аб вялікай любові праваслаўных да сваіх старых царкоўных абрадаў. Аднак, праваслаўныя не хацелі ісьці ў хітра расстаўляныя Ватыканам невады. Там-жа, дзе яны траплялі, доўга не маглі ўтрымацца. Беларускі дух быў не па мысьлі польскай палітыкі, якая пры падтрымцы Ватыкану выганяла ягоных носьбітаў з бацькаўшчыны. Так, ужо ў 1923 г. Віленскі біскуп Г. Матулевіч арганізаваў у Друі, над Дзьвіной, мужчынскі манастыр Марыянаў такога абраду. Гэтыя манахі нічым не адрозьніваліся вонкава ад праваслаўных манахаў. Самі беларускія манахі ўтрымлівалі беларускі нацыянальны дух у сваім асяродзьдзі, што не адказвала полёнізацыйным патрэбам польскага ўраду. Таму ўсе манахі былі ў 1938 г. адсюль гвалтам "камандыраваныя" для дзейнасьці ў далёкія іншыя краіны, бо адмовіліся выехаць добраахвотна. Выдатнейшы з іх, а. Фабіян Абрантовіч з групай, быў высланы для місыйнай працы ў Харбін, на ўсходзе Азыі.

Належыць адцеміць, што ў гэту пару існавала асобнасьць мэтаў і некаторы разнабой у тактыцы паміж Ватыканам і польскімі палітычнымі дзейнікамі, пры праводжаньні імі вуніі, ды наагул у дачыненьні да праваслаўнай царквы. Ватыкан уважаў Польшчу за апорны пункт для сваей экспансыі на Расею. Палякі жадалі такіх мерапрыемстваў адносна праваслаўных у Польшчы, якія будуць у інтарэсах польскай дзяржаўнасьці і зусім не хацелі зачэпак з небясьпечным савецкім суседам, ці - разбудовы вуніі ў духу нацыянальных мяншыняў. Аднак, пры полёнізацыі і каталізацыі беларусаў у Польшчы, Ватыкан і польскія кіруючыя дзейнікі лёгка знаходзілі супольную мову.

Польска-каталіцкія дзейнікі таксама праводзілі акцыю наварачваньня праваслаўных беларусаў непасрэдна ў каталіцтва. Пры гэтым былі скарыстоўваныя розныя формы націску на праваслаўных. Праваслаўных ня прымалі на ніякую ўрадавую, самаўрадавую працу, а нават звычайнымі лясьнікамі. У вышэйшыя школы быў уведзены неафіцый-на "нумэрус кляўзус" - устаноўка прыйманьня толькі невялікай колькасьці студэнтаў некаталікоў і з нацыянальных мяншыняў Польшчы. Дзяржаўныя школы кадэтаў, вайсковага і гандлёвага мараплаўства - зусім ня прымалі студэнтаў некаталікоў. Польскія дзейнікі, дараджалі праваслаўным прыймаць каталіцтва і пасьля гэтага рабілася адумысловая пратэкцыя для прыняцьця нованаверненага на драбнейшую працу. Такая акцыя праводзілася па ўсей Заходняй Беларусі. У мястэчку Красным, каля Маладэчна, такую дзейнасьць праводзіў мясцовы прэлат, які на працягу 20 год такім чынам навярнуў на каталіцтва каля 20 праваслаўных.

Не маючы посьпехаў з наварачваньнем праваслаўных беларусаў у вуніяцтва, ува ўсходні абрад і ў каталіцтва, ватыканска-польская палітыка застасавала адумысловы захад. Рымска-каталіцкі япіскапат стаў засыпаць цывільныя суды заявамі з дамаганьнем адданьня яму праваслаўных цэркваў з маемасьцяй, якія калісь былі адабраныя ад праваслаўных для вуніятаў, а пазьней адабраныя расейскім урадам для праваслаўнай царквы разам з наверненымі на праваслаўе вуніятамі. У канцы жніўня 1929 г. было пададзена заяваў аб "рэвіндыкацыі" па епархіях: у Віленскай - 71, у Палескай - 248, у Го-радзенскай - 159; пры гэтым, у Палескай епархіі на 320 асноўных і прыпісных прыходаў каталікі дамагаліся адабраньня 248, а ў Горадзенскай - на 174 прыходы каталікі дамагаліся адабраньня 159. Пазьней агулам было налічана 724 судовыя дамаганьні палякоў па ўсей Заходняй Беларусі ды Ўкраіне. Характэрна, што жадалася адабраць ад праваслаўных цэрквы ў 65 мейсцах, у якіх ня было ані аднаго каталіка, - у 73 мейсцах, у якіх было ня больш за 3 каталікоў, - у 76 мейсцах, у якіх было ня больш 20 каталікоў.

Папскі нунцы ў Варшаве, Мармаджы, адчынена выступіў з падтрымкай гэтай акцыі адбіраньня цэркваў. Аднак, прымаючы пад увагу магчымасьць дзяржаўнага закалоту, Найвышэйшы Суд, дня 22 кастрычніка 1933 г., адхіліў рэвіндыкацыю судовым шляхам, сьцьвярджаючы кампэтэнтнасьць у паасобных выпадках для адміністрацыйных уладаў, згодна з пастановай Гэнэральнага Камісара з 1919 г., датычна каталіцкіх касьцёлаў.

У Заходняй Беларусі пражывала значная колькасьць беларусоў каталікоў. Польскі ўрад і кіраўніцтва каталіцкай царквы ўважалі іх за палякоў. Але нацыянальная беларуская сьведамасьць сярод беларусоў каталікоў у паасобных мясцовасьцях выклікала канфлікты з палякамі.

Беларуская нацыянальная дзейнасьць сярод беларусоў каталікоў пачала выяўляцца каля 1825 г., калі ў Полацку і некаторых гарадох Віцебшчыны каталіцкія духаўнікі пачалі пропаведзі пабеларуску. Дзесяць год пазьней, з апрабатай Віленскага біскупа Клёнгевіча, быў выданы ў Вільні каталіцкі катэхізыс пабеларуску. Ад 1860 г. да 1872 г. зьявілася некалькі выданьняў друкам каталіцкіх пропаведзяў пабеларуску. Належыць адцеміць, што ў пару паўстаньня 1863 г., як расейцы, так і палякі праводзілі акцыю за здабыцьцё беларусаў, таму ўжываньне беларускай мовы ў гэту пару, як і пазьней, ня ў кожным вьшадку было спрычынена нацыянальнымі беларускімі матывамі. Вышэйшыя грамадзкія пласты на Беларусі былі тады польска-каталіцкія, а каталіцкая царква хацела наблізіць каталіцтва да народных гушчаў, абходзячы нацыянальна польскі і сацыяльна панскі элемэнты, аддзяляючыя каталіцтва ад беларускага народу.

3 пачаткам 20-га стагодзьдзя зьяўляецца шэраг нацыянальна сьведамых беларускіх каталіцкіх сьвятароў, як: Лісоўскі, Будзька, Астрамовіч, Абрантовіч, якія змагаліся за беларускую мову ў каталіцкай царкве. Пазьней даходзяць маладзейшыя сьвятары, як: Хвеська, В. Гадлеўскі, А. Станкевіч, Цікота, Рэшаць, Шутовіч і Стэповіч. Яны арганізавалі выдаваньне катэхізысаў і іншай духоўнай літаратуры пабеларуску. У 1913 г. пачала выходзіць першая каталіцкая газэта пабеларуску: "Беларус", рэдагаваная каталіцкім сьвятаром усходняга абраду Б. Папочкай. У 1917 г. пачала выходзіць у Петраградзе пабеларуску каталіцкая газэта "Крыніца", выдаваная сьвятаром Л. Хвеськай. Пазьней рэдакцыя гэтай газэты была перанесена ў Менск, а далей - у Вільню, гдзе пад назовам "Беларуская Крыніца" яна выходзіла, як орган Беларускай Хрысьціянска-Дэмакратычнай партыі.