Смекни!
smekni.com

Дзяржава у палітычнай сістэме грамадства (стр. 2 из 3)

У адносінах паміж грамадзянінам і дзяржавай павінны дзейнічаць два прынцыпы прававога рэгулявання: для грамадзян - “дазволена ўсё, што не забаронена законам”, а адносна дзяржавы, наадварот, - “дазволена толькі тое, што разрашаецца законам”.


3.Дзяржава і палітычныя партыі

Галоўнымі палітычнымі аб’яднаннямі грамадзян для барацьбы за ўладу ў сучасным грамадстве выступаюць палітычныя партыі. Палітычная партыя - арганізаваная група адзінамысленікаў, якая прадстаўляе інтарэсы часткі грамадства і ставіць перад сабой мэту іх рэалізацыі шляхам заваявання дзяржаўнай улады або ўдзелу ў яе ажыццяўленні. Існуюць партыі, якія адстойваюць інтарэсы асобных сацыяльных, рэгіянальных, нацыянальных, рэлігійных груп насельніцтва.

У сучасных умовах пры ўдзеле ў палітычным жыцці шырокіх слаёў насельніцтва партыі сталі адным з асноўных суб’ектаў палітычнай сістэмы і неабходным элементам дэмакратычнай дзяржавы. Згодна арт. 5 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь “Палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб’яднанні, дзейнічаючы ў межах канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь, садзейнічаюць выяўленню палітычнай волі грамадзян, удзельнічаюць у выбарах”.

Партыі актыўна ўдзельнічаюць у палітычным жыцці ў розных формах. У першую чаргу гэта ўдзел у выбарах прадстаўнічых органаў: выдзвіжэнне кандыдатаў; прадвыбарчая агітацыя; удзел у рабоце выбарчых камісій і г.д. Партыі могуць прымаць удзел у фармаванні іншых органаў, а таксама ў рэалізацыі дзяржаўных рашэнняў.

Дзяржава з дапамогай права можа ўстанаўліваць некаторыя правілы ўтварэння, функцыянавання і ліквідацыі палітычных партый; патрабаванні да ідэялогіі і праграмных палажэнняў партый і інш. Узаемаадносіны дзяржавы і палітычных партый будуюцца на пэўных прынцыпах. Напрыклад, дзяржаве забараняецца фінансаваць дзейнасць палітычных партый, якія дамагаюцца палітычных мэт. Існуюць пэўныя абмежаванні адносна членства ў палітычных партыях дзяржаўных службовых асоб. Напрыклад, заканадаўствам Рэспублікі Беларусь забаронена быць членамі палітычных партый суддзям, пракурорскім работнікам, супрацоўнікам органаў унутраных спраў, Камітэта дзяржаўнага кантролю, органаў бяспекі, ваенаслужачым (арт. 36 Канстытуцыі).

Палітычныя партыі ўдзельнічаюць у выбарах у прадстаўнічыя органы дзяржавы з мэтай атрымаць як мага больш дэпутацкіх мандатаў. Партыя, якая валодае большасцю мандатаў з’яўляецца кіруючай партыяй. Але не заўсёды кіруючая партыя з’яўляецца сацыяльным лідарам. Кіруючая партыя мае вялікі ўплыў на дзяржаўную ўладу, на знешнюю і ўнутраную дзяржаўную палітыку.

У дзяржаве, палітычнай сістэме грамадства можа існаваць аднапартыйная або шматпартыйная сістэма. Шматпартыйная сістэма ў літаральным сэнсе азначае наяўнасць некалькіх партый. Аднак сутнасць шматпартыйнай сістэмы не толькі ў гэтым. Шматпартыйная сістэма - гэта складаная, эфектыўна функцыянуючая сістэма, у якой палітычныя партыі знаходзяцца ў роўных прававых умовах, канкурыруюць паміж сабой за ўплыў на асноўныя слаі грамадства, гэта сістэма, у якой забяспечваецца прынцып ратацыі партый ля ўлады ў залежнасці ад волі выбаршчыкаў.

Аднапартыйная сістэма прадугледжвае манаполію палітычнай улады, існаванне толькі адной партыі. Савецкае грамадства на працягу сямі дзесяцігоддзяў існавала пад кіраўніцтвам толькі адной партыі - Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу (КПСС). Манапалізацыя палітычнай улады адной партыяй прыводзіць да катастрафічных вынікаў: разбураецца цывільнае грамадства, народ адстраняецца ад улады і г.д.

Цераз шматпартыйную сістэму дасягаецца адкрытае выяўленне інтарэсаў, мэт, патрэб розных сацыяльна-палітычных груп і ўсяго грамадства. Шматпартыйнасць - гэта гарантыя супраць манаполіі на ўладу з боку якой-небудзь адной партыі.

4.Дзяржава і царква. Светская і тэакратычная дзяржава

Царква - гэта рэлігійная арганізацыя, якая ўтвараецца для забеспячэння рэгулярных адносін паміж членамі і падраздзяленнямі рэлігійнага аб’яднання, для падтрымання сувязяў са свецкімі арганізацыямі. Са старажытнасці царква з’яўляецца адным з асноўных суб’ектаў палітычнай сістэмы. У самых старажытных гарадах-дзяржавах існавалі тры цэнтры кіравання і ідэялагічнай работы: гарадская абшчына, палац і храм.

Дзяржава і царква ўзаемадзейнічаюць з момонту свайго ўзнікнення. Царква як арганізацыя адыгрывае вялікую ролю ў жыцці грамадства, у тым ліку і ў палтычнай сістэме. Асабліва ў тым выпадку, калі дзяржава з’яўляецца тэакратычнай.

У залежнасці ад узаемаадносін з царквою адрозніваюць дзяржаву свецкую, тэакратычную і клерыкальную. У свецкай дзяржаве царква аддзелена ад дзяржавы (напрыклад, Рэспубліка Беларусь, Расійская Федэрацыя). Царква не выконвае палітычных функцый і ў гэтым сэнсе не з’яўляецца суб’ектам палітычнай сістэмы. Аднак у некаторых дзяржавах дапускаецца прадстаўленне царквы ў дзяржаўных мерапрыемствах, праводзяцца сумесныя акцыі (напрыклад, ФРГ). Акрамя таго царква можа ўздзейнічаць на палітыку праз рэлігійна арыентаваныя палітычныя, прафсаюзныя, маладзёжныя, жаночыя і інш. арганізацыі.

Тэакратычная дзяржава з’яўляецца супрацьлегласцю свецкай, у ёй спалучаюцца дзве ўлады - дзяржаўная і царкоўная. Сёння такія дзяржавы - рэдкасць. Напрыклад, да такіх дзяржаў адносіцца Ватыкан.

Нешта сярэдняе паміж свецкай і тэакратычнай займае клерыкальная дзяржава. Яна не зліваецца з царквой, але царква праз розныя інстытуты ўздзейнічае на дзяржаўную палітыку. Да такіх дзяржаў можна аднесці Вялікабрытанію, Данію, Нарвегію, Швецыю, Ізраіль, многія ісламскія дзяржавы. Прадстаўнікі царквы (духавенства) могуць уваходзіць у парламент (палата лордаў у Вялікабрытаніі). Царква можа займацца рэгістрацыяй актаў грамадзянскага стану, рэгуляваць шлюбна-сямейныя адносіны.

У цяперашні час у аснову ўзаемаадносін беларускай дзяржавы і царквы пакладзены Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (арт. 16, 31) і закон “Аб свабодзе веравызначэнняў і рэлігійных арганізацях”. У прыватнасці ў арт. 16 Канстытуцыі замацавана: “Рэлігіі і веравызнанні роўныя перад законам. Узаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных арганізацый рэгулюцца законам з улікам іх уплыву на фармаванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа. Забараняецца дзейнасць рэлігійных арганізацый, іх органаў і прадстаўнікоў, якая накіравана супраць суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды ці звязана з парушэннем правоў і свабод грамадзян, а таксама перашкаджае выкананню грамадзянамі іх дзяржаўных, грамадскіх, сямейных абавязкаў або прычыняе шкоду іх здароўю і маральнасці”.

Царква часта выступала і выступае апорай існуючага рэжыма, аказваючы значны ўплыў на палітыку, эканоміку і культуру. Магчыма таму ў перыяд буржуазных рэвалюцый і ў працэсе станаўлення сучаснай дзяржаўнасці абвяшчаюцца патрабаванні аддзялення царквы ад дзяржавы і ад усяго палітычнага жыцця.

У адпаведнасці з арт. 18 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах кожны чалавек мае права на свабоду веравызнання. Дадзенае правіла замацавана і ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь. Згодна арт. 3 закону кожны грамадзянін самастойна вызначае свае адносіны да рэлігіі, мае права асобна або сумесна з іншымі грамадзянамі спавядаць любую веру або не вызначаць ніякай, выражаць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі. У сучасных дзяржавах заканадаўствам замацавана роўнасць грамадзян перад законам ва ўсіх сферах жыцця (эканоміцы, палітыцы, сацыяльнай сферы) незалежна ад адносін да рэлігіі.

У Рэспубліцы Беларусь устаноўлены рэгістрацыйны парадак стварэння рэлігійных арганізацый. Яны маюц статус юрыдычнай асобы. Дзяржава не ўскладае на рэлігійныя арганізацыі выкананне дзяржаўных функцый і не ўмешваецца ў іх дзейнасць, за выключэннем выпадкаў, калі гэта дзейнасць супярэчыць закону.

Рэлігійныя арганізацыі маюць права ўдзельнічаць у грамадскім жыцці. Аднак ім забараняецца ўдзельнічаць у дзейнасці палітычных партый, аказваць ім фінансавую і іншую падтрымку. Пры парушэнні законаў Рэспублікі Беларусь дзейнасць рэлігійных арганізацый можа быць спынена па рашэнню суда.

Сусветная практыка сведчыць аб тым, што дзяржава, нягледзячы на аддзяленне царквы ад дзяржавы, роўнасць усіх рэлігій і канфесій, імкнецца падтрымліваць цесныя сувязі з рэлігіямі, трыдыцыйна дамінуючымі на іх тэрыторыі. Паралельнае існаванне дзяжавы і царквы можа грунтавацца як на законе, так і на дагаворы. Усе моманты ўзаемаадносін нельга ўрэгуляваць з дапамогай закону, таму прымяняецца дагавор. Такія дагаворы маглі б рэгуляваць адносіны з царквой пры ажыццяўленні дзейнасці ў сферы адукацыі, выхавання насельнцтва, падаткаабкладання.

5.Дзяржава і іншыя грамацкія аб’яднанні

Грамадскімі аб’яднаннямі з’яўляюцца добраахвотныя фармаванні грамадзян, якія ўтвораны на аснове агульнасці інтарэсаў для сумеснай рэалізацыі эканамічных, сацыяльных, грамадзянскіх і культурных правоў. Грамадскія аб’яднанні бываюць вельмі рознымі. Такімі з’яўляюцца палітычныя партыі, прафесійныя саюзы, розныя маладзежныя і дзіцячыя арганізацыі, арганізацыі ветэранаў, інвалідаў, жанчын і інш. Аднак палітычныя партыі адрозніваюцца ад усіх астатніх грамадскіх аб’яднанняў сваімі палітычнымі мэтамі і некаторымі асаблівымі прынцыпамі адносін з дзяржавай. Усе грамадскія аб’яднанні так ці інакш могуць удзельнічаць у палітычным жыцці, але для партый палітычная дзейнасць, барацьба за ўладу з’яўляецца асноўнай, цэнтральнай дзейнасцю.

Удзел грамадскіх аб’яднанняў у палітычным працэсе павінен дэдалёва рэгламентавацца заканадаўствам. Асабліва падрабязна павінны азначацца ўзаемаадносіны грамадскіх аб’яднанняў з дзяржавай. У Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць спецыяльныя законы, якія рэгулююць дадзеныя пытанні: “Аб прафесійных саюзах”, “Аб грамадскіх аб’яднаннях” і інш.