Смекни!
smekni.com

Гістарыяграфія і крыніцы вывучэння Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў (стр. 3 из 3)

У даследаваннях заходніх гісторыкаў з нацыянальна-дзяржаўных пазіцый асвятляецца развіццё ваенных падзей. Амерыканскія, англійскія, французскія даследчыкі імкнуцца паказаць уклад іх дзяржаў у разгром нацысцкай Германіі і Японіі. Прычым, празмерна перабольшваецца роль Другога фронта і недаацэньваецца ўклад Чырвонай Арміі, на якую прыйшоўся найбольшы цяжар баявых аперацый па разгрому германскага вермахта.

У савецкай і айчыннай гістарыяграфіі можна ўмоўна вылучыць некалькі этапаў у вывучэнні і апісанні падзей Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў:

– Першая палова 1940-х гг. Гэта літаратура вайны – інфармацыйная, агітацыйна-прапагандысцкая, яна мела мабілізацыйную і патрыятычную функцыю. Прац навуковага характару яшчэ не было. Але да навуковых прац можна далучыць распрацоўкі савецкага Генеральнага штаба – які планаваў правядзенне буйных вайсковых аперацый;

– Другая палова 1940-х – сярэдзіна 50-х гг. Пасля вайны пачынаецца навуковае даследаванне падзей вайны – але ва ўмовах культу асобы Сталіна пераважае суб’ектывісцкі падыход, перабольшванне ролі І.В.Сталіна ў дасягненні Перамогі над Германіяй;

– Другая палова 50-х – сярэдзіна 60-х гг. У даследаваннях гэтага перыяду вядучае месца адводзіцца кіруючай ролі КПСС у барацьбе на франтах, на акупаванай тэрыторыі і працы ў савецкім тыле. Распрацоўваюцца пытанні героікі савецкага народа;

– Другая палова 60-х – пачатак 80-х гг. У гэты час напісаны фундаментальныя абагульняючыя працы. Але даследчыкі не здолелі выйсці за рамкі ідэалагічных і палітычных ацэнак, панаваўшых у савецкай гістарыяграфіі. Гэтыя працы адпавядаюць крытэрыям усебаковага і аб’ектыўнага разгляду шматлікіх праблем вайны;

– Другая палова 80-х – па наш час. Гэта перыяд крытычнага і комплекснага асвятлення падзей вайны, асабліва маладаследаваных праблем.

Для беларусаў пачатак другой сусветнай вайны – гэта ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Гэтай падзеі прысвечаны шэраг прац, якія былі апублікаваныя як напярэдадні Айчыннай вайны, так і ў наш час. Гэта артыкулы гісторыкаў У.Палуяна, У.Ладысева, Л.Лыча, В.Селяменева, Я.Бараноўскага, А.Вялікага ў зборніках: «Назаўсёды разам. Да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР» (Мн., 1999) і «Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Гісторыя і сучаснасць». Матэрыялы міжнароднай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі 17–18 верасня 1999 г. (Мн., 2000).

Даследаванні па гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны можна падзяліць на некалькі тэматычных групаў. Адна з найбольш вялікіх – гэта гістарыяграфія вайсковых аперацый. Першыя працы з’явіліся ў канцы 40 – пачатку 50-х гг.: І.Р.Караткоў і С.М.Шышкоў «Победа Красной Армии в Белоруссии» (М., 1946), Я.Салдаценка «Советская Армия – освободительница Белоруссии» (Мн., 1948), М.М.Мінасян «Победа в Белоруссии: Пятый Сталинский удар!» (М., 1952). У гэтых працах разглядаліся толькі перамогі над вермахтам у 1943–1944 гг. У 60–80-х гг. з’явіліся працы, у якіх аналізаваліся прычыны няўдач Чырвонай Арміі летам 1941 г.: В.А.Анфілаў «Начало Великой Отечественной войны» (М., 1962), «Провал «блицкрига» (М., 1974), М.К.Андрушчанка «Народное ополчение Белорусси» (Мн., 1980), «На земле Белорусии летом 1941 г.» (М., 1985), Я.С.Паўлаў «В суровом сорок первом» (Мн., 1985) і іншыя.

Найбольш распрацаванай тэмай (і не выпадкова) з’яўляецца гісторыя партызанскага руху на Беларусі. Першыя працы належаць партыйным і дзяржаўным кіраўнікам, арганізатарам партызанскага руху – П.К.Панамарэнку, М.В.Зімяніну, Ц.С.Гарбунову. З канца 40-х гг. пачалі з’яўляцца і навуковыя даследаванні С.Ф.Ажгірэя, Н.Е.Гракава, Ф.В.Круглікава, П.Я.Цярэнцева і інш. У 1951 г. пад аўтарствам Л.Цанавы з’яўляецца калектыўная праца беларускіх гісторыкаў «Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков» у двух тамах. У манаграфіі выкарыстана вялікая база крыніц, грунтоўна распрацаваны пытанні стварэння і дзейнасці партызанскіх фарміраванняў, упершыню асветлена дзейнасць Арміі Краёвай. У 50–80-я гады з’явілася звыш 40 манаграфій і 100 кніг мемуараў, якія былі прысвечаны пытанням партызанскага руху і падпольнай барацьбы на Беларусі. Выключную каштоўнасць для далейшых даследаванняў маюць: зборнік дакументаў і матэрыялаў у трох тамах «Всенародная борьба в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (нюнь 1941 – нюль 1944)», «Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков» у трох тамах, а так сама чацвёрты том «Гісторыі Беларускай ССР» выдадзены ў 1975 г., які цалкам прысвечаны падзеям другой сусветнай вайны на Беларусі.

Яшчэ адна група даследаванняў прысвечана дзейнасці нямецкага акупацыйнага рэжыму на Беларусі. Па адзначанай праблеме выдадзены дзесяткі зборнікаў дакументаў і матэрыялаў, манаграфій. Сярод іх працы М.М.Загарулькі, А.Ф.Юдзянкова «Крах экономических планов фашистской Германии на временно оккупированной территории СССР» (М., 1970), І.С.Краўчанкі, А.І.Залескага, В.П.Раманоўскага «Немецко-фашистский оккупационный режим (1941–1944 гг.)» (Мн., 1965), А.А.Фактаровіча «Крах аграрной политики немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии» (Мн., 1979) і інш. Беларускія эмігранты – былыя дзеячы калабарацыі – займаліся выданнем зборнікаў дакументаў, мемуараў і навуковых прац: «Другі ўсебеларускі кангрэс» (Мюнхен, 1954), «За дзяржаўную незалежнасць Беларусі» (Лондан, 1960), К.Акула «Змагарныя дарогі» (Мюнхен, 1962), Я.Малецкі «Пад знакам Пагоні. Успаміны» (Таронта, 1976), I.Касяк «3 гісторыі праваслаўнай царквы беларускага народу» (Нью-Йорк, 1956), Шнэк У. «Беларуская Краёвая Абарона» (Мельбурн, 1984) і інш., у якіх са свайго пункту гледжання асвятлялі падзеі падчас акупацыі яе гітлераўскай Германіяй.

У апошні час пачалі з’яўляцца працы, прысвечаныя ліквідацыі шматлікіх «белых плям» падзей вайны на Беларусі. Гэта тычыцца гісторыі польскай Арміі Краёвай у Заходняй Беларусі, пра дзейнасць якой выйшлі працы Ю.Весялкоўскага «Што прывяло Армію Краёву на Беларусь» (Лондан, 1995), В.І.Ермаловіча, С.У.Жумара «Огнём и мечом: хроника польского националистического подполья в Белоруссии (1939–1953 гг.)» (Мн., 1994) і Я.І.Сямашкі «Армія Краёва на Беларусі» (Мн., 1994). Праблеме беларускага калабарацыянізму прысвечана кніга А.К.Салаўёва «Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах» (Мн., 1995), манаграфія А.А.Кавалені «Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі 1941–1944: Вытокі. Структура. Дзейнасць» (Мн., 1999). Сістэма акупацыйнай прапаганды на Беларусі ў 1941–1944 гг. была прааналізавана ў манаграфіі С.У.Жумара «Оккупационная периодическая печать на территории Беларуси в годы Великой Отечественной войны» (Мн., 1996). Усе гэтыя пытанні разглядаліся ў працы Ю.Туронка «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» (Мн.,1993).

Новыя падыходы ў навукоўцаў з’яўляюцца ў даследаваннях традыцыйных тэм савецкай партызанкі і падполля. У 1992 г. выйшла праца К.І.Дамарада «Партийное подполье и партизанское движение в Минской области 1941–1944», у 1995 г. калектыўная праца «Мінскае антыфашысцкае падполле». На старонках гэтых кніг вяртаецца добрае імя Кавалёву – аднаму з кіраўнікоў савецкага падполля ў г. Мінску. Па новаму разглядаюцца ў даследаваннях і армейскія аперацыі на тэрыторыі Беларусі ў 1941–1944 гг.: у І.В.Цімаховіча «Битва за Белоруссию 1941–1944 гг.» (Мн., 1994), У.І.Лемяшонка «Вызваленне – без грыфа «Сакрэтна!» (Мн., 1996), I.А.Басюка «Навагрудскі кацёл» (Мн., 1998).

Разам з тым многія «белыя плямы» яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў. Імкненне да аб'ектыўнага і навуковага вывучэння ваенных падзей 1941 г. характарызуе найноўшую айчынную і замежную гістрыяграфію. Абпапіраючыся на дакументы і матэрыялы, якія сталі даступнымі для даследчыкаў у апошнія гады, сёння ідзе пераасэнсаванне падзей вайны на аснове новых дакументальных крыніц і адмаўлення ад ідэалагічных штамкаў і клішэ.

Перыядызацыя Другой сусветнай вайны.

Другая сусветная вайна цягнулася амаль шэсць год з 1 верасня 1939 года па 2 верасня 1945 года. У яе была ўцягнутая 61 дзяржава, у якіх пражывала больш за 80% насельніцтва планеты. Ваенныя дзеянні адбываліся на тэрыторыі 40 дзяржаў, а таксама на большасці марскіх і акіянскіх прастораў. У гістарыяграфіі Другая сусветная вайна падзяляецца на пяць асноўных перыядаў:

Першы перыяд (1 верасня 1939 – 21 чэрвеня 1941 гг.) характарызуюцца актыўнай дзейнасцю Германіі ў Еўропе. Пад час яго германскія войскі пры дапамозе саюзнікаў захапілі амаль усю Еўропу. У азіяцкім рэгіёне Японія праводзіла агрэсіўную захопніцкую палітыку ў Кітаі пры неўмяшальніцтве вядучых краін рэгіёну – Вялікабрытаніі і ЗША;

Другі перыяд (22 чэрвеня 1941 – 18 лістапада 1942 гг.) характарызуецца пачаткам ваеннага супрацьстаяння Германіі і СССР, пад час якога планы «маланкавай вайны» правальваюцца. Пачынаецца Вялікая Айчынная вайны савецкага народа. Значна пашыраецца кола ўдзельнікаў вайны – да яе далучаюцца ЗША, якія зведалі агрэсіўны напад Японіі. Складваецца моцная антыгітлераўская кааліцыя;

Трэці перыяд (19 лістапада 1942 – 31 снежня 1943 гг.) – гэта карэнны пералом у Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайне. У выніку перамог СССР на ўсходнім фронце, ЗША ў Ціхім акіяне, Англіі і ЗША ў Афрыцы – адбываецца пераход стратэгічнай ініцыятывы да саюзнікаў;

Пад час чацвёртага перыяду (1 студзеня 1944 – 9 мая 1945 гг.) адбываецца поўны разгром германа-італьянскага блока, быў адчынены другі фронт (заходні) у Еўропе, капітулявала Германія. У гэты перыяд скончылася Перамогай Вялікая Айчынная вайна. Адначасова пачынае складвацца сістэма пасляваенных адносін паміж дзяржавамі свету;

У завяршальны пяты перыяд (9 мая – 2 верасня 1945 г.) адбываецца разгром імперыялістычнай Японіі, народы Азіі вызваляюцца ад японскіх акупантаў. Але адначасова, ўпершыню ў гісторыі, без усялякіх падставаў, супраць мірнага насельніцтва выкарыстоўваецца ядзерная зброя. І гэта робіць не краіна-агрэсар, а ЗША – адна з краін-пераможцаў. Такім антычалавечным фактам была завершана Другая сусветная вайна.

Перыядызацыя падзей вайны на Беларусі супадае з разгледжанай агульнай перыядызацыяй. Больш падрабязна выдзяляюць перыяды, звязаныя з акупацыяй, існаваннем акупацыйнай сістэмы і вызваленнем беларускай тэрыторыі. Асобныя перыядызацыі існуюць у дачыненні развіцця партызанкі і падполля, дзейнасці калабаранцкіх арганізацый і па некаторым іншым праблемам.