Смекни!
smekni.com

Гістарыяграфія і крыніцы вывучэння Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў (стр. 1 из 3)

Гістарычная навука Беларусі прайшла складаны і супярэчлівы шлях развіцця, асабліва ў савецкі час. Склалася сістэма ўстановаў гістарычнага профілю, падрыхтаваны кваліфікаваныя кадры даследчыкаў, назапашаны вялікі аб’ём гістарычных ведаў. Гістарычная навука не можа развівацца без аналіза набытых звестак, вызначэння ўкладу асобных вучоных і калектываў у вырашэнне навуковых праблемаў. Яна мае патрэбу ў ацэнцы выкарыстаных вучонымі крыніцаў і іх інтэрпрэтацыі, вызначэння метадалогіі даследавання, дакладнасці вынікаў, новага ўкладу ў развіццё навукі. Ус ё гэта вызначае высокую ролю гістарыяграфіі гісторыі Беларусі сярод іншых гістарычных дысцыплінаў.

Тэрмін «гістарыяграфія» мае грэчаскае паходжанне і складаецца з двух словаў: «гісторыя», што азначае «апавяданне аб мінулым», і «графо» – «пішу». Такім чынам, у прамым сэнсе «гістарыяграфія» азначае «апісанне чаго-небудзь», «пісьмовае апавяданне аб мінулым». Гэтае значэнне тэрміна захавалася да ХХ ст., а тых, хто займаўся гісторыяй, называлі «гістарыёграфамі». Напрыклад, у дарэвалюцыйнай Расіі існавала званне прыдворнага гістарыёграфа. Яно прысвойвалася вядомым вучоным і пісьменнікам (Г.Ф.Мілеру, М.М.Шчарбатаву, М.М.Карамзіну). Пасада давала ім вялікі грашовы аклад і доступ у архівы. Такую ж пасаду займаў і нямецкі гісторык Л.Ранке.

У ХХ ст. значэнне тэрміна «гістарыяграфія» змянілася. Пад ёю сталі звычайна разумець сукупнасць гістарычных работ, прысвечаных той ці іншай праблеме або сукупнасць даследаванняў, аб’яднаных агульнымі рысамі: нацыянальнымі (беларуская, расійская, амерыканская гістарыяграфія), тэарэтычнымі (ліберальная, дваранска-манархічная, марксісцкая гістарыяграфія), тэматычнымі (гістарыяграфія ВКЛ, гістарыяграфія аграрнай гісторыі), храналагічнымі (гістарыяграфія 20 – сярэдзіны 50-х гг., гістарыяграфія сярэдзіны 50 – 80-х гг. ХХ ст.).

Не адразу зацвердзілася вызначэнне гістарыяграфіі як гісторыі гістарычнай навукі, якое стала ўжывацца з пачатку ХХ ст. Паколькі гісторыя гістарычнай навукі – гэта працэс развіцця навукі і яе падсістэм, то гістарыяграфія – гэта навуковая дысцыпліна, якая вывучае гэты працэс. Гістарыяграфія – гэта навука, якая вывучае працэс накаплення ведаў аб развіцці чалавечага грамадства і пераўтварэння іх у навуку, характарызуе розныя погляды на гістарычныя з’явы, разглядае працэс удасканалення метадаў гістарычнага даследавання. Прадметам гістарыяграфіі гісторыі Беларусі з’яўляецца гісторыя вывучэння айчыннай гісторыі ў гістарычнай навуцы Беларусі.

Паколькі прадмет даследавання цесна звязаны з паняццем «гістарычная навука», гістарыяграфія ўключае ў сябе два кірункі:

1) арганізацыя навукі (структура навуковых і вучэбна-навуковых установаў, падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў, крыніцазнаўчая база навукі, метадалагічная аснова даследаванняў, перыядычныя выданні і выдавецкая база і інш.);

2) дасягненні гістарычнай навукі (абагульняльныя калектыўныя працы, манаграфіі, артыкулы, дакументальныя публікацыі і інш.).

Таму гістарыяграфія гісторыі Беларусі вывучае арганізацыю гістарычнай навукі, даследчыцкую праблематыку (паказвае развіццё навуковага пазнання гістарычнага мінулага), тэарэтычную базу даследаванняў (выяўляе, якім чынам тыя ці іншыя тэарэтычныя канцэпцыі выкарыстоўваюцца ў працы даследчыка, уплываюць на фарміраванне навуковых школаў, плыняў), паказывае ўплыў палітычнай сітуацыі на канцэптуальную пазіцыю даследчыка.

Крытэрыяў вызначэння гістарыяграфіі як самастойнай гістарычнай дысцыпліны – пяць: значныя дасягненні ў галіне тэорыі і метадалогіі гістарычных даследаванняў, фармаванне цэнтраў па распрацоўцы гістарычных праблемаў, падрыхтоўка кадраў гісторыкаў, якія прафесійна займаюцца мінулым сваёй навукі, стварэнне навуковых даследаванняў, якія асвятляюць працэс развіцця гістарычнай навукі, фармаванне асаблівай навуковай лексікі.

Задачы Гістарыяграфіі гісторыі Беларусі:

1) вывучэнне заканамернасцяў змены гістарычных канцэпцыяў і іх аналіз;

2) аналіз метадалагічных прынцыпаў, якімі кіраваліся даследчыкі гісторыі Беларусі ў розныя гістарычныя перыяды;

3) даследаванне працэсу накаплення фактычных ведаў аб чалавечым грамадстве на тэрыторыі Беларусі, увядзення ў навуковы зварот новых крыніцаў (аднак гістарыяграфія не займаецца пошукам і публікацыяй гістарычных крыніцаў);

4) вывучэнне змены і ўдасканалення метадаў і прыёмаў крыніцазнаўчага аналізу;

5) вывучэнне праблематыкі гістарычных даследаванняў;

6) вывучэнне гістарычных навуковых установаў, а таксама сістэмы гістарычнай адукацыі ў краіне;

7) аналіз сродкаў навуковай інфармацыі і распаўсюджвання гістарычных ведаў, іх уплыву на грамадскую самасвядомасць;

8) даследаванне міжнародных сувязяў айчыннай гістарычнай навукі, уплыву замежнай філасофіі і навуковай думкі на беларускіх вучоных;

9) вывучэнне ўмоваў развіцця гістарычнай навукі і адукацыі, і, асабліва ўрадавай палітыкі ў вышэйадзначанай галіне.

Прынцыпы і метады гістарыяграфічнага пазнання.

Вывучэнне гістарыяграфіі гісторыі Беларусі прадугледжвае выкарыстанне шэрагу прынцыпаў навуковага пазнання. Першым з іх ёсць прынцып гістарызму. Ён вызначае аналіз любой гістарыяграфічнай з’явы (канцэпцыі вучонага, навуковага кірунку і г.д.) у развіцці і ў сувязі з фактарамі, якія яе абумовілі. Разглядаючы той ці іншы гістарыяграфічны факт, неабходна ўлічваць узровень развіцця тагачаснай гістарычнай навукі, каб не было неабгрунтаваных заўваг да сваіх папярэднікаў.

Другі прынцып – прынцып сістэмнасці. Ён арыентуе даследчыка на вывучэнне перыядаў і кірункаў гісторыі гістарычнай навукі як сістэмы.

Трэці прынцып – прынцып каштоўнаснага падыходу, які прадугледжвае вылучэнне тых ідэяў і з’яваў мінулага, якія маюць значэнне для сучаснага этапа развіцця гістарычнай навукі.

Вылучаецца шэсць асноўных метадаў гістарыяграфічнага пазнання:

1) параўнальна-гістарычны метад (параўнанне розных гістарычных канцэпцыяў з мэтай вызначэння іх агульных рысаў, асаблівасцяў, ступеняў параўнання);

2) храналагічны метад (аналіз эвалюцыі навуковай думкі, змены канцэпцыяў, ідэяў у храналагічнай паслядоўнасці);

3) праблемна-храналагічны метад (дзяленне шырокай тэмы на шэраг вузкіх праблемаў, кожная з якіх разглядаецца ў храналагічнай паслядоўнасці);

4) метад перыядызацыі (вылучэнне асобных этапаў у развіцці гістарычнай навукі з мэтай вызначэння вядучых кірункаў навуковай думкі);

5) метад рэтраспектыўнага аналізу (вывучэнне развіцця гістарычнай думкі ад сучаснасці да мінулага);

6) метад перспектыўнага аналізу (вызначэнне перспектывы будучых даследаванняў, тэмаў, праблемаў).

У сучаснай гістарыяграфіі гістарыяграфічным фактам прынята лічыць канцэпцыю вучонага, прадстаўленую ў навуковых працах. Гістарыяграфічная крыніца – гэта працы гісторыкаў (манаграфіі, артыкулы, даклады, рукапісы і г .д.), дакументацыя навуковадаследчых устаноў (пратаколы з’ездаў, канферэнцыяў, «круглых» сталоў, стэнаграмы дыскусіяў і г .д.), рэцэнзіі на гістарычныя даследаванні.

Праблема перыядызацыі гістарыяграфіі гісторыі Беларусі.

Развіццё гістарычнай навукі Беларусі патрабуе аналізу і сістэматызацыі пройдзенага ёю шляху пры дапамозе перыядызацыі. Зразумела, што любая перыядызацыя азначае спрошчванне і схематызацыю гістарычнага працэсу, але ўзровень развіцця навукі на сучасным этапе і выкладанне на гістарычных факультэтах вучэбнай дысцыпліны «Гістарыяграфія гісторыі Беларусі» звяртае даследчыкаў да гэтага пытання.

Пытанне аб перыядызацыі гісторыі гістарычнай навукі паўстала ў пачатку 60-х гг . ХХ ст., калі ішла падрыхтоўка «Очерков истории исторической науки в СССР». Акадэмік АН СССР М.В.Нечкіна разгарнула на старонках часопіса «История СССР» дыскусію, якая ахапіла шырокае кола навукоўцаў. Гісторыкі паставілі пытанне аб крытэрыях перыядызацыі, якіх было прапанавана пяць: выкарыстанне марксісцка-ленінскай метадалогіі, змена праблематыкі даследаванняў, праведзеныя прыёмы даследавання, увядзенне ў навуковы зварот новых крыніцаў, змены ў арганізацыі гістарычнай навукі. Таму савецкія гістарыёграфы сталі падзяляць гісторыю гістарычнай навукі ў СССР на тры перыяды: 1917 – сяр. 30-х гг. – станаўленне савецкай гістарычнай навукі, кансалідацыя гісторыкаў на падставе марсісцка-ленінскай метадалогіі; сяр. 30 – сяр. 50-х гг. – накапленне даследчыкамі факталагічных ведаў, стварэнне першых абагульняльных працаў; сяр. 50-х – 80-я г. – уздым савецкай гістарычнай навукі.

З беларускіх вучоных да гэтай праблемы адным з першых звярнуўся А.П.П’янкоў. У зборніку «Наука в БССР за 30 лет» ён вызначыў наступныя перыяды: ад адкрыцця БДУ ў 1921г. да выхада пастановы ЦК ВКП(б) і СНК СССР аб выкладанні грамадзянскай гісторыі ў маі 1934 г.; з 1934 г. да чэрвеня 1941 г.; з пачатку Вялікай Айчыннай вайны да сучаснага яму часу (1949г.). Цікава, што гісторык за пачатак развіцця беларускай савецкай гістарычнай навукі прыняў не 1917 г. (Кастрычніцкая рэвалюцыя), не 1919 г. (утварэнне БССР), а менавіта арганізацыю Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Блізкую пазіцыю заняў А.П.Ігнаценка. У брашуры «Введение в историю БССР» ён без аргументацыі вылучыў два перыяды: з 1921 г. да Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны.

Пад уплывам пераменаў, якія адбыліся ў грамадска-палітычным жыцці рэспублікі, грунтоўны аналіз праблемы перыядызацыі гісторыі гістарычнай навукі ў БССР прапанаваў у 1990 г . член-карэспандэнт АН БССР П.Ц.Петрыкаў. Гісторык вызначыў чатыры перыяды. Першы: 1917 – 20-я гг. – станаўленне навуковай марксісцка-ленінскай канцэпцыі гісторыі Беларусі, барацьба з яўрэйскімі гісторыкамі-марксістамі і беларускімі нацыянальнымі гісторыкамі. Другі перыяд: 30-я – першая пал. 50-х гг., характарызуецца аўтарам як поўнае панаванне марксісцка-ленінскай канцэпцыі гісторыі Беларусі, глыбокае вывучэнне даследчыкамі прац К.Маркса, Ф.Энгельса і У.І.Леніна. З другога боку, Петрыкаў адзначыў, што гістарычная навука ў гэты час была падначалена «многім ненавуковым і валюнтарысцкім пастулатам». Трэці перыяд працягваўся з сяр. 50 – па першую пал. 80-х гг . Для яго характэрны «ачышчэнне гістарычных ведаў ад дагматычных установак сталінізму», выданне калектыўных і манаграфічных прац, але «культ асобы аднаго чалавека быў трансфарміраваны ў культ КПСС». А вось чацвёрты перыяд аўтар пачаў з ХХVI з’езда КПСС (1986 г.) і вызначыў яго часам адмаўлення ад догмаў і стэрэатыпаў, памылковых канцэпцыяў у гістарычнай навуцы.