Смекни!
smekni.com

Асноўныя канцэпцыi ўтварэння ВКЛ i фармiравання яго тэрыторыi. Знешняя палiтыка ВКЛ (стр. 3 из 3)

Казімір–Андрэй ЯГЕЛОНЧЫК (30 лістапада 1427, Кракаў - 7 чэрвеня 1492, Гародня), вялікі князь літоўскі (1440–1492), кароль польскі (1447–1492). Малодшы сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай.

Абраны вялікім князем незалежніцкай партыяй на чале з Янам Гаштольдам пасля забойства Жыгімонта Кейстутавіча (1440). Пры абранні абяцаў вярнуць ВКЛ Валынь і Падолле, захопленыя Польшчай, што пазней і выканаў. У 1444 вярнуў ад Польшчы ў склад ВКЛ Дарагічынскую зямлю. Пасля смерці свайго старэйшага брата Уладзіслава, караля польскага, быў запрошаны на польскі сталец. Але Казімір доўгі час не пагаджаўся, яго не адпускалі князі і баяры ВКЛ, якія не жадалі нават персанальнай уніі з Польшчай, але пасля ўсёж-такі пад уплывам маці даў згоду. У чэрвені 1447 абраны каралём Польшчы, але прысягу даў толькі ў 1453. У 1454 Казімір ажаніўся з Альжбэтай, дачкой памёрлага імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Альберта II. У Казіміра і Альжбэты было трынаццаць дзяцей.

Намагаўся ўмацаваць велікакняжацкую ўладу, аднак гэтага не ўдалося, вымушаны быў пашырыць правы феадалаў і шляхты. У 1441 падушыў выступ смаленскіх гараджан, а ў 1490-1492 гг. выступы сялян на поўдні ВКЛ і Польшчы. У 1447 выдаў г.зв. Казіміраў прывілей якім пашырыў правы феадалаў ВКЛ, гарантаваў права ўласнасці на зямлю, вольны выезд за мяжу, права судзіць залежных ад іх людзей. У прывілеі прадугледжвалася, што зямлю і дзяржаўныя пасады ў ВКЛ маглі атрымліваць толькі мясцовыя феадалы. Пры Казіміру вырасла роля паноў–рады і ўзмацніўся яе ўплыў дзейнасць вялікага князя. У 1457 выдаў прывілей паводле яго жыхары ВКЛ маглі вольна выяджаць за мяжу, акрамя варожых краін, у тым ліку для набыцця адукаціі. Аказваў матэрыяльную дапамогу студэнтам з дзяржаўнага скарбу. У 1468 выдаў Судзебнік, першую спробу кадыфікацыі крымінальнага і працэсуальнага права ВКЛ. У 1471 ліквідаваў ўдзельныя княствы. Прадстаўнікі незалежніцкай партыі незадоваленыя збліжэннем з Польшчай ў 1480-х гадах арганізавалі змову супраць Казіміра, але яна была выкрытая. Выданнем Няшаўскага статута Казімір пачаў час палітычнага панаваньне ў Польшчы шляхецкага стану.

Пры Казіміры васалам Польшчы стала Мазавецкае княства, была далучананыя Асвенцымскае княства. У выніку трынаццацігадовай вайны з крыжакамі (1454–1466) па Торуньскаму дагавору (1466) Польшча вярнула Памор’е, атрымала Заходнюю Прусію, а Тэўтонскі ордэн трапіў у васальную залежнасць. Казіміру давялося амаль штогод адбіваць татарскія наезды. Добра прыняў намер наўгародскіх баяр на чале з Марфай Барэцкай далучыць Ноўгарад да ВКЛ, але Іван III пасля доўгай аблогі захапіў Ноўгарад і жорстка расправіўся з баярамі.

4. Дзяржаўны лад і органы кіравання ў ВКЛ, іх эвалюцыя і функцыя.

Вялікае княства Літоўскае было феадальнай манархіяй. Улада ў дзяржаве, кіраванне ёй належала вялікаму князю – “гаспадару”, прадстаўніку княжацкай дынастыі. Ён мог уступіць у саюз з другой дзяржавай, аб’явіць вайну, заключыць мір. Усе галоўныя заканадаўчыя акты – прывілеі, статуты – выдаваліся за яго подпісам. Вялікі князь узначальваў узброеныя сілы.

Вялікаму князю былі падначалены князі і буйныя баяры, якія кіравалі асобнымі землямі і княствамі.

Важную ролю ў дзяржаўным кіраванні мела гаспадарская рада (“паны-рада”). Спачатку рада была толькі дарадчым органам пры вялікім князі. У раду ўваходзілі вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы: канцлер, маршалак земскі1, найвышэйшы гетман, земскі падскарбі[2], ваяводы і г. д. Усе дзяржаўныя дакументы зыходзілі ад князя. У канцы XIV ст. пры князі Казіміры значэнне рады павысілася. Вялікія літоўскія князі звычайна выбіраліся адначасова з польскімі каралямі. Яны часта надоўга выязджалі ў Польшчу. У такім выпадку дзяржаўная ўлада належала радзе. Калі князь адсутнічаў у Вільні, рада, па сутнасці, была вышэйшым дзяржаўным органам. З канца XV ст. рада пачала абмяжоўваць вялікакняжацкую ўладу. Без згоды рады вялікі князь не мог вырашаць пытанні знешняй палітыкі, дараваць дзяржаўныя пасады, выдаваць і змяняць законы.

У склад рады Вялікага княства Літоўскага уваходзілі найбуйнейшыя феадалы, якія займалі вышэйшыя дзяржаўныя пасады.

У XV ст. узнік новы дзяржаўны орган – “вальны” (агульны) сейм (“сойм”). На вальных сеймах удзельнічалі ўсе члены рады, вышэйшыя чыны праваслаўнага і каталіцкага духавенства, важнейшыя чыны цэнтральнага і мясцовага кіравання, па два дэпутаты ад шляхты з кожнага павета (вобласці).

Сейм выбіраў вялікага князя. На вальных сеймах абмяркоўваліся агульнадзяржаўныя пытанні: заканадаўства, выбранне вялікага князя, дзяржаўныя падаткі, прывілеі шляхты, адносіны з іншымі дзяржавамі.

Асобныя справы дзяржаўнага кіравання ажыццяўлялі маршалак земскі, падскарбнік земскі, канцлер. Гетман найвышэйшы ўзначальваў войска.

Галоўнымі службовымі асобамі ў сістэме мясцовага кіравання былі намеснікі з ліку знатных беларускіх і літоўскіх феадалаў. Намеснікі былі прадстаўнікамі цэнтральнай улады. Яны сачылі за выкананнем розных павіннасцей: ваеннай, вартаўнічай, па будаўніцтву дарог і мастоў. Збіралі падаткі, судзілі землеўласнікаў і граждан, зацвярджалі розныя здзелкі. Пры намесніку была дума, у якой удзельнічалі мясцовыя феадалы і прадстаўнікі гарадской гандлёва-рамеснай вярхушкі.

Ніжэйшае звяно ў сістэме кіравання – дзяржаўцы, валасныя старцы і падначаленыя феадалам прадстаўнікі сялян – соцкія і дзесяцкія.

Сеймы праводзіліся не толькі ў сталіцы Вялікага княства ЛітоўскагаВільні, але таксама ў беларускіх гарадах – Берасці, Наваградку, Гародні, Менску. Рашаючае значэнне на сеймах у той час мелі літоўскія і беларускія буйныя феадалы.

У буйных гарадах Беларусі існавалі замкі-крэпасці. Яны размяшчаліся на месцы былых дзядзінцаў гарадоў. Іх скарыстоўвалі як апорныя пункты абароны і цэнтры мясцовай улады. За іх спраўнасцю сачылі гараднічыя (каменданты). Вялікі князь нярэдка перадаваў замкі ў “дзяржанне” намеснікам. Менскі замак на беразе Свіслачы ў другой палове XV ст. быў у “дзяржанні” намеснікаў – князёў Івана Заслаўскага і Івана Краснага.

З цягам часу многія беларускія гарады вызваліліся ад феадальнай залежнасці. Першымі атрымалі права на самакіраванне жыхары Берасця (1390) і Гародні (1391). Пазней гэтага права дабіліся жыхары Слуцка і Полацка. Менску яно было дадзена ў 1499 г. Запазычаныя ў Заходняй Еўропе органы ўлады былі прыстасаваны да мясцовых умоў і звычаяў. Аднак беларускія гараджане, не маючы цвёрдай падтрымкі ад вярхоўнай улады, не заўсёды маглі захаваць свае правы і прывілеі. Так здарылася ў Полацку. Ужо праз год прывілеі палачан былі ўрэзаны. Інакш кажучы беларускія гарады атрымлівалі абмежаванае права на самакіраванне.

Войты, што стаялі на чале гарадоў, не выбіраліся іх жыхарамі, а прызначаліся вялікім князем, як правіла, з феадалаў. Войт меў вельмі шырокія паўнамоцтвы. Ён фактычна ўзначальваў усе органы кіравання горадам, у тым ліку і раду. Яе члены выбіраліся гараджанамі, але зацвярджаліся войтам. На чале рады стаялі два бурмістры. Рада з бурмістрамі і судом называлася магістратам. За насельніцтвам, што знаходзілася пад яго ўладай, замацавалася назва “мяшчане”. Магістрат вяршыў над імі суд, сачыў за гандлем, правільнасцю мер і вагаў, збіраў падатак. Для новых органаў улады ў гарадах будаваліся спецыяльныя памяшканні – ратушы.

У 1492 г. прывілей устанавіў, што толькі рашэнні гаспадара з паны-радай маюць сілу закону, які быў абавязковым і для самога вялікага князя. Ён не меў права іх мяняць без згоды з радай. Прывілей 1506 г. увёў катэгарычнае правіла – усе законы і распараджэнні агульнага характару павінны выдавацца князем толькі са згоды паны-рады. У Статуце 1529 г. гаварылася аб неабходнасці выдаваць прывілеі выключна на вальным сейме. Так развіццё канстытуцыяналізму, пачатак якому быў пакладзены ў XV ст., прымала ўсё больш акрэсленыя абрысы.

У дзяржаве, прасякнутай прынцыпамі федэралізму перавагу павінна было атрымаць мясцовае кіраванне як па ліку ўстаноў, так і па выканаўчых функцыях. Устанаўленне самакіравання палепшыла ўмовы рамеснай і гандлёвай дзейнасці гараджан. Яно вызваліла мяшчан ад засілля вялікакняжацкіх чыноўнікаў і феадалаў. Жыхары гарадоў не выконвалі цяпер разнастайных адработачных павіннасцей на карысць землеўладальнікаў. Замест іх гарадское насельніцтва плаціла дзяржаве і феадалм грашовы падатак.

Такім чынам, у XIVXVI стст. у Вялікім княстве Літоўскім складалася дакладная і акрэсленая сістэма прадстаўнічай манархіі. Прадстаўнічыя ўстановы сур’ёзна абмяжоўвалі ўладу вялікага князя, спрыялі замацаванню федэратыўных асноў дзяржавы, якія мелі тэндэнцыю да легітымнага развіцця.

ЛІТАРАТУРА

1. Беларуская энцыклапедыя. Пад рэдакцыяй Г. П. Пашкова. Мінск, “Беларуская энцыклапедыя”, 1997.

2. Гісторыя Беларусі. Пад рэдакцыяй А. Г. Каханоўскага і А. А. Яноўскага. Мінск, НПЧ “Фінансы, улік, аўдыт”, 1994.

3. Гісторыя Беларусі, частка 1. Пад рэдакцыяй прафесароў Я. К. Новіка і Г. С. Марцуля. Мінск, “Універсітэцкае”, 1998.

4. Гісторыя Беларусі. Пад рэдакцыяй Г. В. Штыхава і У. К. Пляшэвіча. Мінск, “Народная асвета”, 1993

5. Старажытная Беларусь. Полацкi i Новагародскi перыяды. Ермаловiч М. Мiнск, «Мастацкая лiтаратура»

6. Матэрыял па гiсторыi Беларусi з укладненнямi i дапаўненнямi. Н.С.Шароў, Мiнск, 2002.

7. Гiсторыя Беларусi ў кантэксце сусветных цывiлiзацый. Пад рыдакцыей прафесара В.I. Галубовiча, доктара гiстарычных навук Ю.М. Бохана. Мiнск, 2007.

8. Гiсторыя Беларусi са старажытных часоў да канца XVIII ст. РIВШ БДУ, Мiнск, 2000.


[1] Тэрыторыя сучаснай Латвійскай Рэспублікі.

1 Старшыня на паседжаннях рады і сейма.

[2] Вышэйшая службовая асоба ў ВКЛ, якая наглядала за падаткамі і зборамі (міністр фінансаў).