Смекни!
smekni.com

Основные принципы и методы в историческом познании (стр. 11 из 21)

Аднак спрэчкі паміж "белымі" і "чырвонымі", дрэнная падрыхтоўка і рэпрэсіі царскага ўрада прывялі да паражэння паўстання. 22 сакавіка 1864 г. захоплены ў палон К. Каліноўскі быў пакараны смерцю. Віленскі генерал-губернатар М. Мураўёў, які атрымаў ад цара неабмежаваныя паўнамоцтвы, жорстка распраўляўся з паўстанцамі. 128 з іх былі пакараны смерцю, 800 – адпраўлены на катаргу, больш за 12 тысяч – высланы з Беларусі. Памешчыкі і сяляне–католікі абмяжоўваліся ў сваіх правах. Быў зачынены Гора-Горацкі земляробчы інстытут, апошняя вышэйшая навучальная ўстанова на Беларусі. Фактычна была забаронена і беларуская мова. Разам з тым, сяляне былі вызвалены ад стану часоваабавязаных. Беззямельныя сяляне атрымоўвалі невялікія надзелы.

3. Эканамічнае развіцце.

Пасля падаўлення паўстання царызм таксама правёў некаторыя ліберальныя рэформы: земскую (1864), судовую (1864), гарадскую (1870) і ваенную (1874). Аднак на Беларусі з-за недаверу царскага ўрада да мясцовага насельніцтва гэтыя рэформы ў поўным аб’ёме прайшлі толькі на пачатку ХХ ст.

Рэформы 1860 – 1870-х гг. спрыялі развіццю таварнай вытворчасці. З 1880-х гг. сельская гаспадарка Беларусі паступова пераходзіць ад пераважнага вырошчвання зерневых культур да спецыялізацыі ў малочнай жывёлагадоўлі, ільнаводстве і бульбаводстве. У прамысловасці назіраецца пераход ад мануфактурнай да фабрычнай вытворчасці. Яе канцэнтрацыя абумовіла стварэнне акцыянерных таварыстваў. З Беларусі вывозіліся лес, запалкі, тканіны, абутак, кафля, гарбарныя вырабы і інш. Значную ролю пачалі адыгрываць банкі. Асабліва хутка ішло будаўніцтва чыгункі: у 1870 г. працягласць чыгуначных ліній складала 302 км., у 1902 г. – 2752 км., 1914 г. – 3900 км. Але з-за канкурэнцыі з суседнімі буйнымі прамысловымі рэгіёнамі Расійскай імперыі прамысловасць на Беларусі ўвогуле развівалася марудна.

4. Вызваленчы рух.

У другой палове ХІХ ст. у палітычны рух актыўна ўключыліся спачатку прадстаўнікі трэцяга саслоўя – разначынцы, а на пачатку ХХ ст. – і рабочыя. У 1880-я гг. ў Пецярбургу дзейнічала беларуская народніцкая група "Гоман", якая выдавала нелегальны часопіс на беларускай мове. У 1881 г. адзін з удзельнікаў "Гоману", І. Грынявіцкі, разам з рускімі рэвалюцыянерамі здзейсніў замах на Аляксандра ІІ. Бомба, кінутая ім, аказалася для цара смяротнай. Сам І. Грынявіцкі таксама загінуў.

У 1896 г. прадстаўнікі польскай, беларускай і часткова літоўскай інтэлігенцыі стварылі першыя марксісцкія партыі – Літоўскую Сацыял-Дэмакратычную Партыю і Рабочы Саюз Літвы. У 1902 г. на базе маладзёжных асветніцкіх гурткоў была створана Беларуская Рэвалюцыйная Грамада. У 1903 г. яна змяніла назву на Беларускую Сацыялістычную Грамаду (БСГ). Актыўна дзейнічалі і яўрэйскія арганізацыі. У 1897 г. прадстаўнікі яўрэйскіх марксісцкіх колаў аб’ядналіся ва Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі (Бунд). У 1898 г. пры падтрымцы ЦК Бунда ў Мінску адбыўся першы з’езд Расійскай Сацыял-Дэмакратычнай Рабочай Партыі (РСДРП).

Працэс стварэння палітычных партый значна паскорыўся падчас буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. Асноўныя падзеі рэвалюцыі адбываліся па-за межамі Беларусі, аднак і тут праходзілі мітынгі, забастоўкі і сялянкія выступленні. 17 кастрычніка 1905 г. Мікалай ІІ падпісаў маніфест, згодна якому ў Расіі былі дазволены асноўныя грамадзянскія свабоды, а таксама заканадаўчы орган – Дзяржаўную думу. 18 кастрычніка па загадзе губернатара Курлова ў Мінску была расстраляна мірная дэманстрацыя гаражан. Сутычкі з паліцыяй і армейскімі часцямі адбыліся і ў іншых гарадах.

У 1905 – 1906 гг. на падставе маніфеста былі створаны Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі, суполкі агульнарасійскіх партый эсэраў, кадэтаў, акцябрыстаў і інш. Актывізавалі сваю дзейнасць суполкі РСДРП, Бунда і іншых сацыялістычных партый. У 1906 г. прыхільнікі БСГ пачалі выдаваць першыя легальныя беларускамоўныя газеты "Наша доля" і "Наша ніва". Дзейнічалі прафсаюзныя аб’яднанні. Царскія ўлады актыўна падтрымлівалі стварэнне рэакцыйных крайне правых арганізацый, накшталт Саюза Рускага Народа і Рускага Акраіннага Саюза, прадстаўнікі якіх спавядалі вялікадзяржаўны шавінізм і арыентаваліся на манархію. 9 ліпеня 1906 г. ўладамі была распушчана І Дума, а 3 чэрвеня 1907 г. і ІІ Дума. Новае выбарчае заканадаўства павінна было садзейнічаць выбранню прыхільнікаў царскага самаўладдзя. Такім чынам, рэвалюцыя скончылася паражэннем. Але яна паказала, што сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне народа залежаць ад яго згуртаванасці і свядомасці.

5. Сталыпінская аграрная рэформа.

Каб стрымаць сялянскі рух, урад на чале П. Сталыпіна распачаў у 1906 г. новую аграрную рэформу. Яе сутнасцю было разбурэнне сялянскай абшчыны і паскарэнне капіталістычнага развіцця вёскі. Сялянам дазвалялася выходзіць з абшчыны разам са сваім надзелам, ствараць вотрубы і хутары (з 1911 г. выхад стаў абавязковым). Уласнікі хутароў і вотрубаў маглі атрымаць ад Пазямельнага банка пазыкі для набыцця новай зямлі. Урад таксама стымуляваў перасяленне сялянскіх сем’яў ў Сібір, на Далёкі Усход, Паўночны Каўказ і г. д. Найхутчэй рэформа адбывалася на захадзе і ў цэнтральнай Беларусі, дзе абшчыннае землекарыстанне было ў большасці ліквідавана яшчэ ў XVI ст. На ўсходзе і поўначы Беларусі да 1916 г. з абшчын выйшла 63 % сялянскіх двароў. У 1904 – 1914 гг. Беларусь пакінула 356 тыс. перасяленцаў. Разам са станоўчымі рысамі, Сталыпінская рэформа мела і адмоўныя: павелічэнне кошту зямлі і колькасці бядняцкіх гаспадарак. 10,9 % перасяленцаў страцілі на новых землях сваю маёмасць і былі вымушаны вярнуцца на радзіму жабракамі.

Тэма 13. РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ ВА ЎМОВАХ ЦАРСКАЙ РАСІІ (КАНЕЦ ХVІІІ – ПАЧАТАК ХХ СТСТ.)

1. Фарміраванне беларускай нацыі.

Пасля далучэння беларускіх зямель царскія ўлады, імкнучыся інтэграваць у сваю дзяржаўную структуру новыя тэрыторыі, праводзілі адпаведную палітыку. Значны ўплыў на развіццё беларускай культуры ў гэты час аказвае спачатку пераважна польская, а пазней, асабліва ў 1860-х гг. – руская культура, назіраецца цесная сувязь з культурамі ўкраінскага, літоўскага, яўрэйскага і іншых народаў. Культура беларускіх зямель сутыкаецца з жорсткім прыгнётам з боку царскай улады, якая імкнецца даказаць, што Беларусь з'яўляецца заходняй часткай Расійскай імперыі, а яе насельніцтва не мае сваёй этнічнай асаблівасці (ідэалогія "заходнерусізму").

Тым не менш менавіта ў гэты час беларускі этнас фарміруецца як нацыя. Нацыяй называецца ўстойлівая этнасацыяльная супольнасць людзей, якая, у адрозненне ад народнасці, характарызуецца не толькі агульнымі тэрыторыяй, мовай, культурай, але таксама цеснымі эканамічнымі, сацыяльна-палітычнымі і культурнымі сувязямі паміж рэгіёнамі, больш высокім узроўнем этнічнай самасвядомасці. Фарміраванне беларускай нацыі ішло ва ўмовах развіцця капіталістычных адносін і ўнутранага рынку, росту гарадоў і гарадскога насельніцтва. Паступова фарміруюцца новыя класы наёмных рабочых (шматнацыянальны) і буржуазіі (пераважна небеларускага паходжання). У канцы ХІХ ст. 90 % этнічных беларусаў пражывала ў сельскай мясцовасці; працэс кансалідацыі таксама стрымлівала слабасць нацыянальнай буржуазіі. З пачатку ХІХ ст. ўсе тэрыторыі з пераважнай доляй пражывання беларускага насельніцтва ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі. Тое, што беларусы не мелі сваёй дзяржаўнасці, а таксама ідэалагічная палітыка непрызнання адметнасці беларускага народа, перашкоды ва ўжыванні беларускай мовы замаруджвалі этнаўтваральныя працэсы. Канчатковае замацаванне тэрміну "Беларусь", "беларусы" за ўсёй этнічнай тэрыторыяй Беларусі адбываецца ў другой палове ХІХ ст. ў сувязі з развіццём беларусазнаўства, якое садзейнічала ўмацаванню нацыянальнай самасвядомасці. Але на пачатку ХХ ст. працэс фарміравання беларускай нацыі яшчэ не быў завершаны.

2. Адукацыя і навука.

На пачатку ХІХ ст. на Беларусі, як і ў іншых землях Імперыі, адбылася адукацыйная рэформа. Была сфарміравана шматступенчатая сістэма адукацыі: пачатковыя школы – прыходскія вучылішчы – павятовыя вучылішчы – гімназіі – Віленскі універсітэт (1803 – 1832), адчынены на месцы Галоўнай школы ВКЛ. У 1812 – 1820 гг. працавала Полацкая акадэмія. Але царскі ўказ 1827 г. абмяжоўваў магчымасць атрымання вышэйшай і сярэдняй адукацыі для прадстаўнікоў непрывілеяваных саслоўяў. Навучанне вялося толькі на польскай і рускай мовах. Пасля задушэння паўстання 1830 – 1831 гг. па ініцыятыве ўрада пачаўся актыўны працэс русіфікацыі. Ён быў накіраваны не толькі супраць ужывання польскай, але і беларускай мовы. Драматычныя падзеі 1863 – 1864 гг. вымусілі ўлады дзейнічаць яшчэ больш жорстка. Пісьмовая беларуская мова апынулася пад забаронай. Былі зачынены Гора-Горацкі земляробчы інстытут (1848 – 1864) і шэраг сярэдніх навучальных устаноў. Многія мясцовыя настаўнікі высылаліся з Беларусі. На іх месца накіроўваліся выхадцы з цэнтральных расійскіх губерняў. Узмацніўся кантроль праваслаўнай царквы над адукацыяй.

Падчас новай рэформы 1864 г. школьная адукацыя пераводзіцца пад кіраўніцтва Міністэрства народнай асветы. Пачатковую адукацыю на вёсцы вядуць пачатковыя і народныя вучылішчы (пераўтвораныя ў 1884 г. у царкоўна-прыходскія і школы граматы), у горадзе – гарадскія вучылішчы. Сярэднюю адукацыю за даволі высокую плату давалі класічныя і рэальныя гімназіі і прагімназіі, жаночыя 7-класныя гімназіі. Да пачатку ХХ ст. сетка навучальных устаноў пашыраецца, але ўзровень адукацыі застаецца нізкім. У другой палове ХІХ ст. хуткімі тэмпамі развіваецца прафесійная адукацыя. На Беларусі з’яўляюцца навучальныя ўстановы, якія даюць спецыяльную адукацыю ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гандлю, медыцыны, педагогікі і інш. Спецыфічнай рысай прафесійнай адукацыі на Беларусі з’яўляецца высокая вага яўрэйскіх навучальных устаноў, што звязана з усталяваннем на нашых землях у канцы ХVІІІ ст. так званай "мяжы яўрэйскай аселасці".