Пачынаецца навуковае даследаванне Беларусі. Ужо ў працах К. Калайдовіча ўтрымліваюцца звесткі аб самабытнасці беларускай мовы. Гэты тэзіс падмацаваны працамі славяназнаўца, этнографа, археолага, фалькларыста З. Даленгі-Хадакоўскага (1784 – 1825). Мінулае Літвы і Беларусі вывучалі Яўстафій і Канстанцін Тышкевічы, Т. Нарбут. У навуковых экспедыцыях беларускіх вучоных А. Дамбавецкага, Е. Раманава, П. Шэйна і інш. збіраецца этнаграфічны матэрыял, які сведчыць аб самастойнасці беларускага этнасу. Адметнай рысай пачатку ХХ ст. стала з’яўленне культурна-асветніцкіх навуковых устаноў і таварыстваў. У 1900 – 1914 гг. на Беларусі іх дзейнічала 54. У 1910 г. быў створаны Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства ў Вільні, які надрукаваў 12 прац па этнаграфіі і археалогіі беларускіх зямель.
У вывучэнні Беларусі вялікі ўнёсак заснавальніка беларускага мовазнаўства Я. Карскага (1860 – 1931). Яго трохтомная праца "Беларусы", сапраўдная энцыклапедыя беларусазнаўства, упершыню абгрунтавала нацыянальную самабытнасць беларусаў як асобнага славянскага народа. Для гісторыі Беларусі нямала зрабілі М. Доўнар–Запольскі, М. Нікіфароўскі, А. Семянтоўскі. А. Сапуноў і інш. Даследаванні Беларусі выклікалі немалую цікавасць у культурным свеце і садзейнічалі фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці.
3. Літаратура.
Літаратура Беларусі ХІХ – пачатку ХХ стст. развівалася ў рэчышчы агульнаеўрапейскіх працэсаў. На пачатку ХІХ ст. тут з’яўляюцца стылі рамантызму, для якога характэрна арыентацыя на голас пачуццяў (творы А. Міцкевіча, Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча), і сентыменталізму з яго ўвагай да ніжэйшых слаёў грамадства, з культам маральных і духоўных каштоўнасцей як асноўнага прынцыпу жыцця (элементы прасочваюцца ў вершах Я. Чачота). Сярод выдатных пісьменнікаў пачатку ХІХ ст. трэба вылучыць Адама Міцкевіча (1798 – 1855), аўтара рамантычных вершаў і паэм ("Пан Тадэвуш", "Гражына", "Дзяды", "Мешка, князь Навагрудка" і інш.). Акрамя літаратурнай ён актыўна займаўся палітычнай і навуковай дзейнасцю, працаваў у Лазанскім універсітэце (Швейцарыя) і Калеж-дэ-Франс (Францыя).
Большасць літаратурных твораў першай паловы ХІХ ст. пісалася на польскай мове. З пачатку ХІХ ст. пачынаецца новы этап у гісторыі беларускай літаратурнай мовы, аснову якой складаў фальклор. Збіралі і пераапрацоўвалі вусную народную творчасць Т. Зан, В. Рэут, А. Грот-Спасоўскі (ён жа А. Спасоўскі-Грот) і інш. Па-беларуску пісалі П. Багрым, Я. Чачот, І. Легатовіч. Але пераважная большасць беларускамоўных твораў насіла ананімны характар. Так, толькі ў нашы часы ўстаноўлена верагоднае аўтарства паэм "Энеіда навыварат" (В. Равінскі) і "Тарас на Парнасе" (К. Вераніцын). У 40-я гг. з’яўляецца друкаваная беларуская літаратура: п’еса "Сялянка" В. Дуніна-Марцінкевіча, творы А. Рыпінскага, Я. Баршчэўскага; новыя літаратурныя жанры – апавяданне, балада, лірычны верш. Публіцыстыка стала папулярным жанрам у 60-х гг. ХІХ ст. Яе ўзор – першая беларускамоўная газета "Мужыцкая праўда" К. Каліноўскага, дзе па-майстэрску выкарыстоўваецца форма народнай гутаркі.
Стыль крытычнага рэалізму, што пачынае фарміравацца ў другой палове ХІХ ст., прадстаўлены ў Ф. Багушэвіча, А. Гурыновіча, Я. Лучыны. Іх творы дэманструюць абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці. Дастойнымі іх пераемнікамі ў пачатку ХХ ст. становяцца Я. Купала, Я. Колас, А. Пашкевіч (Цётка), М. Багдановіч, Ц. Гартны, З. Бядуля, К. Буйло. Галоўная задача іх твораў – сцвердзіць у свядомасці народа перакананне ў яго самабытнасці, заклікаць да барацьбы з самадзяржаўем, да сацыяльнага і нацыянальнага вызвалення народа.
Пачатак ХХ ст. атрымаў назву "нашаніўскага адраджэння", што звязана са з’яўленнем першых легальных беларускамоўных газет "Наша доля" (9.–12.1906) і "Наша ніва" (11.1906 – 8.1915). Апошняя адыграла вялікую ролю ў адраджэнні беларускай мовы і культуры народа. Сацыяльнай базай выдання, якое выходзіла тыражом у 4,5 тыс. экз., быў працоўны народ, асабліва сялянства. На старонках "Нашай нівы" ўздымаліся тэмы Беларусі і лёсу яе жыхароў. У працы выдання важную ролю адыгралі дзеячы нацыянальнага адраджэння – браты Луцкевічы, Я. Купала, Я. Колас, Я. Лёсік, В. Ластоўскі, М. Гарэцкі, А. Гарун і інш. Пры газеце выдаваўся штогадовы "Беларускі каляндар" і часопісы "Саха" і "Лучынка", кнігі (за 10 гадоў выдадзена больш за 80 найменняў).
Новыя тэндэнцыі ў гісторыі беларускага тэатра прасочваюцца ў першай палове ХІХ ст., калі В. Дунін-Марцінкевіч у сваім маёнтку Люцынка стварае беларускі тэатр прафесійнага тыпу, які стаў асновай нацыянальнага прафесійнага тэатра. 9.2.1852 г. тут была пастаўлена першая беларуская опера "Сельская ідылія" (музыка С. Манюшкі і К. Кжыжаноўскага, лібрэта В. Дуніна-Марцінкевіча). Але пасля падзей 1863 – 1864 гг. дзейнасць тэатра амаль спынілася. Заснавальнікам новага нацыянальнага прафесійнага тэатра многа пазней стаў Ігнат Буйніцкі. Створаная ім "Першая беларуская трупа" ў 1910 г. стала адметным нацыянальным калектывам, у якім выступалі хор, драматычныя і танцавальныя групы. Своеасаблівым пераемнікам тэатра стала "Першае таварыства беларускай драмы і камедыі" (з 1917 г.).
4. Выяуленчае мастацтва.
У выяўленчым мастацтве першай паловы ХІХ ст. больш ярка праступае свецкі характар. Яно развіваецца пад уплывам рамантызму і класіцызму (накірунак еўрапейскай мастацкай культуры ХVІІІ – пачатку ХІХ стст., больш дэмакратычны, чым элітарнае барока, вызначаецца ўрачыстасцю і манументальнасцю). Адным з цэнтраў развіцця беларускага жывапісу, скульптуры і графікі стаў Віленскі універсітэт. Першыя яго выкладчыкі – Ф. Смуглевіч і Я. Рустэм – былі добра знаёмы з заходнееўрапейскім мастацтвам. Пасля закрыцця Віленскага унівесітэта (1832) вышэйшую мастацкую адукацыю стала магчыма набыць у расійскіх акадэміях. Гэтыя акалічнасці адбіліся на беларускай школе выяўленчага мастацтва, дзе фарміруюцца адметныя жанры – гістарычны (Ф. Смуглевіч, Я. Сухадольскі, Я. Дамель), партрэтны (І. Аляшкевіч, В. Ваньковіч), бытавы (У. Бычкоўскі, К. Русецкі, Ю. Карчэўскі), пейзаж (В. Дмахоўскі), нацюрморт (І. Хруцкі), батальны (Я. Сухадольскі). У другой палове ХІХ ст. у беларускім жывапісе ўсё больш яскрава праступаюць рэалістычныя тэндэнцыі. У Пецярбургу складваецца своеасаблівая беларуская мастацкая школа. У жанравай разнастайнасці жывапісу вызначаюцца пейзажы А. Гараўскага, гістарычныя палотны К. Альхімовіча, І. Трутнёва, бытавыя і партрэтныя работы Н. Сілівановіча. У пачатку ХХ ст. з’яўляецца шэраг прыватных мастацкіх школ, сярод якіх вылучаецца віцебская школа Ю. Пэна, з якой выйшлі К. Малевіч і М. Шагал. Найбольш распаўсюджаным жанрам становіцца пейзаж (В. Бялыніцкі-Біруля, Ст. Жукоўскі, Ф. Рушчыц). Бытавы жанр набывае вострую сацыяльную афарбоўку (Ю. Пэн, Я. Кругер, Л. Альпяровіч).
Першым прафесійным скульптарам на Беларусі лічыцца К. Ельскі (1782–1867). Ён стварыў сапраўдную галерэю (больш за 50) партрэтаў знакамітых асоб Беларусі, працаваў над аздабленнем культавых і грамадскіх будынкаў. Але ўвогуле беларуская скульптура развіваецца ў гэты час даволі слаба. Класіцызм яшчэ доўга не можа выцесніць у драўлянай і манументальна-дэкаратыўнай скульптуры барока і ракако. Вызначаецца высокі прафесіяналізм Я. Астроўскага, Р. Слізеня. У стылі мадэрн працавалі В. Бубноўскі, А. Краснапольскі, Я. Тышынскі і інш.
У беларускай архітэктуры першай паловы ХІХ ст. пануе класіцызм з яго кампактнасцю аб’ёмаў, правільнымі геаметрычнымі планамі, прастатой дэкору фасадаў. На Беларусі працуюць архітэктары М. Львоў, Я. Гуцэвіч. Яркімі прыкладамі гэтага перыяду з’яўляецца палацава-паркавы ансамбль Румянцавых у Гомелі, комплекс у Снове. Ствараюцца планы перапланіроўкі гарадоў, якія прадугледжваюць руйнаванне абарончых сцен, адводзяць зоны для пражывання розных сацыяльных груп. З’яўляюцца будынкі павятовых і губернскіх праўленняў, судоў і інш. У культавай архітэктуры абмяжоўваецца будаўніцтва касцёлаў, хутка перапыняецца ўзвядзенне уніяцкіх храмаў, а з ім траціцца самабытнасць беларускай архітэктуры. Некаторыя праваслаўныя храмы будуюцца ў псеўдарускім стылі (так званыя "мураўёўкі").
Росквіт новага архітэктурнага накірунку – "гістарызму" (электызму) прыпадае на другую палову ХІХ ст. Ён вызначаецца спалучэннем розных так званых неастыляў – раманскага, готыкі, барока, класіцызму, псеўдавізантыйскага і інш. (палац у г. Косава Івацэвіцкага раёна, касцёл св. Сымона і Алены ў Мінску, мужчынская гімназія ў Гомелі і інш.). Пашыраецца выкарыстанне ў будаўніцтве новых матэрыялаў – чыгуну, жалезабетону, цэменту, фабрычнай дахоўкі. З’яўляюццы новыя тыпы будынкаў – чыгуначныя вакзалы, 3–4 павярховыя даходныя дамы.
На мяжы ХІХ – ХХ стст. на глебе эклектыцызму ўзнікае новы мастацкі стыль – мадэрн. Яму ўласціва ўжыванне новых матэрыялаў і прынцыпаў будаўніцтва, а таксама багаты ляпны дэкор, асіметрыя дзвярных і аконных праёмаў, арнаментыка з ужываннем элементаў антычнага і народнага мастацтва, готыкі (даходны дом у Мінску, пазямельна-сялянскі банк у Гродне). У гэтым стылі працавалі С. Шабунеўскі, В. Марконі, А. Краснапольскі.
Беларуская культура ў ХІХ – пачатку ХХ стст. зрабіла значны крок наперад у сваім развіцці. Паланізацыя, русіфікацыя, фальсіфікацыя мінуўшчыны, рэпрэсіі супраць нацыянальна свядомых дзеячоў навукі і культуры прыпынілі працэс развіцця беларускага этнасу. Сапраўдным адраджэннем стаў пачатак ХХ ст., калі на пэўны час з’явіўся шанс на адраджэнне беларускай дзяржаўнасці.
Тэма 14. БЕЛАРУСЬ У 1914 – 1921 ГГ.
1. 1-я сусветная вайна.