1 жніўня 1914 г. пачалася 1-я сусветная вайна. Яе пачатак быў звязаны з абвастрэннем супярэчнасцей, якія існавалі паміж буйнейшымі дзяржавамі свету. Кожная з іх выношвала альбо захопніцкія планы, альбо імкнулася ўтрымаць раней далучаныя тэрыторыі. Да 1914 г. сфармаваліся два буйныя ваенна-палітычныя блокі – Антанта (Расія, Англія, Францыя, Японія) і Траісты саюз (Германія, Аўстра-Венгрыя, Італія). Летам 1914 г. адносіны паміж двума блокамі абвастрыліся. 15 ліпеня Аўстра-Венгрыя абвясціла вайну Сербіі, краіне, з якой Расія мела вельмі цесныя адносіны. У Расіі пачалася мабілізацыя. Дазнаўшыся пра гэта, Германія абвясціла ёй вайну. На працягу тыдня ў вайну ўступілі ўсе ўплывовыя краіны Еўропы. У 1915 г. Італія выйшла з Траістага саюзу і перайшла на бок Антанты. Але Германія і Аўстра-Венгрыя знайшлі новага ўплывовага саюзніка - Асманскую Порту. Усяго ў 1-й сусветнай вайне ўдзельнічалі 33 дзяржавы з насельніцтвам 1,5 мільярда чалавек. З'яўленне новых відаў зброі (кулямётаў, аэрапланаў, хуткастрэльных гармат і г. д.) вымушалі сучаснікаў лічыць, што ваенныя дзеянні хутка скончацца. На самай справе вайна працягвалася да восені 1918 г. Расія аказалася непадрыхтаванай да такіх маштабных ваенных дзеянняў.
З пачатку вайны ва ўсіх беларускіх губернях уводзілася ваеннае становішча. У 1914 г. расійскія войскі нанеслі сур'ёзныя паражэнні праціўніку ў Галіцыі і Прусіі. Але слабасць расійскай арміі падштурхнула нямецкае кіраўніцтва перагледзець ваенныя планы і распачаць у 1915 г. наступленне супраць Расіі. У верасні – кастрычніку 1915 г. значная частка беларускіх зямель была занята нямецкімі войскамі. Пасля ўдалага контрнаступлення рускіх фронт усталяваўся на лініі Дзвінск – Паставы – Смаргонь – Баранавічы – Пінск. На неакупаваных землях Беларусі сабралася вялікая колькасць бежанцаў, дыслацыраваліся армейскія часці. Вайна спрыяла толькі прадпрымальнікам, чые прадпрыемствы працавалі на армію. Прыняцце "сухога закону" падарвала вінакурную прамысловасць. Сотні тысяч жыхароў былі ўзяты ў армію, іншыя масава ўдзельнічалі ў абарончых работах; праводзіліся рэквізіцыі. У выніку сельская гаспадарка была падарвана, у гарадах адзначаўся недахоп харчавання. Цяжкае было становішча салдат: хранічна не хапала зброі, харчу і адзення. У выніку незадавальненне распаўсюджвалася і сярод грамадзянскіх асоб, і сярод ваенных. Так, у кастрычніку 1916 г. адбылося паўстанне на размеркавальным пункце ў Гомелі, у якім удзельнічала звыш 4000 салдат. Гэта дазволіла сацыялістычным партыям з поспехам весці прапаганду ў гарадах і ваенных часцях.
Акупанты разглядалі беларускія землі як каланіяльныя тэрыторыі, якія павінны забяспечваць нямецкую армію ўсім неабходным. Яны вывозілі прамысловае абсталяванне, забіралі ў сялян харч, коней і нават вопратку. Беларускія палітычныя дзеячы неаднаразова спрабавалі дамовіцца з акупацыйнымі ўладамі аб аднаўленні Вялікага княства Літоўскага альбо асобнай беларускай дзяржавы, але немцы не былі ў гэтым зацікаўлены. Яны адводзілі беларускім дзеячам толькі сферу культуры і адукацыі: такія аб'яднанні, як Беларускі народны камітэт (1915 – 1918) і Цэнтральны савет беларускіх грамадскіх арганізацый (з 1916 г.) выдавалі на беларускай мове газету "Гоман", стваралі беларускія школы. Беларускія дзеячы выступалі на міжнародных канферэнцыях у Стакгольме і Лазане.
2. Лютауская рэвалюцыя.
23 лютага 1917 г. ў Расіі пачалася другая буржуазная рэвалюцыя. 28 лютага Часовы камітэт Дзярждумы абвясціў аб пераходзе да яго ўсёй улады ў краіне. 2 сакавіка з гэтым рашэннем пагадзіўся Петраградскі Савет, які ўяўляў сабой орган кіраўніцтва паўстаннем рабочых і сялян. 2 сакавіка Мікалай ІІ адрокся ад прастолу. Расія была абвешчана рэспублікай. Уводзіліся асноўныя грамадзянскія свабоды. Да склікання агульнага Устаноўчага сходу Расіяй кіраваў Часовы ўрад.
На Беларусі весткі аб перамозе рэвалюцыі з'явіліся 1 сакавіка і былі сустрэты насельніцтвам з вялікім энтузіязмам. 2 сакавіка рабочыя Мінска занялі асноўныя прадпрыемствы горада, арыштавалі каменданта і камандуючага фронтам. Была раззброена паліцыя. 4 сакавіка сфарміраваліся атрады добраахвотнай міліцыі на чале з бальшавіком М.В. Фрунзе. У той жа дзень узнік і Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў ствараліся ў іншых гарадах Беларусі. Акрамя таго, дзейнічалі падначаленыя Часоваму ўраду грамадзянскія камітэты. Такім чынам, пасля рэвалюцыі склалася сітуацыя двоеўладдзя.
25 сакавіка 1917 г. на з'ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый быў абраны Беларускі нацыянальны камітэт (БНК), які павінен быў вырашыць пытанне аб аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі. Гэту задачу БНК вырашыць не здолеў. На II з'ездзе ён быў ператвораны ў Цэнтральную раду. Але і яна не здолела канчаткова аб'яднаць нацыянальныя арганізацыі Беларусі. Таму ў кастрычніку на яе аснове была створана Вялікая беларуская рада. Праходзілі таксама з'езды сялянскіх дэпутатаў, быў праведзены I з'езд ваенных і рабочых дэпутатаў арміі і тылу Заходняга фронту.
Прыход да ўлады буржуазіі не вырашыў ніводнай з найбольш вострых праблем: сяляне не атрымалі зямлю, не была скончана вайна, пагоршылася эканамічная сітуацыя. Пасля няўдалага ліпеньскага наступлення расійскай арміі на Паўднёва-Заходнім і Заходнім франтах 4 ліпеня ў Петраградзе адбылася антываенная дэманстрацыя. Яна была скарыстана Часовым урадам у якасці зачэпкі для ліквідацыі стану двоеўладдзя ў краіне: пачаліся арышты бальшавікоў, кіраўніцтва ў саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў перайшло да меншавікоў і эсэраў, якія ў асноўным падтрымлівалі палітыку буржуазіі. Часовы ўрад узначаліў эсэр А. Керанскі. Лютаўская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя скончылася.
У жніўні 1917 г. Вярхоўным галоўнакамандуючым Л. Карнілавым быў арганізаваны мяцеж з мэтай перадачы ўсёй улады ў краіне вышэйшым армейскім чынам (іх падтрымлівала буйная буржуазія і многія дваране). Бальшавікі прынялі актыўны ўдзел у арганізацыі разгрому мяцяжу, што істотна ўмацавала іх пазіцыі ў краіне. Яны шырока распаўсюджвалі лозунгі аб заканчэнні вайны, аб перадачы памешчыцкіх і дзяржаўных зямель сялянам. Гэтыя ідэі асабліва шчыра падтрымлівалі салдаты. Менавіта на іх рабілася асноўная стаўка пры падрыхтоўцы сацыялістычнай рэвалюцыі.
3. Кастрычніцкая рэвалюцыя.
Кастрычніцкія рэвалюцыйныя падзеі пачаліся з 24 на 25 кастрычніка 1917 г. Улада да бальшавікоў перайшла амаль без супраціўлення. На большай частцы тэрыторыі Расіі ўсталяваўся жорсткі рэпрэсіўны рэжым, тэрор якога ў адносінах да насельніцтва ў тысячы разоў пераўзыходзіў тэрор эпохі Імперыі. На II Усерасійскім з'ездзе Саветаў быў створаны новы ўрад – Савет народных камісараў (СНК).
Калі весткі пра рэвалюцыю дайшлі да Мінска, мясцовы Савет, пераважна бальшавіцкі, узяў пад кантроль турму, вакзал, пошту, тэлеграф. Але Вялікая беларуская рада, меншавікі, эсэры і Бунд рашуча выступілі супраць пераходу ўлады ў рукі бальшавікоў. 27 кастрычніка яны пры дапамозе Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання і штаба Заходняга фронту стварылі Камітэт выратавання рэвалюцыі і радзімы і запатрабавалі перадаць уладу ў горадзе. Савет быў вымушаны пагадзіцца. Але 2 лістапада ў Мінск увайшлі рэвалюцыйныя ваенныя часці, і Савет вярнуў свае паўнамоцтвы. У ноч з 18 на 19 лістапада бальшавікі захапілі Магілёў і ліквідавалі Стаўку Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. На ўсёй неакупіраванай немцамі тэрыторыі Беларусі была ўсталявана бальшавіцкая ўлада. З 26 лістапада пачаў дзейнічаць новы орган улады – Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах) пад старшынствам М. Рагазінскага. Надзвычайная выканаўчая ўлада перайшла да Савета Народных Камісараў вобласці і фронту (старшыня – К. Ландар). Кіруючыя органы адзначаліся перавагай ваенных і поўнай адсутнасцю беларусаў па паходжанні.
Спробу выправіць становішча зрабіў створаны пры выканкаме Усерасійскага з'езда сялянскіх дэпутатаў Беларускі абласны камітэт (БАК). Яму, сумесна з ВБР, удалося арганізаваць прадстаўнічы з'езд беларускіх арганізацый самага шырокага спектра ў снежні 1917 г. (1872 дэлегаты). СНК Заходняй вобласці і фронту ўважліва сачыў за правядзеннем з'езда, таму, калі стала вядома, што яго дэлегаты імкнуцца стварыць альтэрнатыўныя нацыянальныя органы ўлады, заклікаюць да рэспубліканска-дэмакратычнай формы кіравання, СНК разагнаў з'езд і арыштаваў найбольш актыўных яго ўдзельнікаў. Арганізатары з'езда, якіх пакінулі на свабодзе, стварылі праз месяц Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з'езда (старшыня – Т. Грыб), які і павінен быў узначаліць барацьбу за адраджэнне беларускай дзяржаўнасці.
4. БНР, ССРБ, ЛітБел.
У студзені – лютым 1918 г. пачаў ваенныя дзеянні польскі корпус Доўбар-Мусніцкага. Ім былі захоплены Бабруйск, Рагачоў і Жлобін. З двух апошніх палякі хутка былі выгнаны, але ім на змену прыйшла больш сур'ёзная небяспека: 16 лютага пачалі чарговае наступленне нямецкія войскі. Ужо да пачатку сакавіка фронт знаходзіўся на лініі Орша - Магілёў - Гомель. 3 сакавіка 1918 г. у Брэст-Літоўску было заключана перамір'е паміж Савецкай Расіяй і Германіяй, – вымушаная мера савецкага ўрада. Паводле пагаднення, Германія атрымала ўжо занятую яе войскамі Прыбалтыку, значную частку Украіны, Беларусі і РСФСР. Акупаваная частка ўсходняй Беларусі пасля заканчэння ваенных дзеянняў павінна была перайсці ў склад РСФСР, заходняя перадавалася Германіі і Аўстра-Венгрыі. Неакупіраванай засталася толькі невялікая частка з шасці паветаў і некалькіх валасцей. Беларусь не лічылася самастойным нацыянальным рэгіёнам і нават не мела свайго наймення.
Скарыстаўшы наступленне нямецкіх войск, 19 лютага беларускія арганізацыі сумесна з эсэрамі і яўрэйскімі партыямі стварылі беларускі ўрад (Народны сакратарыят Беларусі) пад кіраўніцтвам Я. Варонкі. Паводле Першай Устаўной граматы (21.2.1918) абвяшчалася, што "… беларускі народ павінен ажыццявіць сваё неад'емнае права на самавызначэнне". Гаварылася пра неабходнасць "найхутчэйшага склікання ўсебеларускага ўстаноўчага сходу". Але немцы не збіраліся лічыцца з інтарэсамі беларусаў. 9 сакавіка выканкам Рады Усебеларускага з'езда прымае Другую Устаўную грамату, у якой была абвешчана Беларуская народная рэспубліка (БНР), дэклараваўся шэраг дэмакратычных свабод. 18 сакавіка выканкам ператвараецца ў Раду БНР. 25 сакавіка з'яўляецца Трэцяя Устаўная грамата, дзе былі абвешчаны незалежнасць БНР і заклік да перагляду ўмоў Брэсцкага міру. Нямецкі ўрад не адрэагаваў на звароты Рады; са складу беларускага ўрада выйшла частка эсэраў, меншавікоў і бундаўцаў, незгодных з фактам незалежнасці Беларусі ад Расіі.