11 лістапада 1918 г. нямецкае камандаванне капітулявала перад Антантай, у Германіі разгарнулася буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя. У дадзеных умовах РСФСР дэнансавала Брэсцкі мірны дагавор, і савецкія войскі пачалі займаць акупіраваныя тэрыторыі. Да сярэдзіны лютага 1919 г. яны занялі амаль усю тэрыторыю Беларусі. На вызваленых землях ствараліся органы савецкай улады. Яшчэ ў студзені 1918 г. пры Народным камісарыяце па справах нацыянальнасцей РСФСР быў створаны Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам) пад кіраўніцтвам А. Чарвякова. Ён заахвочваў савецкія ўлады да вырашэння пытання беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове. Супраць гэтай ініцыятывы выступіў Аблвыкамзах, які ўвогуле не лічыў беларусаў асобным народам і не бачыў патрэбы ў вырашэнні нацыянальнага пытання. У снежні 1918 г. было выбрана Цэнтральнае бюро беларускіх камуністычных арганізацый (Дз. Жылуновіч). Белнацкаму і Цэнтральнаму бюро было даручана падрыхтаваць Маніфест аб беларускім урадзе. 30 снежня адбыўся Першы з'езд Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі, на якім было абмеркавана пытанне аб складзе Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі. 1 студзеня 1919 г. было абвешчана стварэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (ССРБ). Але 16 студзеня ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб перадачы Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай губерняў у склад РСФСР, а Мінскай і Гродзенскай губерням было дырэктыўна прапанавана стварыць сумесную дзяржаву з Літоўскай Савецкай Рэспублікай. 27 лютага 1919 г. на аб'яднаным пасяджэнні ЦВК ССРБ і ЛССР было прынята рашэнне аб утварэнні Літбел.
5. Савецка-польская вайна.
У лістападзе 1918 г. падчас адступлення нямецкіх войск была створана незалежная польская дзяржава, якая абапіралася на ідэю адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Па сутнасці гэта азначала вайну з Савецкай Расіяй, да якой польскае кіраўніцтва пры фінансавай падтрымцы буйнейшых заходніх краін было падрыхтавана. У снежні 1918 г. Польшча перайшла ў наступленне на беларускія і ўкраінскія землі. Да сакавіка 1919 г. польскія войскі акупіравалі шэраг беларускіх гарадоў. Урад Літбел, які праводзіў жорсткую палітыку ваеннага камунізму (харчразвёрстка, палітычныя рэпрэсіі, адмова ад перадачы зямлі непасрэдна сялянам), не здолеў арганізаваць абарону. У жніўні 1919 г. быў захоплены Мінск. Восенню фронт усталяваўся на р. Беразіна.
На занятых тэрыторыях польскія акупанты праводзілі надзвычай жорсткую палітыку. Толькі ў некаторых кіраўнікоў БНР захаваліся ілюзіі адносна прызнання незалежнасці беларускай дзяржавы. Рада БНР раскалолася па пытанні супрацоўніцтва з польскімі ўладамі. Да арганізаваных камуністамі і эсэрамі партызанскіх атрадаў пачалі далучацца прадстаўнікі іншых палітычных сіл. Распачатае вясной 1920 г. наступленне палякаў дазволіла ім захапіць шэраг беларускіх і ўкраінскіх гарадоў. Летам Чырвоная Армія пачала контрнаступленне, і да жніўня 1920 г. ўся тэрыторыя Беларусі была занята савецкімі вайскамі. У гэтых умовах Савецкая Расія была вымушана пачаць супрацоўніцтва з буржуазным урадам Літвы. Пра Літбел размовы больш не ішло. 31 ліпеня 1920 г. у Мінску была прынята дэкларацыя, якая абвяшчала незалежнасць Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь. У жніўні 1920 г. польская армія здолела перайсці ў наступленне пад Варшавай і зноў заняць значную частку Беларусі. 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе быў падпісаны дагавор з Польшчай аб перамір'і.
Падпісанне перамір'я не спыніла ваенных дзеянняў. Пры падтрымцы польскага боку ў лістападзе на тэрыторыю Беларусі ўвайшлі атрады пад кіраўніцтвам С. Булак-Балаховіча, які абвясціў сябе начальнікам Беларускай дзяржавы. Але пасля захопу Мазыра, Петрыкава, Калінкавіч гэтыя злучэнні былі разбіты. У лістападзе – снежні 1920 г. адбылося ўзброенае выступленне на Случчыне (Слуцкі збройны чын), удзельнікі якога выступалі за беларускую дзяржаўнасць.
18 сакавіка 1921 г. паміж Савецкай Расіяй, Украінай і Польшчай быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор, паводле якога Польшча атрымала заходнюю частку Беларусі з больш чым 4-мільённым насельніцтвам. Усходняя частка Беларусі апынулася ў складзе Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і Расійскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі.
Тэма 15. Беларусь у міжваенны перыяд (1921 – 1939)
1. Сацыяльна – эканамічнае развіцце БССР.
Аднаўленне БССР адбылося 31 чэрвеня 1920 г. Усходняй мяжой БССР абвяшчалася мяжа Мінскай губерні, заходняя мяжа ўсталявалася адпаведна Рыжскай дамове 1921 г. У 1924 і 1926 гг. адбыліся ўзбуйненні тэрыторыі БССР – былі далучаны паветы Віцебскай, Гомельскай і часткова Смаленскай губерняў, большую частку насельніцтва якіх складалі беларусы. ІІ Усебеларускі з’езд Саветаў 1920 г. прыняў дадаткі да Канстытуцыі 1919 г. Вышэйшым кіруючым органам быў з’езд Саветаў, выканаўчым – Савет Народных Камісараў (СНК). Некамуністычныя партыі апынуліся пад забаронай. Разам з тым дзеячы іншых партый і арганізацый, згодныя супрацоўнічаць з новымі ўладамі, атрымалі амністыю. Кіраванне фінансавай палітыкай, вайсковым будаўніцтвам, чыгункай і г. д. належала ўладам РСФСР (пазней СССР). Дзяржаўнай мовай зацвярджалася беларуская. Урад праводзіў палітыку беларусізацыі. Але ў афіцыйным карыстанні знаходзіліся таксама руская, польская і ідыш (яўрэйская) мовы. 30 снежня 1922 г. БССР падпісала дамову аб стварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР).
Пасля заканчэння савецка-польскай вайны БССР апынулася ў цяжкім эканамічным становішчы: назіраліся моцны спад прамысловай вытворчасці, інфляцыя. Сяляне пакутавалі ад харчразвёрсткі, у гарадах большасць прадуктаў размяркоўвалася па картках. Таму ў 1921 – 1928 гг. у БССР, як і ў іншых савецкіх рэспубліках, праводзілася новая эканамічная палітыка (нэп), мэтай якой было аднаўленне эканомікі. Нэп складалася з сельскагаспадарчай (пераход ад харчразвёрсткі да харчпадатку), фінансавай (увядзенне саўзнакаў і забяспечанага золатам чырвонца), прамысловай (падтрымка дробных уласнікаў, арандатараў і канцэсіянераў, пераход буйных прадпрыемстваў да самаакупнасці і г.д.) і гандлёвай (дзяржаўная манапалізацыя знешняга і дазвол прыватнага гандлю на ўнутраным рынку) рэформ. У 1921 г. былі канчаткова пераразмеркаваны памешчыцкія землі. Наркамзем БССР Дз.Ф. Прышчэпаў (1925 – 1929) арыентаваўся на стварэнне хутарскіх і вотрубных, разам з падтрымкай калектыўных гаспадарак. У выніку нэпа да 1926 г. валавы ўнутраны прадукт БССР перасягнуў узровень 1913 г.
Аднак у 1928 г. цэнтральныя савецкія ўлады распачалі пераход да планавай эканомікі. З гэтай мэтай 1 кастрычніка 1928 г. пачаў дзейнічаць першы пяцігадовы план. Быў абвешчаны курс на паскораную індустрыялізацыю і калектывізацыю. Ад рынкавых метадаў забеспячэння эканомікі ўрад перайшоў да цэнтралізаванага размеркавання і дырэктыўных загадаў. Дзяржава манапалізавала сродкі вытворчасці. Быў пабудаваны вялізны бюракратычны апарат. Толькі за дзве першыя пяцігодкі ў БССР было пабудавана 1700 новых прадпрыемстваў, галоўным чынам у сферы харчовай і лёгкай прамысловасці. Каб знайсці сродкі, улады рэспублікі замарожвалі зарплату рабочых, скарачалі выдаткі на сацыяльную сферу. Дапамогу аказвалі і іншыя рэспублікі. Да 1935 г. дзейнічала карткавая сістэма забеспячэння. Не хапала кваліфікаваных спецыялістаў. Узровень жыцця насельніцтва на пачатку 30-х гг. значна пагоршыўся. Энтузіязм працоўных падаграваўся масавай прапагандай, незадаволеныя арыштоўваліся.
Летам 1929 г. былі абвешчаны суцэльная калектывізацыя і ліквідацыя заможнай часткі сялян – кулакоў як класа, забараняліся арэнда зямлі і найманне рабочых. Большую частку сялянства прымусова вымушалі ўступаць у калгасы. Ствараліся новыя саўгасы і машынна-трактарныя станцыі (МТС). Большая частка прадукцыі, вырабленай калгаснікамі, забіралася дзяржавай. Аднаасобнікі абкладаліся вялікімі падаткамі. У выніку знізіліся паказчыкі развіцця сельскай гаспадаркі, у 1933 г. у некаторых раёнах БССР пачаўся голад. Сяляне актыўна выступалі супраць гвалту з боку ўладаў. У 1929 – 1930 гг. яны ў вялікай колькасці забівалі жывёлу, каб не перадаваць яе ў калгасы. У 1930 і 1932 гг. назіраўся масавы выхад з калгасаў. Але ўлады адказвалі рэпрэсіямі. Раскулачванню падвяргаліся не толькі кулакі, але часам і сераднякі. Толькі па пастанове 1932 г. "Аб ахове маёмасці" ў БССР больш за 10 тыс. чалавек было абвешчана "ворагамі народа". У 1935 г. было калектывізавана ўжо 85,6 % сялянскіх двароў, а ў 1939 г. – 90 %.
2. Культура БССР.
У канцы 1920-х гг. пачаўся курс на згортванне беларусізацыі. Канстытуцыя 1927 г., прынятая VIII з’ездам Саветаў, захавала самаўладдзе Саветаў. Канстытуцыя 1937 г. вызначала вышэйшым органам улады Вярхоўны Савет. Усталяванне ў СССР дыктатуры Сталіна прывяло да масавых чыстак партыйных арганізацый ад "ворагаў народа" і палітычных рэпрэсій. Толькі па справе 1930 г. аб неіснуючым "Саюзе вызвалення Беларусі" было арыштавана 108 чалавек, у тым ліку В. Ластоўскі, Дз. Прышчэпаў, А. Смоліч, М. Гарэцкі і інш. Унутраны тэрор не аслабляўся да смерці Сталіна ў 1953 г. Яго ахвярамі сталі многія палітычныя і культурныя дзеячы, вучоныя, артысты, пісьменнікі, святары і нават простыя людзі – каля 600 тыс. грамадзян Беларусі.