Для заходнебеларускай літаратуры характэрна перавага паэтычнага жанру, які адзначаецца эмацыянальнай рэакцыяй на падзеі, актыўнай грамадзянскай пазіцыяй аўтараў (М. Танк, В. Таўлай, М. Засім), а таксама рамантызмам і лірызмам (Н. Арсеннева, К. Сваяк, У. Жылка і інш.). Выяўленчае мастацтва адметна касмічнымі, гістарычнымі і сімволіка-алегарычнымі карцінамі Я. Драздовіча ("Дух зла" і інш.), бытавымі палотнамі М. Сеўрука і П. Сергіевіча, партрэтам і пейзажам (Г. Семашкевіч), карыкатурамі Я. Горыда. Сур’ёзную працу па збіранні і прапагандзе беларускага фальклору праводзілі Р. Шырма, Г. Цітовіч. Утвараліся хоры (адзін з самых папулярных – хор Беларускага саюзу студэнтаў у Вільні), рэпертуар якіх складаўся пераважна з беларускіх песень. Значны ўнёсак у музычную культуру зроблены кампазітарамі К. Галкоўскім, Л. Раеўскім, оперным спеваком і выканаўцам народных беларускіх песень М. Забэйда-Суміцкім.
Тэма 16. БЕЛАРУСЬ У 2-Й СУСВЕТНАЙ ВАЙНЕ.
1. Пачатак вайны.
2-я сусветная вайна была самай шырокамаштабнай ваеннай кампаніяй у сусветнай гісторыі. У ёй прыняла ўдзел 61 дзяржава; ваенныя дзеянні вяліся на тэрыторыі 40 краін. Асноўнай прычынай вайны стала незадавальненне Германіі і яе саюзнікаў (Італіі, Японіі) вынікамі 1-й сусветнай вайны, імкненне іх пераразмеркаваць сферы ўплыву ў свеце. У гэтых краінах да ўлады прыйшлі фашысцкія партыі. Асабліва жорсткі таталітарны рэжым усталяваўся ў Германіі. Нацыянал-сацыялістычная рабочая партыя Германіі на чале з А. Гітлерам праводзіла палітыку мілітарызацыі. Нацыянал-сацыялісты сцвярджалі, што немцы як прадстаўнікі "чыстай арыйскай расы" павінны панаваць у свеце. Іншыя народы павінны быць германізаваны, ператвораны ў рабоў ці цалкам знішчаны.
Тактыка мацнейшых дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі) па накіраванні агрэсіі фашысцкай Германіі супраць СССР толькі актывізавала рост яе ваенна-стратэгічнага патэнцыялу. Не знайшла падтрымкі ў вышэйшых заходнееўрапейскіх колах і прапанова СССР аб стварэнні сістэмы калектыўнай бяспекі супраць фашызму. Праводзімыя вясной – летам 1939 г. перагаворы ваенных дэлегацый СССР, Англіі і Францыі аб каардынацыі дзеянняў супраць агрэсіі не прывялі да пагаднення. 23 жніўня 1939 г. паміж СССР і Германіяй быў падпісаны дагавор аб ненападзе, па сакрэтным пратаколе якога краіны падзялялі сферы ўплыву ў Еўропе. Гэты дакумент часова заспакоіў Гітлера ў тым, што Савецкі Саюз не будзе прадпрымаць актыўных дзеянняў супраць Германіі, калі тая распачне новую ваенную кампанію.
1 верасня 1939 г., Германія напала на Польшчу. Пачалася 2-я сусветная вайна. Францыя і Вялікабрытанія аб’явілі Германіі вайну, прытрымліваючыся свайго абяцання дапамагчы Польшчы, калі яна будзе ўцягнута ў ваенны канфлікт. Савецка-германскі пакт 23 жніўня 1939 г. аб ненападзе з сакрэтным дадатковым пратаколам, які вызначыў падзел еўрапейскіх краін на сферы ўплыву паміж СССР і фашысцкай Германіяй, падрыхтаваў умовы для ўключэння заходнебеларускіх і заходнеўкраінскіх зямель у склад СССР. Пасля пачатку другой сусветнай вайны і заняцця нямецкімі войскамі ўласна польскай тэрыторыі (15 верасня 1939 г. захоплены Беласток) Савецкі ўрад аддае загад войскам Беларускага (камандуючы М.П. Кавалёў) і Украінскага франтоў аб пачатку вызваленчага паходу на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны (17.9.39). Польскі ўрад не мог сябе лічыць у стане вайны з СССР, таму галоўнакамандуючы польскай арміі Э. Рыдз-Смігал загадвае не ўступаць ва ўзброеныя сутычкі з савецкімі войскамі. Гэта, а таксама пяціразовая перавага сіл Чырвонай Арміі садзейнічалі таму, што ваенных дзеянняў паміж савецкімі і польскімі часцямі амаль не было.
Ужо 22 верасня 1939 г. камбрыг Крывашэін і генерал Гудэрыан прымалі сумесны ваенны парад у Брэсце. Да 25 верасня заходнебеларускія землі былі поўнасцю заняты савецкімі войскамі, а 28 верасня падпісаны дагавор аб сяброўстве і мяжы паміж СССР і Германіяй, па якім часткі Варшаўскага і Люблінскага ваяводстваў перайшлі пад уплыў Германіі, а Літва – СССР. Хутка рашэннем Савецкага ўрада да Літвы былі далучаны Вільня і Віленскае ваяводства.
Большасць насельніцтва ўспрыняла паход Чырвонай Арміі з радасцю. У гарадах утвараліся часовыя ўпраўленні, а ў вёсках сялянскія камітэты, якія разглядалі гаспадарчыя, адміністрацыйныя, культурна-асветніцкія пытанні. 28 –30 кастрычніка 1939 г. Народны сход Заходняй Беларусі абвясціў усталяванне савецкай улады, нацыяналізацыю банкаў і буйной прамысловасці, канфіскацыю памешчыцкіх зямель. Было прынята рашэнне прасіць Савецкі ўрад аб далучэнні Заходняй Беларусі да БССР. Далучаная да Савецкай Беларусі тэрыторыя падзялілася на 5 абласцей і 101 раён. Утвараліся новыя органы ўлады, на дзейнасць якіх значны ўплыў аказвалі партыйныя і камсамольскія работнікі, працоўныя, прысланыя з СССР. Не ведаючы мясцовай спецыфікі, звычаяў, мовы, многія з іх выклікалі недавер і расчараванне мясцовага насельніцтва. Нацыяналізаваліся не толькі буйныя, але і дробныя прадпрыемствы. Праходзіла рэканструкцыя і будоўля новых заводаў і фабрык, павялічылася колькасць рабочых месцаў. Адкрыліся нацыянальныя школы, бясплатныя бальніцы і медыцынскія пункты.
Адмоўную ролю адыграла рэпрэсіўная палітыка сталінскага ўрада, у выніку якой на чэрвень 1941 года ў Сібір, Казахстан і іншыя рэгіёны СССР было дэпартавана больш за 120 тысяч асаднікаў, заможных сялян, бежанцаў. На працягу другой паловы 30-х гг. былі арыштаваны і загінулі ў турмах кіраўнікі і дзеячы беларускага нацыянальнага руху М. Гарэцкі, Б. Тарашкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, І. Дварчанін і інш. Былі разгромлены падпольныя арганізацыі прапольскага накірунку.
І ўсё ж аб’яднанне заходнебеларускіх зямель з БССР мела вельмі вялікае значэнне: пасля доўгага перапынку амаль усе тэрыторыі з пераважнай большасцю беларускага насельніцтва мелі адзіныя межы; гэта спрыяльна адбілася на развіцці беларускай нацыі. Значныя змены адбыліся ў сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці заходніх абласцей БССР.
2. Напад Германіі на СССР.
Між тым Германія падпарадкоўвала сабе краіны Еўропы і рыхтавала моцны ўдар супраць СССР, які з’яўляўся сур’ёзнай перашкодай планам аб сусветным панаванні. У снежні 1940 г. быў гатовы план "Барбароса" – распрацоўка "бліц крыга", – маланкавай (за 3 – 4 месяцы) вайны з СССР. У маі 1941 г. быў зацверджаны "ОСТ" – план каланізацыі і знішчэння савецкіх народаў. Германія сур’ёзна рыхтавалася да вайны. Гэтага не магло не ўсведамляць савецкае кіраўніцтва. Але менавіта непадрыхтаванасць Чырвонай Арміі да вайны амаль усе даследчыкі лічаць асноўнай прычынай ашаламляльных перамог нацысцкай арміі ў першыя месяцы вайны.
22 чэрвеня 1941 г. пачалася Вялікая Айчынная вайна – вызваленчая барацьба савецкіх народаў супраць Германіі і яе саюзнікаў. Першы ўдар нямецкай групы армій "Цэнтр" (камандуючы генерал-фельдмаршал Т. фон Бок) быў нанесены па часцях Заходняй асобай ваеннай акругі (камандуючы генерал арміі Дз. Паўлаў), якая размяшчалася пераважна на тэрыторыі Беларусі. Ужо 28 чэрвеня 1941 г. быў захоплены Мінск, а да канца жніўня 1941 г. ўся тэрыторыя Беларусі была занята нямецкімі войскамі. Каб спраўдзіць ваенна-гістарычныя пралікі, якія дапусціла вышэйшае ваенна-палітычнае кіраўніцтва СССР, у здрадзе інтарэсам Радзімы, у развале ўпраўлення войскамі былі абвінавачаны і расстраляны Дз. Паўлаў і іншыя военачальнікі акругі – усяго 12 чалавек. Нечаканасць вераломнага нападу Германіі, аб чым было абвешчана сродкамі масавай інфармацыі ў першыя ж гадзіны вайны, была хутчэй прапагандысцкім крокам, накіраваным на насельніцтва: вайна не была нечаканасцю ні для кіраўніцтва краіны, ні для жыхароў, асабліва прыгранічных раёнаў. На самай справе адной з важнейшых прычын паражэнняў савецкіх войск у пачатку вайны можна лічыць адсутнасць сур’ёзна прадуманай абарончай (а не наступальнай!) дактрыны, падрыхтаванай глыбокай абароны, а таксама перавагу ваеннага і эканамічнага патэнцыялу Германіі. Галоўны ўдар Сталін чакаў на Кіеўскім напрамку. Позна былі складзены і даведзены да ведама планы дзеянняў акругоў. Не былі прыведзены ў баявую гатоўнасць многія часці Заходняй асобай ваеннай акругі (частка войскаў аставалася ў летніх лагерах, некаторыя арміі знаходзіліся ў стане пераўзбраення і перафарміравання); назіраўся невысокі ўзровень баявой падрыхтоўкі салдат; невялікая колькасць новых узораў танкаў і самалётаў. Яшчэ не завяршылася інжынернае пераабсталяванне новай заходняй мяжы, якую атрымаў СССР пасля восеньскага (1939) паходу на Польшчу. Умацаваныя раёны, якія вельмі актыўна будаваліся з вясны 1941 г., амаль не былі забяспечаны абсталяваннем і зброяй. Слабой аказалася зенітная абарона. За перадваенныя гады было рэпрэсіравана звыш 40 тысяч афіцэраў і генералаў арміі. Нестабільны аказаўся маральна-палітычны стан сялянства (асноўны кантынгент арміі), незадаволенага прымусовай калектывізацыяй. Масавае знішчэнне нацыянальнай інтэлігенцыі абуджала абурэнне савецкім рэжымам. Да таго ж, аператыўная канфігурацыя часцей 10-й арміі ЗахАВА на беластоцкім выступе паграджала хуткім акружэннем войскаў з боку Гродна і Брэста. Гэтыя, а таксама многія іншыя прычыны паўплывалі на тое, што ў першыя месяцы вайны Чырвоная Армія не змагла даць рэальнага адпору гітлераўцам.
Пад Беластокам і Мінскам Чырвоная Армія страціла звыш 3,3 тыс. танкаў, 738 самалётаў (528 з іх не паспелі падняцца ў паветра); людскія страты склалі звыш 330 тысяч чалавек.
Ужо на другі дзень вайны з’явілася дырэктыва аб арганізацыі ўзброеных добраахвотных атрадаў для аховы ад падрыўных дзеянняў ворага; на Беларусі дзейнічала 78 знішчальных батальёнаў, групы самааховы ў вёсках. За лета 1941 г. з тэрыторыі БССР было вывезена на Усход 99 фабрык і заводаў, электрастанцый, звыш 58 тысяч адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі, 1,5 мільёна чалавек. У той жа час вялізныя ваенныя склады трапілі ў рукі ворага.