3. Акупацыйны рэжым.
Па распрацаваным нацыстамі плане "ОСТ", які тычыўся Усходняй Еўропы, павінна было быць знішчана і выслана 75 % беларускага насельніцтва, а астатніх планавалася анямечыць і выкарыстоўваць для абслугоўвання нямецкага грамадства, якое павінна было засяліць новыя тэрыторыі. На захопленай тэрыторыі ўсталёўваўся "новы парадак" – сістэма палітычных, ваенных, эканамічных мер, накіраваных на знішчэнне дзяржаўнага ладу і грамадства. Уся ўлада на акупіраванай тэрыторыі належала нямецкай ваеннай і цывільнай адміністрацыі, якая абапіралася на атрады СС, СД, СА, гестапа, крымінальную і ахоўную паліцыю. На захопленай тэрыторыі БССР пражывала каля 9 мільёнаў чалавек. Для масавага знішчэння "непаўнацэннага" (з пункту гледжання акупантаў) насельніцтва будаваліся спецыяльныя месцы прымусовага ўтрымання: на Беларусі налічвалася каля 300 лагераў смерці. Найбуйнейшы – у Малым Трасцянцы – займаў трэцяе месца па колькасці загубленых пасля Асвенціма і Майданака (звыш 200 тыс. чал.). Пад прымусовае пражыванне людзей па расавых, прафесійных, рэлігійных і іншых прыкметах адводзіліся цэлыя гарадскія кварталы – гета. На тэрыторыі нашай рэспублікі дзейнічала толькі 155 гета для яўрэйскага насельніцтва, – ва ўсіх гарадах і мястэчках, дзе пражывалі яўрэі. Акрамя гэтага, татальнаму знішчэнню на ўсёй тэрыторыі СССР падлягалі цыгане, гомасексуалісты, псіхічна хворыя людзі і г. д. Супраць партызан і мірных жыхароў Беларусі было арганізавана, па няпоўных дадзеных, звыш 120 буйных карных экспедыцый, падчас якіх было спалена разам з жыхарамі 628 вёсак.
У ідэалагічным плане акупанты імкнуліся падзяліць насельніцтва і супрацьпаставіць адно аднаму. Чацвёртая частка нашай тэрыторыі ўвайшла ў склад генеральнай акругі "Беларусь", якая ўваходзіла ў склад рэйхскамісарыята "Остланд". Палессе адышло да рэйхскамісарыята "Украіна", частка Брэсцкай і Беластоцкай абласцей – да Усходняй Прусіі, паўночна-заходнія раёны Віленскай вобласці – да Літвы, Усходняя частка Беларусі ўвайшла ў зону тылу групы армій "Цэнтр".
Спачатку нямецкія ўлады імкнуліся захаваць калгасны лад для больш пільнага кантролю і ўліку сельгаспрадукцыі. Але пасля бітвы пад Масквой зямля перадавалася абшчынным гаспадаркам; у 1943 годзе сяляне атрымалі зямлю ў часовае карыстанне. На акупіраванай тэрыторыі працавалі навучальныя ўстановы: семінарыі, гімназіі і прагімназіі (у Вільні і інш.). Прамысловыя прадпрыемствы працавалі на патрэбы Трэцяга рэйха. Частка прадукцыі, а таксама неэвакуіраваныя прадпрыемствы, музейныя каштоўнасці, буйная рагатая жывёла і прадукты харчавання, людзі вывозіліся ў Германію (на прымусовыя работы было вывезена каля 380 тыс. чал.).
Пэўную ролю ў нямецкай акупацыйнай палітыцы адыгралі калабарацыяністы – асобы, палітычныя партыі, грамадскія рухі і арганізацыі, якія супрацоўнічалі з захопнікамі. Праўда, беларускі калабарацыянізм не адыгрываў істотнай ролі ва ўмацаванні пазіцый акупацыйных улад. Найбольшае развіццё гэтая з’ява атрымала ў генеральнай акрузе "Беларусь", дзе праводзіліся мерапрыемствы па асабістай ініцыятыве генеральнага камісара Вільгельма Кубэ. Апора была ім знойдзена ў беларускіх нацыянальных дзеячах, расчараваных сталінскім рэжымам, якія імкнуліся пры супрацоўніцтве з немцамі адрадзіць беларускую дзяржаўнасць. Для беларусізацыі розных бакоў жыцця грамадства ў 1941 г. была ўтворана Беларуская Народная Самапомач (БНС) на чале з І. Ермачэнкам. У снежні 1943 г. абвясцілі аб утварэнні мясцовага "ўрада", – Беларускай цэнтральнай рады (БЦР, Р. Астроўскі), якая займалася пераважна справамі адукацыі і культуры, сацыяльнага забеспячэння мясцовага насельніцтва. Дзейнічалі і іншыя арганізацыі, накшталт Саюзу Беларускай Моладзі (М. Ганько, Н. Абрамава).
Нямецкія ўлады імкнуліся таксама стварыць узброеныя фарміраванні з прадстаўнікоў розных народаў, у тым ліку з беларусаў. У 1942 – 1943 гг. на нашай тэрыторыі дзейнічалі нешматлікія атрады Беларускай самааховы (БСА), але большасць ваенных супрацоўнікаў завозілася з-за межаў Беларусі – з Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Расіі. Не стаў паспяховым і праект утварэння Беларускай краёвай абароны (БКА). Амаль паўсюдна на Беларусі распаўсюджвалася толькі цывільнае супрацоўніцтва, калі прадстаўнікі мясцовага насельніцтва ажыццяўлялі ўладу на акупіраванай тэрыторыі. Існавалі і паліцэйскія фарміраванні, якія аказвалі актыўную дапамогу акупантам. Але нельга забывацца на тое, што многія з іх рабілі гэта прымусова. Па прыблізных падліках, на Беларусі рознымі формамі супрацоўніцтва з нямецкімі ўладамі было ахоплена каля 80 – 100 тысяч чалавек. Увогуле калабарацыянізм у гады Вялікай Айчыннай вайны – з'ява вельмі неадназначная і патрабуе грунтоўнага, глыбокага, шматбаковага вывучэння.
4. Партызанскі і падпольны рух.
Нават пасля адыходу часцей Чырвонай Арміі з Беларусі тут працягвалася антыфашысцкая барацьба. Дырэктывы ЦК КП(б)Б ад 30 чэрвеня 1941 г. і 1 ліпеня 1941 г. паставілі задачу ўтварэння на ўсёй тэрыторыі рэспублікі сеткі падпольных груп і партызанскіх атрадаў, якія б вялі пастаянную барацьбу з ворагам. Атрады беларускіх падпольшчыкаў налічвалі каля 70 тыс. чалавек. Асабліва моцнае было мінскае партыйнае і камсамольскае падполле, узначаленае І.К. Кавалёвым і С.К. Ляшчэняй. У 1944 г. Мінскі падпольны гаркам КП(б)Б узначальваў 120 арганізацый і груп, якія займаліся разведвальнай, дыверсійнай, прапагандысцкай, нават тэрарыстычнай (забойства В. Кубэ) дзейнасцю. На жаль, пасля вызвалення Мінска каля 300 членаў падполля былі арыштаваны і абвінавачаны ў супрацоўніцтве з немцамі. Сярод вядомых дзеячаў беларускага падполля варта прыгадаць І.П. Казінца, І.К. Кабушкіна, К.С. Заслонава, В.С. Амельянюка, В.З. Харужую.
Вядучай формай усенароднай барацьбы на Беларусі стаў партызанскі рух. Першы партызанскі атрад пад кіраўніцтвам Ц. Бумажкова і Ф. Паўлоўскага пачаў дзейнічаць на Палессі ўжо ў чэрвені 1941 г. Усяго на працягу 1941 г. з'явілася звыш 99 атрадаў і груп. Для цэнтралізацыі кіраўніцтва і каардынацыі дзейнасці партызан быў створаны Беларускі штаб партызанскага руху (2.10.1942–14.11.1944 гг., кіраўнік П.З. Калінін). Таленавітымі арганізатарамі і камандзірамі паказалі сябе М.П. Шмыроў, П.М. Машэраў, В.І. Казлоў, В.З. Корж. За гады вайны баявыя дзеянні на Беларусі вялі 1255 партызанскіх атрадаў агульнай колькасцю 374 тыс. чал., некаторыя з іх аб’ядноўваліся ў брыгады (213). Абсалютную большасць партызан складала мясцовае насельніцтва. К канцу 1943 г. каля 60 % тэрыторыі рэспублікі з’яўляліся партызанскімі зонамі – тэрыторыямі, якія часткова ці поўнасцю кантраляваліся партызанамі. Найбуйнейшыя з іх: Барысава-Бягомльская, Полацка-Лепельская, Суражская, Івянецка-Налібоцкая.
Для парушэння чыгуначных перавозак гітлераўцаў, пашкоджання тэхнікі, знішчэння жывой сілы партызаны арганізавалі сапраўдную "рэйкавую вайну", у якой можна вызначыць наступныя этапы: 1) 3 жніўня – 19 верасня 1943 г. – у падтрымку контрнаступлення пад Курскам; 2) верасень – лістапад 1943 г. ("Канцэрт") – для садзейнічання прасоўвання часцей Чырвоноай Арміі на тэрыторыю Беларусі; 3) з 19 чэрвеня 1944 г. – напярэдадні беларускай наступальнай аперацыі. Дзеянні партызан мелі і зваротны бок: так, у чэрвені 1944 г. у зоне дзеяння 1-га Прыбалтыйскага фронту было падарвана больш за 80% чыгуначных шляхоў, што сур'ёзна ўскладніла наступальны тэмп савецкіх войск.
Адной з асаблівасцей развіцця антыфашысцкай барацьбы ў заходніх раёнах Беларусі было існаванне на гэтай тэрыторыі падпольных груп Лонданскага эміграцыйнага ўрада Польшчы. У 1942 г. на тэрыторыі рэспублікі пачалі дзейнічаць атрады Арміі Краёвай (АК), стварыўшы тут Наваградскую, Палескую, Валынскую і Віленскую акругі. Пасля разрыву адносін паміж СССР і польскім эміграцыйным урадам у красавіку 1943 г. абвастрылася канфрантацыя АК з савецкімі партызанскімі атрадамі. Часткі АК імкнуліся перашкодзіць усталяванню савецкай улады на вызваленых тэрыторыях (восень 1943 г. – аперацыя "Бура" і захоп Заходняй часткі Украіны, Беларусі і Віленшчыны падчас адступлення нямецкіх войск); але многія атрады супрацоўнічалі з Чырвонай Арміяй. Пасля няўдалай спробы ўзняць паўстанне ў Варшаве (жнівень 1944 г.) хутка АК была распушчана эмігранцкім урадам. Акрамя таго, на тэрыторыі Палесся ваенныя дзеянні супраць гітлераўцаў вялі ўкраінскія нацыяналістычныя ўзброеныя фарміраванні.
5. Вызваленне Беларусі.
Пасля перамогі пад Курскам у ходзе бітвы за Днепр Чырвоная Армія падышла да ўсходняй мяжы Беларусі. 23 верасня 1943 г. быў вызвалены першы раённы цэнтр – Камарын. За час асенне-зімовага наступлення поўнасцю або часткова сталі савецкімі 36 раёнаў і абласныя цэнтры Гомель і Мазыр. Такім чынам, адбыўся першы этап вызвалення Беларусі.
Завяршальным крокам на шляху поўнага выгнання нямецкіх войск з тэрыторыі БССР стала Беларуская наступальная аперацыя "Баграціён" (23.6.– 29.8.1944). У ёй прынялі ўдзел войскі 1-га (кам. маршал К.К. Ракасоўскі), 2-га (кам. генерал арміі Г.Ф. Захараў), 3-га (кам. генерал арміі І.Д. Чарняхоўскі) Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага (кам. генерал арміі І.Х. Баграмян) франтоў, 1-я армія Войска Польскага, Дняпроўская ваенная флатылія і мясцовыя партызанскія злучэнні. Лінія фронту цягнулася на 500 км. Каардынацыю дзеянняў ажыццяўлялі маршалы Г.К. Жукаў і А.М. Васілеўскі. На першым этапе аперацыі (23.6 – 4.7) было завершана акружэнне Мінскай групіроўкі (Мінскі "кацёл") і вызвалена сталіца Беларусі (3.7.1944). У выніку 2-га этапа (5.7. – 29.8) савецкія войскі падышлі да заходняй мяжы СССР. Беларусь была вызвалена поўнасцю. 8 мая 1945 г. у Карлсхорсце быў падпісаны Германіяй акт аб капітуляцыі. Завяршальнай аперацыяй Вялікай Айчыннай вайны стала Пражская наступальная аперацыя (6 – 11.5.1945). Фіналам другой сусветнай вайны лічыцца прызнанне паражэння апошнім нямецкім саюзнікам – Японіяй (2.9.1945).