Смекни!
smekni.com

Основные принципы и методы в историческом познании (стр. 19 из 21)

У 1988 г. дзяржразлік на прадпрыемствах быў дапоўнены рэспубліканскім гасразлікам. Фактычна гэта азначала павелічэнне гаспадарчай самастойнасці рэспублік, у тым ліку БССР. Лічылася, што на месцах лепш бачна, як больш эфектыўна развіваць эканоміку без працяглых узгадненняў з цэнтрам. Але рэспубліканскі дзяржразлік прывёў да росту месніцкіх настрояў з боку рэспубліканскіх чыноўнікаў.

Дазвол прыватнай эканамічнай ініцыятывы таксама не прынёс доўгачаканага плёну. Меркавалася, што кааператывы дапамогуць дзяржаве забяспечыць насельніцтва дэфіцытнымі відамі прадукцыі, выпуск якой дзяржава не змагла самастойна арганізаваць. Але кааператары здолелі гэта зрабіць толькі часткова. Большасць з іх займалася пасрэдніцкімі аперацыямі ці працавала ў сферах паслуг і гандлю.

Страшэнныя экалагічныя і эканамічныя наступствы для ўсёй тэрыторыі Беларусі мела аварыя на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі (ЧАЭС), якая адбылася 26 красавіка 1986 г. На тэрыторыю Беларусі прыпала 70 % радыеактыўнага забруджвання. Асабліва ў цяжкім становішчы апынулася насельніцтва паўднёвага ўсходу БССР - усяго 2 100 000 чалавек. З абароту было выведзена 20 % сельгасугоддзяў і 14 % ляснога фонду. Толькі 4 мая 1986 г. было прынята рашэнне аб высяленні жыхароў трыццацікіламетровай зоны вакол ЧАЭС. Вынікі катастрофы ўсяляк замоўчваліся. Насельніцтва не атрымоўвала аператыўнай інфармацыі. У 1989 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў праграму доўгатэрміновых дзеянняў па ліквідацыі наступстваў аварыі, разлічаную да 1995 г. Аднак цалкам яна так і не была выканана.

У 1988 – 1989 гг. ліквідацыя былых аўтарытарных механізмаў запалохвання і кантролю прывяла да таго, што ў рамках палітыкі галоснасці дэмакратычна настроеныя грамадзяне пачалі крытыкаваць сістэму кіраўніцтва партыі над выбарнымі органамі ўлады. Нарасталі нацыянальныя працэсы ў рэспубліках, з'явілася палітычная і нацыянальная апазіцыя, якая пачала заклікаць да выхаду з СССР. Кіраўніцтва асобных рэспублік прыслухоўвалася да гэтых заклікаў, наладжвала кантакты з апазіцыянерамі, збірала рэсурсы, неабходныя для набыцця самастойнасці.

У БССР працэс дэмакратызацыі грамадства ішоў значна больш марудна, чым у іншых рэспубліках. Тым не менш, тут таксама ўзнікалі апазіцыйныя арганізацыі – "Талака", "Тутэйшыя", "Паходня" і г. д. 24 – 25 чэрвеня 1989 г. ў Вільнюсе адбыўся ўстаноўчы сход Беларускага Народнага Фронту "Адраджэнне" (БНФ). Калі падчас першага сходу размова ішла галоўным чынам аб падтрымцы палітыкі перабудовы і галоснасці, дык на канферэнцыі БНФ 30 чэрвеня – 1 ліпеня 1990 г. ўжо адкрыта абвяшчалася аб немагчымасці дасягнення суверэнітэту і дэмакратыі ў складзе СССР.

У сакавіку – красавіку 1990 г. у БССР адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет рэспублікі, а таксама ў мясцовыя саветы. Упершыню за многія дзесяцігоддзі яны праходзілі на альтэрнатыўнай аснове. 10 лютага 1990 г. на Усебеларускім дэмакратычным форуме быў створаны Беларускі дэмакратычны блок, які аб'ядноўваў прадстаўнікоў дэмакратычна арыентаваных арганізацый. У выніку ў зноў выбраным Вярхоўным Савеце з'явіліся апазіцыйныя фракцыі БНФ і "Дэмакратычны клуб". 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет прыняў дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. У тых умовах гэта былo хутчэй толькі пажаданнем. Аднак мела надзвычай важныя наступствы.

Між тым унутрыэканамічная і палітычная сітуацыя ў СССР значна пагоршылася. Пачаліся міжнацыянальныя сутыкненні. Фактычна ішла грамадзянская вайна паміж Арменіяй і Азербайджанам. Незалежнасць сваёй рэспублікі абвясціў парламент Літвы. Вясной 1991 г. антысавецкія мітынгі прайшлі і на Беларусі. М. Гарбачоў рабіў непаслядоўныя крокі ў вырашэнні канфліктаў. Так, выкарыстанне ваенных часцей супраць мірнага насельніцтва для вырашэння праблемы апазіцыйных настрояў не дало станоўчых вынікаў. Аўтарытэт саюзнага кіраўніцтва моцна аслаб. З цяжкасцю ішлі перагаворы з кіраўніцтвам рэспублік аб заключэнні новага саюзнага дагавора. Канчатковы лёс Савецкага Саюза вырашыў дзяржаўны пераварот у жніўні 1991 г. ў Маскве, які паказаў поўную бяздзейнасць цэнтральных уладаў.

У снежні 1991 г. на сустрэчы кіраўнікоў Беларусі, Расіі і Украіны, якая праходзіла ў Віскулях (Белавежская пушча) было прынята рашэнне аб дэнансацыі дагавора 1922 г. аб стварэнні СССР. Замест яго 8 снежня 1991 г. стваралася Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД), каардынацыйным цэнтрам якой стала сталіца Беларусі – Мінск.

4. Культура БССР у 1945 – 1953 гг.

За гады 2-й сусветнай вайны была знішчана амаль уся матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў навукі і культуры, не прыйшлі з вайны многія адукаваныя і прафесійна падрыхтаваныя людзі. У такіх умовах адразу пасля вызвалення пачынаецца культурнае аднаўленне БССР.

Але першыя пасляваенныя гады адзначыліся новай хваляй шырокамаштабных рэпрэсій на Беларусі, звязаных з дзейнасцю паплечніка Берыі Я. Цанавы. На 25 год лагероў была асуджана Ларыса Геніюш. Зноў арыштаваны пісьменнікі А. Александровіч, Б. Мікуліч, А. Пальчэўскі, С. Грахоўскі, С. Шушкевіч, А. Звонак і інш. У аснову кампаніі супраць інтэлігенцыі была пакладзена пастанова ЦК ВКП(б) "Аб часопісах "Звязда" і "Ленінград" (1946) і інш. Для актывізацыі барацьбы з "нацыяналізмам" і "касмапалітызмам" у БССР быў прысланы М. Гусараў. Крытыкаваліся як асобныя творцы (М. Танк, К. Буйло), так і цэлыя выданні. У скажэнні жыцця беларускай вёскі быў абвінавачаны і зняты з пасады рэдактара часопіса "Маладосць" аўтар аповесці "Дабрасельцы" А. Кулакоўскі. Наступленне накіроўвалася і на дзеячаў беларускай навукі. Ад яго пацярпелі прэзідэнт АН БССР А. Жэбрак (1947), славуты генетык, які не падтрымліваў лысенкаўскія метады ў біялогіі; наркам асветы П. Саевіч (1951), абвінавачаны ў "югаслаўскім шпіянажы". Ішоў працэс ідэалагізацыі ўсіх сфер жыцця. Рэальную ўладу ўтрымлівалі партыйныя камітэты. Узмацняліся русіфікатарскія тэндэнцыі ў палітыцы цэнтральных органаў улады, гэтаму спрыяла дзейнасць на Беларусі прысланых з Масквы партыйных і савецкіх работнікаў (асабліва пасля дыскусіі па мовазнаўстве ў 1950 г.).

Але адбывалася аднаўленне сістэмы адукацыі. Да 1950 г. ўдалося аднавіць даваенную сетку агульнаадукацыйных школ, ішло павелічэнне колькасці сярэдніх школ. Да сярэдзіны 50-х гг. быў завершаны пераход да ўсеагульнага сямігадовага навучання. У 1944 – 1945 гг. працавалі 22 ВНУ. Хутка адраджалася акадэмічная навука, флагманам якой стала аднавіўшая сваю работу ў 1944 г. АН БССР. К канцу 1950 г. ў рэспубліцы дзейнічала 77 навуковых устаноў.

Развіццё беларускай літаратуры ішло ў вельмі складаных умовах. Дыктат афіцыйнай ідэалогіі прывёў да таго, што многія літаратурныя творы вызначаліся бесканфліктнасцю і ідэалізацыяй савецкага ладу (раманы А. Стаховіча, М. Паслядовіча і інш.). Галоўная тэма – мінулая вайна (І. Мележ, М. Лынькоў, І. Шамякін…). Гэтаму ж былі прысвечаны і першыя пасляваенныя п’есы К. Крапівы, А. Маўзона, А. Кучара.

Тэатральнае мастацтва таксама адчувала на сабе ідэалагічы ўціск партыйнага кіраўніцтва. Калі ў сезоне 1944/45 гг. у БССР працавала 12 тэатраў, то ў 1950 г. іх засталося толькі 8. У касмапалітызме былі абвінавачаны тэатральныя рэжысёры В. Галаўчынер, Я. Рамановіч. Пачаліся нападкі на п’есы А. Макаёнка, оперу Я. Цікоцкага "Алеся", кампазітараў С. Пракоф’ева, Дз. Шастаковіча, А. Хачатурана, П. Падкавырава. У той жа час на сцэне ззялі таленты Б. Платонава, Г. Глебава, Л. Ржэцкай, Л. Аляксандроўскай і інш.

Адной з галоўных тэм мастацтва становіцца гераізм савецкіх людзей у гады вайны, увасабленне героя з багатым унутраным светам. Героіку савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны ўвасабляюць мастакі Я. Ціхановіч, І. Давідовіч, Я. Зайцаў, В. Волкаў. З пачатку 50-х гадоў пачынаюць набываць папулярнасць жанравыя карціны (Г. Бржазоўскі, А.і І. Ткачовы, П. Гаўрыленка). Ярка праявіўся талент скульптара З. Азгура. Ён стварае цэлую серыю партрэтаў гістарычных дзеячаў і герояў сучаснасці. Значным дасягненнем стаў ансамбль Плошчы Перамогі (1954), створаны З. Азгурам, А. Бембелем, А. Глебавым, С. Селіханавым.

Манументалізмам адзначаецца і пасляваенная архітэктура (кампазіцыі праспекта Скарыны, Прывакзальнай плошчы). Ствараюцца генпланы рэканструкцыі гарадоў. Значная ўвага надаецца аднаўленню прамысловых прадпрыемстваў і жылога фонду (пераважна малапавярховыя дамы). Такім чынам, асаблівасцю пасляваеннага развіцця культуры стаў ідэалагічны дыктат, барацьба з прагрэсіўнай інтэлігенцыяй, русіфікацыя. Але важна зазначыць, што адбылося аднаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы адукацыі, навукі і культуры.

5. Культура БССР у 1953 – к. 80-х гг.

Супярэчлівы характар насіла культурнае жыццё рэспублікі і ў далейшы перыяд: 50 – 80 гады ХХ ст. З аднаго боку, ішла дэмакратызацыя, звязаная з наступленнем "адлігі", рэабілітацыя дзеячаў навукі і культуры, аслабленне партыйнага ўціску, а з другога, — татальная русіфікацыя ўсіх сфер жыцця, абгрунтаваная тэзісам аб пабудове камуністычнага грамадства, дзе будуць зліты мовы і культуры ўсіх савецкіх народаў, агалцелы ваяўнічы атэізм, шаблоннасць.

У адукацыі ў гэты час праходзіць некалькі рэформ. У 1958 г. адбываецца пераход да ўсеагульнага 8-гадовага навучання і ўвядзенне ў сярэдняй школе адзінаццацігадовага тэрміну з вытворчым навучаннем. Дзесяцігадовае навучанне вярнулася ў 1964 – 1984 гг., а ў 70-я гг. была ўведзена ўсеагульная сярэдняя адукацыя моладзі. У прафесійна-тэхнічнай адукацыі стваралася адзіная сістэма гарадскіх і сельскіх прафесійна-тэхнічных вучылішчаў. У 1950 г. ў БССР працавала больш за сто тэхнікумаў, 29 ВНУ. Але вышэйшая і сярэдняя спецыяльная адукацыя адзначалася экстэнсіўнасцю: пры пастаянным павелічэнні колькасці выпускнікоў не заўсёды захоўвалася якасць іх навучання.